Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дом без гаспадара

Бёль Генрых

Шрифт:

«На яго аднаго спадзяёмся».

Зарыпелі дзверцы шафы, шчоўкнуў замок на кухні, і Больда, шоргаючы, павольна пайшла да сябе наверх.

I толькі цяпер у поўнай цішыні Нэла пачула крокі маці. Яна хадзіла туды-сюды, як зняволены ў камеры. А вентылятар, па-ранейшаму ціха гудзеў; Нэла зусім пра яго забылася. Яна выключыла яго, але адразу ж ёй падалося, што цішыня душыць яе, выціскае слёзы з вачэй. Нэла зарыдала.

20

Спаткання ў летнім кафэ не адбылося: пераязджаць вырашылі сёння ж.

У транспартнай канторы замовілі вялікі грузавік — і, як хутка высветлілася, зусім дарма. Пажыткі фрау Брылах, якая пераязджала да кандытара, не занялі і пятай часткі кузава. Пад чахламі і каляровай паперай яе мэбля ў пакоі мела «зусім прыстойны выгляд».

Але на лесвіцы нічога не магло схавацца ад усёбачнага вока суседзяў, якія, ківаючы галовамі, назіралі за пагрузкай. Пераезд быў для іх поўнай нечаканасцю.

Рабочыя вынеслі скрыню з-пад маргарыну, якая была напханая цацкамі, на чарзе быў Генрыхаў ложак. Гэта, уласна, былі звычайныя дзверы з прыбітымі да іх драўлянымі брусамі. Падабенства з ложкам ім надаваў толькі матрац з марской травы ды рэшткі старой фіранкі, якія былі прыбітыя па краях. На машыну пагрузілі два крэслы і стары стол… Колькі разоў узлакочваліся на яго Карл, Герт, Леа! Шафу для адзення замяняла дошка з кручкамі, заціснутая між сцяной і буфетам і завешаная цыратай. Цырата ратавала адзежу ад пылу і вадзяных пырскаў. Больш-менш прыстойна выглядалі толькі дзве рэчы: сервант, фарбаваны пад чырвонае дрэва — яго купілі два гады назад, — і ложачак Вільмы, які падарыла ім фрау Барусяк: яна больш не чакала дзяцей. Прыёмнік застаўся наверсе ў Леа — дзверы ў яго былі зачынены на замок.

Восем гадоў пражылі яны ў гэтым пакоі, шмат разоў рамантавалі яго, бялілі столь і сцены. Але зараз, калі ён апусцеў, убоства яго кідалася ў вочы. Генрых жахнуўся: іхнія рэчы, такія звыклыя ў пакоі, на сваіх месцах, ператварыліся на вуліцы ў кучу хламу, які і перавозіць няварта было б. Кандытар стаяў тут жа і пакрыкваў на рабочых. Тыя ледзь стрымліваліся ад насмешлівых заўваг па прычыне ўсяго гэтага хламу.

— Асцярожней! Тут шкло! — усклікнуў кандытар, калі ўбачыў, як адзін з работнікаў неахайна падхапіў кардонную скрынку з посудам.

На твары кандытара адлюстроўвалася пакутлівая ўнутраная барацьба. Здавалася, ён сумняваўся, ці не надта вялікую цану даводзіцца яму плаціць. Двое дзяцей як снег на галаву, і ўся гэтая старызна каля дзвярэй ягонага дома — сораму не абярэшся.

Генрыху загадалі супакоіць Вільму, якая крычала, не закрываючы рота, з таго часу, як незнаёмы чалавек пацягнуў некуды скрынку з яе цацкамі. Левай рукой Генрых трымаў за руку Вільму, у правей у яго быў ранец, у які ён разам з падручнікамі, малітоўнікам і сшыткамі ўклаў і іншую сваю «маёмасць»: бацькаву брашуру «Што павінен памятаць аўтаслесар перад здачай экзамена на падмайстра», фотаздымак бацькі і некалькі коміксаў: «Здань», «Тарзан», «Тыль Уленшпігель» і «Блондзі». Там жа ляжаў і фотаздымак жанчыны, якая мела некалі сем пудоў вагі. Тоўстая жанчына каля вілы «Элізабэт», якая была названа так у яе гонар; грот з вулканічнага туфу, у акне — мужчына з люлькай у роце і ўдалечыні на заднім плане — вінаграднікі.

Беднасць праяўлялася ўсё больш яскрава, па меры таго як перасоўвалі мэблю і складвалі рэчы. Але не толькі гэта палохала Генрыха. Пакой апусцеў з уражальнай хуткасцю; гэта было не менш страшна. Не прайшло і сарака хвілін, як усё было скончана. На голых сценах выдзяляліся толькі мясціны, дзе шпалеры не выгаралі і добра захаваліся; цёмна-жоўтыя прастакутнікі, аблямаваныя шэрым пластам пылу, засталіся на сцяне там, дзе віселі фотаздымак бацькі і рэпрадукцыя «Тайнай вячэры», і насупраць — там, дзе стаяў буфет і была прыбітая дошка з кручкамі. Маці павымятала смецце з кутоў: асколкі шкла, зліплы ў шматкі пыл, абрыўкі паперы, нейкае загадкавае чорнае рэчыва, што набілася ва ўсе шчыліны ў падлозе. Кандытар апасліва правёў пальцам па шпалерах, быццам прыкідваючы, колькі часу не сціралі пылу, які аблямоўваў цёмна-жоўтыя прастакутнікі на сцяне. Маці нечакана ўсхліпнула і шпурнула на падлогу савок. Спрабуючы супакоіць яе, кандытар злёгку прыабняў яе за плечы, асцярожна пагладзіў па галаве. Але ён нерашуча, як бы з цяжарам, рухаў рукамі, і выглядала гэта не надта пераканаўча. Маці падняла савок і зноў узялася за венік. Вільма крычала безупынку, усё парываючыся выбегчы з пакоя на пошук знесеных цацак.

— Адвядзі яе, прашу Богам, уніз, — сказаў кандытар, — і каляску вазьмі.

Заклапочаны, няўпэўнены выраз не сыходзіў з ягонага твару. Здавалася, раптоўнасць перасялення, у якой ён сам быў вінаваты, цяпер спужала яго. У палове пятай яна дазволіла яму пацалаваць яе руку каля локця, а ў палове сёмай — ужо пераязджала да яго.

Пара было рухацца, пагрузка закончылася: рэчы не занялі і пятай часткі кузава. Рабочыя сядзелі ўнізе на падножцы грузавіка, паглядвалі наверх і раз-пораз свісталі, падганяючы гаспадароў.

Генрых цьмяна помніў, як некалі даўно ім давялося пераязджаць з кватэры на кватэру. Прамільгнулі абрыўкі ўспамінаў: халадэча, дождж, дзіцячая каляска, заляпаныя граззю транспарцёры і грузавікі, маці рэжа бохан хлеба, які нехта як бы выпадкова скінуў ім з грузавіка, што праязджаў міма. Найбольш выразна ён помніў зялёную вайсковую біклажку — Герт забыўся яе пасля на нейкай будоўлі. Успомнілася, як напалохаў яго тады амерыканскі хлеб: ён быў белы, як папера.

Восем гадоў яны пражылі ў гэтым пакоі — цэлую вечнасць.

Генрых мог з заплюшчанымі вачамі адразу адшукаць усе каварныя трэшчыны і шчыліны ў паркеце, дзе націраць падлогу прыходзілася марудна і асцярожна, каб не парваць суконкі. Падлогу ён націраў масцікай — так патрабаваў Леа.

Генрых ведаў на памяць, у якіх месцах пліткі паркету сядзелі нямоцна: масціка там, колькі яе ні намазвай, усё роўна залазіла ў шчыліны. Затое ў іншых месцах яна прылеплівалася да падлогі, і яе трэба было наносіць тонкім слоем.

Ён утаропіўся на цёмна-жоўтую пляму на сцяне: тут вісеў раней фотаздымак бацькі.

— Дык хадзі ж, чаго стаіш? — крыкнуў кандытар.

Генрых выйшаў у прыхожую, але адразу ж вярнуўся, падышоў да маці і сказаў:

— Не забудзься, калі ласка, пра прыёмнік — ён наверсе ў Леа. У яго яшчэ наш збанок, кубак і кансервавы ножык.

— Не, не, не хвалюйся, — сказала маці, але па яе голасу ён зразумеў, што прыёмнік, збанок і кансервавы ножык страчаны назаўсёды, як і мамін халат, што таксама вісеў у пакоі Леа. Генрыху вельмі падабаўся гэты халат — казачныя ружовыя кветкі на чорным.

На лесвіцы стаяла фрау Барусяк і плакала. Яна кінулася да Генрыха, расцалавала яго, затым прыціснула да сябе Вільму.

— Слаўны ты мой хлопчык, — усхліпваючы, сказала яна, — няхай хоць табе будзе там добра.

Сталяр, які стаяў непадалёку, прабурчаў, хітаючы галавой:

— Што тут, што там — адзін грэх!

З-за дзвярэй пачуўся голас маці:

— Ты гэтага хацеў, чуеш! Ты, ты, а не я! крычала яна.

Кандытар глуха прамармытаў нешта ў адказ, і хоць слоў нельга было разабраць, але прагучалі яны не надта пераканаўча.

Усё часцей і ўсё больш пранізліва свісталі ўнізе рабочыя, якія чакалі. Генрых падышоў да акна ў прыхожай і зірнуў на вуліцу. Зверху кузаў грузавіка быў падобны на распоранае чэрава нейкай страшыдлы, якая памылкова праглынула лаўку старызніка. Брудныя лахманы, кульгавыя крэслы, навалены грудам хлам і на самым версе ягоны «ложак». Грузчыкі перавярнулі яго, і шэрыя дзверы адразу ж адкрылі таямніцу свайго паходжання. Зверху выразна быў бачны надпіс, што ўпрыгожваў іх: «Пакой 547. Фінансавы аддзел». Герт прывалок аднойчы ўвечары гэтыя дзверы і чатыры брусы — распілаваныя бэлькі столі. Знайшоўся ў яго і малаток з цвікамі. За пяць хвілін ложак быў гатовы.

Поделиться с друзьями: