Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дом без гаспадара

Бёль Генрых

Шрифт:

Гезелер маўчаў. Нэла бачыла, як ён моцна сціснуў вусны.

— Былі б вы, урэшце, больш сумленнымі! Адкрыта ўсхвалялі б вайну, не тоячыся ігралі б сваю ролю азлобленых гора-заваёўнікаў. Але робіцца проста жахліва, калі вы, менавіта вы, чытаеце даклады «пра перспектывы развіцця сучаснай лірыкі».

Гезелер збавіў хуткасць. Замак быў ужо блізка. У густой лістоце мільгануў барочны павільён. Над ім заўсёды кружылі галубы, тлустыя, адкормленыя бутэрбродамі экскурсантаў.

Вось і скончыўся рэкламны фільм, зняты бяздарным аматарам. Асвятленне нічога не вартае, і нават «хэпі энд» не атрымаўся. Традыцыйны «пацалунак у дыяфрагму» на фоне Брэрніхскага замка не адбудзецца. Яна захацела хутчэй вярнуцца дадому, зайсці ў кафэ да марожаншчыка Генэля, убачыць усмешлівага Луіджы, пачуць пласцінку, якую ён заўсёды ставіць, як толькі яна заходзіць у кафэ, і чакаць імгнення, калі скончацца апошнія такты мелодыі. Яе пацягнула да Альберта, да Марціна, і яна пашкадавала, што назаўсёды знік той уяўны Гезелер, якога можна было ненавідзець.

Дробны кар’ерыст, які сядзеў каля яе, не выклікаў у яе нянавісці. Хіба гэта той чорны чалавек, змрочны зладзей, чый вобраз маці яе спрабавала пасяліць ва ўяўленні дзіцяці? Фанабэрысты, дробязны, зусім не дурны. Такі зробіць кар’еру.

— Я выйду тут, — загадала яна.

Ён спыніў машыну, не гледзячы на яе. Яна адчыніла дзверцы.

— Чамадан няхай занясуць у мой пакой.

Ён кіўнуў. Нэла паглядзела на яго збоку, марна чакаючы, што ў душы яе абудзіцца спагада да яго, гэтак жа марна, як толькі што чакала ўспышкі нянавісці.

Патэр Віліброрд ужо набліжаўся да яе з раскінутымі рукамі.

— Нэла! — усклікнуў ён. — Нарэшце! Выдатнае месца мы выбралі гэтым разам для семінара, праўда?

— Так, выдатнае, — адказала яна. — Што, паседжанне пачалося ўжо?

— Даўно ўжо. Шурбігель толькі што прачытаў бліскучы даклад. Усе з нецярплівасцю чакаюць Гезелера.

Гэта ягоны дэбют у нашым коле.

— Правядзіце мяне ў мой пакой, — сказала Нэла.

— Хадзем, я правяду вас, — прапанаваў патэр.

Яна бачыла, як Гезелер падымаўся па шырокай лесвіцы з партфелем і яе чамаданам у руках. Але калі яна з патэрам Вілібрордам падышла да дзвярэй, Гезелера ўжо не было, а чамадан яе стаяў каля каморкі швейцара.

15

Кандуктарскай фуражкі на вешалцы не было. У прыхожай пахла булёнам і падгарэлым маргарынам. Генрых заўсёды смажыў бульбу на маргарыне. На верхнім паверсе фрау Барусяк спявала «Зялёны грудочак на роднай магілцы». Голас у яе быў чысты, прыгожы, ён ліўся зверху, быццам ласкавы летні дождж. Марцін паглядзеў на вышчарбленую сцяну — невядомы пісаў на ёй тое самае слова не менш за трыццаць разоў. Свежая драпіна пад газавым лічыльнікам сведчыла пра тое, што зусім нядаўна тут зноў прайшло нямое адзінаборства. Унізе, у сталярнай майстэрні, глуха вуркатаў стругальны станок. Дамашні, мірны гром, ад якога заўсёды дрыжалі сцены. Часам гук рабіўся больш рэзкім. Станок амаль што трашчаў, калі абгабляваная дошка вылузвалася з ягонай пашчы. Як толькі сціхаў стругальны станок, пачынаў віскліва скуголіць такарны. Лямпа ў прыхожай безупынку хісталася. А зверху даносіўся прыгожы моцны голас, які ліўся быццам Божы дар. Акно ў двор было шырока расчынена. Унізе гаспадар майстэрні разам са сваім вучнем складваў дошкі ў штабель. Вучань, малады хлопец, ціхенька насвістваў, уторачы фрау Барусяк. Насупраць, у глыбіні двара, грувасціліся руіны дома, які згарэў падчас бамбёжкі. Тырчала толькі пярэдняя сцяна, з зеўрамі праёмаў акон, і праз крайняе з іх, правае, быў бачны самалёт, які пралятаў. За ім цягнуўся даўжэзны транспарант. Вось самалёт знік за прасценкам між вокнамі, але неўзабаве зноў паказаўся ўжо ў праёме другога акна. Маленькі і шэры, ён плыў у блакітным небе, цягнучы ад праёма да праёма свой доўгі шлейф, быццам страказа з неймаверна цяжкім хвастом. Затым ён паляцеў далей і, змяніўшынакірунак, марудна папоўз да званіцы; цяпер Марцін змог разабраць надпіс на транспаранце. Ён чытаў яго слова за словам, па меры таго, як самалёт, разварочваючыся, выцягваў з-за сцяны свой доўгі хвост. Ці гатовы ты да ўсяго?

Фрау Барусяк усё яшчэ спявала. Голас быў глыбокі, моцны. Калі фрау Барусяк спявала там наверсе, Марцін ясна бачыў яе, быццам яна стаяла вось тут, каля яго. Бялявая, зусім светлая, яна была надобная на маму, толькі крыху паўнейшая. Тое слова здавалася немагчымым у яе вуснах. Муж яе таксама загінуў на вайне — раней яе звалі фрау Горн. Зараз у яе быў другі муж, пан Барусяк, паштальён, які разносіў грашовыя пераводы. Яна па-сапраўднаму выйшла замуж, гэтак жа, як і маці Грэбхакэ выйшла замуж за пана Зобіка. Пан Барусяк быў такі ж добры, як і яна. Ён прыносіў часам грошы дзядзьку Альберту і маме. Дзеці ў фрау Барусяк былі ўжо вялікія. Старэйшага звалі Рольф Горн. Гэта ён развучваў літургію са служкамі. Марціну ўспомніўся надпіс на мармуровай дошцы, якая прыбіта да сцяны царквы: «Петэр Канізіус Горн. Забіты ў 1942 г.». На той жа дошцы, толькі вышэй, быў і другі надпіс: «Раймунд Бах. Забіты ў 1942 г.». Марцін счакаў, пакуль змоўк унізе стругальны станок, і прыслухаўся. Бывала, Лea адносіў сваю фуражку ў пакой. Але за дзвярыма не чутно ні гуку — значыцца, Лea яшчэ не прыйшоў. Марцін адышоўся ад акна і, крыху счакаўшы, піхнуў дзверы.

— Ой, гэта ты! — ускрыкнуў Генрых. — А дзядзька Альберт цябе паўсюль шукае!

Генрых сядзеў за сталом і нешта пісаў; перад ім ляжаў аркуш паперы, у руцэ ён сціскаў аловак, і выгляд у яго быў вельмі важны. Адарваўшыся ад сваёй работы, ён спытаў:

— Ты ўжо паспеў забегчы дадому?

Марцін не выносіў, калі Генрых напускаў на сябе важнасць, а рабіў ён гэта даволі часта, калі гаварыў яму: «Ну што ты ў гэтым разумееш?» I Марцін выдатна разумеў, што ён мае пры гэтым на ўвазе грошы. Скажам, у грашах ён сапраўды нічога не разумее, але ўсё ж ён не выносіў, калі Генрых так задаваўся. Твар ягоны набываў тады нейкі асаблівы грашовы выраз.

— Не, — адказаў Марцін, — я яшчэ не быў дома.

— Тады зараз жа ідзі дадому. Дзядзька Альберт ведаеш як хвалюецца?

Марцін моўчкі хітнуў галавой і падышоў да Ведьмы, якая выпырхнула насустрач яму са свайго кутка.

— Ну і свіння ж ты, — сказаў Генрых, — проста свіння!

Ён зноў нахіліўся над сваім аркушам. Вільма тым часам занялася з ранцам Марціна. Марцін сеў проста на падлогу каля дзвярэй і ўзяў Вільму да сябе на калені. Яна засмяялася, саслізгнула на падлогу, учапілася за раменьчык ад ранца і адцягнула яго ўбок. Марцін стомлена назіраў за ёй. Вільма паспрабавала адкрыць ранец, яна торгала за раменьчык, але не магла выцягнуць яго са спражкі. Марцін прыцягнуў ранец да сябе, паслабіў абодва раменьчыкі і зноў падпіхнуў ранец да Вільмы. Тая зноў тарганула за адну спражку і, калі металічны шпянёк выйшаў з дзіркі ў раменьчыку, нават закрычала ад радасці. Яна пацягнула другую спражку і, раскрыўшы яе гэтак жа лёгка, прыйшла ў захапленне і закрычала яшчэ мацней. Рэзкім рухам яна адкінула крышку ранца. Марцін назіраў за ёй, прыхінуўшыся да сцяны.

— Не, гэта проста подласць, — паўтарыў Брылах, не паднімаючы галавы. Не дачакаўшыся адказу, ён зірнуў на Марціна і дадаў:

— Ну, і на каго ж ты будзеш падобны? Штаны ж запэцкаеш!

Твар у яго быў важны, грашовы. Марцін змаўчаў, хоць язык у яго свярбеў адказаць: «Ды кінь ты задавацца! Глядзець агідна на тваю грашовую фізіяномію!» Але ён не сказаў гэтага: гаварыць з Генрыхам пра грошы было небяспечна. Аднойчы Марцін ужо паспрабаваў збіць з яго пыху: ён сказаў Генрыху, што ў іх доме заўсёды ёсць грошы, ва ўсіх — у дзядзькі Альберта, у маці і ў бабулі. Пасля гэтага Генрых на працягу шасці тыдняў не з’яўляўся ў іх, шэсць тыдняў не размаўляў з Марцінам. Дзядзьку Альберту дaвялoся ездзіць да Генрыха і ўгаворваць яго, каб ён зноў прыходзіў да іх. У тыя дні Марцін не знаходзіў сабе месца. Таму цяпер ён маўчаў. Прыхіліўшыся да сцяны, ён абхапіў рукамі калені і працягваў назіраць за Вільмай. Тая знайшла сабе новы занятак: яна выцягнула з ранца ўсе кніжкі, пенал, потым раскрыла задачнік, што ляжаў якраз зверху, і тыцнула пальчыкам у адзін з малюнкаў. Увагу яе прыцягнуў намаляваны на ім торт, які можна было падзяліць на восем, на шаснаццаць, на трыццаць дзве часткі і які каштаваў або дзве, або тры, або чатыры маркі. Трэба было даведацца, колькі каштаваў у кожным з гэтых выпадкаў адзін кавалак. Вільма, мабыць, зразумела, што намалявана на карцінцы, — яна моцна выгукнула адно з нямногіх вядомых ёй слоў: «Цукар!» Але «цукрам» Вільма называла і афрыканскія бананы. За тону іх было на месцы заплачана гэтулькі (дарэчы, колькі кілаграмаў у тоне?), нацэнка ў рознічным гандлі склала гэтулькі працэнтаў, пытанне, колькі каштуе кілаграм бананаў? Услед за бананамі Вільма ператварыла ў цукар і вялікае кола сыру, і хлеб, і мяшок в мукой. На малюнку ў чалавека з мяшком была змрочная фізіяномія — Вільма адразу ж вырашыла, што гэта Леа. Затое пекар, што лічыў мяшкі, весела ўсміхаўся; яго яна назвала «тата». Вільма ведала пакуль што тры словы: Леа, тата і цукар. Партрэт на сцяне — гэта «тата». Усіх мужчын, якія былі ласкавыя з ёй, яна таксама называла «тата», а ўсіх, хто ёй не падабаўся, — «Леа».

— Я зраблю сабе бутэрброд з маргарынам, — сказаў Марцін, — можна?

— Зразумела, — адказаў Генрых, — але на тваім месцы я ўсё ж пайшоў бы дадому. Дзядзька Альберт вельмі непакоіўся, а ён жа заязджаў сюды ўжо з гадзіну таму.

Марцін зноў змаўчаў, і Генрых паўтарыў сярдзіта:

— Ну і нягоднік жа ты! — I ўжо цішэй дадаў: — Рабі бутэрброд, чаго чакаеш?

Твар яго зрабіўся яшчэ больш сур’ёзным, і было бачна, што ён страшэнна хоча расказаць пра тое, якое адказнае заданне яму даручана. Генрых толькі чакаў пытання. Але Марцін рашыў нізавошта не распытваць яго. Ён стараўся не думаць пра дзядзьку Альберта — злосць паступова прайшла, цяпер ён адчуваў толькі згрызоты сумлення. Вядома, глупства зрабіў: пайшоў чамусьці ў кіно. Марцін паспрабаваў зноў распаліць у сабе злосць. I дзядзька Альберт зрабіўся гэтакім жа «запісачнікам», як і іншыя, — усё часцей піша ён кароткія запіскі на абрыўках газеты, тройчы падкрэслівае самае важнае, на яго думку, слова. Гэтую штуку з падкрэсліваннем прыдумала мама. Яна чамусьці заўсёды падкрэслівае выразы накшталт: «павінна», «не змагла», «нельга было».

— Уставай жа, — раздражнёна сказаў Генрых, — штаны загвэндаеш! Зрабі сабе бутэрброд.

Марцін устаў, абтрос штаны і ўсміхнуўся Вільме. Тая перагарнула старонку задачніка і поўная радасці паказала пальчыкам на барана, які важыў роўна шэсцьдзесят чатыры кілаграмы пяцьсот грамаў. Мяснік купіў яго і заплаціў гэтулькі марак за кожны кілаграм жывой вагі, а пасля прадаў яго, але ўжо на фунты і з гэтакай нацэнкай. Марцін, як і астатнія, не заўважыў падвоху, калі рашаў гэтую задачу, і механічна напісаў шэсцьдзесят чатыры, пяць дзесятых фунта: ён забыўся, што ў кілаграме два фунты. Пасля гэтага настаўнік не прамінаў пераможна заяўляць, што такім чынам усе мяснікі ў горадзе ўмомант збяднеюць. Але мяснікі ў горадзе і не думалі бяднець — справы ў іх ішлі лепей нельга. Вільме вельмі спадабаўся баран, яна прапішчала: «Цукар, цукар!» — і перагарнула старонку. Тут была намалявана нейкая дурнаватая цётка, што купляла ў растэрміноўку матаролер. Генрых па-ранейшаму сядзеў за сталом і падлічваў нешта, моршчачы лоб: Марцін зазірнуў у ягоны лісцік і ўбачыў мноства лічбаў, перакрэсленыя слупкі і падкрэсленыя вынікі. Ён падышоў да буфета, адсунуў убок крышталёвую вазу са штучнымі фруктамі. Шкляныя бананы, персікі, апельсіны. Асабліва выштукаваны быў вінаград — Марцін заўсёды здзіўляўся, да чаго ж ён быў падобны на сапраўдны! Ён ведаў, дзе што стаяла. Вось алюмініевая бляшанка з хлебам, маслёнка з маргарынам, бліскучая бляшанка з яблычным джэмам. Марцін адрэзаў тоўстую лусту хлеба, намазаў яго маргарынам і джэмам і пачаў таропка есці. Ён нават уздыхнуў ад задавальнення. Дома ніхто не мог зразумець, акрамя хіба Глума і Больды, што яму вельмі смачны маргарын. Бабуля жахалася, калі бачыла ў ягоных руках бутэрброд з маргарынам, і сваім бурклівым голасам заводзіла доўгую гаворку пра розныя хваробы, распісвала іх ва ўсіх падрабязнасцях. Гэта былі жудасныя хваробы, і самая небяспечная з іх называлася тэбэцэ. «Глядзіце, справа скончыцца „тэбэцэ“», — галасіла бабуля. Але Марцін лічыў маргарын смачным. Не адыходзячы ад буфета, ён намазаў другі бутэрброд. Вільма радасна заўсміхалася, калі ён зноў сеў каля яе на падлогу. «О ружы, ружы пунсовыя», — спявала наверсе фрау Барусяк. Яе голас, глыбокі, трудны, здаўся яму раптам крыніцай, з якой бруіла кроў. На імгненне ён выразна ўявіў сабе ружы, пунсовыя ружы, што падалі з рота фрау Барусяк, іх абрысы расплываліся, зліваліся ў адно, і вось ужо з яе рота бруіць кроў. Марцін вырашыў некалі намаляваць гэта: белакурую фрау Барусяк і плынь крывавых руж, якаЯ ліецца ў яе з рота.

Вільма перагартала задачнік амаль да апошняй старонкі. Тут таксама гаворка ішла пра тоны і кілаграмы. На малюнках былі караблі ў порце і таварныя вагоны, што беглі па рэйках: грузавікі і пакгаўзы. Вільма паказвала пальчыкам на матросаў, чыгуначнікаў і шафёраў і падзяляла іх на «татаў» і на «Леа». «Леа» сустракаліся значна часцей: большасць людзей на малюнках мелі нахмураныя, змрочныя твары. «Леа — Леа — тата — Леа — Леа — Леа — тата». На адным малюнку рабочыя валам валілі з заводскіх варот — усіх іх без разбору Вільма залічыла ў «Леа». Катэхізіс расчараваў яе — у ім не было малюнкаў, калі не лічыць пары віньетак. Назваўшы гронкі і гірлянды «цукрам», Вільма адклала катэхізіс. Затое хрэстаматыя аказалася проста скарбам: тут «татаў» на малюнках аказалася значна больш, чым «Леа»; святы Мікалай, святы Марцін, дзеці, што танцуюць у крузе, — усе падрад былі «таты».

Поделиться с друзьями: