Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Сіямскія блізняты. Агульны для ўсходнесл. і польск, м. Аднадумцы, блізкія ў якіх-н. адносінах людзі ці неразлучныя сябры. В. Бечык імкнецца паказаць непадобнасць кожнага майстра, знайсці такія рысы і дэталі ў іх творчай манеры, каб паэты той ці іншай генерацыі пры ўсёй іх ідэйна-эстэтычнай, грамадзянскай агульнасці не выглядалі сіямскімі блізнятамі (В. Яраш. 3 удумлівай любоўю).
Склаўся ў выніку метафарызацыі адпаведнага словазлучэння, якім называлі двух зрослых блізнят — Чанга і Энга Букераў. Яны нарадзіліся ў 1811 г. y Сіяме (старая афіцыйная назва Тайланда) і, будучы зрослымі, пражылі 63 гады.
Скакаць пад дудку чыю. Калька з ням. м. (nach j-s Pfeife tanzen). Пакарацца каму-н., выконваць яго волю. «Скачы ж, браток, пад маю дудку, прызнай жа мне і ты пашану!» — Міхал у думках кажа пану (Я. Колас. Новая зямля).
У немцаў выраз склаўся на аснове байкі старажытнагрэчаскага байкапісца Эзопа «Рыбак і рыбы». Адзін рыбак ігранкем на флейце хацеў прывабіць да сябе рыб, але яны не выйшлі з мора. Тады ён закінуў сетку. Улоў быў добры. Бачачы, як рыбы трапечуцца і падскокваюць, рыбак сказаў з дакорам: «О нягодныя! Хопіць. Калі я іграў, вы не скакалі пад маю флейту, a як перастаў, вы скачаце».
Скідаць (скідваць, скінуць) з рахунку каго, што. Недакладная калька з руск. м. (сбрасывать со счетов). Пераставаць улічваць што-н., пераставаць надаваць значэнне чаму-н. Была, вядома, яшчэ адна надзвычай важная прычына, якую нельга скідаць з рахунку, калі гаварыць пра папулярнасць Косці на Першамайскай вуліцы (І.Навуменка. Вайна каля Цітавай копанкі).
Утварыўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні бухгалтараў, рахунковых работнікаў. Калі падлікі закончаны, то костачкі скідваюць з лічыльнікаў, паварочваючы рамку так, каб костачкі аказаліся справа.
Скінуць з рахунку каго, што. Гл. скідаць (скідваць, скінуць) з рахунку каго, што.
Скінуць з сябе ветхага Адама. Паукалька з франц. м. (dеpouiller le vieil Adam). Вызваліцца ад старых прывычак, поглядаў і стаць іншым чалавекам. — Паколькі мы сабраліся для таго, каб назаўсёды скінуць з сябе адзежу «ветхага Адама», — азваўся Іван Тадорык, — дык давайце наўперад пакупаемся ў Нёмане, a наш сход не мядзведзь, y лес не ўцячэ (Я. Колас. На ростанях).
У французаў выраз склаўся на аснове евангельскага тэксту: y «Пасланнях апостала Паўла» выказваецца заклік да грэшнага чалавека духоўна перарадзіцца, «скінуўшы з сябе ветхага чалавека са справамі яго».
Складваць галаву за каго, за што, дзе. Гл. класці (складваць) галаву за каго, за што, дзе.
Складваць (скласці, злажыць) зброю. Відаць, калька з ням. м. (die Waffen strecken). Ужыв. са значэннямі ‘спыняць узброенае супраціўленне, прызнаваць сябе пераможаным’ і ‘адмаўляцца ад працягу барацьбы, ад прындыпаў абароны сваіх інтарэсаў’. Паўлаўцы згаджаюцца скласці зброю. Патрабуюць гарантыі (І.Шамякін. Першы генерал). Леанід Рыгоравіч — тады толькі мастацкі кіраўнік тэатра — не разгубіўся і не злажыў зброі. Ён прапанаваў прачытаць п’есу першаму сакратару КПБ… Чытаў сам (К. Кузняцова, Р. Смольскі. Вернасць тэатру, часу, сабе).
Узнік y маўленні ваенных: пераможаныя складвалі, здавалі зброю (у прамым значэнні гэтых слоў).
Скласці зброю. Гл. складваць (скласці, злажыць) зброю.
Склаўшы (злажыўшы) рукі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. сложа руки, укр. склавши руки). Нічога не робячы, бяздзейнічаючы. Душна ў панскім бары. Доўга так дa зары склаўшы рукі чакаць. Час збірацца, сябры! (А. Куляшоў. Грозная пушча).
Выраз з’яўляецца «абломкам» дзеяслоўнага фразеалагізма сядзець склаўшы рукі (гл.). Адарваўшыся ад кампанента сядзець, ён стаў спалучацца са шмат якімі дзеясловамі поўнага лексічнага значэння (жыць, чакаць, хадзіць і інш.): «Не хачу, не прывык склаўшы рукі хадзіць: я гарбар — працаўнік. Я жыву — каб рабіць» (Ц. Гартны). Фразеалагізм можа спалучацца і з дзеясловам сядзець, калі той захоўвае сваё лексічнае значэнне: «Сядзяць паны, як мурашкі, на купіне сярод лужыны… Але не век жа сядзець злажыўшы рукі, трэба ж даваць якую раду» (Я. Колас).
Скрозь зубы. Гл. праз (скрозь) зубы.
Скрыжоўваць (скрыжаваць) шпагі (мячы) <з кім>. Калька з франц. м. (croiser les epees). Горача спрачацца, даказваць, змагаючыся за што-н., адстойваючы чые-н. інтарэсы. Над галавой гэтага дарослага дзіцяці скрыжоўваюць шпагі польскія і рускія палемісты (А. Мальдзіс. Восень пасярод вясны).
Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое з прамым значзннем слоў ужывалася ў маўленні рыцараў.
Скрыня Пандоры. Паўкалька з франц. (bo^ite de Pandora) ці італ. (il vasa di Pandora) м, Крыніца ліха, бедстваў. Дзеля ілюстрацыі можна было б прывесці нямала прыкладаў з прапагандысцкай скрыні Пандоры (Полымя. 1986. № 4).
Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Паводле аднаго з міфаў, доўгі час людзі жылі, не ведаючы ніякіх хвароб, няшчасця і старасці. Калі ж Праметэй выкраў ад багоў агонь і аддаў яго людзям, раззлаваны Зеўс паслаў на зямлю прыгожую жанчыну Пандору, даўшы ёй таямнічую скрыню і забараніўшы адчыняць яе. Будучы цікаўнай, Пандора прыадчыніла вечка, і са скрыні тут жа вылецелі ўсе чалавечыя няшчасці і разляцеліся па ўсёй зямлі. Так Зеўс адпомсціў людзям за Праметэеў учынак.
Скура ды косці. Гл. <адна> скура ды косці.
Скура ды косці засталіся на кім, y каго, ад каго. Гл. <адны> скура ды косці засталіся на кім, y каго, ад каго.
Следам за дзедам. Уласна бел. Па шляху іншых, шляхам папярэднікаў (ісці, ехаць, рабіць што-н.). То ж сёння ў нас не трыццаты, a сорак сёмы год канчаецца. І нам з калгасамі не пачынаць, — мы ўжо следам за дзедам паедзем. Ведаем ужо тым часам, што і ў людзей на свеце робіцца, — былі, глядзелі (Я. Брыль. У Забалоцці днее). Або: У вячорнай размове ён ад трагічнай смерці акцёра перайшоў да смерці паэта… — Мусіць, і мне хутка — следам за дзедам (М. Лужанін. Колас расказвае пра сябе).
Гэты звязаны ўнутранай рыфмай выраз раней меў больш канкрэтны сэнс: пад словам дзед меўся на ўвазе муж. Відаць, першапачатковай сферай ужывання выразу была якраз тая моўная сітуацыя, пра якую піша І.Насовіч: «Кажуць, калі жонка прыходзіць туды, дзе яе гаспадар». Далейшае семантычнае развіццё ад канкрэтнага да абстрактнага і выкарыстанне выразу, напрыклад, са значэннем ‘як дзед (муж)’ можна бачыць у такім кантэксце з камедыі Я. Купалы «Паўлінка», дзе Альжбета, жонка Сцяпана, які толькі што пайшоў y бакоўку спаць, гаворыць Паўлінцы: «Ну, дык паглядзі ж ты, дзе карты, ды пазабаўляйцеся яшчэ трохі з панам Адольфам, бо я, мусіць, зраблю следам за дзедам. Трохі ж сягоння такі натупалася».