Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
Чырванаватым сьвятлом залiвае ранiшняе сонца замкавыя муры. Сьвежым зямляным апарам дыхае паўднёвы вецер.
Ваявода Станiслаў моцна пацягнуўся на ложку й прыўзьняўся на локаць. Узяў кубак вiна i, зрабiўшы са смакам вялiкi каўток, прамовiў:
– Ну, сёньня паспрабую сесьцi ў сядло.
Ваявода памаленьку ўстаў i, не выклiкаючы нiкога на дапамогу, апрануўся. Убраньне яго было даволi багатае й прыгожае: мяккiя чырвоныя боцiкi-выцяжкi зь нiзкiмi халяўкамi, аксамiтныя порткi ў шырокую блакiтна-чырвоную палоску, прыгожа аблягаўшыя ягоныя мускулiстыя ногi, ясна-зялёная скураная падьдзеўка з шырокiм зубчастым каўняром i такiмi-ж рукавамi, i белая ядвабная сарочка з шырокiмi прарэзнымi рукавамi ды зашнураваная на грудзях чырвоным шнурком з "фрэндзлямi".
Прайшоўшыся раз-другi па пакою, Ваявода падпярэзаўся рыцарскiм пасам, прышпiлiў меч i падняў з услону цяжкi панцырны нагруднiк.
– Бач, сiлiшча!
– прамармытаў ён, разглядаючы няроўную дзiрку ў нагруднiку.
– Мала бракавала, каб зусiм дух зь мяне выпусьцiць... Шчасьце, што яшчэ дзьвюма толькi рабрынамi абыйшлося!
Накiнуўшы на плечы плашч, Станiслаў выйшаў на замкавы пляц i ўзыйшоў на мур. Ранiшнi халадок прыемна казытаў ноздры й пашчыпваў шчокi. Ваявода абапёрся аб забарола[29] й, мружачыся ад сонца, абвёў вачамi прачынаючыся Слуцак: хаты, Цэрквы, рынак, абаронныя муры й валы... Прыцiхлы гнеў з новай сiлай заклекатаў у грудзях.
– Пракляцьце!
– ускрыкнуў ён, шалёна сьцiскаючы ручку мяча.
– Амаль цэлы месяц прыйшлося праляжаць у гэтым балотным логаве, i ўсё з-за нейкага ўзброенага хама.
– Ваявода аж скрыгатаў зубамi, i ня дзiва - ён нiяк ня мог сабе прабачыць за тое, што даўся непасаванаму вою выбiць сябе зь сядла. Звычайнаму хаму ў кажуху! Ушчымлены гонар мучыў i катаваў - яшчэ болей, чым пераламаныя рабрыны й разадраны бок.
Са сваiх спадарожнiкаў ён нiкога не хацеў бачыць, i, нават выпраўляючы ганца ў Берасьце да Януша, перадаў загад праз старога Бая. Аб Крэве нават не мармытнуў, каб у Слуцку ня ведалi, зь кiм маюць да чыненьня.
Бедны ксёндз Карафа цэлыя днi й ночы праводзiў у суседнiм пакоi, молячы Збавiцеля, каб зьлiтаваўся й паслаў успакаеньне разьюшанаму пану. Аднак нябесныя Сiлы ня ўмешвалiся, i Станiслаў заставаўся ўсё такi-ж змрочны i недаступны. Карафа, будучы доўгi час прыдворным духоўнiкам Ваяводы, моцна верыў у прыхiльнасьць Неба да свайго пана. Бо амаль не было таго дня, каб Станiслаў ня меў прыгоды небясьпечнай, адважнай i крывавай, але заўсёды выходзiў зь яе пераможцам. I гэта ўзмацняла веру ксяндза ў яго шчасьлiвую зорку. Толькi адзiн раз за ўвесь час Фартуна[30] здрадзiла свайму ўлюбёнцу. Памятае Карафа той жудасны вечар, калi перапалоханы вартаўнiк, трапечучы як у лiхаманцы, далажыў Станiславу, што Вiтаўт уцёк з Крэўскага падзямельля. Што тады рабiлася... Жудасна й успомнiць. Варту перавешалi, Гараднiчаму адсяклi галаву, палову замкавай службы закатавалi ў тых самых падзямельлях, а рэшту сяклi бiзунамi да безпрытомнасьцi. Станiслаў тады - пырскаў шумавiньнем i крывёй, нiкога не падпускаў i блiзка да сябе...
Так i зараз, толькi стары Бай ды Марыля маглi заходзiць у ягоныя пакоi. Стары Князь зь першага пагляду неўзьлюбiў паляка й таму зусiм не цiкавiўся яго здароўем ды як-бы не заўважаў яго прысутнасьцi ў замку.
Затое Марыля прыкладала ўсё сваё ўменьне й стараньне, каб найхутчэй i як найлепей вылекаваць параненага. Яна кармiла яго, умывала, змазвала й перавязвала яму рану.
Станiслаў з выглядам удзячнасьцi прыймаў яе клопаты, а даведаўшыся аб яе каханьнi, абяцаў па прыезьдзе ў Кракаў пабачыць Ваяводу Фёдара й дапамагчы яму ў яго мiсii. I нават, жартуючы, паабяцаў прыехаць на вясельле - "калi будзем жывы й здаровы".
Надта чыстая была ў Марылi душа, i надта моцным i чыстым было яе каханьне, каб яна магла западозрыць якое-небудзь ашуканства ў словах параненага.
Аднак Бай думаў iначай, хаця нiчога не казаў, i Станiслаў аб гэтым здагадаўся, таму з такой уцехай i нецярпеньнем чакаў першае пробы верхавой язды.
Замкавы двор паступова ажываў, напаўняючыся штодзённым клапатлiвым тупаценьнем, рыпам i гоманам.
Станiслаў маўклiва ўглядаўся ў блакiтную далячынь, адкрываючуюся з вышынi замкавых муроў. Ненавiсьцю палаў яго зоркi пагляд, i таямнiча варушылiся вусны...
З тылу пачулiся нерашучыя, баязьлiвыя крокi. Ваявода разпазнаў крадучуюся хаду ксяндза Карафы, i нэрвова прыкусiў нiжнюю губу.
Не даходзячы некалькi крокаў, ксёндз спынiўся й прыцiшана кашлянуў.
– Ну?... Што трэба?
– не адварачваючыся, запытаў Станiслаў.
– Сыне мой, - пакорна пачаў Карафа - ня будзь на тое паважнай прычыны, я нiколi не патрывожыў-бы Вашага, так патрэбнага, адпачынку... Але сёньня, уночы, прыехаў ганец ад Януша з...
– Зь Берасьця?
– ускрыкнуў, хуценька абарачваючыся, Станiслаў.
– Дзе ён?
– Адпачывае, сыне мой. Кажа, што скакаў усю дарогу без адпачынку, двох коней насьмерць загнаў... Не адважылiся мы сон Ваш трывожыць... ды пабаялiся, каб тутэйшыя, баранi Госпадзi, чаго не падумалi...
– Што ён прывёз? Якiя весткi? Хто ён такi? Цi сам прыехаў?
– На выгляд, шляхцiц. Нiчога не захацеў казаць. Кажа, што пан Януш загадаў перадаць самаму Ваяводзе, а прыехаў сам, адзiн...
– Зараз-жа яго да мяне!
– перабiў Станiслаў, i з б'ючымся сэрцам рушыў у пакоi. Карафа ледзь пасьпяваў за iм усьлед.
– Дык, кажаш, сам прыехаў?
– Здаецца, сам...
– пасьледваў нерашучы адказ.
Ваявода нахмурыўся й прыбавiў кроку. Ксёндз адстаў трохi, а потым падабраўшы крысы доўгае сутаны, пусьцiўся прыбежкам да грыднiцы[31], дзе спаў ганец.
Станiслаў прыняў ганца ласкава, але насьцярожана. Быў гэта моцны мужчына ў скураной паддзеўцы, з-пад якой цьмяна паблiсквала кальчуга; доўгiя валасы замацованы праз лоб скураным паскам (так, як гэта робяць сяляне), але наагул меў выгляд незаможнага шляхцiца. Узбраеньне меў простае й лёккае - невялiкi меч i тонкi доўгi кiнжал, накшталт мiзэрыкордыi.
– Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!
– прывiтаўся ён, аддаючы нiзкi й пачцiвы паклон.
– На вякi вякоў!
– ласкава адказаў Ваявода.
– Амэн!
– пацьвердзiў Карафа.
– Хто такi будзеш?
– адразу прыступiў да справы Станiслаў.
– Шляхцiц Лазiнскi. Гараднiчы Камянецкага Замку, i верны халоп Яго Каралеўскае Мосьцi ды Яснавяльможнага Пана Ваяводы!
– Ага! Гэта, значыцца, ты й ёсьць той самы Лазiнскi? Добра! Вельмi добра.
Па тону й захаваньню Лазiнскага, Станiслаў адразу зразумеў, што весткi ён прывёз суцяшальныя, i таму з палёккай i задавальненьнем загадаў:
– Ну, пане Лазiнскi, разказвай, што маеш ад Януша?
Ганец нерашуча азiрнуўся на ксяндза, як-бы не адважваючыся разказваць пры iм, i гэтым стараючыся падкрэсьлiць усю вагу прывезеных вестак.
– Нiчога!
– падбадзёрыў яго Станiслаў.
– Няхай паслухае й ён, як трэба выконваць мае загады. I няхай засячэ сабе на йлбе! Я ўмею ўзнагароджваць, але ўмею й караць...
– Яснавяльможны Пане Ваявода, - пачаў ганец, - Пан Януш, гэты адважны й строгi Рыцар, загадаў перадаць Яснавяльможнаму Пану, што птушка ўжо ў клетцы. Фёдар, Ваявода з Грозава - злоўлены й сядзiць пад надзейнай аховай у Турна. Пан Януш пытаецца - што зь iм рабiць? Цi чакаць на прыезд Яснавяльможнага Пана, цi мо...?
– i ганец выразна правёў рукой каля свайго горла.