ЖАНРЫ

Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)

Борщевский Ян

Шрифт:

Усвойскi перажагнаўся i таемна малiўся, баючыся, каб не прычынiлася чаго-небудзь у яго карчме.

– Не бойся, у мяне Дзядок не будзе сваволiць, бо я i сам не менш ведаю за Сакрата. Ну, развiтайся з iм, пане Ўсвойскi.

Ён сеў у брычку, паклаў Дзядка на каленi, сцебануў каня i знiк за павароткаю, а карчмар яшчэ доўга стаяў i глядзеў яму ўслед.

Гэта было гадзiны за паўтары пасля паўдня. Маёнтак пана Хапацкага за лесам, ад карчмы не больш за чатыры вярсты, але - дзiўная рэч!
– конь бег i бег, мiнаў пагоркi i лясы, пан бачыў увесь час незнаёмыя краявiды, праязджаў паўз вёскi, маёнткi i палеткi, аднак нiдзе не мог убачыць свайго жытла, сустракаў падарожных, хацеў у iх даведацца, у якi край заехаў, ды конь так шпарка бег, што немагчыма было перамовiцца нi з кiм хоць словам.

Сонца схавалася за горы, ужо вечар, дарогу ахутаў шэры змрок, конь увесь у пене, iшоў ужо цiхай ступою. Хапацкi думаў пра тое, каб трапiць у вёску, пераначаваць там i дапытацца дарогi. Тут знячэўку чорная хмара пакрыла неба, ноч зрабiлася такая цёмная, што на крок перад сабою нiчога не ўгледзiш, да таго ж i дождж лiнуў; нешчаслiвы вандроўнiк не ведаў, што чынiць, ды тут пры святле блiскавiцы ўбачыў каля дарогi маленькую будову. Былi гэта могiлкi, i здаўна там стаяла драўляная каплiчка. Хапацкi зварочвае з дарогi, каб схавацца ад навальнiцы. У цiхiм месцы за сцяною паставiў каня, сам заходзiць у каплiчку i чакае ў куце, пакуль прамiне гэтая бура. Пасля дастаў з кiшэнi табакерку i толькi адчынiў яе, як у святле нечаканае блiскавiцы ўбачыў над табакеркаю нейкую вялiзную сухую руку, што ўжо была гатовая ўзяць шчопаць тытуню. Перапалохаўся пан, выпусцiў з рук табакерку, выбег за дзверы i, не зважаючы на дождж i вецер, бяжыць у поле, сам не ведаючы куды. Шчасце, што ў хуткiм часе разышлiся тыя хмары, i ён на ўсходзе ўбачыў дзяннiцу i непадалёку на пагорку вёску, паспяшаўся туды, сустрэў сялян, што iшлi з косамi на луг. Ад iх даведаўся, што ён паблiзу Вiцебска, некалькi дзесяткаў вёрст ад свайго дому. У гурце касцоў прыйшоў на могiлкi, знайшоў каня i брычку на месцы, а табакерку ў каплiчцы на зямлi, аднак Дзядка там не было, i пан не памятаў, дзе i якiм чынам яго згубiў; праз колькi дзён пан Хапацкi вярнуўся дахаты i з таго часу вельмi добра запомнiў, што ёсць рэчы незразумелыя i яму, хоць ён ведаў не менш за Сакрата.

Амаль год пра Дзядка хадзiлi дзiўныя весткi; казалi, што нейкi пiлiгрым, носячы яго ў руках, з'яўляўся ў некаторых вёсках, вучыў люд дабрачыннасцi, нагадваў iм, каб яны шанавалi даўнiя звычаi i традыцыi сваiх продкаў, каб не адступалi ад праўдзiвае веры. Слухмяных i пабожных людзей ён бласлаўляў, ад разбэшчаных i адступнiкаў уцякаў.

Iншыя расказвалi, што перад заходам сонца была аднаго разу дзiўная праява, бачылi яе пастухi i аратыя. Нейкая прыгожая кабета ў белых строях, падобная да анёла, вянкамi цудоўных кветак упрыгожвала на лузе галаву таму Дзядку, i калi цiкаўныя людзi захацелi падысцi блiжэй, дык тая кабета, як бы дух якi, аддалялася ад iх - нi равы, нi густыя хмызы ёй не замiналi, узышла на возера i, нiбы белы воблак, узнялася над чыстай вадою i знiкла. Шмат такiх дзiвосаў расказвалi.

Цяпер раскажу, якiм чынам пасля доўгае i дзiўнае вандроўкi гэты Драўляны Дзядок трапiў нарэшце да мяне. Ведаеш добра нашу Беларусь, дарагi госцю, пры любых няўродах адзiн толькi лён найчасцей можа задаволiць нашы патрэбы, калi Пан Бог бласлаўляе наша поле. У пазамiнулым годзе было ў мяне шмат гэтага тавару, у нас яго набываюць купцы, а пасля, сабраўшыся з цэлае Беларусi, вязуць Дзвiною на караблях у Рыгу. Дык я з гэтым iнтэрасам прыехаў да купца, каб збыць яму свой тавар. У яго пабачыў вялiкi беспарадак, ягоная жонка Яўхiмiя ад вялiкага пярэпалаху i гневу ледзь дом не растрасла, наракаючы на свайго мужа: прывёз зачараванае страшыдла, якое заўсёды не дае ёй спакою. Купец толькi гадзiну назад вярнуўся дадому i, апраўдваючыся, прысягаў ёй, што ён зусiм у гэтым не вiнаваты. Ледзь гэты бунт я ўтаймаваў. Пасля спытаўся ў купца аб прычыне такой жончынай трывогi. Ён мне паведамiў, што галава мысляра Сакрата немаведама як з'явiлася ёй перад вакном i цяпер ляжыць за сцяною. Вывеў мяне з дому, каб паказаць таго Дзядка, i прасiў мяне, каб я абавязкова забраў яго; я паклаў яго ў карэту, пагаварыў з купцом пра лён i вярнуўся дахаты.

Праз нейкi час пачуў такую гаворку мiж суседзяў:

– Яўхiмiя, заўсёды сварачыся з мужам, знелюбiла яго i хацела пакiнуць назаўсёды, а можа, мела яшчэ i прыяцеля, якi яе да гэтага падбiваў. Дык калi муж быў у ад'ездзе, яна збiрала ўсё, што можна забраць з сабою, каб пакiнуць мужу пусты дом, ды тут нечакана глянула ў вакно i ўбачыла драўляную галаву таго Дзядка; невядома, адкуль i якiм чынам з'явiлася тая перад вакном. Яўхiмiя закрычала ад страху i самлела. Пачулi ў другiм пакоi сямейнiкi, прыбеглi на ратунак, ледзь прывялi яе да прытомнасцi, скiнулi Дзядка з вакна, каб ён другi раз не трапiў ёй на вочы. У гэты час прыехаў купец, i тут пачалася жахлiвая бура, але добра, што не ўдалося ёй пакiнуць свайму мужу пусты дом.

Ужо другi год маю ў сябе гэтага Дзядка, i, дзякуй Богу, усё iдзе шчаслiва, цаню яго як найдаражэйшую памятку.

Калi пан З... закончыў расказваць, абазваўся Ротмiстар:

– А я, стары чалавек, раскажу старое апавяданне пра кабету Iнсекту i пра гэтага Дзядка, бо цяпер казалi, што нейкая кабета аздабляла яго кветкамi. Так, яна ўжо адпакутавала за свае грахi. Раскажу, што ад iншых чуў, а цi гэта праўда, не мой клопат.

КАБЕТА IНСЕКТА

Даўней жыла ў нашым краi багатая панi. Я не памятаю яе прозвiшча, але гэта неiстотна. Дык вось тая панi здзекавалася са сваiх падданых i лёкаяў, забыла пра веру i хрысцiянскiя абавязкi, ёй здавалася, што чалавек - гэта яе ўласнасць, гэтаксама, як i кожная рэч, i што яна мае права чынiць над людзьмi што захоча.

Яна рабавала бедных сялян, увесь плён мазольнае iхняе працы пускала на раскошу. А людзi ў той час разлучалiся з душою ад голаду. Яна хадзiла ў дарагiм ядвабе i дыяментах, а яе падданыя не мелi чым накрыцца ад холаду i ветру; калi хто завiнавацiўся ў чым - кара была немiласэрная, ды яна часта i без вiны жорстка карала. Панi так лютавала, што загаралася гневам, калi дзяўчына з яе воласцi захоча замуж за чалавека вольнага i багатага. Адразу гэтую гаротнiцу садзiла ў кайданы, быццам тая ўчынiла нейкае страшнае злачынства.

Так жывучы, гэтая зласлiвая кабета заўважыла, што яна ўжо састарэла, а сумленне шаптала ёй, што скончыцца некалi жорсткае панаванне, ды i здароўе пачало слабець. Бачачы свой блiзкi скон, яна перамянiла свае звычкi, зрабiлася пабожнаю i мiласэрнаю, давала мiласцiну жабракам, адпiсала нейкiя грошы на кляштары ў Полацку, абы малiлiся ўсюды, каб Бог даў ёй здароўе i дазволiў доўга жыць на свеце. Зазванiлi ва ўсiх касцёлах, сабраўся люд, абвясцiлi пра гэта з амбона, паляцелi ў неба малiтвы пабожных людзей i весткi пра святыя ахвяры. Залагоджаны малiтвамi вернiкаў, Бог злiтаваўся над грэшнiцаю, дазволiў доўга жыць на гэтай зямлi i чакаў пакаяння.

Панi пражыла гадоў сто, ды не толькi не змянiлася на лепшае, але гнеў i жорсткасць яшчэ болей выраслi ў яе сэрцы. Так што большая частка яе падданых, пакiнуўшы свае хацiны, тулялася па свеце, шукаючы сабе спажытку, i лёкаi разбягалiся, кленучы сваю панi. Суседзi яе ненавiдзелi, нiхто не хацеў адведаць, нiхто не хацеў яе сустрэць цi нават наблiзiцца да яе жылля. А гнеў нiшчыў яе цела, выпетрала ад злосцi, i постаць яе дзень пры днi змяншалася.

Доўга так жывучы, забытая людзьмi, яна сохла i пакрысе змяншалася, ужо была падобная да хворага карузлiка, пасля на немаўля, робячыся ўсё шчуплейшаю. Нарэшце перамянiлася ў нейкую дзiўную Iнсекту, з аднаго i другога боку выраслi ў яе доўгiя празрыстыя крылы. Аднак тая самая злосць гарэла ў яе сэрцы.

Прамiнула шмат гадоў. Тая грэшная кабета жыла, як бы заклятая ў аблiччы нейкае крылатае пачвары, а хто падыходзiў да яе жытла, дык бачыў, як яна вылятала адтуль з жахлiвым крыкам i адганяла перапалоханага прахожага, лётаючы ў яго над галавою.

Прыехаўшы здалёку, новы дзедзiч пан А. пачаў гаспадарыць у тым маёнтку, а калi суседзi расказалi яму пра напады страшнае Iнсекты, ён загадаў адчынiць усе вокны, акурыць дымам пакоi, i дарэмна тая, з жахлiвым пiскам i крыкам кiдаючыся ў вочы, страшыла людзей. Пераможаная дымам, яна мусiла ляцець у сад i схавацца мiж дрэваў. Але злосць кiпела ў яе сэрцы, i яна хацела што б там нi было выгнаць новага гаспадара з дому.

Лёкаi пана А. расказвалi, што апоўначы чуцён шум i нейкi пiск пад падлогаю i па кутах, часам з'яўляюцца страшныя зданi i нейкiя звераняты, падобныя да жаб i жукоў з чорнымi кашэчымi галовамi i зiхоткiмi, як iскры, вачыма; калi хто падыдзе, яны ўмомант знiкаюць, правальваючыся куды-небудзь у дзiркi або ў шчылiны ў сцяне; i што гэта абавязкова мусяць быць злыя духi. Яны раiлi пану, каб запрасiў ксяндза i пасвянцiў дом. Пан смяяўся i казаў, што гэтыя дзiвы ад iхнiх забабонаў, бо дасюль ён нiчога такога не бачыў.

Поделиться с друзьями: