Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дом без гаспадара

Бёль Генрых

Шрифт:

З-за дома высунуўся дзядзька Віль і ўважліва паглядзеў на яго. Затым Генрых пачуў, як ён падняўся на веранду і запытаў Альберта:

— Што гэта здарылася з хлапчуком.

— Пакінь яго ў спакоі,— адказаў Альберт.

Яны размаўлялі нягучна, але Генрых чуў кожнае слова.

— Ці нельга памагчы яму чым? — зноў запытаў Віль.

— Можна-то можна, — сказаў Альберт, — але лепш пакінь яго зараз у спакоі. У галоўным жа ты яму не дапаможаш!

У вёсцы зазванілі званы — самотна і пяшчотна. Генрых зразумеў, чаму разышліся дзеці, якія гулялі ў футбол. Званілі да абедні, а ўсе яны былі служкамі ў вясковай царкве.

— Ты пойдзеш са мной? — крыкнуў Марціну Віль.

— Так, так, — адказаў Марцін.

Цоканне мячыкаў адразу перарвалася. Генрых пачуў, як Віль яшчэ нешта запытаў у Альберта пра яго.

— Не трэба, пакінь яго, — адказаў Альберт і, памаўчаўшы, дадаў: — Ідзіце, я тут пасяджу.

Глуха і працяжна званілі званы. На кухні зноў радасна запішчала Вільма: ее кармілі яйкам усмятку. Хораша тут, усё гладзенька — без сучка і задзірынкі, але ўсё гэта не для яго. Надта ўжо гладка! I пахі тут адзін лепш другога. Пахне свежым дрэвам, пячэннем, свежым цестам, але і пахі гэтыя чужыя: занадта ўжо добрыя!

Ён выпрастаўся, прыхіліўся да сцяны паветкі і пачаў глядзець у расчыненыя вокны. У зале рэстаранчыка за сталамі сядзелі людзі, яны пілі піва, елі бутэрброды з вяндлінай. Дзяўчына-кельнерка раз-пораз падносіла бутэрброды і зноў ішла на кухню. Там яна наразала хлеб, вяндліну, рабіла новыя бутэрброды. Генрых убачыў, як дзяўчына адрэзала кавалачак вяндліны і наклала яго ў роцік Вільме. Тая пачала жаваць, недаверліва ссунуўшы броўкі. Забаўна было назіраць, як паступова зморшчыкі на яе лобіку разыходзіліся і яна ўхвальна заўсміхалася. Пасля таго як яна добра сжавала і праглынула кавалачак, Вільма заззяла. Маці Альберта і кельнерка так і пакаціліся ад смеху. Усміхнуўся і Генрых — гэта і сапраўды было забаўна. Але ўсмешка атрымалася стомленая. Ён і сам ведаў, што ўсміхаецца нехаця, як абцяжараны клопатамі даросяы чалавек, якому не да смеху.

У гэты момант да дома пад’ехала таксі з горада, і ён напалохаўся: мабыць, зараз нешта здарыцца, калі ўжо не здарылася. З машыны выйшлі бабуля і мама Марціна. Бабуля, не выцягваючы з рота дымнай цагарэты, моцна сказала шафёру: «Пачакайце тут, галубок», — і пабегла да ганка. Твар у яе быў чырвоны, сярдзіты.

— Альберт! Альберт! — закрычала яна на ўвесь двор.

Людзі ў рэстаране паўскоквалі са сваіх месцаў, кінуліся да вокнаў. У акне кухні паказаліся напалоханыя твары кельнеркі і маці Альберта, а сам Альберт выбег у двор з газетай у руках. Ён убачыў бабулю, нахмурыўся і, павольна складваючы газету, пайшоў ёй насустрач. Мама Марціна падышла да акна кухні і загаварыла з маці Альберта з такім выглядам, быццам усё гэта яе ніякім чынам не тычыцца.

— I ты нічога не хочаш зрабіць? — сказала бабуля, гнеўна страсаючы попел з цыгарэты. — Тады я сама паеду туды і заб’ю яго ўласнымі рукамі! Паедзеш ты са мной ці не?

— Паеду, паеду, супакойся! — стомлена сказаў Альберт. — Але што ў тым толку?

— Пра што толькі ўсе вы думаеце? — сказала бабуля. — Сядай у машыну!

— Як хочаш, — сказаў Альберт.

Ён паклаў газету на падаконнік, залез у машыну, адчыніў знутры заднія дзверцы і пасадзіў бабулю каля сябе.

— Ты, значыцца, застаешся? — ужо з машыны крыкнула бабуля маці Марціна.

— Так, я пачакаю вас тут, — адказала тая. — Не забудзьцеся захапіць мой чамадан, чуеце?

Але шафёр ужо выехаў са двара. Неўзабаве таксі знікла за паваротам. Званы змоўклі, і маці Альберта сказала маці Марціна: «Заходзьце, што ж вы?» Тая кіўнула і сказала кельнерцы: «Дайце мне дзяўчынку!»

Кельнерка паставіла Вільму на падаконнік. Генрых вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, як маці Марціна спрытна ўзяла яе на рукі і, усміхаючыся, зайшла ў дом.

Затым зацокаў цэлулоідны мячык і пачуўся смех Вільмы. Добра ўсё гэта, слаўна, толькі не для яго.

У рэстаране зацягнулі песню: Мілы лес, лес наш любы, на зямлі ты цуда з цудаў! З кухні ў залу прайшла кельнерка з падносам, на якім стаялі піўныя куфлі. Маці Альберта на кухні адкрыла вялікую бляшанку з кансерваванымі сасіскамі, затым пачала рыхтаваць салату. На верандзе смяялася маці Марціна.

Смяялася і Вільма. Генрых здзівіўся: маці Марціна падалася яму раптам вельмі мілай і добрай.

Так, усё тут добра, але яму ад таго не лягчэй. Бо ягоная мама зараз «сужыцельствуе» з кандытарам. Яна прамяняла Леа на кандытара. Гэта хоць і выгадна, але жахліва!

На дарозе насупраць дома спыніўся жоўты паштовы аўтобус. Расчыніліся дзверцы, на зямлю саскочыў Глум і дапамог сысці Больдзе. Больда падбегла да расчыненага акна кухні і ўсклікнула гучна:

— Што ж гэта цяпер будзе!

Але маці Альберта ўсміхнулася і адказала:

— Нічога там не здарыцца! А ты вось лепш скажы, дзе я вас усіх спаць пакладу?

— Я не магу супакоіцца, проста месца сабе не знаходжу, — сказала Больда. — Ат, я і на старой кушэтцы высплюся.

Глум засмяяўся і здушана прахрыпеў:

— На падлозе! Ёсць салома?

Затым ён з Больдай накіраваўся ў царкву, каб паклікаць Віля і Марціна.

Мілы лес, лес наш любы, на зямлі ты цуда з цудаў! — спявалі ў рэстаране, а маці Альберта на кухні відэльцам вывуджвала з бляшанкі вялікія ружовыя сасіскі.

З веранды пачуўся голас маці Марціна:

— Не падыходзь так блізка! — закрычала яна і адразу ж засмяялася непрыемна і рэзка. Генрых спалохаўся і, павярнуўшыся, убачыў, што Вільма, якая бегла да качынага стаўка, спынілася, калі пачула вокрык, і затупала назад. Маці Марціна паклікала яго да сябе, узяла яго за руку і запытала:

— Ты гуляеш у пінг-понг?

— Кепска, — адказаў ён. — Я калісьці спрабаваў гуляць.

— Давай, я цябе навучу, хочаш?

— Добра, — сказаў ён, хоць гуляць яму не хацелася.

Яна высунула стол на сярэдзіну веранды, зноў замацавала сетку і падняла з падлогі ракеткі.

— Станавіся вось тут, — сказала яна і паказала, як трэба падаваць мяч.

Удар быў моцны, мяч праляцеў высока над сеткай, і Генрых лёгка яго адбіў.

Вільма поўзала па падлозе і радасна верашчала. Ей вельмі падабаўся белы лятаючы мячык. Кожнага разу, калі ён падаў, яна паднімала яго і несла да стала. Але аддавала яна мячык толькі маці Марціна, а не Генрыху.

Увесь час Генрых думаў пра тое, што ягоная маці сужыцельствуе зараз з кандытарам. Гэта было вельмі дрэнна, і яму здавалася гэта значна больш распусным, чым сужыцельства з Леа.

Званы зноў зазванілі размерана і ўрачыста, святар зараз бласлаўляе паству. Затым кураць ладан і спяваюць «Tantum ergo». Ён пашкадаваў, што не пайшоў з Марцінам, яны стаялі б адзін каля аднаго ў паўзмроку між спавядальняй і дзвярыма.

Генрых хутка засвоіў, што мяч трэба падаваць рэзкім і модным ударам. Некалькі разоў яму ўжо ўдалося падаць мяч так, што маці Марціна не змагла яго адбіць. Яна засмяялася, але пачала гуляць з ім сур’ёзна, твар яе набыў засяроджаны выраз.

Поделиться с друзьями: