Дом без гаспадара
Шрифт:
— Ну, чаго ж ты маўчыш! — лез да яго Марцін. — Вы назусім пераязджаеце да кандытара?
— Так, назусім, — адказаў Генрых, — ты ж бачыш, мы ўсё бяром з сабой.
Рабочыя на вуліцы ўсё яшчэ свісталі, але кандытар раптам набраўся смеласці.
— Але, але, зараз ідзём! — моцна крыкнуў ён, і голас ягоны цяпер прагучаў упэўнена і рашуча.
— Пойдзем, Генрых, — сказаў Альберт за яго спінай, — паедзеш з намі ў Бітэнхан разам з Вільмай.
Генрых здзіўлена глянуў на маці, але тая ўсміхнулася і сказала:
— Так, едзь, гэта будзе лепш. А ў нядзелю вечарам пан Мухаў прывязе цябе ў горад. Да таго часу мы ўжо паспеем для цябе ўсё падрыхтаваць.
— Не ведаю, як вам і аддзячыць, — дадала яна, звяртаючыся да Альберта. Той толькі моўчкі кіўнуў і неяк дзіўна паглядзеў на яе. Генрых убачыў, як у вачах маці прабліснула надзея.
Здавалася, маці і Альберт пра нешта дамовіліся без слоў, і гэты маўклівы зарок адлюстраваўся ў іх позірках. Вочы іх сустрэліся на імгненне, але ў гэтую долю секунды яны раптам зразумелі тое, пра што ніколі раней не думалі.
Альберт падаў маці руку, маці пацалавала Вільму, і ўслед за Альбертам яны пайшлі да машыны. Вільма заверашчала ад радасці, калі ўбачыла шэры аўтамабіль.
21
Памагаты кандытара, які збег, не пакінуў багатай спадчыны. Толькі нешматлікія рэчы напаміналі пра яго: фотакартка кіназоркі на сцяне, дзве пары парваных шкарпэтак, іржавыя лёзы для галення на падваконні ды напалову скарыстаны цюбік зубной пасты. На белым начным століку былі рудыя выпаленыя плямы — сляды цыгарэт, якія тут дагаралі. У скрынцы камоды ляжалі леташнія газеты і малюнак з надпісам: Вось яна — сапраўдная Афрыка! — рэклама нейкіх усходніх цыгарэт. На малюнку зебры несліся праз саванну, жырафы абшчыпвалі лістоту з высокіх дрэў, а туземцы з размаляванымі тварамі палявалі на ільвоў.
Кандытар загадаў пакінуць у двары «ложак» Генрыха — дзверы пакоя 547 фінансавага аддзела з прыбітымі да іх чатырма брусамі.
— Хай спіць на ложку падмайстра.
— А я?
— Хіба ў цябе няма ложка?
— Няма.
— Дзе ж ты спала?
— У Леа, дзе ж яшчэ!
— А да яго?
— Да яго ў мяне быў ложак, але затым яго давялося спаліць — ён зусім разваліўся.
Пасля гэтага ложак Генрыха ўсё ж усцягнулі наверх, а ёй дастаўся ложак памагатага, амаль новы жалезны ложак, пафарбаваны ў белы колер.
Пакуль рабочыя ўсцягвалі рэчы наверх, у пакой падмайстра, яна выносіла хлам з каморкі ў калідор. Старажытныя галеты з кукурузнай мукі перакочваліся ў бляшанках, быццам каменне. Яна вынесла ўсё ў хляўчук у двары. Чаго толькі не было ў каморцы: карабкі з-пад сухароў,— калі яна несла іх уніз, сухарныя крошкі па-мышынаму шкрэбліся аб кардон; пашкуматаныя мяхі з-пад мукі, лялькі для вітрын з пап’е-машэ — некалі яны рэкламавалі вырабы шакаладных фабрык, якія даўно ўжо збанкруціліся. Назвы іх даўно выкраслены са спісаў кандытарскіх фірмаў. Шакаладныя пліткі з кардону, камы срэбранай паперы велічынёй у футбольны мяч, кардонныя кухараты з доўгімі лыжкамі ў руках — рэклама канцэнтратаў. Усмешлівая бляшаная індыянка прыціскала да грудзей карабок цукерак. На карабку было напісана: Шарбет — цудоўныя цукеркі. Растаюць у роце. Ярка-чырвоныя вішні з фанеры, бутафорскія цукеркі ў зялёнай абгортцы і вялізная бляшанка, што да гэтага часу захавала пах эўкаліптавага алею. Гэты пах напомніў ёй дзяцінства — яна кашляла бясконца ўначы, а за шырмай сварыўся бацька. I чым мацней ён сварыўся, тым мацней яна кашляла. А вось і яны, старыя знаёмцы: блакітны кухаронак з сухарыкам і серабрысты кот з кубкам какавы ў лапах.
Рабочыя перасмейваліся, уцягваючы ў пакой яе рэчы.
Яна пачула, як кандытар нясмела спрабаваў суцішыць іх, і адразу ж уздрыгнула, калі адчула на сваім плячы лёгкую, але ўладарную руку, руку, якая нават рычаг касавай машыны сціскала, быццам штурвал карабля.
Кандытарка ўсміхнулася, але, як ні дзіўна, ва ўсмешцы яе не было прыхаванай пагрозы.
— Размяшчайцеся як дома. Вы хочаце размясціць тут сынка?
— Так.
— Гэта вы добра прыдумалі! А ўсю старызну можна вынесці ў хляўчук. Але, можа, нешта пакіньце дзецям — хай гуляюць, яны ж любяць такія рэчы.
— Канешне, гэта ж лепш за ўсякія цацкі!
Кандытарка падняла з падлогі фанеровую плітку шакаладу і выцягнула з цёмнага кута кардонны грузавік — рэкламу нейкага млына, і з усмешкай паказала на бляшаную індыянку:
— Вось гэта ўжо, пэўна, дзецям спадабаецца!
— А як жа!
— Ну дык вазьміце іх.
— Вялікі вам дзякуй.
— Няма за што!
I зноў лёгкая рука легла на яе плечы і ласкана, па-сяброўску, паціснула іх.
— Жадаю вам шчасця!
— Дзякуй!
— Спадзяюся, вам будзе тут добра!
— О, канешне!
— Вельмі прыемна! Да пабачэння.
— Да пабачэння!
Згортваючы мяхі, спускаючыся ў хлеў са штабялямі парожніх карабкоў, яна ўвесь час думала пра яго, пра дзядзьку Марціна, як называў яго Генрых. Нечакана для самой сябе яна там, у прыхожай, спалоханая і раззлаваная, абняла яго, чужога мужчыну. Гэта атрымалася неяк само па сабе. Яна адразу ж спахапілася і хацела адскочыць ад яго, але адчула, як ён злёгку сціснуў ёй руку, а шчакой дакрануўся на імгненне да яе шыі. А як ён паглядзеў на яе ўнізе, калі яна развітвалася з дзецьмі! Мужчына не на кожную жанчыну так глядзіць!
Яна ўсміхнулася і адсунула рваную шырму ў куце і нават здрыганулася ад нечаканасці: перад ёй на падлозе стаялі знаёмыя фанерныя фігуркі — яны пакрыліся пылам і павуціннем, але яркія фарбы да гэтага часу не вылінялі. Яна стрэсла павуцінне рукой. Так, гэта былі яны, бамбергераўскія героі германскіх сагаў, менавіта такія ж, як на малюнках. Набор такіх фігурак Бамбергер выдаваў у якасці прэміі пастаянным сваім пакупнікам. Жаўтавалосы Зігфрыд у ярка-зялёным камзоле замахнуўся кап’ём на ядавіта-зялёнага дракона. Зусім як Георгій Пабеданосец! Каля яго — Крымгільда, Фолькер і Гагена і яшчэ гэты, прыгожанькі, як жа яго звалі? Так, Гізельгер! Фанерныя фігуркі былі прыбіты да шырокай рудой планкі з ярка-жоўтым надпісам: Дамашнія локшыны Бамбергера.
Яна не пачула, як у каморку зайшоў кандытар. Ён асцярожна паклаў руку ёй на плячо.
— Усё гатова! Ідзі паглядзі свой пакой. Божа ж мой, ты зноў плачаш? Што з табой?
Яна моўчкі скінула ягоную руку з пляча, падняла з падлогі планку з фанернымі фігуркамі і, нават не глянуўшы на яго, панесла яе ў свой пакой.
Кандытар ішоў услед за ёй.
— Навошта яны табе?
— Павешу на сцяну, — адказала яна праз слезы.
— Гэтую дрэнь! Кінь яе, я куплю табе добрыя карціны, сапраўдныя! — сказаў ён і, памаўчаўшы, нясмела дадаў: — Горнае возера, капліцу ў лесе або лань на лужку — усё, што ты захочаш! Не вешай ты ў сябе гэтую дрэнь!
— Пакінь мяне, — сказала яна, — мне гэта падабаецца.
У пакоі панаваў ужо поўны парадак: яе сукенкі віселі ў шафе, посуд быў акуратна расстаўлены па скрынках камоду, а скрынку з цацкамі кандытар паставіў пад ложак. У куце стаяў ложачак Вільмы.
— Хіба Вільма тут будзе спаць? — спытала яна.
— Ты мяркуеш, нязручна?
— Не ведаю, — нерашуча сказала яна, паставіла на камод планку з бамбергераўскімі фігуркамі і дадала: — Дзецям гэта спадабаецца!
— Гэта ж дзяшоўка, лубок! — сказаў ён і адвярнуўся.