ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Утвораны шляхам пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў царскай Расіі дастасоўвалася да аднаго з саслоўнапа-датковых разрадаў купецтва. У залежнасці ад велічыні капіталу купцы падзяляліся на тры гільдыі. Самая высокая — першая гільдыя. Параўн.: «Я-я-я не дазволю… Я-я-я першай гільдыі рыбны купец…» (М. Лынькоў).

Першая ластаўка. Фразеалагізм з moй самай вобразнасцю ёсць таксама ў руск., укр., польск., чэшск., балг. мовах. Абазначае ‘першапачатковыя прыметы чагосьці’ і ‘пачынальнік чаго-н.’. Усюды, дзе ў першыя пасля вайны гады бываў Высоцкі, паказвалі новыя кароўнікі, цялятнікі, канюшні, свінарнікі. Гэта былі нібы першыя ластаўкі мірнага жыцця (І.Навуменка. Замець жаўталісця). Нарэшце, ролю першай ластаўкі бярэ на сябе адзін з найбольш салідных членаў дэлегацыі — паважаны дзеяч мастацтва, таварыш з поўна выяўленай сівізной (Я. Брыль. Вачыма друга).

Прататып фразеалагізма — свабоднае словазлучэнне: першая ластаўка, што вярнулася з цёплых краін, — прымета вясны. Пра гэта і прыказка-прымета: Ластаўка вясну пачынае, a салавей канчае. Мяркуюць таксама, што ўзнікненне выразу звязана з байкай Эзопа, з яе радком «Адна ластаўка вясны не робіць».

Першая скрыпка. Агульны для бел., руск. і польск. м. Ужыв. са значэннямі: 1) галоўная, кіруючая, вядучая роля ў чым-н., 2) самая галоўная, найбольш уплывовая асоба ў якой-н. галіне, справе і пад. Няважна, што ў гэтай падрыхтоўцы першая скрыпка належала не яму [Кашыну] і многае рабілася насуперак яго волі (У. Карпаў. Вясеннія ліўні). Мікола зразумеў толькі, што першай скрыпкай з ’яўляецца Кастусь (М. Машара. I прыйдзе час…).

Паходзіць з дзеяслоўнага фразеалагізма іграць першую скрыпку (гл.).

Першы-лепшы. Агульны для бел., укр. (перший ліпший) іпольск. (pierwszy lepszy) м. Ужыв. са значэннямі ‘любы чалавек, які трапіцца’ і ‘няважна які, любы’. Выйду раніцай на шлях, дам пару злотых першаму-лепшаму, абы конь добры папаўся, дык, калі добра ўсё пойдзе, адвячоркам і там буду (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца).

Ану, скочце, хлопцы, ды здыміце трох-чатырох першых-лепшых варот (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні).

Склаўся, відаць, пад уплывам фразеалагізма першы сустрэчны (гл.) — калькі з франц. м. Выкарыстаны адзін з яго кампанентаў, a другі — абумоўлены рыфмай.

Першы сустрэчны (стрэчны). Калька з франц. м. (le premier venu, літаральна ‘першы, які прыйшоў, прыехаў’). Любы чалавек, які трапіцца. Павінна быць больш строгая канспірацыя. Нельга давяраць першаму сустрэчнаму (І.Новікаў. Да світання блізка).

Выраз з агульным аналітычным значэннем, якое суадносіцца са значэннямі адпаведных слоў y іх свабодным ужыванні.

Першыя крокі (першы крок) <у чым, чаго>. Агульны для ўсходнесл. (руск. первые шаги (первый шаг), укр. перші кроки (перший крок) і польск. (pierwsze kroki (pierwszy krok) м. Самы пачатак якіх-н. дзеянняў, якой-н. дзейнасці. 3 першых крокаў сваёй творчасці Я. Купала марыў «з цэлым народам гутарку весці», быць вестуном яго надзей і спадзяванняў (Р. Шкраба. Янка Купала).

Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты — сэнсаўтваральныя: першы суадносіцца са значэннем ‘які адбываецца на самым пачатку чаго-н.; першапачатковы’, a крок — са значэннем ‘дзеянне, учынак’ (рашучы крок).

Песенька (песня) спета чыя. Агульны для ўсходнесл. (укр. пісня скінчена) і балг. (изпята песента) м. Абазначае ‘чыё-н. жыццё блізіцца к канцу’ і ‘чые-н. поспехі канчаюцца, скончыліся’. «Састарэў, — спыніўся Паўлюк і дастаў шкляную трубачку. — Спета мая песенька» (Л. Калодзежны. Ішоў чалавек). Варта мне толькі зняць трубку, пазваніць — іваша песенька спета (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім).

Паходжанне фразеалагізма звязана з царкоўным адпяваннем: над нябожчыкам, перад тым як яго пахаваць, спявалі «Са святымі ўпакой». Параўн. y Я. Коласа: «Смерць прыйшла — і песня спета, і прыложана пячаць».

Песня песняў. Запазыч. з царк. — слав. м. Выдатны, найлепшы твор, вяршыня творчасці. Выдатная праца Сухамлінскага «Сэрца аддаю дзецям», у якой абагульнены вопыт педагога-наватара, — гэта сапраўды яго песня песняў (В.Вітка. Настаўнік).

Паходзіць ад назвы адной з біблейскіх кніг, напісанай з высокім паэтычным майстэрствам.

Пець асанну каму, чаму. Гл. спяваць (пець) асанну каму, чаму.

Пець Лазара. Гл. Лазара пець (спяваць).

Пець (спяваць) дыфірамбы каму, чаму. Ужыв. таксама ў руск. (петь дифирамбы), укр. (співати дифірамбн), польск. ('spiewa'c dytyramby), балг. (пея дитирамби) м. Празмерна хваліць, захвальваць. Эх, шкада, што я не лірык! Я тады, дзяўчаткі, вам бы пеў такія дыфірамбы ад відна і да відна, — «душу б выпеяў да дна» (К. Крапіва. Шкірута).

Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння, звязанага са звычаямі старажытных грэкаў. Першапачаткова слова дыфірамб мела вузкае значэнне: ім называлася ўрачыстая харавая песня ў гонар Дыяніса — бога вінаробства. Пасля песні-дыфірамбы спявалі і ў гонар іншых багоў і герояў. Яшчэ ў старажытнагрэчаскай мове слова дыфірамб развіло пераноснае значэнне ‘усхваленне, напышлівасць’.

Печкі і лаўкі. Гл. <і> печкі і лаўкі.

Піць (выпіць) <горкую> чашу да дна. Запазыч. з царк. — слав. м. Вельмі многа пакутаваць, цярпець, пераносіць якія-н. цяжкасці. У маці ад гэтага ляманту як адарвалася сэрца. Відаць, ёй давядзецца выпіць чашу да дна. Яна ўскрыкнула і ў роспачы закрыла твар рукамі (Я. Шарахоўскі. Сярэбраная раніца).

Упершыню выраз ужыты ў біблейскім тэксце (Ісаія, 51, 17) — y звароце да Іерусаліма, які выпіў з рук Госпада чашу да дна і павінен паўстаць, падняцца.

Піць (смактаць) кроў з каго, чыю. Калька з франц. м. (boire (sucer) le sang, літаральна «піць (смактаць, ссаць) кроў»), Ужыв. са значэннямі ‘бязлітасна эксплуатаваць, даводзіць да беднасці каго-н.’ і ‘мучыць каго-н., прычыняць пакуты’. — Папаліся, гады! Не век жа вам чужую кроў смактаць! — чуліся паасобныя выклікі людзей з тратуараў, з вуліцы (М. Лынькоў. Міколка-паравоз). Зноў пайшоў цягацца праз ноч, не дай бог. От, з’еў маё жыццё, от, высмактаў маю кроў паляваннем гэтым (Э. Самуйлёнак. Паляўнічае шчасце).

Поделиться с друзьями: