Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
Шрифт:
У канцы гарода ён пераскочыў яшчэ праз адзін плот, ужо не такі высокі, і выйшаў да гаю, які быў блізка ля дома. Тут абагнуў ён кусты невысокай каліны, што губляла ягады ў снег, і глянуў на гай. Увесь белы ад шаўковых каменных бярозак і маладога снегу, ён здаўся яму выдумкай, якая ніколі і не снілася яму, выгадаванаму ў лесе. Кожная галіна бачылася рэзка, нібы акрэсленая крэйдай, ствалы нібы дыміліся, светлыя іскры прабягалі па іх кары. І ў гэтым сярэбраным гаі, сярод нерухомых дрэў нерухома стаяла Таня і плакала. Яна не чула ні ягоных крокаў, ні шуму рассунутых галін.
Філька адышоўся за кусты і пасядзеў нядоўга на снезе. Потым ціхенька адпоўз і нячутна пакрочыў назад.
«Калі чалавек застаецца адзін, — зноў падумаў Філька, — то ён, вядома, можа трапіць на дрэнны шлях: ён можа бегаць па слядах, як сабака, і скакаць праз плот, і, як ліса, назіраць з-за кустоў за іншымі. Але калі чалавек плача ў адзіноце, то лепш яго не чапаць: няхай плача».
І Філька, абышоўшы гай, павярнуў у завулак і падышоў да варот Тані. Ён адчыніў брамку і зайшоў у яе дом смела, як ніколі не заходзіў.
Старая спытала, што яму трэба.
Ён адказаў, што прыйшоў пабачыць маці Тані і сказаць ёй, што ў школе сёння гурток і Таня запозніцца. Старая паказала яму на пакой, дзе сядзела маці. Ён прыадчыніў дзверы і зноў хутка зачыніў іх. У пакоі на чырвонай канапцы побач з маці сядзела Аляксандра Іванаўна.
Абняўшы маці Тані, яна гаварыла ёй нешта, і абедзве трымалі ў руках маленькія белыя хусткі, якія яны зрэдку падносілі да вачэй.
Няўжо і яны гаравалі аб нечым?
Філька падаўся назад, не рыпнуўшы ніводнай палавіцай. Ён выйшаў на ганак і хутка пакрочыў да варот. Так, ён ведаў многія рэчы, якія ў горадзе яму не былі патрэбны. Ён ведаў галасы звяроў, ведаў карэнне траў, ведаў глыбіню вады, ведаў нават, што не варта хату ў лесе канапаціць лямцам, таму што птушкі цягаюць яго на гнёзды. Але калі людзі не смяюцца, а плачуць удваіх, ён не ведаў, што ў такім выпадку рабіць. Няхай сабе ўсе яны плачуць, а яму лепей займацца сваімі сабакамі, таму што настала зіма, і хутка лёд падымецца над вадой і ад месяца стане зялёным, як медзь.
XII
Снег падаў амаль да самых вакацый; пераставаў і падаў зноў і засыпаў увесь гарадок. У дамах стала цяжка адчыняць аканіцы. На тратуарах капалі траншэі. Дарога ўзнялася высока. А снег усё падаў, авалодваючы і ракой, і гарамі, і толькі ў адным месцы на школьным двары, дзе пастаянна тапталі яго дзіцячыя ногі, ён нічога не мог зрабіць. Тут, утаптаны да зямлі, ён стаў тугім і гладкім, і можна было з яго ляпіць усё, што захочаш.
Вось ужо некалькі дзён запар на кожным вялікім перапынку Таня лепіць са снегу фігуру вартавога.
Сёння яна скончыла яе. Хлопчыкі, што дапамагалі ёй, аднеслі да плота лесвіцу, адставілі вядро з вадой. І Таня адышлася ўбок, каб паглядзець на сваю працу.
Гэта быў вартавы ў шлеме, з плячыма шырокімі, як у бацькі, і з яго паставай. Нібы на краі свету стаяў ён, абапіраючыся на ружжо і глядзячы ўдалячынь, а перад ім рассцілалася цёмнае мора. Вядома, ніякага мора не было. Але такое моцнае было ўражанне, што дзеці ў першую хвіліну маўчалі. Потым хлопчыкі, старэйшыя за Таню, непрыкметна абкружылі яе і з воклічамі паднялі ўгору.
Дзяўчынкі, якіх ніхто не чапаў, завішчалі. А Таня нават не ўскрыкнула. Яна толькі сумелася, што на самай справе вартавы атрымаўся цудоўна. А яна і не ведала, як гэта зрабіць. Яна толькі схапіла сваю думку і моцна трымала яе, не выпускаючы са сваіх пальцаў да тае пары, пакуль не зрабіла штык да вінтоўкі, пакрыўшы яго бліскучым ільдом. І цяпер пальцы яе балелі ад вады і снегу, і яна грэла іх, засунуўшы ў рот.
Коля стаяў убаку, не падыходзячы да Тані.
Аляксандра Іванаўна, зацікаўленая крыкамі дзяцей, таксама выйшла на двор і пастаяла без футра ля снежнага вартавога. Яна была здзіўлена яго прыгажосцю.
Тонкія варсінкі на чорнай сукенцы настаўніцы пакрыліся шэранню, гранатавая зорачка затуманілася на яе грудзях, а яна ўсё стаяла, думаючы пра сваё маленства.
І яны таксама калісьці ляпілі фігуры з снегу. Адну яна запамятала добра. Гэта быў снегавік у кутку на двары. Уначы, калі двор і цагляны мур заліваў месяц, на яго было страшна глядзець, на круглую распухлую галаву з чорным вугалем замест рота. І аднойчы, зірнуўшы на снегавіка вечарам з акна, яна спалохалася і заплакала. Ніхто не ведаў, чаго яна плача. А яна не магла заснуць. Усю ноч у месячным святле мроіўся ёй гэты снегавік, падобны на прывід невядомых падземных істот.
І цяпер, праз дваццаць гадоў, настаўніца азірнулася: ці няма і тут гэтага страшэннага снегавіка. Не, яна не ўбачыла яго. Тут былі і іншыя фігуры, зробленыя не так па-майстэрску, як вартавы, але ўсё гэта былі воіны, героі, быў нават волат на кані — фантазія наіўная і ўзнёслая насяліла ўсе куткі двара.
— Гэта ты зляпіла вартавога? — спытала яна ў Тані.
Таня кіўнула галавой і выняла пальцы з рота.
— Вам холадна, Аляксандра Іванаўна, — сказала яна, — ваша зорачка зусім пацямнела. Можна мне яе пакратаць?
І Таня, працягнуўшы руку, пацерла зорачку пальцам, і зорачка зноў заблішчала на гранях.
— Хочаш, я табе падару яе за тое, што ты так добра вылепіла вартавога? — спытала настаўніца.
Таня спалохана спыніла яе:
— Не трэба! Не рабіце гэтага, Аляксандра Іванаўна. Мы помнім вас усе з гэтай зорачкай. Не трэба адбіраць яе ў другіх.
Таня пабегла да варот, дзе стаяў Філька і клікаў яе да сябе рукой.
А настаўніца, не спяшаючыся, пайшла да ганка і, пакуль ішла, увесь час думала пра Таню. Як часта яна заўважае ў апошні час дзяўчынку сумнай і безуважнай, і ўсё-такі кожны яе рух поўны хараства. Можа, сапраўды, каханне кранула сваім ціхім дыханнем яе твар?
«Гэта зусім не страшна, — думала з усмешкай настаўніца. — Але што гэта яна жуе так старанна? Няўжо зноў яны здабылі ў кітайца гэту агідную серу? Так яно і ёсць! Любоў, о мілая любоў, якую яшчэ можна ўлагодзіць серай!»
Настаўніца засмяялася ціхенька і пайшла прэч ад дзяцей.
Сапраўды, Філька здабыў у кітайца цэлы кавалак піхтавай смалы і цяпер ахвотна раздаваў яе ўсім. Ён даў тым, хто стаяў ад яго направа, і тым, хто стаяў налева, і толькі Жэні не даў нічога.
— Чаму ж ты мне не даеш серы? — крыкнула яму Жэня.
— Філька, не давай дзяўчатам серы, — сказалі хлопчыкі са смехам, хаця яны ведалі добра, якая шчодрая ў яго рука.
— Чаму ж не даць? — адказаў ім Філька. — Я дам ёй самы вялікі кавалак. Хай падыдзе да мяне.
Жэня падышла.
Філька дастаў з кішэні маленькі папяровы пакунак і асцярожна паклаў ёй у руку.
— Ты багата мне даеш, — са здзіўленнем сказала Жэня.
Яна разгарнула паперку.
Маленькае, нядаўна народжанае мышаня дрыжучы сядзела ў яе на руцэ. Жэня з крыкам кінула яго на зямлю, а дзяўчынкі, што стаялі паблізу, разбегліся.