Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)
Шрифт:
Праз некалькi дзён апоўднi неба было пагоднае. Пан А. адчынiў вокны i сядзеў адзiн, задумаўшыся, у пакоi. Тут залятае Iнсекта, кружыцца па пакоi, у пiсклявым яе голасе чуваць страшная лаянка i праклёны. Яна села перад панам на стале - ён заўважыў як бы жаночую постаць, ногi i рукi сухiя, падобныя на пчалiныя, i сама тонкая. Тут яна ўзлятае са стальнiцы, кружляе вакол галавы пана А. i ўжо хоча ўбiцца ў яго валасы. Ён жа, накрыўшы галаву хусткаю i баронячыся, як ад пчалы, выбег перапалоханы з дому, загадаў лёкаям выгнаць тую страшную пачвару дымам i зачынiць вокны.
Прайшло некалькi дзён. Калi пан А. чытаў у садзе пад лiпаю раман, зноў з'явiлася тая Iнсекта. Пырснула кроплю нейкай атруты, якая прапалiла старонкi i вопратку пана. Iнсекта, вiючыся ля галавы, лаяла i кляла яго пiсклявым чалавечым голасам. Увесь дрыжучы з пярэпалаху, пан А. ускоквае ў пакоi i доўга думае, як пазбыцца гэтае жахлiвае пачвары.
Пры кожным зручным выпадку Iнсекта помсцiла яму. Аднаго разу, калi пан верхам аб'язджаў свае палеткi, яна, лётаючы побач, пранiзлiвым крыкам спудзiла каня, якi наўскапыт паляцеў праз равы i пагоркi i скiнуў гаспадара. I той ляжаў скрываўлены, без дыхання, пакуль не падбеглi аратыя. Яны прынеслi пана дахаты, i лекар ледзь выратаваў яго ад смерцi.
Па ўсёй ваколiцы разышлiся гэтыя чуткi, толькi i гаварылi пра злую кабету, якая перамянiлася ў страшную Iнсекту. Усе суседзi шкадавалi пана А., але нiхто з iх не пераведаў хворага, бо ўсе баялiся падысцi да яго маёнтка.
Калi пан А. ачуняў i думаў, як пазбыцца праклятае Iнсекты i злых духаў, з якiмi яна, пэўна, пасябравала, ён успомнiў параду сваiх лёкаяў i вырашыў запрасiць каплана i пасвянцiць дом. Дык пасля захаду сонца, калi Iнсекта, схаваўшыся ў траве, спала, ён загадаў запрэгчы коней i ўначы паехаў у Полацак.
Ранiцаю пасля святое iмшы сустракалi яго знаёмыя, з цiкавасцю распытвалi пра дзiўную Iнсекту i пра нешчаслiвы выпадак, калi яго скiнуў конь, бо ўжо пра гэта чулi i ў горадзе.
Калi прыйшоў у кляштар i расказаў, што з iм прычынiлася, усе дзiвiлiся. Ксёндз, чалавек пабожнага жыцця, кажа:
– Гэта, напэўна, злыя духi i нейкая чараўнiца, якая зусiм выраклася Бога; трэба пану А. дапамагчы, паклапацiцца пра яго спакой i пра яе душу.
I тае ж ранiцы пан А. з ксяндзом, не баючыся нападу Iнсекты, выправiлiся дадому.
Прыехалi ў маёнтак. Ксёндз, прачытаўшы свае малiтвы, пачаў крапiць святою вадою пакоi. Страх успомнiць, што там рабiлася. Са страшным пiскам i сыканнем з усiх кутоў пасыпалiся страшыдлы: матылi, у якiх заместа крылаў вырасталi з бакоў вогненныя языкi; тоўстыя чэрвi, што дыхалi дымам, быццам пухiры ўзнiмалiся ўгору; крыклiвыя цвыркуны i крылатыя гады лёталi над падлогаю.
– Гэта грахi чараўнiцы, - сказаў ксёндз. Ён загадаў адчынiць вокны. Жахлiвыя стварэннi з пiскам i сыканнем адляталi i нiклi ў паветры.
Калi свянцонаю вадою выслабанiлi дом ад страшыдлаў, пан А. завёў ксяндза ў сад, адкуль вылятала тая шкадлiвая Iнсекта. Там, калi каплан адмаўляў святыя пацеры, у кустах агрэсту абазваўся пiсклявы голас, у якiм чулiся кленiчы i розныя блюзнерствы, а пасля нараканнi, енк i плач. Сабраўся ўвесь двор паглядзець на гэтыя дзiвы, ксёндз, кропячы свянцонаю вадою кустоўе, загадаў ёй вылецець адтуль i сесцi на лiпавай галiнцы. Яна iмгненна, як страла, вылецела i села на лiпавым лiсцiку. Усе дзiвiлiся на яе: у гэтай Iнсекце лёгка можна было ўгледзець жаночую постаць з крыльцамi. Ксёндз зняў яе з лiсцiка, пасадзiў у шкляны слоiк i занёс у пакой.
Ужо без страху глядзелi ўсе зблiзку на гэтую маленькую пачвару: доўгiя валасы спадалi з галоўкi, якая была не большая за звычайную гарошыну; iскрынкамi блiшчалi завушнiцы ў вушах, i нешта ружавела на шыi, нiбыта ланцужок караляў; жоўтая ядвабная сукенка была, здавалася, падпяразаная пасам такога самага колеру; твар бледны, вiдаць было, што ў гэтыя хвiлiны курчылася ад гневу.
Наступнага дня панi Iнсекта з ксяндзом прыехалi ў Полацак. Бачылi гэтае дзiва ўсе ў кляштары, i жыхары натоўпамi прыходзiлi паглядзець на нечуваныя цуды. Кiдалi ёй ежу ў шкляны слоiк, але Iнсекта сядзела моўчкi i не каштавала нiчога; увесь гэты час была нямою, толькi вiдаць былi яе гнеў i неспакой.
– Трэба цяпер падумаць пра яе душу, - сказаў ксёндз i панёс яе ў слоiку ў зацiшны куток кляштара, дзе быў доўгi калiдор: з аднаго боку Архiтэктанiчная зала, з другога - музей; непадалёку ад гэтае залы пазiраў з муру, нiбы з вакенца, драўляны бюст фiлосафа Сакрата. Ксёндз паклаў кабету Iнсекту на фiлосафаву галаву i перад шматлiкiмi гледачамi чытаў ёй малiтвы i гаварыў на духоўныя тэмы. Але што рабiлася з галавою Сакрата! Страх успомнiць! Яна ў той час была падобная на запаленую бомбу, кiдалася сюды-туды; спалатнелi ўсе, хто блiзка стаяў. Баючыся, каб яна не раскалолася i не зашкодзiла гледачам, ксёндз безупынку чытаў малiтвы i вучыў пра мiласць Пана Бога i пра любасць да блiжняга.
Штовечар адбывалiся такiя адправы дзеля гэтае Iнсекты. I яна дзiўна выглядала з тою нешчаслiваю Сакратаваю галавою. Страх апаноўваў кожнага, хто толькi праходзiў гэтым калiдорам. Драўляны бюст, ад якога раней чулi столькi парад мудрых i пабожных, бэсцiў i лаяў, не разбiраючыся, усiх прахожых. Шкаляры баялiся падысцi да Драўлянага Дзядка, бо ўжо ён быў iм не зычлiвым настаўнiкам, а зацятым ворагам.
Гэтыя навукi i малiтвы доўжылiся некалькi месяцаў. Нарэшце трапiла iскра веры i мiласэрнасцi ў сэрца той кабеце Iнсекце, i драўляны бюст угаманiўся i палагаднеў. I ўжо з вуснаў Iнсекты зляталi словы, поўныя боязi Божае i мiласэрнасцi да блiжняга. З'явiлася яна аднойчы ксяндзу ў пекным аблiччы, падобная да анёла, нiмб вакол чароўнага твару, сукенка бялейшая за снег. Яна падзякавала за малiтвы, навукi i клопаты дзеля яе i ў мiг вока знiкла. Ксёндз укленчыў перад алтаром i дзякаваў небу за вяртанне i збаўленне гэтае душы.
Калi пан Ротмiстар скончыў, панна Анэля i малыя дзеткi пана З., аддаўшы бацькам "дабранач", пайшлi ў другi пакой памалiцца нанач.
– Цiкавую рэч расказаў пан Ротмiстар, - сказаў гаспадар.
– Пра такое здарэнне з Дзядком, калi галава мудраца была прыстанкам няшчаснае грэшнiцы, я яшчэ не чуў. Вось i новае апавяданне да жыццяпiсу Драўлянага Дзядка.
Да позняга вечара гаварылi мы пра мiнулыя часы, пра школьных таварышаў, пра знаёмых - жывых i тых, што ўжо спачываюць у магiлах. У размовы нашы нязменна запляталiся смутак i надзея. Нарэшце пан Ротмiстар узяў свой кiй i шапку i хацеў iсцi дахаты, але гаспадар пакiнуў яго начаваць. Патушылi агонь, i я, ушчэнт стомлены пешаю вандроўкаю, моцна заснуў.[8]
ПРАХОДКА Ў ПОЛI
Адпачынак мой быў прыемны, хоць i кароткi. Прачнуўся я на свiтаннi. Пан Ротмiстар яшчэ спаў, i я, баючыся парушыць яго спакойны сон, ляжаў i разважаў аб прыгодах Драўлянага Дзядка i кабеты Iнсекты. Мне здавалася, што тая галава, пазiраючы на мяне, нагадвала пра пакуты, якiя чакаюць чалавека на яго жыццёвай пуцявiне, тая кабета-грэшнiца з'яўлялася ў маiх марах то ў аблiччы страшнае Iнсекты, то як пекны анёл у промнях, казала маёй душы, што толькi вера, мiласць да Бога i да блiжняга - шлях да сапраўднага жыцця.