Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дом без гаспадара

Бёль Генрых

Шрифт:

Глум вельмі дзіўна гаварыў. Быццам цяжкія глыбы, выпіхваў ён словы з рота, а рот разяваў так шырока, што бачнымі былі голыя ружовыя дзясны, цёмна-чырвонае нёба і язык, якім ён вырабляў нейкія незвычайныя выкрунтасы: здавалася, што Глум вось-вось выпхне з рота нешта круглае і цяжкае, але з рота з’яўлялася проста слова: «Маці». Наступнае слова яшчэ больш круглае, большае, цяжэйшае зусім як маленькі гарбузік, яно спела яшчэ павольней, абкатвалася яшчэ цярплівей, але з рота зноў выходзіла проста словам — «Божая». Гэтае слова вырастала да страшэнных памераў у роце Глума, яно ўжо хутчэй нагадвала паветраны шар, а не маленькі гарбуз. Вочы Глума бліскалі, вузкі нос уздрыгваў, але з рота выкочваўся не паветраны шар і нават не гарбуз, а так нешта накшталт буйнога яблыка — «здорава». «Здорава» было любімым словам Глума, асабліва кругла і пяшчотна атрымліваўся ў яго сярэдні склад — «ра». Глум быў набожным і вельмі добрым, але слухаць яго расказы было цяжка: надта вялікія прамежкі аддзялялі адно слова ад другога, — пакуль ён вымавіць другое слова, паспяваеш забыць першае і губляеш сувязь паміж імі. Глум расказваў павольна, незвычайна ўрачыста і з вялікім цярпеннем. «Цярпенне» — таксама было адным з яго любімых слоў,— з найвялікшым цярпеннем расказваў Глум. I калі ўважліва слухаць яго, можна даведацца пра найцікавейшыя гісторыі.

У Глума на ўсю сцяну вісела карта свету, якую ён сам вычэрчваў і размалёўваў. Ён наклеіў некалькі аркушаў вельмі тоўстай паперы адзін на другі, на працягу некалькіх месяцаў разлічваў маштабы адносна памеру сцяны і пасля старанна, акуратна і цярпліва нанёс на карту граніцы, горы, рэкі, моры і азёры; ён саскрэбваў, асцярожна заштрыхоўваў і пасля доўгай падрыхтоўкі нарэшце пачаў размалёўваць зямную паверхню — перавёў шмат зелені на агромністыя нізіны, шмат рудога — на горы і сіняга — на моры.

Глум паспеў усялякае пабачыць ужо да таго, як пасяліўся ў іх доме, а здарылася гэта, мабыць, даўно, бо, колькі Марцін сябе помніў, Глум заўсёды жыў у іх. Нямала пабачыў Глум на шляху ад сваёй радзімы да берагоў Рэйна, але аднаго ён яшчэ не бачыў ніколі, не бачыў эцюдніка, і эцюднік, які ён убачыў у Альберта, прывёў яго ў большае захапленне, чым саборы і самалёты; Глум дакладна паўтараў усе рухі дзядзькі Альберта: змачыў пэндзлік у вадзе, і, калі папера зрабілася чырвонай, ярка-чырвонай, Глум засмяяўся ад радасці і ў той жа дзень набыў уласны эцюднік.

Звычайна павольна, вельмі акуратна і вельмі цярпліва маляваў Глум зямны шар, ён пачаў здалёку — з Сібіры, дзе ўсё было зялёным, там ён і пасадзіў на карту чорную кропку. «Там, — сказаў ён, — за пятнаццаць тысяч кіламетраў адсюль, я нарадзіўся». На тое, каб сказаць «пятнаццаць тысяч кіламетраў», яму патрэбна была амаль цэлая хвіліна: яблык, гарбуз, яблык, яблык, мячык, мячык, яблык, гарбуз; ён быццам пёк словы недзе там, на нёбе, і толькі затым выпускаў іх на волю, ды яшчэ каштаваў і прыхлопваў языком, надаваў ім неабходную форму і затым выпіхаў — склад за складам — беражліва і клапатліва.

Глум нарадзіўся за пятнаццаць тысяч кіламетраў адсюль, і імя яго, уласна, не Глум, а Глумбіх Халакустэбан, і нічога нельга было прыдумаць больш прыемнага, чым слухаць, як Глум выгаворвае сваё імя і тлумачыць яго значэнне. А азначала яно: сонца, пад якім спеюць ягады.

Разам з Генрыхам Брылахам яны, калі ім уздумаецца, падымаліся да Глума і прасілі яго вымавіць і растлумачыць сваё імя — гэта было вельмі цікава, як у кіно.

Шкада толькі, што заставалі Глума яны толькі зрэдку: Глум вельмі рана сыходзіў з дому, ён ішоў у царкву, затым на фабрыку і вяртаўся дадому позна ўвечары. Перад сном Больда заўсёды падрыхтоўвала яму на заўтрашнюю раніцу: каву, гуркі, хлеб і крывяную каўбасу. Але Глумава каўбаса не мела нічога агульнага з дзетазабойствам: яна хоць і была чырвоная, але смак у яе быў мучністы і далікатны, і, як тлумачыла Больда, яна і на самай справе гатавалася з мукі, маргарыну з прымессю бычынай крыві.

У нядзелю Глум спаў да паўдня. Потым еў — суп і гарбуз, а калі ў кафейніку заставалася яшчэ крыху кавы ад снедання, Глум падаграваў яе і забіраў сабе. Ён сядзеў да чатырох у сваім пакоі і чытаў незразумелыя тоўстыя кнігі; раз на месяц да яго прыходзіў старэнькі святар, што жыў у манастыры, ён прыходзіў у нядзелю і заставаўся ў Глума на ўвесь дзень. Яны гутарылі пра тое, што Глум вычытаў у сваіх кнігах. Пасля яны звычайна заходзілі да маці піць каву — Глум і святар, дзядзька Альберт і Марцін; і часта спрачаліся — маці са святаром або дзядзька Альберт са святаром, а Глум заўсёды падтакваў святару і ў канцы гаварыў, цярпліва качаючы словы ў роце: «Пойдзем, айцец, вып’ем па адной, бо тут сабраліся адны дурні». Тут усе пачыналі смяяцца, а Глум і сапраўды ішоў выпіць са святаром.

У нядзелю — з чатырох да паловы сёмай — I лум корпаўся са сваёй картай, і ў гэты час Марцін мог наведваць яго. За пяць гадоў Глум не зрабіў нават і чвэрці карты, ён старанна пераносіў адценне за адценнем з геаграфічнага атласа дзядзькі Альберта; калі ён корпаўся з Паўночным Ледавітым акіянам, яму даводзілася стаяць на лесках, пасля лескі паставілі ў падвал і прынеслі назад толькі тады, калі Глум прасунуўся ўлева настолькі, што дабраўся да Шпіцбергена, Грэнландыі і Паўночнага полюса.

Дзядзька Альберт, які разумее ў гэтай справе, гаварыў, што Глум выдатна малюе. I сапраўды, Глум маляваў проста пэндзлікам звяроў, дамы, людзей, дрэвы, і, калі ён быў у добрым настроі, на паперы з'яўляліся чырвоныя каровы, жоўты конь, а на кані — тоўсты чорны чалавек. «Мой бацька меў чырвоных кароў, зусім чырвоных, можаш смяяцца, колькі хочаш, але яны былі чырвоныя, як спелыя памідоры, І яшчэ бацька меў жоўтага каня, а барада ў бацькі была чорная, і валасы таксама чорныя, але вочы блакітныя, зусім блакітныя, як Паўночны Ледавіты акіян на гэтай карце. Я пасвіў гэтых кароў на лясных палянах, трава там расла чэзлая, часам мне даводзілася ганяць статак праз лес да самай ракі, дзе трава была больш сакавітая і густая. Рака называлася Шахцішэхна-Шахціхо, і гэта азначала: вада, якая дае нам рыбу, лёд і золата».

Плынь гукаў з рота Глума выяўляла раку — шырокую, бурную, хуткаплынную і халодную, рака цякла з высокіх гор, за якімі ляжыць Індыя.

«Мой бацька быў важаком племя, пасля ён пачаў называць сябе камісарам, але ён усё роўна заставаўся важаком, нават калі называў сябе камісарам, і кожны год, увесну, калі Шахцішэхна-Шахціхо вызвалялася ад ільдоў, калі ў лесе зацвіталі ягаднікі і зелянела трава, бацька, нават пасля таго як зрабіўся камісарам, рабіў тое, што рабілі да яго з векапомных часоў усе важакі плямёнаў: ён кідаў жэрабя, і аднаго з вясковых хлапчукоў, на каго выпадала жэрабя, кідалі ў раку, каб рака не затапіла пасяленне і прынесла многа-многа золата. Гэта здзяйснялася ўпотай, і людзі, што прызначылі бацьку камісарам, не павінны былі ведаць пра тое, і ніхто нічога не расказваў, і ніхто з тых людзей нічога не заўважаў, таму што ніхто не падлічваў хлопчыкаў, іх было шмат у пасяленні».

Спатрэбілася нямала дзён, каб Глум змог усё гэта расказаць вельмі павольна, — на працягу гадоў распытваючы і выпытваючы, Марцін вывудзіў у Глума ўсю ягоную гісторыю.

У Шахцішэхне намывалі золата і частку ягоаддавалі тым людзям, якія зрабілі камісарам Глумавага бацьку, але больш за ўсё золата атрымаў Фрыц. Расказваючы пра Фрыца, Глум маляваў кусты, лес, ягады і халодную, як лёд, Шахцішэхну. Фрыц ведаў, як пераходзіць раку ўброд, ён прыходзіў, прыносіў з сабой цыгарэты — белыя палачкі, якія запаўнялі мазгі сухім шчасцем, і яшчэ нешта прыносіў Фрыц — нешта белае ў шкляных трубачках. З апісанняў Глума Марцін заключыў, што гэта былі ампулы, як тыя, у якія ўрач апускаў шпрыц і, напоўнены, усаджваў у руку бабулі.

— Глум, а што ж з імі рабіў твой бацька?

— Я толькі пасля гэта зразумеў. Кожную вясну ў лясной хацінцы ладзілі свята, у ім павінны былі браць удзел маладыя дзяўчаты, ніводнай паджылай жанчыны, толькі маладыя, а з імі мой бацька і яшчэ два чалавекі, мы іх называлі шаманамі, і калі дзяўчаты адмаўляліся прыйсці на свята, шаманы аддавалі на іх пракляцце, і дзяўчаты хварэлі.— Тут Глум замоўк і пачырванеў, чырвань разлілася ад шыі па ўсім твары, і Марцін здагадаўся, што ў леснічоўцы, за пятнаццаць тысяч кіламетраў адсюль, здзяйснялася нешта бессаромнае і нават распуснае. Але варта было дзяўчатам згадзіцца, і яны зараз жа папраўляліся, і ўсё гэта — хвароба і выздараўленне — Фрыц прыносіў у сваіх шкляных трубачках.

А пасля Глум уцёк, таму што па жэрабю яго павінны былі кінуць у Шахцішахну, і ўцячы яму дапамог Фрыц. Глум расказваў павольна, часам скажа два-тры сказы, а пасля пройдуць тыдні — і ніводнага слова больш; як толькі час набліжаўся да паловы сёмай, Глум абрываў свой расповед на сярэдзіне сказа, апалоскваў пэндзаль, старанна абсушваў яго, зноў раскурваў люльку і асцярожна сядаў на край ложка, каб зняць пантофлі і абуць чаравікі. За ягонай спінай прыгожа пераліваліся колеры на карце, але незамаляваная частка карты здавалася Марціну бясконцай — белыя моры, аддзеленыя ад сушы толькі тонкай лініяй алоўка, абрысы астравоў, рэкі, якія сабраліся каля маленечкай чорнай кропкі — радзімы Глума; ніжэй і лявей, у Еўропе, была другая чорная кропка, яна называлася Калінаўка, — месца, дзе загінуў бацька Марціна, а там, вышэй і намнога лявей, амаль на краі мора, ляжала чорная кропка — месца, дзе яны жывуць, маленькі трохкутнік, што згубіўся на агромністай раўніне. Пераапранаючыся, Глум адразаў ад гарбуза, што ляжаў на тумбачцы, некалькі лустак, укладаў «Дагматы» і «Багаслоўе і маральнасць» у сумку, спускаўся ў кухню, каб напоўніць судок, і ішоў на трамвай.

Поделиться с друзьями: