ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Стрэчны <і> папярэчны. Паўкалька з руск. м. (встречный и поперечный). Ужыв. са значэннямі ‘любы чалавек, які трапіцца’ і ‘няважна які, любы’. Чорным груганнём нізрынуліся гітлераўцы на Доўгі Брод… Стралялі стрэчных і папярэчных — усіх пад парадак, yce перад імі былі вінаватыя… (А. Кандрусевіч. Вайной апаленая памяць). Вольга і без гэтага дагадалася, што да Пытля дайшла тая чутка ці мо праўда, якую яна расказвала стрэчным і папярэчным бабам (В. Адамчык. Чужая бацькаўшчына).

Склаўся, відаць, пад уплывам фразеалагізма першы сустрэчны (стрэчны) (гл.) — калькі з франц. м. Выкарыстаны адзін з яго кампанентаў, a другі — абумоўлены рыфмай.

Сунуць палкі ў кола каму, чаго. Гл. ставіць (устаўляць, соваць, сунуць) палкі ў кола каму, чаго.

Сунуць <свой> нос куды, y што. Гл. соваць (сунуць, утыкаць) <свой> нос куды, y што.

Сусветная туга. Калька з ням. м. (Weltschmerz). Крайні песімізм, адчай, расчараванне ў жыдці. Мною валодала не «сусветная туга», a проста жаданне ўмяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім паправіць (К. Крапіва. Ад маленства да сталасці).

Аўтарам гэтага выразу, які набыў крылатасць, з’яўляецца ням. пісьменнік Жан-Поль (Рыхтэр); y творы «Селіна, або Пра неўміручасць душы» (1825) ён ужыў гэтыя словы як перыфразу да «бясконцых людскіх пакут». Спачатку выраз выкарыстоўваўся ў літаратуразнаўстве, калі гаворка ішла пра песімістычны настрой, уласцівы творчасці пісьменнікаў-рамантыкаў канца XVIII — пачатку XIX ст. 3 цягам часу выраз пашырыў сваю дастасавальнасць і атрымаў больш шырокі сэнс — ‘адчай, расчараванне’.

Схаваць канцы ў ваду. Гл. хаваць (схаваць) канцы ў ваду.

Сцежка зарасла (зарастае, зарасце). Паўкалька з руск. м. (тропа заросла). Хто-н. ці што-н. забыты (забыта). Змітрок, глядзі, каб зарасла сцежка да Анэты (В. Гарбацэвіч. Максім Саравітан). Тады Мялешка казаў прамову, абяцаў, што да камісаравай магілы ніколі не зарасце сцежка (А. Асіпенка. Два дні і дзве ночы).

Выраз з верша А. С. Пушкіна «Помнік» (1836), дзе аўтар верыць, што да яго нерукатворнага помніка «не зарастет народная тропа».

Сценка на сценку. Запазыч. з руск. м. Адзін на аднаго групамі (хадзіць, сыходзіцца ў кулачным баі). І ў гэтай цясніне пачалося сапраўднае лядовае пабоішча. Кулачны рускі бой. Сценка на сценку (В. Казько. Бунт незапатрабаванага праху).

Як засведчана ў працы І.М. Снегірова, y кулачным баі байцы размяркоўваліся на два бакі. Спачатку баі пачынала моладзь, пасля жанатыя, нарэшце, баі рабіліся агульнымі — ішлі сценка на сценку.

Сшыта белымі ніткамі. Гл. шыта (сшыта) белымі ніткамі.

Сыграць другую скрыпку. Гл. іграць (сыграць) другую скрыпку.

Сыпаць бісер (перлы) перад свіннямі. Паўкалька з царк. — слав. м. Дарэмна гаварыць пра што-н. ці даказваць таму, хто не здольны або не хоча зразумець што-н. Я ведаў — яны [местачковыя бароны] ненавідзяць новае. Навошта перад свіннямі сыпаць перлы? І ўсё ж я ўстаў і абрушыўся словам на гэту прыбраную зграю памерлых… (У. Караткевіч. Калумбы зямлі беларускай).

Выток фразеалагізма — Евангелле: «Не рассыпайце бісеру вашага перад свіннямі, каб яны не патапталі яго нагамі сваімі» (Матфей, 7, 6).

Сыр-бор. Агульны для бел. і руск. м. Шум, неразбярыха, перапалох. Хто іх, маладых, разбярэ, з-за аднаго позірку могуць такі сыр-бор развесці, a з-за слова — тым болей… (В.Гігевіч. Варыянт).

Паводле паходжання гэта фрагмент прэдыкатыўнага фразеалагізма са структурай сказа сыр-бор разгарэўся з-за каго, з-за чаго, праз каго, з чаго (гл. ніжэй).

Сыр-бор разгарэўся з-за каго, з-за чаго, праз каго, з чаго. Агульны для бел. і руск. (сыр-бор загорелся) м. Падняўся шум, перапалох, распачалася справа. Вясною эмтээсаўскі аграном прыехаў y «Прамень» абмяркоўваць план сяўбы. Усё ішло добра, a як да пшаніцы дайшлі,— разгарэўся сыр-бор (А. Пальчэўскі. Гаспадары).

Паходзіць з прыказкі Ад іскры сыр-бор загарэўся (яе падаюць У. Даль, М.Міхельсон, Я. Рапановіч; параўн. y С. Максімава: Разгорелся сыр-бор из-за сосенки). Сыр — старажытны кароткі прыметнік y сваёй пачатковай форме (сыр-бор — «сыры бор»).

Сысці са сцэны. Гл. сыходзіць (сысці) са сцэны.

Сыходзіць (сысці) са сцэны. Відаць, калька з англ. м. (quit the stage). Ужыв. са значэннямі ‘пераставаць выконвацца (пра п’есу, драму і пад.)’, ‘траціць сваё значэнне, пераставаць адыгрываць ранейшую ролю’, ‘адыходзіць ад якой-н. дзейнасці’ і ‘пераставаць існаваць, паміраць’. Некаторыя з гэтых п’ес.. заслужана карыстаюцца папулярнасцю ў народзе, і яны не сыходзяць са сцэны тэатраў (А. Макаёнак. Аб некаторых пытаннях беларускай драматургіі). Абломкі эксплуататарскіх класаў.. вымушаны сысці са сцэны, каб назаўсёды адысці ў нябыт (К. Крапіва. Выдатны пісьменнік і чалавек). — Не, проста так са сцэны не сыду! — ганарліва прамовіў услых Гаўрыла (Я. Каршукоў. Тэлевізійная прэм’ера). Чалавек памірае ці сыходзіць са сцэны, a справы яго прадаўжаюць жыць (У. Дамашэвіч. Я шукаю бацьку).

Выраз у яго першым значэнні ўтвораны шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, характэрнага для маўлення акцёраў. Іншыя значэнні склаліся ў выніку паўторнай метафарызацыі зыходнага словазлучэння.

Сыход са сцэны. Агульны для ўсходнесл. м. Адыход ад былой дзейнасці. Мацёры палітычны ігрок трапна выбраў момант для сыходу са сцэны: да ўлады тады ўпершыню прыйшлі правыя на чале з тым жа Вітасам (У. Калеснік. Пасланец Праметэя).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма сыходзіць са сцэны (гл.), адно са значэнняў якога — ‘адыходзіць ад якой-н. дзейнасці’.

Пакуль сэрца б’ецца (будзе біцца) <каго>. Калька з франц. м. (tant que le coer me battra, літаральна «пакуль сэрца ў каго-н. б’ец-ца»). Хто-н. жывы, жыве, існуе. Горад і краіна не паміраюць, пакуль б’ецца сэрца хаця аднаго іхняга сына ці дачкі (У. Караткевіч. «Мой ce градок!»).

Поделиться с друзьями: