ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Выраз «ваеннага паходжання». Гісторыя войнаў і паходаў ведае нямала выпадкаў, калі, наступаючы і пераправіўшыся на другі бок ракі, палкаводцы спальвалі за сабой масты, каб паказаць салдатам, што назад дарогі адрэзаны і што наперадзе толькі рашучая і пераможная барацьба або смерць. Захавалася паданне, што менавіта так зрабіў Дзмітрый Данскі напярэдадні Кулікоўскай бітвы.

Спаліць свае караблі. Гл. паліць (спаліць) свае караблі.

Спачываць на лаўрах. Паўкалька з франц. м. (se reposer sur ses lauriers). Супакойвацца на дасягнутым, задавольвацца дасягнутым. Напэўна ўжо раман цудоўны ён нам падараваў бы, каб трызніў менш вянком лаўровым, менш спачываў на лаўрах (Г. Кляўко. Нязжатыя лаўры).

У аснове фразеалагізма звычай старажытных грэкаў і рымлян узнагароджваць лаўровым вянком пераможцаў на паэтычных і музычных спаборніцтвах (гл. пажынаць лаўры).

Спісванне ў архіў чаго. Уласна бел. Прызнанне чаго-н. застарэлым, вартым забыцця. На пачатку патрабуецца даказаць, што сучаснае «спісванне ў архіў» сапраўды значныя творы, напісаныя ў папярэднюю эпоху, не закране (ЛіМ. 10.04.1998).

Назоўнікавае ўтварзнне ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма спісваць у архіў (што).

Спісваць (спісаць) y тыраж каго. Агульны для ўсходнесл. м. Адхіляць каго-н., лічачы непрыдатным да якой-н. дзейнасці. Хай ведаюць, што Пракопчык яшчэ не стары — pana спісваць у тыраж… (В. Карамазаў. Спіраль).

Паходзіць з аднайменнага тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў галіне фінансаў, дзе тыраж абазначае ‘пагашэнне аблігацый і іншых каштоўных папер установай, якая іх выпусціла’.

Спісваць у расход каго. Гл. выводзіць (вывесці; спісваць, спісаць) y расход каго.

Спускаць (спусціць) на тармазах што. Агульны для ўсходнесл. м. Спыняць, уладжваць што-н. непрыемнае ціха, паступова, бясшумна. Карней сцяміў, што перахапіў цераз край, што далей жартаваць з Валяй так нельга; сястра даведзена да шаленства. Пачаў «спускаць на тармазах» (І.Шамякін. Вазьму твой боль).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў маўленні чыгуначнікаў і шафёраў ужываецца, калі гавораць пра адзін з відаў манеўравання пры ваджэнні лакаматываў, аўтамашын — выкарыстанне тармазоў пры крутым спуску.

Спусціўшы рукавы. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. спустя рукава, укр. спустивши рукави). Без належнай стараннасці, абы-як (рабіць што-н.). Некаторыя, павер, інстытут кідаюць або вучацца спусціўшы рукавы (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. У становішчы, калі рукавы не закасваюць, працаваць не заўсёды зручна.

Спяваць дыфірамбы каму, чаму Гл. пець (спяваць) дыфірамбы каму, чаму.

Спяваць Лазара. Гл. Лазара пець (спяваць).

Спяваць на хлеб. Уласна бел. Збіраць міласціну, жабраваць. — Пайшлі, Арсень, — рашуча рыкнуў Шлык, — абыдземся без гэтага салапёкі, каб ён на хлеб спяваў (У. Караткевіч. Аліва і меч).

У выразе — намёк: жабракі, выпрошваючы міласціну (хлеб), спявалі жаласныя песні. Параўн. y драме Я. Купалы «Раскіданае гняздо»: «Старац ідзе наперад, за ім — Марыля з дзецьмі па баках, a за Марыляй — Данілка. Усе пяюць „Лазара“ — Данілка іграе».

Спяваць (пець) асанну каму, чаму; Агульны для ўсходнесл. м. (руск. петь осанну, укр. співати осанну). Празмерна ўсхваляць каго-, што-н. Народ, не верачы газетам, пра яблыневы марыў сад, галасаваў з такім імпэтам — быў так патрэбен Аляксандр! Быў шанец мо галоўны самы, адзін за гэтулькі вякоў ужо спявалі мы асанну! (Р. Тармола-Мірскі. Зруб).

Склаўся на аснове біблейскіх сюжэтаў. Асанна, неўжывальны па-за фразеалагізмам кампанент, з’яўляецца запазычаннем са старажытнаяўрэйскай мовы (hasanna!) і абазначае ‘Слава!’.

Ставіць на карту. Паўкалька з ням. м. (auf eine Karte setzen). Рызыкаваць, спадзеючыся дабіцца чагосьці. Усё ставіў ён на апошнюю сваю карту; усё яшчэ насіўся са сваімі шалёнымі планамі падпарадкаваць увесь свет інтарэсам фашысцкай імперыі (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Паходзіць з мовы карцёжнікаў, дзе прамое значэнне словазлучэння ставіць на карту — ‘уносіць у банк грошы, на якія ігрок страчвае права ў выпадку пройгрышу’.

Ставіць (паставіць) знак роўнасці паміж кім, паміж чым. Ужыв. амаль ва ўсіх еўрапейскіх мовах. Магчыма, калька з англ. (split hairs) ці ням. (Haare spalten) м. Лічыць каго-, што-н. зусім аднолькавым, раўнацэнным, падобным. У вобразе Дзіміна Івана Міхайлавіча выразна бачыцца воблік Дзёміна. Аднак нельга ставіць паміж імі знак роўнасці (І.Новікаў. 3 жыцця і для жыцця).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання састаўнога матэматычнага тэрміна.

Ставіць (паставіць) кропкі над «і». Калька з франц. м. (mettre les points sur les i). Канчаткова высвятляць yc"e, не пакідаючы нічога недагаворанага, даводзячы ўсё да лагічнага канца. Гісторыя ўрэшце разважыць, паставіць кропкі над «і» (ЛіМ. 8.06.1984).

У лац. алфавіце ёсць літара «і» (як і ў бел. ды ўкр. м.). У франц. м. выраз напачатку меў больш вузкае значэнне ўдакладнення сказанага ці напісанага, ужываўся, калі трэба было ўдакладніць што-небудзь.

Ставіць (паставіць) крыж на кім, на чым, над чым. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ставить крест, укр. ставити хрест). Траціць усякую надзею на каго-, што-н., адмаўляцца ад каго-, чаго-н. Мне ажаніцца цяпер — значыць, паставіць крыж над усім, што я люблю і чаму я адданы (П. Пестрак. Сустрэнемся на барыкадах).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца, калі гавораць пра крыж над магільным пагоркам. Лічаць таксама, што ўзнікненне фразеалагізма магло быць звязана і з такой рэаліяй, як перакрэсліванне крыжам чаго-небудзь непатрэбнага ў паперах.

Поделиться с друзьями: