ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Слізганне па паверхні. Гл. коўзанне (слізганне) па паверхні.

Слова ў слова. Калька з франц. (mot a mot) ці англ. (word for word) м. Даслоўна, абсалютна дакладна, без скажэння (пераказаць, паўтарыць, запомніць і пад.). Міша расказаў усё, што было ў сельсавеце. Слова ў слова расказаў (С. Грахоўскі. Ранні снег).

Сляды замятаць. Агульны для ўсходнесл. м. Спрытна знішчаць тое, шю можа быць доказам у выкрыцці чагосьці. Ты паедзеш, a што падумае Абрамаў? Уцёк, сляды замятае. Значыць, вінаваты (С. Грахоўскі. Ранні снег).

Узнік са свабоднага словазлучэння, якое пераасэнсавалася на аснове падабенства з’яў: ліса, уцякаючы, замятае сляды. Параўн. ужыванне словазлучэння замятаць сляды з прамым значэннем гэтых слоў: «Ліса спыталася ў Зайца, чаму ён гэтакі палахлівы — сам сябе баіцца. — Бо я не маю такога, як у цябе, хваста, якім бы мог замятаць за сабою сляды, — адказаў Заяц» (Б. Сачанка).

Смактаць кроў з каго, чыю. Гл. піць (смактаць) кроў з каго, чыю.

Смактаць лапу. Агульны для ўсходнесл. м. Жыць надгаладзь, галадаць. — Тых, хто згодзіцца ехаць у Францыю, з заўтрашняга дня ўрад бярэ на сваё ўтрыманне. — Амерыканскай тушонкай і канадскімі булкамі заманьваеце. — Францыя сама лапу смокча, — прагучалі кплівыя галасы (А. Пальчэўскі. Вяртанне).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага са звычкай мядзведзя жыць зімой у бярлозе за кошт тлушчавых запасаў, смокчучы сваю лапу.

Смаловы (смаляны) дуб плесці. Агульны для бел. і ўкр. (смаленого дуба плести) м. Небыліцы, недарэчнасць. — Чаго ж вы тут смаляныя дубы плялі? — не вытрымаў я. — Васільку такое неслі, што—A я не Васільку, a табе (А. Шлег. Весялун).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, плён народнай фантазіі. Выраз ужываецца і ў польск. літаратурнай мове (у форме duby smalone), куды ён трапіў з творчасці А.Міцкевіча, які запазычыў яго з родных для паэта навагрудскіх гаворак.

Смертны грэх. Гл. смяротны (смертны, смяртэльны) грэх.

Смех у зале. Агульны для ўсходнесл. м. Выказванне здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго-н. недарэчнага, вартага смеху. Смех у зале, як кажа сучасная моладзь, — гадаваўся на бульбе, ды каб не ведаць, як яе пасадзіць ці акучыць ды выкапаць? (А. Ярась. Дзень сонечных промняў).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое сустракаецца ў чыім-н. апублікаваным выступленні, дакладзе як паказчык адносін слухачоў да асобных выказванняў прамоўцы.

Смяротны (смертны, смяртэльны) грэх. Запазыч. з царк. — слав. м. Вельмі вялікая загана, недаравальны ўчынак. Міхаіл Іпалітавіч напісаў запіску ў міністэрства. I добра, што напісаў. Там паспелі ўжо абвінаваціць яго ў самых смяротных грахах (М. Кацюшэнка. Урок маўчання).

Паходзіць з Бібліі (1-е пасланне Іаана, 5, 16–17). Паводле рэлігійных уяўленняу, гэта грэх, які нельга нічым згладзіць і вынікам якога з’яуляецца вечная мука ў пекле. Лічылася, што ёсць сем смяротных грахоў: зайздрасць, скупасць, распуста, аб’ядзенне, гордасць, маркота, гнеў. У далейшым царкоўнаславянскае словазлучэнне фразеалагізавалася, набыло абагульнены сэнс.

Соваць палкі ў кола каму, чаго. Гл. ставіць (устаўляць, соваць, сунуць) палкі ў кола каму, чаго.

Соваць (сунуць, утыкаць) <свой> нос куды, y што. Калька з ням. м. (die <seine> Nase stecken). Умешвацца ў што-н. — A ты не сунь свайго носа, куды цябе нг просяць, бо дастанеш, — пацьмянеў Грамабой (К. Крапіва. Мядзведзічы).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

Соль зямлі. Запазыч. з царк. — слав. м. Лепшыя прадстаўнікі народа, цвет якога-н. асяроддзя. Не магу я выхваляцца, што, маўляў я соль зямлі, бо ў мяне такая праца — кожны дзень мялі й мялі (Я. Непачаловіч. Млынар).

Паводле Евангелля (Матфей, 5, 13), гэтымі словамі назваў сваіх вучняў Ісус, звяртаючыся да іх з казанню: «Вы соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна не патрэбна ні на што, яе толькі выкінуць вон на патаптанне людзям».

Сорак саракоў чаго. Запазыч. з руск. м. Незлічонае мноства, вялікая колькасць. Крыж сімвалам галоўным быў князёў, баярынаў, купцоў, крыжоў маскоўскіх не лічыў казалі — сорак саракоў (П. Броўка. Крыжы і зоркі).

Першапачаткова ўжываўся ў спалучэнні толькі са словам царква для абазначэння вялікай колькасці цэркваў y старой Маскве. Сорак — лічэбнік усходнеславянскага паходжання, адзінка падліку, роўная чатыром дзесяткам. Спачатку словам сорак называлі мяшок, y якім змяшчалася 40 собалевых шкурак, г. зн. неабходны набор на поўную шубу.

Спаймаць лісу. Гл. злавіць (спаймаць) лісу (лісіцу).

Спакон вякоў (веку). Агульны для бел. і руск. м. (руск. испокон веков; параўн. ва ўкр. м.: споконвіку, споконвічно, споконвіків). 3 самага даўняга часу, спрадвеку. Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына; паміж сваіх і чужакоў яна мне ласкай матчынай (Я. Купала. Спадчына).

Першапачатковы сэнс выразу — 'з самага пачатку вякоў’ Марфемны склад першага кампанента генетычна такі: с + па + кон, дзе кон абазначае ‘пачатак’.

Спаліць за сабой масты. 3 той жа вобразнасцю і граматычнай структурай, пры адпаведных лексічных эквівалентах, фразеалагізм жыве ва ўсіх славянскіх мовах, a таксама ў франц., ням. ііншых. Абазначае ‘рашуча парваць з мінулым, не мець магчымасці вярнуцца да яго’. Для людзей, якія ўжо спалілі за сабой масты, спозненыя разважанні хлопцаў — будзь яны найкрыштальнейшай праўдай! — цяпер былі непажаданымі (А. Карпюк. Вершалінскі рай).

Поделиться с друзьями: