ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Устаць не з той нагі. Агульны для сходнесл. м. і руск. встать не с той ноги, укр. встати не на ту ногу). Быць у дрэнным настроі, y раздражнёным стане. Ты проста, Мацвееў; не з той нагі ўстаў. Ваяваць тут можна. Я з грамадзянскай ведаю. Давалі прыкурыць немцам, белапалякам…. (І.Навуменка. Сасна пры дарозе).

Склаўся на аснове сінанімічнага фразеалагізма ўстаць з левай нагі (гл.) з заменай y ім аднаго з кампанентаў спалучэннем не з той (г. зн. «не з правай, не з той, з якой трэба»).

Уступаць (уступіць) y строй. Агульны для ўсходнесл. м. Станавіцца дзеючым. [Шугаеў:] Завод толькі яшчэ ўступіў y строй, дзе ж тут даб’ешся, каб усё было выдатна (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба).

Узнік y выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні ваенных, дзе слова строй абазначае ‘воіны, пастроеныя радамі’ і ‘састаў дзеючай арміі’.

Уступленне ў сілу чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Набыццё законных падстаў. 3 уступленнем y сілу новага заканадаўства аб барацьбе з непрацоўнымі даходамі абласная аўтаінспекцыя намеціла канкрэтную праграму па яго рэалізацыі (Звязда. 10.10.1986).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма ўступаць (уступіць) y сілу; які абазначае ‘станавіцца законным, набываць законныя правы’.

Усякага жыта па лапаце. Агульны для бел. і руск. м, Усяго патроху; самае рознае. Тут табе і хахлы, і латышка, і ўсякага жыта па лапаце (У. Караткевіч. Чазенія). I кожная з тых гор і горак — скарбніца невычэрпная: самародныя жалеза і медзь, золата, вугаль, баксіты, фасфарыты. Увогуле, як кажуць, усякага жыта па лапаце (В. Казько. Бунт незапатрабаванага праху).

Першапачаткова тут жыта — абагульненая назва жыта, ячменю, пшаніцы і іншых злакавых, a лапата — драўляная прылада з шырокім ніжнім канцом для перамяшчэння, перамешвання зерня на таку.

Усякая ўсячына. Запазыч. з руск. м. (всякая всячина). Ужыв. са значэннямі: ‘самыя разнастайныя рэчы, прадметы’ і ‘усё без разбору (аб прадмеце размовы, гутаркі, думак і пад.)’. Мяса пакрышанае, прыпраўленае кропом, часнаком ды ўсякай усячынай, падагрэлася ў печы (К. Крапіва. Мядзведзічы). I ўзімку ў школе, і ўлетку дома ён заўсёды выдумвае ўсякую ўсячыну; і ўсё ў яго набывае афарбоўку загадкавасці (Т. Хадкевіч. Спеюць яблыкі).

Паходзіць ад назвы часопіса, які выдаваўся імператрыцай Кацярынай II. Кампанент усячына па-за фразеалагізмам не ўжываецца, a ўсякая сэнсава суадносіцца з адпаведным словам свабодкага ўжывання.

Усяму галава. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. всему голова, укр, усьому голова). Самае галоўнае, найбольш важнае сярод іншага. Хіба не бачаць, колькі нас, Быкоўскіх, зараз развялося, што на нас, Быкоўскіх, усё тут трымаецца, што мы, Быхоўскія, усяму тут галава (М. Ермаловіч. Быкоўскі на пасадзе).

Паходзіць з прыказкі Хлеб усяму галава.

Утаптаць у гразь каго, што. Гл. таптаць (утоптваць; утаптаць) y гразь каго, што.

Утоптванне (таптанне) y гразь каго, чаго. Уласна бел.

Ачарненне, прыніжэнне, знеслаўленне, несправядлівае абвінавачванне каго-, чаго-н. Ці захаваюць наступнікі духоўны скарб продкаў? Ці зберагуць пад ашалелым напорам размывання, знішчэння, утоптвання ў гразь усяго, на чым спакон веку трымаўся народ? (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі).

Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага з ім дзеяслоўнага таптаць (утоптваць) y гразь каго, што (гл.).

У тры пагібелі. Агульны для ўсходнесл. м. Mae значэнне ‘вельмі нізка’, якое рэалізуецца пры дзеясловах сагнуцца, схіліцца і інш. Жук паклаў цымбалы на стол і сагнуўся над імі ў тры пагібелі (І.Пташкікаў. Мсціжы). Або: у тры пагібелі гнуўся (К. Крапіва); скурчыўшыся ў тры пагібелі (В. Быкаў); схілены ў тры пагібелі (З. Бядуля).

Сучасная форма выразу — частка фразеалагізма гнуць у тры пагібелі са значэннем ‘тыраніць’. Узнікненне фразеалагізма знаходзіцца ў сувязі са страшным відам катавання на Русі ў часы сярэднявечча. Пры допыце «прывязвалі да ног галаву, — піша С. Максімаў, — y вяроўку прасоўвалі палку і круцілі яе, аж пакуль галава не прыгіналася да самых ног». У тры пагібелі — гэта ‘у тры згібы’.

Утыкаць <свой> нос куды, y што. Гл. соваць (сунуць, утыкаць) < свой> нос куды, y што.

У фаворы ў каго. Паўкалька з франц. м. (en faveur). Пад апекай, заступніцтвам (быць, знаходзіцца, аказацца і пад.). Андрэй ладзіў з Цімохам Гаўрылавічам, нават быў y яго ў фаворы (В. Блакіт. Усмешка Фартуны).

У франц. мову слова фавор прыйшло з лац. м. (favor), дзе яно абазначае ‘прыхільнасць’.

У форме быць. Паўкалька з франц. м. (etre en forme). У такім стане, калі найбольш поўна праяўляюцца сілы, здольнасці, уменне каго-н. Дырэктарскі шафёр ведаў сабе цану і быў заўсёды, як кажуць, y форме (І.Канановіч. Святло ў акне).

Першапачаткова выраз ужываўся ў галіне спорту.

У футарале (у футляры). Запазыч. з руск. м. (в футляре). Фразеалагізмам вобразна характарызуюць таго, хто замкнуўся ў сваіх вузкіх інтарэсах, адмежаваўся ад жыцця, баіцца новага. Ну, вось гляньце: не хацеў, каб лічылі кабінетным пацуком — спецам, адміністратарам у футарале; захацеў, каб ведалі ўсе рабочыя, што і як робіцца на ўчастку, каб рабілася ўсё са згоды РКК, прафсаюза, і — вось вам вынік… (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы). Звычайна спалучаецца са словам чалавек або яго кантэкстуальнымі сінонімамі. Дык я ж пра тых — «у футарале», што ў промнях сонца яснага баяцца ценю ўласнага (К. Крапіва. Чорт).

Крылаты выраз з апавядання А. П. Чэхава «Чалавек у футляры». Белікаў, герой апавядання, увесь час імкнецца «акружыць сябе абалонкай, стварыць сабе, так сказаць, футляр, які адасобіў бы яго, засцярог бы ад знешняга ўплыву». Ён баіцца ўсяго новага і жыве пад вечным страхам, «як бы чаго не выйшла». I звонку ён таксама нібы ў футляры: заўсёды «выходзіў y галёшах і з парасонам і абавязкова ў цёплым паліто на ваце», з паднятым каўняром.

Ухапіцца абедзвюма рукамі за што. Гл. хапацца (ухапіцца) абедзвюма рукамі за што.

Поделиться с друзьями: