Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
Коньнiкi ад неспадзеўкi асадзiлi коняў й разам апусьцiлi дзiды, рыхтуючыся да абароны, бо хадзiлi чуткi, што дзесь непадалёку зьявiўся Сыч з хеўраю. Але, разпазнаўшы круглы ўзбуджаны твар, яны з трывогай кiнулiся насустрач, яшчэ не зусiм верачы сваiм вачам i вушам.
– Кiрым?
– ускрыкнуў адзiн зь iх, нарэшце поўнасьцю разпазнаўшы сустрэчнага.
– Што ты тут робiш?
Кiрым, тым часам, залiваючыся слязьмi шчасьця, кiнуўся на шыю зьдзiўленаму й устрывожанаму Кандрату, мала ня вывалiўшы яго зь сядла.
– Гэй! Кiрым, што з табою?
– Кандрат!... Кандраце, нарэшце я цябе пачакаў!
– Слухай, Кiрым!
– раззлаваўся Кандрат.
– Кажы, у чым рэч! I не душы мяне так, бо па карку дам!
Кiрым адразу схамянуўся й, азiрнуўшыся на дарогу, гукнуў:
– Хутка! За мною!
– i рашуча накiраваўся ў зарасьнiк.
– Але цiха!...
Коньнiкi чарадой пасунулiся за iм, намагаючыся як мага меней шумець.
Нарэшце, пасьля доўгай, маўклiвай язды, паказаўся цагляны комiн i начлег Кiрыма. Кандрат зьдзiўлена азiрнуўся й нерашуча запытаў:
– А Ваявода тут?...
– Не! Ён там... у маёнтак...
Кандрат дзiвiўся ўсё болей i болей:
– То, хiба, i мы давай туды-ж, у маёнтак?...
Кiрым нiчога не адказаў. Рыўком спынiў каня й рэшце загадаў зрабiць тое самае - на сьнягу, перад хлявом чарнелi сьвежыя купы конскага гною...
Сасьлiзнуўшы зь сядла й перабягаючы ад куста да куста, Кiрым уважна, з усiх бакоў, агледзеў свой прытулак. Вярнуўшыся да сваiх спадарожнiкаў, ён супакоена прамовiў:
– Людзi быў i пайшоў. Нiчога не знайшоў.
Разьмясьцiўшыся ў хляву й разьдзьмухаўшы агонь, Кiрым, перамагаючы радаснае ўсхваляваньне, загутарыў:
– Слухай, Кандрат, бяда! Ваявода там у маёнтак. Можа жывы, можа не, я ня ведаю...
– Дык што-ж ты тут робiш, лайдак ты няхрышчаны?
– перабiў уражаны Кандрат.
– Цябе, Кандрат, чакаю. Сем дзён i начэй чакаю... Бяда!
– Навошта чакаеш? Чаго сюды прывёў, а не да Ваяводы?
– Няможна да Ваяводы, схапiлi яго...
– Як схапiлi? А пачот?...
– Забiтыя ўсе... Няма! Ваяводу яны ў маёнтак забраў, а рэшту кiнуў на дарозе... Нехта другi потым забраў. А я цябе чакаю, сем дзён ужо. Бяда!
– Хто схапiў? Хто забiў? А ты як уцалеў? Цi мо' на развод пакiнулi? злосна зарычэў Кандрат, хапаючыся за меч.
Кiрым трохi памаўчаў, як-бы зьбiраючыся зь сiламi, i як умеў па парадку разказаў аб здарыўшымся, пачынаючы ад ад'езду з Кракава й канчаючы на толькi-што адбыўшайся iх сустрэчы.
Кандрат выслухаў гэтае жудаснае апавяданьне, не перабiваючы, i доўга сядзеў моўчкi, ня ведаючы, за што ўзяцца. Надта страшным было злачынства.
– Вось каб Васiль Капыльскi быў тут...
– нерашуча прамовiў ён, задумлiва ўглядаючыся ў тлеючае вугольле.
– Няма Васiль, нам трэба думаць!
– ускочыў Кiрым.
– Залога ў маёнтку зараз невялiкая. Можа трыццаць, а можа й не. Можна варту ў ночы з лука паздымаць, а перабраўся за гарод[32] - нажом рэзаць! Ваколiцу я ведаю добра, увесь гарод рукамi абмацаў. Сам адзiн, хацеў iсьцi Ваяводу шукаць...
– I пэўную сьмерць знайшоў-бы, нiчога болей!
– перабiў Кандрат.
– Тут трэба йначай... Адзiн ты рады ня даў-бы, не дамо й у чатырох! Пугай абуха не пераб'еш! Тут трэба падумаць, моцна падумаць. От-бы Васiля сюды...
У гэтую ноч, прыкрываючыся сьнежнай завеяй, дзьве постацi бязгучна перасоўвалiся пад высокай сьцяной дубовага частаколу, выслухваючы перагукi вартавых i вымерваючы вышыню сьцяны.
Завея бушавала ўсю ноч, сьпяваючы нудныя песьнi адыходзячай зiме. Сьнег вялiкiмi гурбамi перасоўваўся па адкрытых прасторах, завальваючы ровы й выбоiны. Каля зарасьнiкаў, кустоў i сьцен маёнтку, гурбы парасьлi амаль на вышыню самаго частаколу. Але Кандрата гэта мала цешыла, бо суадношаньне сiлаў было аж занадта неспрыяльным. Неспадзяваны напад нi ў якiм разе ня мог удацца, i пагэтаму адпадаў. Быў яшчэ й другi плян, але i ад яго прыйшлося адмовiцца. Выглядаў ён так: зьвярнуцца за дапамогай да Берасьцейскага Пасаднiка й, апiраючыся на сiлу, патрабаваць выдачы Ваяводы Фёдара. Але тут было болей небязьпекi, чым магчымасьцi ўдачы - Фёдара маглi проста ўкiнуць у калодзезь цi спалiць i гэтым зьнiшчыць усе сьляды злачынства. Чым тады давядзеш, што ён тут быў? Не! Трэба было разьлiчваць толькi на собскiя сiлы й сьпяшацца. Сьпяшацца як мага! Застаецца толькi адно - падпалiць маёнтак i, паклаўшыся на лёс, чакаць зручнага моманту, каб вырваць палоннага. Так i вырашылi.
Наступную ноч правялi ў вышукваньнi найболей адпаведных мейсцаў для пусканьня "чырвонага пеўня". З вышынi сьнежных наносаў, вачам Кандрата й Кiрыма адчыняўся вiд на шырокi й багаты падворак маёнтку. Бязгучна, як ценi, перасоўваючыся з гурбы на гурбу, яны не прапусьцiлi нi воднай дробязi, могшай прыдацца ў будучынi... Заўтра...
* * *
Чатыры чалавекi, нiзка прыгiнаючыся за сьнежнымi наносамi, хутка наблiжалiся да Турнаўскага маёнтку. Адзiн зь iх цягнуў драбiну, зьвязаную з жордак, другi - скрутак вяроўкi.
Завея зацiхла, i лёккi вiльготны ветрык разганяў пахмурыя хмары, час-ад-часу адкрываючы срэбны серп месяца. Здрадлiвыя, няясныя ценi, як прывiды, блукалi на цэлым засьнежаным абшары наўкола маёнтку.
Раптам непадалёку нешта хруснула. Зашамацеў, абсыпаючыся, сьнег.
Кандрат i яго сябры прыпалi да гурбы, гатовыя да ўсяго...
Зьвiнячая цiшыня парушалася ледзь чутным шорахам вiльгатнеючага сьнегу. Далёка ў лесе пачулася конскае йржаньне, у маёнтку брахнуў сабака, i йзноў панурая цiшыня. Можна рухаць далей...
Але раптам хруст паўтарыўся, i на гэты раз болей выразна.
Кiрым хутка выхапiў кiнжал, узяў яго ў зубы, i нячутна папоўз на гук. Кандрат з трывогай назiраў за iм i на ўсякi выпадак падрыхтаваў лук.
Кiрым паступова аддаляўся, наблiжаючыся да вялiзарнай гурбы. Выплыў з-пад хмараў месяц i залiў срабрыстым сьвятлом раўнiну. Кiрыму здалося, што ўперадзе мiльгнула людзкая постаць...
Прыўзьняўшыся на локцях, ён напружыў зрок, стараючыся пранiзаць наступiўшую цемру.
Уперадзе нешта зашамацела. I йзноў цiшыня...
Раптам, перад самым носам Кiрыма, уздыбiўся сьнег. На момант, ад неспадзеўкi, кроў застыла ў жылах, i рука сама выхапiла з зубоў кiнжал. Але высока ўскiдаючы заднiя ногi й прыцiснуўшы вушы, мiма праляцеў заяц.
– Ты, крывы шайтан, - абазьлiўся Кiрым, адплёўваючыся крывёй, - гэтак напалохаў!
З тылу падпоўз Кандрат.
– Што гэта ў цябе?
– шопатам спытаў ён, паказваючы на акрываўлены рот.
– Прымёрз... Кiнжал да вусна прымёрз.
– У другi раз кавалак скуры падкладай...