ЖАНРЫ

Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)

Борщевский Ян

Шрифт:

Думаючы пра гэта, я не заўважыў, як прамень ранiшняга сонца зазiрнуў у вакно. Пачуўся голас гаспадара. Ён падняўся раней усiх i даваў парабкам загады на дзень.

Спеў пастуха ўжо адзываўся з пашы. Прачнуўся пан Ротмiстар; калi мы апраналiся i ён думаў пра дом, а я - пра далейшае падарожжа, зайшоў пан Зямельскi, павiтаўся i загаварыў да мяне:

– Чаму ты так рана ўстаеш? Iсцi такую дарогу - цяжкая праца, трэба добра адпачыць. Вiдаць, думаеш, што я дазволю развiтацца з намi сёння? Пагасцюеш у мяне колькi дзён, бо калi ад'едзеш далёка на поўнач, Бог ведае, цi ўбачымся, хiба толькi на тым свеце. I пана Ротмiстара прашу застацца на сёння з намi, бо ёсць у яго доме каму кiраваць гаспадаркаю.

Я паслухаўся гаспадара, i пан Ротмiстар пагадзiўся з iм.

Галасы дзяцей, што ўжо прачнулiся, даляталi з другога пакоя; абазвалася гiтара, пачуўся цудоўны мiлагучны спеў. Гэта быў голас Анэлi. Яна кожнае ранiцы, як анёл, што вiтае новы дзень, усхваляла Божую ўсемагутнасць i спявала пад гiтару:

Калi ўзыходзiць дзяннiца,

Усе да Цябе павяртаюць лiкi,

Спявае кожная iстота:

Слаўся, Божа вялiкi![9]

Думка мая разам з гэтай суладнасцю адляцела да неба, i ў тую ранiцу я малiўся са слязьмi на вачах.

Неўзабаве ўся сям'я сабралася разам. Паснедаўшы, мы ўсе выйшлi ў поле; пан Зямельскi завёў нас у густы гай, дзе ля кожнага дрэва было вiдаць дбайнага гаспадара, i гэты лес быў падобны да пекнага саду. Пан распавядаў нам, што некалi тут была пустэча, але ягонаю рупнасцю праз колькi гадоў зашумеў тут гэты гай. I там i тут мiж зараснiкаў асушаныя лугавiны з сакаўной высокаю травою i размаiтымi духмянымi кветкамi. Старэйшы сын пана Зямельскага, прыпамiнаючы ўчарашняе апавяданне пра кабету Iнсекту, паказваў пану Ротмiстару злоўленую жамярыцу, пытаючыся, цi такая была кабета Iнсекта. Iншыя дзецi збiралi лепшыя кветкi i аддавалi iх Анэлi, а тая аздабляла дзiцячыя галоўкi вянкамi.

Няспешна шпацыруючы i адпачываючы часам ў засенi густое бярэзiны, мы бавiлi час у прыемных размовах. Пасля полудня таксама аглядалi гаспадрку, аж пакуль сонца не схiлiлася да захаду, не ўпала раса на травы i парабкi з косамi i граблямi не вярнулiся з сенажацi.

Увечары, калi ўся сям'я зноў сабралася разам, гаспадар запытаўся ў пана Ротмiстара, цi не памятае ён якую-небудзь старую аповесць, цi, можа, чуў яшчэ што з апавяданняў пра Драўлянага Дзядка.

– Калi быў яшчэ студэнтам у Полацку, - сказаў пан Ротмiстар, - я любiў слухаць апавяданнi. Гаспадар мае кватэры доўга служыў пры кляштары езуiтаў. Ён часта расказваў незвычайныя гiсторыi, якiя сам чуў ад iншых. Гэта былi прароцтвы Драўлянага Дзядка асобным шкалярам. Некалькi тых апавяданняў я i цяпер яшчэ памятаю.

ШКАЛЯР ЛЮЦЭФУГА

Некалi ў Полацку быў надзвычай лянiвы да вучобы шкаляр. Ён часта ўцякаў з калегii, цягаўся па розных краях, няраз, зазнаўшы голад i холад, пасля доўгае вандроўкi мусiў вяртацца ў бацькоўскi дом. Хоць i ведаў, што за такiя ўчынкi будзе пакараны i зноў трапiць пад нагляд настаўнiкаў, але ўцякаў пры кожным зручным выпадку.

Бацька гэтага вучня быў чалавек небагаты i хацеў хоць не маёнткамi, дык, прынамсi, навукамi ўзбагацiць сваё дзiця. Колькi разоў адвозiў яго з дому ў горад, i калi словы-напамiны не дапамагалi, плацiў таму, хто згаджаўся быць сыну за неадступнага вартаўнiка, не пакiдаючы яго нi ў працы, нi ў адпачынку. Пад такiм наглядам Люцэфуга мусiў студыяваць навукi, хоць усё адно ленаваўся. Прырода ўзнагародзiла яго здольнасцямi, i ён мог бы быць найлепшым вучнем, але быў першы толькi па свавольствах i непаслушэнстве.

У апошнiя днi лiпеня ў полацкiх школах пачыналiся вакацыi. Шкаляры пасля iспытаў, перш чым раз'ехацца па дамах, гуртам прыходзiлi пагутарыць з Драўляным Дзядком. Кожны пытаўся ў яго пра сваё. Адны хацелi ведаць, што думаюць настаўнiкi пра iх стараннасць i паводзiны, другiя - цi перавядуць iх пасля вакацый у вышэйшы клас, цi ўзнагародзяць кнiжкаю цi абразкамi за стараннасць i поспехi ў навуках.

У гурце гэтых вучняў быў i той нядбайны шкаляр.

– Скажы, Дзядок, - пытаецца ён, - як мае стараннасць i паводзiны ацанiлi настаўнiкi i цi перавядуць мяне ў наступны клас?

Дзядок адазваўся журботным голасам, падобным да грымотаў з далёкае хмары:

– О! Люцэфуга! Люцэфуга! Ты як абрыдлы прусак, што хаваецца ад дзённага святла пад падлогаю або ў цёмнай шчылiне; засмучаючы бацькоў i настаўнiкаў, ты i не думаеш выпраўляцца. Святло навук i цнатлiвасць - гэта праваднiкi на шляхах жыцця, без гэтага лiхтара ты будзеш блукаць сярод цемры i нiколi не даплывеш да Порта Спакою душы i шчасця.

Усе студэнты, што стаялi вакол, са смехам гучна паўтаралi: "Люцэфуга! Люцэфуга!" - i з гэтага часу ён не меў сярод таварышаў iншае мянушкi, апрача тае, якую атрымаў ад Драўлянага Дзядка.

Угневаны, ён пакiнуў сваiх сяброў i, бегучы цёмным кляштарным калiдорам, мармытаў сам сабе:

– Пустая драўляная галава плявузгае лухту, дае недарэчныя мянушкi, каб толькi пасмяяцца. О! Калi б я меў камень у кiшэнi, то яго лысая галава зазнала б гора!

Як i раней, бавiўся ён з прыяцелямi, а калi яму нагадвалi прароцтва Дзядка i называлi Люцэфугаю, казаў:

– Не навукi даюць чалавеку шчасце, а Фартуна; шмат хто не пакутаваў над кнiжкамi, а жыве на свеце, раскашуючы. Жыць так, як хочаш, нiчога сабе не забараняючы, - вось пра што я мару.

Прайшло чатыры гады. Бацькi яго памерлi, i, Люцэфуга вылецеў у свет, як матылёк, шукаючы ўцех i весялосцi; ён пералятаў з кветкi на кветку, збiраючы толькi атруту; сустрэў шмат падобных да сябе люцэфугаў i з радасцю пабратаўся з iмi. Усё больш i больш прыкрае было яму дзённае нябеснае святло, ён заплюшчваў вочы, спаў дзень навылёт, а ўначы са сваiмi прыяцелямi гуляў у карты, а тыя спрытна вызвалялi яго кiшэнi ад грошай i почасту даводзiлi Люцэфугу да нэндзы.

Выбраўся ён урэшце ў свет, некуды далёка, у вялiкi горад. Там хутка знайшоў знаёмствы i ўваход у дамы, куды частыя шумныя забавы вабiлi адусюль моладзь. Тут нейкая панна Аўрэля, худая, тонкая, бледная, пустая i легкадумная (бо дбала толькi пра тое, каб быць лёгкаю, зграбнаю, найменей мець цела i як вецер лётаць у салонах). Доўгiя бяссонныя ночы яна бавiла на балях i пагулянках. Там лёгка скакала вальс, нястомна лётала над падлогаю; рой залётнiкаў заўсёды акружаў яе. Уставала з пасцелi, калi сонца хiлiлася да вечара. Сустрэў Люцэфуга яе на нейкiм бале i ўзяў на вока; даведаўся яшчэ, што панна Аўрэля мае ўласную вёску i вялiкiя грошы. Маёнтак i грошы - рэчы, вядома, патрэбныя.

Аднаго разу на свiтаннi вярнуўся ён дадому, зачынiў вокны, але не мог заснуць: Аўрэля стаяла ўваччу. Думаў, як лёгка яна таньчыць, якая зграбная, вясёлая, сапраўды эфiрная нейкая, а яшчэ, здаецца, i характарам падобная да яго. О! Калi бы ён меў такую жонку, быў бы найшчаслiвейшы з людзей, вечнае каханне i згода панавалi б мiж iмi. А да таго ж - маёнтак i грошы. I ён вырашыў: што б там нi было, паведамiць ёй пра сваё каханне i прасiць яе рукi.

Люцэфуга дабiўся свайго, ажанiўся з Аўрэляю. Каханне i згода былi мiж iмi цэлую восень i зiму. Час весела ляцеў у тэатрах i канцэртах, ездзiлi на балi i самi прымалi гасцей. Ён па сваёй завядзёнцы гуляў у карты да самага свiтання, а яна захапляла моладзь лёгкасцю ў танцах, жывым сваiм характарам i вясёлымi размовамi.

Вясною яны прыехалi ў вёску, каб вечарамi прагульвацца пад ясным небам, адпачываць у засенi лiп, слухаць салаўiныя i жаўруковыя спевы. Але, ах! Гэтаю вясною напаткалi Люцэфугу найвялiкшыя пакуты i ляснулi ўсе яго надзеi.

Увечары, на захадзе сонца, выйшлi яны прагуляцца ў поле. Неба было пагоднае, паветра цiхае. Iдучы недалёка ад лесу, размаўлялi пра сваiх знаёмых. Аўрэля захоплена казала пра аднаго маладога кавалера, якi быў надзвычай спрытны ў танцах, Люцэфуга хвалiў свайго сябрука, што, гуляючы ў карты, нiколi не праiгрывае. Мiж iмi ўсчалася спрэчка, i калi Аўрэля, даводзячы сваё, усё больш i больш злавалася, - нечакана зашумеў лес i вецер засвiстаў над полем. Аўрэля, гэтая лёгкая паветраная iстота, як пяро, узляцела i хутка, так што нельга было яе стрымаць, падымалася ўсё вышэй i вышэй. I вось ужо ляцiць над бярозавым гаем, муж глядзiць на яе, ломячы рукi, i не ведае, што яму рабiць.

Поделиться с друзьями: