ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Фразеалагізаваны крылаты выраз з «Казкі пра рыбака і рыбку» (1835) А. С. Пушкіна. Спалучэнне выкарыстоўваецца ў казцы спачатку з прамым значэннем, калі расказваецца, як залатая рыбка выканала першае жаданне прагнай старой: замяніла ёй разбітае карыта на новае. У канцы казкі словазлучэнне адначасова набывае і вобразны, пераносны сэнс: багацце знікла, старая засталася з разбітым карытам.

Перакаваць мячы на аралы. Запазыч. з царк. — слав. м. Раззброіцца, выкарыстаць усе сродкі на мірныя мэты. Мы заклікалі і заклікаем перакаваць мячы на аралы, знішчыць зброю. I мы гатовы гэта зрабіць, калі сустрэнем шчырае разуменне і згоду іншых краін (Звязда. 29.07.1976).

Выраз з біблейскай кнігі Ісаія (2, 4), які прарочыў, што прыйдзе час, калі народы «перакуюць мячы свае на аралы і коп’і свае на сярпы». Аралы (вытворнае слова ад агульнаслав. араць) — гэта ‘плугі’.

Перавярнуць горы <з кім, з чым>. Гл. варочаць (звярнуць, зрушыць, перавярнуць) горы <з кім, з чым>.

Перайсці рубікон. Гл. рубікон перайсці.

Перакаці-поле. Агульны для ўсходнесл. м. Той, хто доўга не жыве на адным месцы, хто не мае пастаяннага прыстанішча. Думаць аб Левановічу, што ён ветраны чалавек, перакаці-поле, сёння тут, a заўтра там, — Зязюля не меў ніякай падставы (А. Рылько. Кумы).

Утвораны шляхам пераасэнсавання аднайменнай назвы стэпавай расліны, якая пасля выспявання, клубком адарваўшыся ад кораня, коціцца па зямлі, пераносіцца ветрам на вялікія адлегласці.

Перакрыць кісларод каму чаму. Агульны для бел і руск. м. Стварыць неспрыяльныя ўмовы для чыёй-н. дзейнасці. Гэта ўрад са мною змагаецца, ён перакрыў мне кісларод… (Р. Баравікова. Каханне дысідэнта).

Узнік, відаць, y выніку метафарычнага пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое выкарыстоўваецца ў медыцынскай практыцы. Хворым пры неабходнасці даюць кіслародную падушку з вентылем, якім рэгулюецца паток кіслароду.

Пераліванне з пустога ў парожняе. Агульны для ўсходнесл. м. Пустая балбатня, марная трата часу. Размова вялася між паненкамі і Саханюком аб справах другога зместу, аб іх знаёмых, адным словам, пачалося пераліванне з пустога ў парожняе (Я. Колас. На ростанях).

Паходзіць з дзеяслоўнага фразеалагізма пераліваць з пустога ў парожняе (гл.), мае прадметнае значэнне і іншыя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў.

Пераліваць з пустога ў парожняе. Агульнаслав. (польск. przelewa'c z pustego w pr'ozne, чэшск. z pust'eho v pr^azdn'e prelivati, балг. преливам от пусто в празно і г.д.). Займацца пустой балбатнёй, марна траціць час за размовамі. [Альжбета: ] Еш вот лепей, чымся з пустога ў парожняе пераліваць (Я. Купала. Паўлінка).

Выраз успрымаецца як матываваны, хоць і з нерэальным вобразам у яго аснове, пабудаваным на супрацьпастаўленні прыметнікаў-сінонімаў пусты і парожні.

Перамыванне костачак каго, чыіх. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘абгавор, пляткарства’ і ‘асуджэнне, крытыка чыіх-н. недахопаў’. Вельмі шкоднай справай з’яўляецца і перамыванне костачак знаёмых або суседзяў (Р. Лазуркін. Калі хочаш быць здаровым). Душа выкладчыка Гайдука трымцела. Ужо ішло перамыванне яго костачак — перавыбіралі па конкурсе (Р. Семашкевіч. Бацька ў калаўроце).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма перамываць костачкі (каму, каго, чые). Пра яго паходжанне гл. y слоўнікавым артыкуле перабіраць па костачках каго.

Перамываць костачкі каму, чые, каго. Гл. костачкі (косці) перамываць каму, чые, каго.

Перамяніць пласцінку. Гл. мяняць (змяніць, перамяніць) пласцінку.

Перастала біцца сэрца каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. памёр ці загінуў. Перастала біцца сэрца чалавека, які прысвяціў жыццё роднай Беларусі, yce сілы і вопыт аддаў служэнню грамадству (ЛіМ. 7.07.2000).

Узнік y выніку метанімічнага пераносу, заснаванага на сумежнасці з’яў прычынна-выніковага характару. Магчыма, сфармаваўся пад уплывам іншага выразу — (пакуль) сэрца б’ецца (гл.) — калькі з франц. м.

Пераяда вантроб. Уласна бел. Той або тое, хто ці што страшэнна назаляе, даводзіць да адчаю. Пасынка самога [старая] баіцца трохі чапаць. Злосны і на язык востры — адсячэ адразу, аж абліжашся… Над газетамі ўсё сядзіць, спусціўшы нос. Ох, гэтыя газеты! Гэта ёй пераяда вантроб. Яна на іх глядзець не можа (К. Крапіва. Мядзведзічы).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма пераядаць вантробы каму ‘страшэнна хваляваць каго-н., дакучаючы чым-н. непрыемным’.

Персона нон грата. Транслітэрацыя лац. выразу persona non grata. Ужыв. са значэннямі ‘дыпламат ці проста замежны грамадзянін, які страціў давер з боку ўрадавых устаноў той дзяржавы, дзе ён знаходзіцца’ і ‘грамадзянін, нераўнапраўны ў сваёй краіне, непажаданы для ўлад’. Персона нон грата бываюць не толькі дыпламаты, але і звычайныя замежныя грамадзяне, якія парушаюць законы краіны, у якую прыехалі (ЛіМ. 7.09.2001). Хай вам імя — легіён. Ды жыць не ўмееш багата, не ўмееш нажыць мільён, — ты — персона нон грата (А. Вярцінскі. Бедныя, бедныя беднякі).

Першапачаткова гэта быў дыпламатычны тэрмін для абазначэння асобы, кандыдатура якой на пост дыпламата ў пэўнай краіне была гэтай краінай адхілена.

Перці супраць ражна. Паўкалька з царк. — слав. м. Пачынаць штосьці рызыкоўнае, асуджанае на няўдачу. — Сыдзі з дарогі, кажу табе! — Не пры супроць ражна, a то і табе будзе (П. Галавач. Рубанаўскі вузел).

У Евангеллі (Дзяянні, 9,5; 26,14) расказваецца, як Саўлу аднойчы пачулася папярэджанне з неба: «Жестоко ти есть противу рожну прати» (цяжка табе супраць ражна перці). Слова ражон абазначала ‘востры кол’ (гл. лезці на ражон).

Першай гільдыі. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘найвышэйшай якасці, адметны (майстар, штукар і пад.)’ і ‘самы заўзяты, з крайнім праяўленнем якіх-н. якасцей (махляр, дармаед і пад.)’. — A чыя ж то скрыпка гэта? — зноў спытаўся гаспадар. — A яго! О, граць ён мэта: першай гільдыі штукар! (Я. Колас. Сымон-музыка). A то, штоя цябе, абібока, трымаю на ўчастку, дык гэта правільна? Ты ж дармаед першай гільдыі (В. Супрунчук. Вышыня).

Поделиться с друзьями: