Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дом без гаспадара

Бёль Генрых

Шрифт:

— Ах, так, — сказаў дзядзька Альберт, і Марцін зразумеў, што ён вельмі раззлаваўся, і дадаў ужо не так упэўнена:

— Праўда, праўда, Генрых гэта пачуў, ды ён і сам ведае, што маці ў яго распусная.

— Няхай сабе, — сказаў дзядзька Альберт, — яшчэ што?

— Яшчэ, — адказаў Марцін, — у Вельцкама маці таксама распусная, хоць і не мае дзяцей. Я ведаю.

Дзядзька Альберт нічога не адказаў, ён толькі паглядзеў на яго здзіўлена і вельмі пяшчотна.

— Бессаромна — гэта тое, што робяць дзеці,— раптам пачаў Марцін, бо гэтая думка толькі што прыйшла яму ў голаў,— распусна — тое, што робяць дарослыя, але вось Грэбхакэ і Вольтэрс — яны таксама сужыцельствалі?

— Не, што ты, — адказаў дзядзька Альберт, і тут ён увесь счырванеў,— гэта не тое, яны заблыталіся, збіліся са шляху; не думай больш пра гэта і заўсёды пытай у мяне, калі пачуеш тое, што не зможаш зразумець. — Голас Альберта гучаў пераканаўча і сур’ёзна, але па-ранейшаму пяшчотна. — Запомніў? Заўсёды пытай у мяне. Лепш, калі пра ўсё пагаворыш адкрыта. Я ведаю далёка не ўсё, але тое, што я ведаю, я табе растлумачу абавязкова, не забудзься толькі спытаць.

Заставалася яшчэ слова, якое маці Брылаха сказала кандытару. Ён падумаў пра яго і пачырванеў, але вымавіць гэтае слова ён нізавошта не адважыўся б.

— Ну, спытаў дзядзька Альберт, — што ў цябе яшчэ?

— Нічога, — адказаў Марцін і пасаромеўся спытаць пра сваю маму — ці распусная яна? Гэта ён спытае пасля, праз доўгі-доўгі час.

З гэтага дня дзядзька Альберт пачаў аддаваць яму значна больш часу. Ён часта браў яго з сабой катацца на аўтамабілі, дый маці — а можа, гэта толькі так здалося яму — вельмі змянілася з гэтага дня. Маці змянілася, і Марцін не сумняваўся, што дзядзька Альберт з ёй пагаварыў. Часам яны ездзілі ўтраіх, і Генрых мог прыходзіць да яго, калі захоча, а часта яны і Генрыха бралі з сабой, калі ездзілі на машыне ў лес, на азёры, або ўсе разам хадзілі ў кіно, або есці марожанае.

I кожны дзень — відаць, пра гэта між імі было дамоўлена — яны пачалі праглядаць ягоныя дамашнія заданні, правяралі яго, дапамагалі, і абое — маці і Альберт — былі ласкавыя з ім. Маці зрабілася такой цярплівай, больш сядзела дома і нейкі час яго штодня кармілі абедам і нават бульбай, але толькі нейкі час. Цярпення ў яе хапіла ненадоўга. I вось зноў яна пачала рэдка бываць дома, і абедаць яму даводзілася не кожны дзень. Не, на маці нельга было спадзявацца так, як ён мог, па-іншаму, зразумела, спадзявацца на Глума, Альберта і Больду.

11

Нэла стаяла за зялёнай шторай, курыла, выпускаючы клубы дыму ў прастору паміж шторай і акном, і назірала, як на сонцы рассейваецца дым і цягнецца ўверх вузкімі струменьчыкамі — бясколерная сумесь з пылу і дыму. Вуліца была пустая. Каля пад'езда стаяла машына Альберта, верх яе яшчэ не высах пасля начнога дажджу, хоць на бруку не было і следу ад лужын. У гэтым жа пакоі, за гэтай жа зялёнай шторай яна стаяла дваццаць гадоў назад і назірала за юным! паклоннікамі, якія з ракеткамі ў руках таропка ішлі па алеі. Дурнаватыя і чуллівыя героі, яны нават не здагадваліся, што за імі сочаць. У цені царквы, якраз насупраць дома, яны спыняліся, яшчэ раз паспешліва праводзілі грабянцом па валасах, аглядалі пазногці, крадком пералічвалі выцягнутыя з кашалька грошы і перакладвалі ў кішэню, каб мець іх пад рукой — яны лічылі гэта прыкметай зухаватасці. А зухаватасць была для іх важней за ўсё; крыху задыхаўшыся, падыходзілі яны да дома, наступаючы на чырвонае лісце каштанаў, што засыпала гародчык, — яго збіла першым дажджом, і зараз жа даносіўся званок. Але нават самыя зухаватыя з іх гаварылі, думалі, дзейнічалі гэтак жа дакладна, як дзейнічалі, думалі і гаварылі маладыя, зухаватыя тэнісісты ў кінакарцінах. Яны ведалі, што розумам не вылучаюцца, але і гэта лічылася зухаватасцю, хоць нічога па сутнасці не мяняла; розумам яны і сапраўды не вылучаліся.

Вось ужо новы герой ідзе па алеі, у руках тэнісная ракетка, ён расчэсвае валасы ў цяні царквы, аглядвае пазногці, вымае грошы з кашалька і нядбайна кладзе іх у кішэню — ці прывід гэта крочыць на дыване з чырвонага лісця, ці гэта проста кінастужка? Бываюць фільмы, якія здаюцца ёй жыццём, яна сама асудзіла сябе на гэтае жыццё, заплаціўшы адну марку восемдзесят пфенігаў за білет, а жыццё здаецца ёй кепскім фільмам. Вельмі падобна: цёмныя валасы мільгаюць перад вачыма, празрыстая шэрая пялёнка старой кінастужкі,— вось юны герой з тэніснай ракеткай, мільгануў у цяні царквы, выходзіць на вуліцу, ён спяшаецца да нейкай маладой дзяўчыны тут па суседстве.

Не паварочваючыся, яна пытае:

— Хіба ў гэты час ужо адчынены тэнісныя корты?

— Канешне, мама, — адказвае Марцін, — некаторыя дык адчыняюцца нават раней.

Між іншым і тады было ўсё гэтак жа сама, але гэта ёй было без патрэбы: яна любіла позна ўставаць і не вельмі захаплялася тэнісам. Але ёй падабалася пасыпаная чырвоным пяском пляцоўка і зялёныя, ярка-зялёныя бутэлькі з ліманадам на белых століках. Рэзкі пах паветра, саланаваты пах туману, што падымаўся над Рэйнам, часам да гэтага паху прымешвалася горыч, калі міма праходзіла свежапрасмаленая баржа і вымпелы параходаў павольна праплывалі над купамі дрэў, быццам нябачная рука, схаваная за кулісамі, прыводзіла іх у рух. Клубы вугальна-чорнага дыму, працяжныя гудкі, гук падкінутых мячоў і мяккі стук імгненнага ўдару ракетак, звонкія, адрывістыя воклічы партнёраў.

Юны герой прамчаўся міма дома. Яна нават пазнала яго: такая жаўтавая скура толькі ў сямейства Надольтэ, жаўтавая скура і светлыя валасы, незвычайнае размеркаванне пігменту, якое ўжо Вільфрыду Надольтэ, бацьку гэтага героя, надавала асаблівую пікантнасць, ад яго яна перайшла да сына. Магчыма, і ў сына на твары выступае гэтакі ж пот з вострым пахам і гэтак жа адлівае зялёным на жоўтай скуры, ад чаго ўсе ўспацелыя Надольтэ нагадваюць абпырсканыя купарвасам трупы. Ягоны бацька — лётчык — быў збіты недзе над Атлантычным акіянам, і ніколі не будзе знойдзены яго труп. Але нават і гэтая паэтычная смерць — смерць Ікара, пераможанага каварным ворагам, як выказаўся тады патэр, нават гэтая паэтычная смерць не перашкодзіла ягонаму сыну зрабіцца ўдзельнікам дрэннага кінафільма, статыстам, які ўсё прымае ўсур’ёз; праўда, ён няблага спраўляўся са сваёй роляй: ён быў менавіта такім, як і ўсе тэнісісты ў кепскіх фільмах.

Яна патушыла цыгарэту ў вузкім мармуровым жалабку на падаконніку, дзе яшчэ заставаліся сляды начнога дажджу, і вызваленую правую руку прадзела ў вялікую пятлю з залатой парчы; гэтая пятля, як і ўся штора, перажыла вайну. У дзяцінстве яна марыла хутчэй падрасці, каб, стоячы каля акна, прасоўваць правую руку ў гэтую пятлю. Яна даўно падрасла, і ўжо дваццаць гадоў яна лёгка дастае рукой да пятлі.

Яна чуе за спінай валтузню Марціна: ён здымае накрыўку з кафейніка, намазвае хлеб, стукае лыжкай па краі банкі з павідлам; яна чуе, як храбусцяць грэнкі ў яго на зубах, і трэск, калі ён па звычцы пераварочвае ў кілішку выедзенае яйка і разбівае шкарлупінне, і візглявае гудзенне электрычнай жароўні для грэнак. Калі яна прачыналася раней звычайнага, каб папіць з хлопчыкам кавы, яе сустракаў у сталовай пах крыху падгарэлага хлеба і плёскат вады, які даносіўся сюды з ваннай, дзе мыўся Альберт. Але сёння плёскату не было чуваць, Альберт, мабыць, яшчэ не мыўся.

— Альберт яшчэ не ўстаў?

— Устаў,— адказаў хлопчык. — Хіба ты не чуеш?

Але яна нічога не чула. Тры дні запар яна ўстае ранічкай, у яе ўжо з’явілася адчуванне нейкага пастаянства, упарадкаванасці: грэнкі, яйка, кава, шчаслівы твар хлопчыка, калі ён назірае, як яна накрывае на стол, як разлівае каву, калі снедае з ім. Па вуліцы вяртаецца малады Надольтэ, ён з дзяўчынай. Дзяўчына прыгожанькая і вельмі маладая, яна паказвае асляпляльна белыя зубкі, яе вабны кірпаты носік з надзеяй удыхае мяккі паўднёвы вецер. Яна робіць усё, што патрабуе ад яе рэжысёр: усмешка — і яна ўсміхаецца, хітанне галавой — і яна хітае, добра трэніраваная статыстка, якая хутка стане зоркай, яна таксама зведае, чым пахне незвычайны надольтаўскі нот, які, калі ты ў зялёных кустах цалуешся з кімсьці з Надольтэ, надае яго твару падабенства з завялымі лістамі салаты.

Толькі тут Нэла пачула плёскат з ваннай і зразумела, што гэта мыецца Альберт. Ужо на працягу дваццаці гадоў яна ведае яго, і ён, мабыць, уяўляе сабе, што вывучыў яе, а між тым за дваццаць доўгіх год ён так і не змог зразумець, як хвалююць яе мужчынскія туалетныя прыналежнасці і як пакутна для яе тое, што ў іх агульны ванны пакой.

Раніцай, у ваннай, яна ўлюблялася ў абыякавы бляск ягонага прыбора для галення, ён дзейнічаў на яе, як узбуджальны водар, пальцы яе з пяшчотай слізгалі па абыякава выціснутым цюбіку з крэмам для галення, па сіняй баначцы з крэмам для скуры — вось ужо пяць гадоў усё тая ж баначка стаяла тут. Ягоная зубная шчотка, ягоны грабянец, ягонае мыла і запылены флакон з лавандай, колькасць якой ніяк не змяншалася. Здаецца, ужо шмат гадоў вадкасць стаяла якраз на ўзроўні рота ружовай жанчыны, што ўпрыгожвала этыкетку. Жанчына на этыкетцы пастарэла, прыгажосць яе паблякла, і яна з меланхалічнай усмешкай назірала сваё завяданне, як шмат гадоў назад, калі яна была яшчэ новай, з надзеяй пазірала ўдалеч. Твар яе пастарэў, сукенка абнасілася — бедная, змарнелая прыгажуня, яна не прывыкла да такога абыходжання. Ужо занадта даўно стаіць гэты флакон. Як здаецца, Альберт зусім не здагадваецца, якая пакута для яе жыць гэтак блізка з мужчынам, які падабаецца, — і навошта гэтая страшэнная сур’ёзнасць, і навошта толькі ён настойвае на шлюбе з ёй?

Поделиться с друзьями: