Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ды яшчэ цi мае кабета душу, - дадаў чэляднiк.
– У Пiсаньнi нiдзе таго не сказана!
– I я так кажу, - працягваў вожчык.
– Каму яе душа патрэбна, хоць-бы й мела яна яе? Дык нячысьцiк ёй зручнасьць даў, каб у людзей душу вырывала, цi хiтрыкам, цi маною. А каб у ночы яна магла бачыць, дык упадобiў яе коткаю перакiдацца - iнакш не! Вось, калi ёй кудысь далёка патрэбна, цi ў Чорныя Яры, цi на Мёртвы Камень[24], дык коткаю нiяк туды не дабегнеш, вось яна й запальвае паходню, каб вiдней было. Iнакш дык пiльнуй - на зорку наткнесься, i кудлы паабпальвае, i мятла пагатоў згарыць. Так!...
Кандрат прамаўчаў, бо цалкам пагадзiўся з гэтым тлумачэньнем. Вожчык замоўк таксама, i, лянiва падхвостваючы каня, занурыўся ў вялiзны каўнер кажуха.
Чэляднiк таксама, трохi памаўчаўшы, вярнуўся да апавяданьня аб паляваньнi:
– ...Дык як там было? Пачакай... Ага! Зубры... Як, знацца, рынуць, гэтыя зубры! I ўсе як адзiн, адзiн другога большыя, i проста на Гаспадара йдуць. Тут мiж намi пярэпалах учынiўся, думаем: "Загiне нашае сонейка, Вiтаўт Кейстутавiч". Нават i я сякеру з рук выпусьцiў. А ён, як зiрне наўкола, аж iскры з вачэй пырскаюць, ды як гукне на цэлую пушчу: "Немцаў бiлi, а гэтых i пагадзе пакладзем!", i сам дзiдаю ў грудзi першага быка ўцэлiў, а потым сякераю як гакне, ажно рэха пайшло. Так усю галаву напалам i разьнёс! Чужаземцы, потым, усе да аднаго хадзiлi глядзець на гэтую зубраву галаву. Надзiвiцца не маглi - якая сiла ў Гаспадара нашага. А адзiн зь iх, той вялiзны са сьмешным iмем, як там яго?... Маркамер, цi як, дык нiяк уверыць ня мог, што сам Гаспадар так секануў, хаця сваiмi-ж вачамi бачыў. Усё абмацоўваў зубра й пальцамi ў чэрап лазiў, ды толькi вохкаў з падзiву. А потым увесь час бажыўся, што яшчэ ў жыцьцi ня бачыў такога цёсу.
Чэляднiк аж заглынуўся ад радасьцi, разказваючы пра адвагу й сiлу Вiтаўта. Яго вочы зьзялi запалам i ўздымам:
– Ну а як звалiў Вялiкi Княжа першага зубра, тады й рэшта паляўнiчых духу набралiся. I я йзноў сякеру падхапiў, так i паклалi ўсiх зуброў да астатку, хто сякерай, хто дзiдай. Толькi кроў пырскала, ды лес стагнаў! Ажно млосьць мяне прабiрала... А тут бабы зь вiскам ды галасам набеглi: "Княжну - галосяць - ратуйце! Лясун на Княжну напаў!" Ну, думаю, калi Лясун, то нiчога не парадзiш, ня жыць ужо небарачцы, i ну хрысьцiцца й лямантаваць. Гляджу, i рэшта конюхаў ды чэляднiкаў хрысьцяцца ды за ўпакой моляцца, аж сьлёзы льлюцца. Шкада Княжну, добрая была, ласкавая. Але хто паадважней ды паздагадлiвей, за зброю ўхапiлiся, ды, завярнуўшы кабетаў галасьлiвых, бегма ў лес пусьцiлiся...
Тут чэляднiк замоўк, i, трохi падумаўшы, запытаў:
– Дык гэта, знацца, ты, добры чалавек, нашу Княжну ад лясуна ўратаваў?
– Ад мядзьведзя, - паправiў Кандрат.
– Так Богу было ўгодна!
Вожчык высунуў галаву з кажуха й з дакорам у голасе прамовiў:
– Вось кажаш "ад мядзьведзя", i нават паспрачацца гатовы, а сам нiчога не разумееш, i ў нашых мейсцах ты зусiм новы чалавек, таму й ня ведаеш, якiя выбрыкi нячысьцiк выкiдае, ды яшчэ пад вечар. Не надарма чараўнiца на Мёртвы Камень паляцела, няйначай вестку панесла. Ты вось заўтра лепей выспавядайся, ды бацюхну ўсё добра разпавядзi, што там у лесе здарылася, бо, ня к ночы кажучы, якое й лiха табе яшчэ прычынiцца.
Кандрат задумаўся над гэтай парадай. Без сумневу, трэба яе выканаць, але цi ўдасца, i ён цiха прамовiў:
– Правiдлова кажаш, але-ж заўтра ад'яжджаць мушу...
– Нават i ня думай!
– запярэчыў чэляднiк.
– Ня пусьцяць!
Некаторы час ехалi моўчкi, потым чэляднiк iзноў загутарыў:
– Шчасьлiвы ты чалавек! Не забудзе Княжна табе гэтага, аж пакуль жыць будзе. Вось мне, дык нiколi не пашчасьцiць, заўсёды як што якое, дык перапалохаюся й ня ведаю, што рабiць. Мая бабка кажа, што загавар на мяне накладзены, ад таго й шчасьця ня маю. Слова трэба даведацца, тады сыйдуць чары...
Кандрат нiчога не адказаў. Углядаючыся ў чорнае неба, ён думаў пра Ваяводу Фёдара, якому ня церпiцца вырвацца з Кракава...
Ранiцай, выспавядаўшыся й прычасьцiўшыся, Кандрат зьявiўся да Вялiкага Князя з дакладам. Гуд у галаве сьцiхнуў, i толькi моцна балела правая скронь, пасiнелая ды апухлая.
Узяўшы лiст ад Ваяводы Фёдара й выслухаўшы вусны даклад, Вiтаўт адправiў Кандрата ды ў роздуму закрочыў па пакою. Весткi былi важныя, хаця амаль зусiм не таркалiся таго пытаньня, у сувязi зь якiм Фёдар ад'ехаў у Кракаў. Вiтаўт выклiкаў да сябе Князя Жыгiмонта Карыбута й доўга радзiўся зь iм. Толькi пад вечар паведамiў Кандрату, што ад'езд яго адкладзены на цэлы тыдзень.
– Ваша Высокасьць!
– не ўтрымаўся Кандрат.
– Дазвольце раней ад'ехаць. Хутка вясна пачнецца, дарогi размокнуць, не дабяруся я тады да Кракава аж да лета. Шкада Ваяводу... Зьнемагае ён там! Загадваў пасьпяшацца...
– Няхай патомiцца. Чым даўжэй там прасядзiць, тым мацней свой Край кахаць будзе. Iдзi! I не журыся. Адпачынку сам патрабуеш.
Сумна пацягнулiся днi. Кандрат не знаходзiў сабе мейсца - надта моцна прывязаўся ён за гэты час да Ваяводы, да Кiрыма, сумаваў за Васiлём Капыльскiм, якi няведама дзе падзеўся, пусьцiўшыся ў пагоню за апрышкамi.
Княжна Рынгайла асыпала ласкамi свайго ратаўнiка. Падаравала яму маладога жарэбчыка з Гаспадарскiх стайняў, моцны панцыр з набедраньнiкамi, багаты плашч з прышытай рысяй скурай ды залаты ланцуг зь бляхаю, на якой перагародчастай эмаляй была вымаляваная Пагоня. Але Кандрат ня надта цешыўся, а зь нецярпеньнем чакаў дня ад'езду, з трывогай прыглядаючыся да вiльгатнеючага й асядаючага сьнегу.
Да Вялiкага Князя ў гэтыя днi, дзень i ноч, прыяжджалi пасланцы з усiх куткоў Лiтвы й суседняй Жамойцi. Кандрат iз сумам праваджаў вачамi ад'яжджаючых ганцоў. Шчасьлiўцы - iх не трымалi так доўга... Але не надарма высядзеў тут Кандрат, шмат чаго цiкавага й хвалюючага даведаўся ён, знаходзячыся так блiзка ад Гаспадара.
Варкула, не дачакаўшыся брата, выехаў з дазволу Вiтаўта на пошукi. Адабраўшы з абсады Ляснога Замку два тузiны адважнейшых вояў, ён зьнiк у ночы, у невядомым кiрунку...
17. НА РАДЗIМУ
Сустрэўшыся яшчэ раз з Каралём, Ваявода Фёдар дастаў ад яго грамату да Гаспадара Вялiкага Князя: "Яго Каралеўская Мосьць жадалi асабiста спаткацца з Гаспадаром Лiтоўскiм".
У паветры пахла вiльгацьцю й вясной. Доўгiя лядзякi са звонам адрывалiся ад мокрых падстрэшшаў. Праз брудны сьнег пачаў мейсцамi паказвацца брук Кракаўскiх вулiц. Сонца штодня падымалася ўсё вышэй i вышэй. На касьцёльных прыступках, з кожным днём, зьяўлялася ўсё болей i болей жабракоў. Зьбiўшыся ў купу, яны з набрыдлiвым галашэньнем выстаўлялi напаказ свае брудныя й агiдныя язвы, скулы, струпы. У далячынi маўклiва iскрыўся хрыбет Карпатаў, абвiты ў падножжы цёмнымi садамi й пералескамi...
Фёдар спынiў каня й з радасьцю азiрнуўся на нялюбае места-гняздо хiтрага й падступнага павука ў залатой кароне.
Нарэшце! Нарэшце яму далi дазвол пакiнуць змрочныя муры Вавеля й уздыхнуць поўнымi грудзьмi вольнага ветрыку.
З узгорку адчынiўся вiд на мнагалюдны Кракаў, зь яго вежамi, касьцёламi ды вузкiмi й цеснымi вулкамi. У другi бок разпасьцерлiся бязкрайнiя лясы, утыканыя там i сям кляштарамi, замкамi й маёнткамi. На паўночны ўсход глядзеў зараз Ваявода. На Радзiму йрвалася ўся яго йстота, а сэрца прагнула завiтаць у адзiн закутак гэтай дарагой Радзiмы - у Слуцак. Там, у Слуцку, скрыжоўвалiся дарогi ягоных стараньняў, мараў i надзеяў. Там была яна - найдаражэйшая, каханая Марыля.
Але... Спатканьне зь ёю, гэтую салодкую прывабную сустрэчу, прыйдзецца адкласьцi, бо доўг i гонар Драба вымагаюць хутка й безадкладна зьявiцца перад вочы Вялiкага Князя.
– Як давяду да канца гэтае пасольства, - прашаптаў Фёдар, пускаючы каня ўскач, - адразу-ж ад'еду ў Слуцак i пашлю да Марылi сватоў... А там будзь што будзе...
Мяккi ветрык ласкава варушыў пёры на шоламе й выбiўшуюся на лоб пасмачку валасоў. Унiз, унiз з узгорка гульлiва скача конь, i радасна б'ецца сэрца Ваяводы: На Радзiму!...