ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Узнікненне выразу звязана з імем фаварыта і найбліжэйшага памочніка імператрыцы Кацярыны II — князя Г. А. Пацёмкіна, па ініцыятыве якога ў 1783 г. да Расіі быў далучаны Крым. У часе падарожжа Кацярыны II на поўдзень (1787) Пацёмкін, каб пераканаць царыцу і іншаземных гасцей у росквіце новых расійскіх тэрыторый і ў поспехах сваёй дзейнасці, выстаўляў на шляху імператрыцы па-святочнаму апранутых людзей, паказваў спецыяльна пабудаваныя дэкаратыўныя вёскі, хлебныя склады (у якіх мяшкі былі набіты пяском), статкі жывёл (ноччу іх пераганялі па маршруту царыцы), штучныя пышныя паркі, магутныя крэпасці і пад.

Паціраць рукі. Агульны для ўсходнесл. м. Адчуваць, перажываць вялікае задавальненне ад поспеху ў якой-н. справе. Пан Вячорык загадзя паціраў рукі, спадзеючыся на ўзнагароду (М. Машара. Сонца за кратамі).

Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз пэўны жэст — знешні выразнік гэтага стану.

Паціскаць (паціснуць) плячамі (-ыма). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. пожимать плечами, укр. знизувати плечима). Выяўляць здзіўленне, неразуменне, няведанне і пад. Цяпер, калі Міцькавец так заартачыўся, дасужы селькор толькі паціскае плячыма: паганага пралесніка не чуў, сеў і напісаў… (А. Капусцін. Калі крануўся цягнік).

Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека называецца па знешнім выразніку гэтага стану.

Пацэліць (патрапіць, трапіць) y <самы > яблычак. Агульны для ўсходнесл. м. Сказаць ці зрабіць менавіта тое, што патрэбна. — Такая вялікая ўнучка?.. Вас самую яшчэ хоць замуж аддавай. — Мабыць, пацэліў y самы яблычак, бо цётка ажно паеярнулася да мяне (П.Місько. Браканьеры).

У некаторых працах паходжанне гэтага выразу звязваюць з імем Вільгельма Тэля. Паводле легенды, аўстрыйскі намеснік y Швейцарыі Тэслер загадаў Тэлю, як пакаранне за непаслушэнства, збіць выстралам з лука яблык з галавы свайго сына. I Тэль папаў y самую сарцавіну яблыка. Аднак згаданы фразеалагізм не значыцца ў слоўніках заходнееўрапейскіх моў. Ён узнік, хутчэй за ўсё, y выніку метафарызацыі тоеснага словазлучэння з маўлення вайскоўцаў, дзе яблычак — гэта ‘цэнтральная частка мішэні ў выглядзе чорнага круга’. Вось прыклад, дзе выраз ужыты не як прыхаванае параўнанне з уяўнай сувяззю паміж з’явамі, a са злучнікам «як»: «Як у яблычак пацэліў Дзёмін з Канаплянкі — адрываліся сяляне ад хат, a першы з іх — „снайпер“ Ціма Плішка» (А. Пашкевіч).

Пачуццё (адчуванне) локця. Паўкалька з руск. м. (чувство локтя). Узаемная падтрымка. Паміж гэтымі людзьмі, якія яшчэ пару тыдняў таму назад адзін аднаго і ў вочы не бачылі, цяпер — зладжанасць, «пачуццё локця» (А. Карпюк. Пушчанская адысея).

Утвораны шляхам пераасэнсавання адпаведнага словазлучэння, якім y маўленні ваенных называюць уменне салдатаў падтрымліваць сінхроннасць руху і раўненне ў страі.

Ведаць, знаць, пазнаць, пачым фунт ліха. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. почем фунт лиха, укр. почому ківш (пуд, фунт) лиха). (Ведаць) якія бываюць цяжкасці, выпрабаванні ў жыцці. Сама Аўдоля хапіла гора нямала, ведае, пачым фунт ліха (К. Крапіва. Мядзведзічы).

Два кампаненты выразу выконваюць сэнсаўтваральную функцыю: пачым суадносіцца са значэннем ‘колькі каштуе, па якой цане’, a ліха — са значэннем ‘няшчасце, бяда, гора’. Фунт—устарэлая мера вагі, роўная 409,5 г, але тут, як і ў фразеалагізме нe фунт ізюму, гэта не рэальная, a сімвалічная мера бяды, гора, цяжкасцей і пад. Аднак зразумела, што сума значэнняў названых кампанентаў не тоесная з агульным значэннем фразеалагізма.

Па шчупаковым загадзе. Гл. <нібы> па шчупаковым загадзе.

Пень асінавы. Агульны для ўсходнесл. м. Тупіца, бесталковы чалавек. Пень ты асінавы, a не старшыня. Па камандзе, як які яфрэйтар, думаеш весці гаспадарку? (Я. Ермаловіч. Стаяў маладзік над лесам).

Выраз каламбурнага характару, узнік y выніку разгортвання слова ў фразеалагізм. Тут слову пень, рэалізаванаму ў пераносным значэнні ‘тупіца’, адначасова вяртаецца і канкрэтнае, прамое значэнне, дзякуючы нарошчванню прыметнікавага кампанента асінавы.

Перабіраць (перабраць; разбіраць, разабраць) па костачках каго. Агульны для ўсходнесл. м. Асуджаць чые-н. недахопы, абмяркоўваць каго-н. A потым мы, жанчыны, перабяром вас па костачках, усё перагаворым, усё зложым у адно — поўны партрэт-характарыстыка (У. Дамашэвіч. Дарожная гісторыя).

Вытворны ад фразеалагізма перамываць костачкі каму, каго, чые (гл.), узнікненне якога звязана са старажытнаславянскім абрадам паўторнага пахавання. Звычайна праз тры гады пасля першага пахавання магіла раскопвалася: трэба было праверыць, ці не быў нябожчык пры жыцці звязаны з ведзьмакамі, пярэваратнямі, і, калі гэта так, зняць з яго закляцце і ачысціць ад грахоў. Перад тым як зноў закапаць нябожчыка, яго родзічы і сваякі перабіралі косці, перамывалі іх вадой або віном. Пры перамыванні костачак не абыходзілася без ацэнкі нябожчыка, яго характару, паводзін, г зн. без абгаворвання.

Перабіраць <усе> костачкі чые, каму, каго. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае: 1) абгаворваць каго-н., распаўсюджваць плёткі, 2) дэталёва, падрабязна абмяркоўваць, вывучаць каго-н. І дзяўчаты аж заходзіліся ад смеху, перабіраючы костачкі хлопцаў (Я. Колас. Нёманаў дар). Ні Клава, ні Фіма не ведалі, як цяжка атрымаць дазвол, каб пабачыцца з арыштаваным! Пакуль дазволяць — перабяруць усе твае костачкі: хто ты, які ты, чаму ты, a нe другі? (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).

Гэты выраз сінанімічны ўсходнесл. фразеалагізму перамываць костачкі і аднолькавы з ім паходжаннем. Абодва ўзніклі ў выніку пераасэнсавання адпаведных свабодных словазлучэнняў, звязаных з абрадам паўторнага пахавання. Перабіраючы і перамываючы костачкі нябожчыка, трэба было, як даўней лічылі, вызваліць грэшніка ад закляцця, калі ён не паспеў перад смерцю раскаяцца, бо такі грэшнік-нябожчык нібыта выходзіў y выглядзе вампіра ці пярэваратня з магілы і смактаў кроў з жывых (гл. костачкі перамываць).

Пераблытаць <усе> карты каму, чые, каго. Гл. блытаць (зблытаць, пераблытаць) <усе> карты каму, чые, каго.

Перабягаць дарогу каму. Гл. дарогу перабягаць каму.

Перавод на рэйкі чаго, якія. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. перевод на рельсы, укр. перевод на рейки). Перабудова чаго-н. пэўным чынам. Устойлівага прагрэсу ў якасным развіцці эканомікі няма. Мы мала рушылі наперад па шляху яе пераводу на рэйкі інтэнсіфікацыі (Звязда. 7.08.1986).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма пераводзіць на рэйкі чаго, якія ‘арганізоўваць, перабудоўваць што-н. пэўным чынам’.

Перад разбітым карытам апынуцца, аказацца. Паўкалька з руск. м. (у разбитого корыта). Без нічога, страціўшы ўвесь ранейшы набытак. Усе спадзяванні яго [Боўціка] праваліліся ў адзін дзень, і ён апынуўся перад разбітым карытам (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Поделиться с друзьями: