ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Пад богавай страхой. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘не ў памяшканні’ і ‘у сусвеце, y наваколлі’. Напярэдадні я наведаў гэты цікавы, арыгінальны, «пад богавай страхою», музей: зямлянкі, накрытыя дзёрнам і з акенцамі, нары пры сценах, печкі з бляхі, лаўкі каля дзвярэй перад кожнаю зямлянкаю… (Ф. Янкоўскі. Трэба ж). Чубару было цікава адгадаць наперад, каго раптам вывеў клопат за вёску, аднак дарэмна: цяпер, калі ўсё перайначылася пад богавай страхой і не паддавалася вызначэнню, можна было меркаваць і так і гэтак (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які ўсведамляецца як «пад страхой, збудаванай Богам» або «без якой-небудзь страхі».

Пад ботам каго, чыім, y каго. Агульны для руск. (под сапогом), укр. (під чоботом), польск. (pod butem), балг. (под ботуш) м. Абазначае: 1) пад чыёй-н. уладай, пад прыгнётам (аказацца, стагнаць і пад.), 2) y поўнай залежнасці ад каго-н. (быць, знаходзіцца). Тады наш край стагнаў пад ботам царскіх сатрапаў (Л. Левановіч. Валанцёр свабоды). Няўжо канец табе, пагроза, і вечны ціск пад панскім ботам і страх знайсці канец пад плотам? (Я. Колас. Новая зямля).

Выраз адлюстроўвае даўнейшую, вядомую многім народам практыку адносін паміж людзьмі, калі бот быў сімвалічным знакам улады: пераможца наступаў нагой (ботам) на галаву пераможанага, паказваючы гэтым сваю поўную ўладу над ім.

Падвесці міну пад каго, пад што. Гл. падводзіць (падвесці) міну пад каго, пад што.

Падводзіць (падвесці) міну пад каго, пад што. Агульны для ўсходнесл. м. Цішком рабіць вялікую непрыемнасць каму-н. [Надзя: ] Я чула, як яна тут міну падводзіла пад мяне. [Валодзя: ] Дражнілася. Ты ж яе ведаеш (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).

Утвораны шляхам пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў маўленні ваенных маракоў ужываецца з прамым значэннем.

Пад голым небам. Агульны для бел., укр. (під голим небом) іпольск. (pod golym niebem) м. Ha вуліцы, не ў памяшканні. [Паніч: ] Каб за табой праўда была, то не сядзеў бы гэтак пад голым небам (Я. Купала. Раскіданае гняздо).

Узнік па мадэлі з ужо існуючым, сэнсава тоесным фразеалагізмам пад адкрытым небам (гл.) — калькай з франц. м.

Пад заслону. Агульны для ўсходнесл. м, У самым канцы (рабіць, зрабіць што-н.). Няма ў вас жалю, Клаўдзія Аляксееўна. Пад заслону рабочага дня столькі назапасілі ўсяго (У.Ліпскі. Бачыць будучае).

Паходзіць з маўлення акцёраў. Найболып эфектныя сцэны нярэдка прыпадаюць на канец акта ці ўсёй п’есы перад тым, калі апускаецца заслона.

Падзел (дзяльба) скуры незабітага мядзведзя. Уласна бел. Заўчаснае размеркаванне прыбытку ў яшчэ не зробленай справе.

Складвалася ўражаннешто некаторых «апазіцыянераў» больш хвалюе падзел скуры незабітага мядзведзя (Ю. Хадыка. Што далей?).

Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма дзялиць скуру незабітага мядзведзя (гл.).

Падзенне акцый каго, чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Зніжэнне ўплыву, значэння каго-, чаго-н. Наменклатуршчыкі не маглі не зафіксаваць падзенне акцый палітыкі прэзідэнта (Нар. воля. 29.10.2000).

Узнік унутрыфразеалагічным спосабам на аснове несуадноснага выразу акцыі падаюць (чые, каго) — паўкалькі з франц. м. (гл.).

Падкаваць блыху. Запазыч. з руск. м. Паказаць, праявіць надзвычайную вынаходлівасць у якой-н. справе. [Аляксей] падышоў, моўчкі прысеў ля прыбора. Клімчанка запытаў: — Падкуём, Лёша, гэтую блыху? (М. Гроднеў. Сонечны вецер).

Выраз з апавядання М. С. Ляскова «Ляўша» (1881), дзе расказваецца, як тульскі майстар Ляўша змог падкаваць маленькую металічную блыху, якую англічане падарылі рускаму цару, каб паказаць сваё адмысловае ўменне.

Пад канём быць, аказвацца і пад. Агульны для ўсходнесл. м. У непрыемнай сітуацыі, y нявыгадным становішчы. За свой век я на многае наглядзеўся, многае пабачыў Быў; як кажуць, на кані і пад канём. Больш, канечне, пад канём… (Б. Сачанка. Памяць).

Параўнальна нядаўняе ўтварэнне, «абломак» фразеалагізма на кані і пад канём ‘у самых разнастайных, прыемных і непрыемных сітуацыях (быць і пад.)’. У «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча выраз фіксуецца ў форме быў на кані і пад канём.

Пад каўпаком каго, y каго. Запазыч. з руск. м. (под колпаком). У поўнай залежнасці ад каго-н. (знаходзіцца, быць, жыць і пад.). Скора я буду браць вашага рэзідэнта, пачакаю толькі, пакуль управіцца, a таму не ўздумайце мне перашкодзіць — вы ў мяне пад каўпаком (М. Кусянкоў. Чага).

Выраз з тэлефільма «Семнаццаць імгненняў вясны», знятага па аднайменным рамане Ю. Сямёнава. Будучы маўленчай характарыстыкай аднаго з персанажаў рамана — гестапаўца Мюлера, выраз з’яўляецца недакладнай калькай з ням. м. (unter jemandes Hut sein ‘быць пад чыёй-н. аховай’). Пры калькаванні фразеалагізма стварылася каламбурная двухпланавасць, бо ў ням. м. ёсць два амонімы: Hut1 — ‘капялюш’, a таксама ў тэхнічным ужыванні ‘каўпак’ і Hut2 — ‘абарона, ахова’.

Падкласці свінню каму Гл. падлажыць (падкласці) свінню каму.

Падлажыць (падкласці) свінню каму. Агульны для ўсходнесл. м. Цішком падстроіць непрыемнасць, подласць. Ічаму раптам інспектар патрабуе пасведчанне якраз y той час, калі настаўнік y споведзі не быў?.. Эгэ! Ды гэта пісар Васількевіч падлажыў яму такую свінню! (Я. Колас. На ростанях).

У многіх рускіх крыніцах этымалогію гэтага выразу звязваюць з даўнейшым ваенным тэрмінам свіння — ‘строй клінам для прарыву варожай абароны’. Аднак фразеалагічнае значэнне ‘цішком падстроіць каму-н. подласць’ не мае ніякай сувязі з названай «свіннёй». Яно склалася як метафарычнае ў адносінах да прамога значэння свабоднага словазлучэння. Даўней татары і іншыя магаметане не елі свініны, і калі хто-небудзь за сталом падкладваў ім свінню (свіное мяса), то гэта было для іх вялікай непрыемнасцю.

Поделиться с друзьями: