Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:

– Колеры мае: зялёны й белы, ад пары году, - усьмiхаючыся, адказаў незнаёмец.
– А гэрб... Гэрб у мяне: воўчая галава й лiсiны хвост.

Кiрым, задаволены адказам, не зьвярнуў увагi на агульны рогат за сталом i на незразумелыя знакi, якiя рабiў яму Кандрат.

– Скажы, Ваша Сьветласьць, адкуль мяне ведаеш? Першы раз бачыш, а Кiрым Бей назваў? Адкуль ведаеш?

– Гэта мне адважны наш госьць Кадрат Тур разпавёў. А ты мне зараз разкажы, што прывяло цябе й тваiх сяброў сюды пад Турна? Кандрат кажа, што лепей разкажаш, таму сам не захацеў, - незнаёмец узяў Кiрыма за руку вышэй локця й павёў к верхняму канцу стала, дзе яму ўжо падрыхтавалi мейсца побач Кандрата.

Седзячы ўжо за сталом i павядаючы незнаёмцу сваю сумную гiсторыю, Кiрым уважна прыглядаўся да балюючых людзей. Была тут i жанчына - маладая, зграбная й прыгожая. Тонкая кальчуга, з шырокiм сталёвым нашыйнiкам i чаканнымi высокiмi бранзалетамi, хвацкi аблягала яе стан i дадавала ёй хараства й чару.

– "Аднак Марыля прыгажэйшая!
– падумаў Кiрым, не перарываючы апавяданьня.

Сабраныя слухалi моўчкi, адставiўшы на бок кубкi. Вочы незнаёмца запалалi ненавiсьцю, i, калi Кiрым скончыў, у насталай цiшы пачуўся яго голас:

– Гэтак яны абыходзяцца зь людзьмi Вялiкага Гаспадара Лiтоўскага! Няма канцу iх нахабству й подласьцi! Схапiць на дарозе пасланьнiка, недатыкальнасьць якога шануюць нават апрышкi. Сьмерць падпанкам! Сьмерць крыўдзiцелям Белай Русi!

– Сьме-е-ерць!
– загрымела на залi.

Кандрат раскрыў рот, ня верачы сваiм вушам. Незнаёмец гэта заўважыў i, павярнуўшыся да яго, прамовiў:

– Так, Кандраце! Не дзiвуйся! Там, дзе я прайшоў, там няма ўжо паноў i падпанкаў. Кроў i попел засталiся на iхным мейсцы. А сумленны люд Лiтоўскi дабраслаўленьнi ўдзячнасьцi пасылае мне ўздагон. Люблю я свой Край! Люблю Народ наш i звычай! Сам нацярпеўся крыўды ад прысьпешнiкаў Ягайлавых i ведаю, што й людзi церпяць. Няма iншага ратунку, як за зброю ўзяцца. Сёньня ты бачыў, Кандраце, як разьлiчылiся мы з адным з гэтых душагубаў. Хай цяпер Нiкульскi падрыгае нагамi на сваiм собскiм частаколе. Бачыў ты, колькi людзей непавiнных марыў ён у лёхах? Дык вось-жа, запамятай, што людзей я не рабую! Людзям я дапамагаю. I будзь пэўны, што нездарма зьвёў нас лёс! Не абыйшлося тут без рукi Ўсемагутнага! Такая была Яго воля, i да будзе так! Я прысягаю, на прах маёй сям'i, што калi Ваявода Фёдар з Грозава жывы, я яго вызвалю! Тут у Турна яго няма, але мы зараз даведаемся, дзе ён. Францiшак, iдзi прывядзi таго старога халуя!

Малады вой, сядзеўшы побач жанчыны, устаў i пасьпешна выйшаў. Вярнуўся ён хутка, вядучы перад сабою перастрашанага й ледзь дыхаючага чэляднiка.

Карыстаючы з таго, што агульная ўвага зьвярнулася на палоннага, Кандрат нахiлiўся да Кiрыма й прашапацеў яму на вуха:

– Ведаеш, хто гэта такi?
– указаў ён на незнаёмца.
– Гэта сам Сыч!

Кiрым толькi прыцмокнуў губамi й шырака разчынiў вочы.

Чэляднiк, разпазнаўшы ў Сычу атамана, бухнуўся перад iм на каленi:

– Яснавяльможны Пане! Зьлiтуйся... Пашкадуй старога, успомнi бацьку свайго, матку... Дзеля iх пашкадуй...

– Ня руш!
– закрычаў не сваiм голасам Сыч.
– Ня руш маiх бацькоў, подлы сабака! Не на тое я цябе ад шыбенiцы ўратаваў, каб ты памяць маiх бацькоў, Царства iм нябеснае, паскудзiў. Ня гэтага я ад цябе хачу!
– Сыч увесь дрыжэў ад гневу й ненавiсьцi. Здавалася, што вось-вось ён кiнецца на палоннага й задушыць яго сваiмi рукамi.

Кiрым i Кандрат са страхам назiралi гэтую сцэну, не адважваючыся прамовiць слова. Надта шмат яны чулi аб злачынствах i жорсткасьцi апрышак.

Палонны скурчыўся й, баючыся зiрнуць на Сыча, прашапацеў:

– Яснавяльможны Пане, пашкадуй... Прабач... Не губi...

Сыч усьмiхнуўся той усьмешкаю, ад якой кроў застывае ў жылах i дрыжаць каленi. Абцiнаючы словы й часта пераводзячы дух, ён загутарыў:

– Прабачэньня просiш!... Лiтасьцi!... А цi прабачваў ты? Цi быў лiтасьцiвы?... Га? Цi заслужыў ты на лiтасьць?...

– Не губi...
– прастагнаў чэляднiк.
– Стары я ўжо, грахоў шмат маю... Адпусьцi на пакаяньне...

– Адпусьцiць? Магу й адпусьцiць!
– Сыч трохi памаўчаў i абвёў вачамi прысутных.
– Але на тое маеш заслужыць!

– Кажы сваю волю, Яснавяльможны Пане! Накладай пакуту самую цяжэйшую... З уцехаю прыйму яе й да канца вытрымаю...

– Не патрэбна мне твая пакута!
– перабiў Сыч.
– Службу мусiш мне саслужыць. I калi сумленны будзеш, адпушчу.

– Кажы, Яснавяльможны Пане. Кажы... Усё зраблю!

– Добра! Але памятай, ад цябе самога залежыцць лёс твой! Дзе Ваявода Фёдар з Грозава?

Палонны здрыгануўся й нiчога не адказаў.

– Ага! Ня хочаш казаць? Ну што-ж...

Але-ж тады пан Станiслаў...
– узмалiўся чэляднiк.

– Ня хочаш? Як сабе хочаш!... Францiшак, Цiмох, цягнiце яго на частакол. Дзесь паблiзу Нiкольскага... Каб у пекле адзiн другога доўга не шукалi.

– Правiдлова!
– пагадзiўся Францiшак i, ухапiўшы палоннага за каўнер, дадаў.
– Назваўся баравiком, лезь у кошык.

– Не, не!
– прастагнаў чэляднiк.
– Разкажу... Усё разкажу.

– Дзе ён? Цi жывы?

– Жывы... У Камянецкiм Замку...

– Якая там залога? Хто на чале яе?

– Залога вялiкая... Сотня гайдукоў, два тузiны польскiх вояў, ды два тузiны чэлядзi. На чале стаiць польскi Рыцар, пан Януш зь Езёрска, а пры iм двух шляхцiцаў: пан Прушынскi - уласьнiк Камянца, i пан Лазiнскi - Гараднiчы. Ксёндз Камянецкi таксама мяча не цураецца...

– Гэта ўсё? Уважай, стары, калi што-небудзь утоiш, то не абмiнуць табе шыбенiцы. Праўду кажы!

– Як пасьцелеш, гэтак i высьпiсься!
– дадаў Францiшак.

– Гэта ўсё, Яснавяльможны Пане, што да Замку. Але пан Лазiнскi з апрышкамi хеўру водзiць. Толькi няма iх зараз каля Камянца. Баяцца Берасьцейскiх разьездаў, пайшлi недзе.

– Хто водзiць iх?
пацiкавiўся Сыч.

– Не прыпомню напэўна, Яснавяльможны Пане, але, здаецца, нейкi Скрабель, цi Скабей. Людзi кажуць, што ён раней Войтам быў, пасаваны...

– А цi бачыў гэты Скабель Ваяводу?
– умяшаўся ўстрывожаны Кандрат.

– Кажуць, бачыў. Забiць хацеў, але пан Януш не дапусьцiў...

– А ты, што?
– павярнуўся да Кандрата Сыч.
– Ведаеш гэтага Скабеля? Хто ён такi?

– Былы Войт зь Вялiкiх Лукаў. У Полацку, на паядынку, Ваявода Фёдар перамог яго. З тых пор, напэўна, i злосьць затаiў, а зараз спагнаць хацеў. Ох, баюся я за Ваяводу, страшны гэта вораг...

Сыч задумаўся, а потым, зьвярнуўшыся к палоннаму, запытаў:

– Хто такi гэты Станiслаў, што ты так баiсься яго?

– Ваявода з Крэва...

– Дзе ён зараз? У Камянцы?

– Я ня ведаю, дзе ён, але людзi кажуць, што ў Слуцку паранены ляжыць. Напаў нехта на яго па дарозе й цяжка паранiў.

– Ну добра, старына, iдзi адпачывай! А ты, Францiшак, дагледзь каб ён спаў спакойна й не шукаў iншага памяшканьня!...

Палоннага вывялi. Сыч доўга сядзеў, задумаўшыся, штось абмяркоўваючы. Потым, зiрнуўшы на Кандрата, прамовiў:

– Камянец... Моцны гэта гарэх, але паспрабуем перагрызьцi й яго! Правым Бог дапамагае!

Поделиться с друзьями: