ЖАНРЫ

Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)

Борщевский Ян

Шрифт:

– Нейкая чорная меланхолiя, - сказаў я, - зацьмiла твае думкi, усё бачыш ты ў пачварных вобразах. Нешчаслiвы, з такiмi думкамi нiколi не прычакаеш спакою.

– Вось i не здагадаўся! Я маю добрую думку: буду падарожнiчаць. Далёка ў чужых краях, дзе пануе вечная вясна, у гарах, ля вадаспаду або ў дзiкiм лесе буду жыць спакойна, пра Адэлю нават i не ўспомню, бо памiж намi будзе вечнасць. Вечнасць!..

– I родны край забудзеш?

– О, не!
– адказаў ён.
– Калi не вярнуся на Бацькаўшчыну i памру недзе самотны на вяршынi гары ў чужым краi, крукi занясуць туды мае косцi; усё ж лепей быць пасля смерцi з птушкамi, а не з чарвякамi.

Я быў там цэлы дзень; блукалi з iм па гарах i лясах, i ён несцiхаючы гаварыў пра свае мроi. Затрымаў мяне i на ноч. I ў хаце мы яшчэ доўга размаўлялi. А ўначы ён часта ўсхоплiваўся з ложка, уставаў i хадзiў па пакоi, дык i я спаў не шмат, бо кожную гадзiну мой сон перапыняўся.

Наступнага дня, калi мы прачнулiся, сонца было ўжо высока. Ён прывiтаў мяне з крыху весялейшым тварам, распытваў пра маiх знаёмых, пра суседзяў, пра мяне самога, цi часта я быў дома пасля таго, як мы развiталiся пасля школы, якiя я наведаў краiны i як жыў? Ён дзякаваў мне, што пераведаў яго, а калi я сказаў запрагаць коней, каб раней выехаць, ён мiла ўпрошваў мяне застацца на абед. I я не мог адмовiць яго шчырай просьбе.

Пасля абеду Севярын прынёс найлепшага вiна, якое меў з даўняга часу.

– Давай вып'ем, - сказаў ён.
– Гэта апошняе развiтанне, убачымся ўжо хiба што на тым свеце.

Пасля загадаў запрэгчы коней, далёка правёў мяне i развiтаўся са слязьмi.

I сапраўды, гэта была апошняя сустрэча. Хутка я даведаўся, што Севярын пакiнуў той дамок, дзе некалi жылi ягоныя бацькi, выехаў назаўсёды, i цяпер нiхто не ведае, дзе ён. Цi жыве яшчэ, цi, можа, памёр ужо ў чужым краi i мiж чужога народа.

ПРЫВIДЫ

Пан Зямельскi загаварыў да мяне:

– Вось так i мой даўнi сябар пакiнуў Бацькаўшчыну, i васемнаццаць гадоў не ведалi мы, дзе вандраваў ён па свеце. Мы часам верым, што недзе там, далёка, лепшы край i лепшыя людзi. Бог яго ведае, нашы бацькi жылi i тут спакойна, нам жа наканавана iншая доля. Аднак я, дзякуй Богу, пражыў свае маладыя гады там, дзе нарадзiўся. Можа, дасць Бог, i косцi мае тут спачнуць.

– Што да мяне, дык я шмат вандраваў; калi б захацеў расказаць пра сваё жыццё, дык успамiнаў бы ўсю гiсторыю слаўных войнаў Напалеона. Не мроi прымушалi мяне туляцца па ўсiм свеце са зброяй у руках, не прага таннае славы, а надзея, што некалi буду цешыцца ўспамiнамi мiнулых маiх спраў i спакойна памру сярод сваiх землякоў. Але Бог наканаваў iнакш. Мой сын туляецца недзе ў чужой зямлi, жыць засталося мне няшмат, ужо, пэўна, яго не пабачу...

Калi сказаў так, слёзы палiлiся з вачэй старога Ротмiстра. Гэта засмуцiла мне сэрца i думкi.

– Бог вялiкi i ўсемагутны, - сказаў я, - i на яго трэба спадзявацца.

Да нашае размовы дамяшалася маўчанне. Ротмiстар, выцiраючы хусцiнкай слёзы нарэшце абазваўся:

– Праўда, хто верыць, той сустрэне цуды.

I тут перад нашымi вачыма з'явiўся дзiўны прывiд. Стаiць высокая кабета, сукенка яе белая, як снег, твар гожы, як у анёла, на галаве вянок са свежых ружаў, на руках трымае Драўлянага Дзядка. Мы аслупянелi, а яна вокамгненна знiкла. Глухое маўчанне. Глядзiм адзiн на аднаго, не адважваючыся вымавiць слова.

Так мы сядзiм нейкi час. Нечакана адчыняюцца дзверы i заходзiць у наш пакой гаспадыня.

– Што такое?
– дзiвiцца яна.
– Цэлую ноч гамонiце, не чуеце, што ўжо другiя пеўнi праспявалi, мусiць, хутка пачне днець.

– Пан Ротмiстар, - сказаў Зямельскi, - так захапiў нас сваiмi апавяданнямi, што мы зусiм забылi пра сон, а да таго ж, толькi што ўсе мы тут бачылi дзiўны прывiд: нейкую кабету з кветкамi на галаве, i Дзядок такi ж, як наш, быў у яе ў руках.

– У сне i я бачыла цуды, пра якiя нiколi не думала наяве. Снiлася мне нейкая прыгожая ранiца, было так цiха, што валасы i не варухнулiся на галаве, на небе нi хмурынкi, узыходзiла сонца, i было яно не сляпучае, але разлiвала вакол святло, нiбы з чыстага золата. Сабралася шмат люду, усе моўчкi, нiбы чакаючы кагосьцi, паглядалi на ўсход. Тут з вышынi зляцеў анёл, стаў на ўсходзе, ударыў рукою па сонцы, i зазвiнела па ўсёй зямлi, быццам ударыў нехта ў звон. Гэтыя зыкi пранiклi ў чалавечыя сэрцы. Укленчылi ўсе, i я старанна малiлася. Да мяне падышоў стары, зусiм падобны да нашага Драўлянага Дзядка, i кажа: "Малiся!"

Пасля мне здавалася, што я адна блукала ў полi, бачыла на небе рэдкiя аблокi, i яны былi белыя, як снег; адно воблака ўпала на зямлю перада мною, я падняла яго i бачу, што на iм штосьцi напiсана, але што - прачытаць не магу. Зноў падыходзiць да мяне той самы Дзядок i кажа:

– Я табе прачытаю, слухай i запамiнай. Тут напiсана: "Бог справядлiвых уславiць перад светам".

Тут я прачнулася i больш заснуць не магла. Пачула, што вы яшчэ гамонiце, i прыйшла расказаць сон.

Сказаўшы гэта, яна выйшла.

Ротмiстар уздыхнуў i сказаў:

– Вялiкая мiласэрнасць Божая!
– i, ходзячы па пакоi, пачаў гаварыць пацеры.

Закончылася размова. Пасцелi падрыхтавалi нам у гэтым самым пакоi.

– Не спяшайцеся заўтра рана ўставаць, - сказаў гаспадар.
– Свецiць дзяннiца на ўсходзе, ноч была бяссонная, няхай нам гэты дзень аддзячыць.

Пажадаўшы добрае ночы, ён выйшаў з пакоя.

РАЗВIТАННЕ

Я прачнуўся, глянуў у вакно: ясны сонечны прамень, прабраўшыся праз шчылiну ў аканiцы, асвятляў пакой. Ротмiстар, ходзячы з кута ў кут, шаптаў пацеры, глянуў на мяне i сказаў:

– Хутка поўдзень. Спалi мы добра, бо i я таксама нядаўна прачнуўся, а час ужо дадому.
– Ён выйшаў, паклiкаў лёкая, загадаў адчынiць вокны, i я як хутчэй пачаў прыбiрацца: за ўсё маё падарожжа яшчэ не выпадала мне нi разу так позна ўставаць.

У хаце было цiха. Лёкай паведамiў, што пан i панi з работнiкамi ў полi i дзяцей забралi з сабою, каб тут незнарок не перапынiлi наш сон.

Мы пайшлi з Ротмiстрам у поле, а адтуль з гаспадаром i ўсёй яго сям'ёю вярнулiся дахаты.

Пасля снедання пан Ротмiстар развiтаўся з гаспадаром i гаспадыняю i, пацiскаючы мне руку, прамовiў:

– Жыву я далёка ад тваiх родных мясцiн. Дык хоць успамiнай мяне, пра нашы начныя размовы, пра сны i прывiды. Можа, ужо i не сустрэнемся, бо мне недалёка да магiлы.

Пан Зямельскi з жонкаю i дзецьмi i я правялi Ротмiстра аж да мяжы з суседзямi.

Гаспадыня з дзецьмi вярнулася дадому, а мы ўдвух пайшлi аглядаць гаi i засеяныя палеткi. На праходцы пан Зямельскi шмат мне расказваў, дзе ў яго якая зямля, дзе якое трэба сеяць збожжа i як уводзiць у сялянскую гаспадарку новыя спосабы працы, якiя не вельмi ўдалiся ягоным суседзям.

– Гаспадарка, - сказаў ён мне, - вымагае не прыдумак розных, а досведу i руплiвасцi; хто працуе, таму i Бог дапамагае. Шмат у нас ходзiць праектаў, як разводзiць жывёлу i палепшыць зямлю. Нашы продкi жылi на гэтай зямлi спакойна i заможна. Гаспадару, якi славiць Бога, усяго хапае. Няхай у яго i спытаюць, якiм чынам палепшыць зямлю i як развесцi жывёлу.

Калi мы iшлi па беразе возера, ля якога даспявала ранняя грэчка, Зямельскi пляснуў рукамi - i з нiвы, нiбы хмара, паднялася вялiкая чарада дзiкiх качак.

Поделиться с друзьями: