Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага з ранейшай цяжкай працай валоў, на якіх надзявалі ярмо — драўляны хамут для іх запрэжкі.
Цяжкая артылерыя. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. тяжелая артиллерия, укр. важка артилерія). Тое, што прытрымліваецца на крайні выпадак як самы дзейсны сродак для дасягнення чаго-н. Цяпер ён [Ігар] хуценька напісаў запіску: «Дзед, трэба хутчэй класці Мамрука на лапаткі. Выступай, а я потым з цяжкай артылерыяй» (Л. Гаўрылкін. Мы яшчэ будзем сябрамі).
Утварыўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні ваенных для абазначэння магутных гармат вялікіх калібраў і габарытаў.
Цяжкая рука ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. прыносіць няўдачу, няшчасце ў якой-н. справе, пачынанні і пад. — Я такі казаў вам, што ў Язэпа цяжкая рука, — весела крыкнуў Гілёрык, рады, што выйшла так, як ён казаў (Я. Колас. Калодка пчол).
Склаўся на аснове былога павер’я, паводде якога ў адных людзей лёгкая рука (яна прыносіць удачу), a ў другіх — цяжкая (прыносіць няўдачу).
Цямна вада ва облацэх. Запазыч. з царк. — слав. м. Незразумелае, туманнае. [Грэнка: ] I вы, едучы сюды, я думаю, не хваліліся, куды і чаго едзеце? [Гарнак: ] Цямна вада ва облацэх (Я. Колас. Забастоўшчыкі).
Выраз з біблейскага тэксту (Псалтыр, 17, 11): «И положи тму закров свой, окрест его селение его, темна вода во облацех воздушных». Во облацех — старая форма меснага скл. мн. л. ад слова облако —‘у воблаках’.
Цяп ды ляп (цяпляп). Запазыч. з руск. м. Абы-як, нядбала, спехам (рабіць што-н.). Цяп ды ляп, ды на «а можа» — рабіць не гожа…
Ні к чорту не варта такая работа! (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы).
Паходзіць з прыказкі Тяп-ляп да й корабль, якой характарызуюць работу, выкананую хутка і абыякава, і якая абазначае ‘абы-як, спехам — і гатова’.
Ч
Чакаць з мора пагоды. Відаць, паўкалька з руск. м. (ждать у моря погоды). Заставацца ў пасіўным, вымушаным, няпэўна доўгім чаканні каго-, чаго-н. A мой жа яшчэ пад Новы год абяцаўся прыехаць. Чакай з мора пагоды!.. (М. Ракітны. На свята).
Узнікненне фразеалагізма звязваюць з перыядам паруснага флоту, калі даводзілася чакаць добрых для плавання ўмоў.
Чалом біць. Агульны для ўсходнесл. і польск. (bi'c czolem) м. Ужыв. са значэннямі: 1) каму> пачціва кланяцца, вітаючы каго-н., 2) каму, пачціва прасіць каго-н., 3) чаму, з глыбокай пачцівасцю ставіцца да чаго-н., вітаючы што-н. Біце ж чалом тром сакалом, маладзіцы! Гэта ж кветкі з свойскай веткі, славянскай зямліцы! (В. Дунін-Марцінкевіч. Верш Навума Прыгаворкі). — Прыйшоў чалом біць, — звярнуўся [Сурма] да Кляпца. — Дайце нашым меліяратарам сена накасіць (І.Дуброўскі. На новыя кругі). Над Бесяддзю, у лясной акрузе, сялянскай хаце б’ю чалом (П. Прыходзька. Размова).
Выраз мае ў сваім складзе ўстарэлае слова чало са значэннем ‘лоб’. Узнік y сувязі са звычаем кланяцца пры падачы просьбы або скаргі так нізка, каб чалом (ілбом) даставаць да зямлі, злёгку б’ючы ім аб падлогу ці зямлю. Гэтым самым выказвалі пашану, віталі. Фразеалагізм даволі часта сустракаецца ў помніках старажытнай беларускай пісьменнасці, напрыклад y лістах аршанскага старасты Філона С. Кміты-Чарнабыльскага (XVI ст.), пераважна са значэннем ‘вітаючы, выказваць пашану’: «…покорно и ниско бью чолом пану моему милостивому». У творах В. Дуніна-Марцінкевіча фразеалагізм выкарыстоўваецца і са значэннем ‘прасіць’: «Пара, баш, дзяцей жаніць; яно ўсякі адклад не вельмі ідзе ў лад: пойдам пані чалом біць».
Чамярыца яго ведае. Уласна бел. Невядома. І чамярыца яго ведае, як гэта неяк хітра на свеце ўстроена! (Я. Купала. Тутэйшыя).
Утвораны па гатовай мадэлі — на ўзор тых шматлікіх сінанімічных фразеалагізмаў, якія ўжо былі ў мове (чорт яго ведае, ліха яго ведае, трасца яго ведае і г.д.). Чамярыца (або чэмер) — травяністая ядавітая лугавая расліна.
Часам з квасам, a парою з вадою. Агульны для бел. і руск. (часом с квасом, порой с водой) м. Ужыв. пры дзеяслове жыць, радзей— быць і абазначае ‘па-рознаму — сытна і надгаладзь’. Мелі такі-сякі асабісты агарод, з якога жылі часам з квасам, a парою з вадою (В. Якавенка. Акно на плошчу). На франтах было ўсяляк, як гаворыцца, часам з квасам, a парой з вадой (М. Лынькоў. Аб часе, аб сабе).
Фразеалагізм, y якім кампаненты структуры часам… a парой… з’яўляюцца сэнсаўтваральнымі, склаўся ў жывой народнай мове і характарызуецца згусткам сродкаў мастацкай выразнасці. У ім ёсць кампаненты-сінонімы (часам — парою), дзве ўнутраныя рыфмы, свая рытмічнасць у кожнай частцы і антанімічнае супрацьпастаўленне (квасам — вадою). Іншы раз пішуць, што гэты выраз «уласна рускі». Аднак наўрад ці так гэта. Ён занатаваны І.Насовічам, М. Федароўскім, запісаны Я. Чачотам y 1846 г., прыводзіцца ў польскіх слоўніках — з паметай «устарэлы» і ў форме czasem z kwasem, a czasem z woda. Дарэчы, y такой жа форме выраз знаходзім y апавяданні В. Каваля «Шчасце Сілівея Зязюлі» (1936): «3 таго часу я пайшоў па людзях і ўсё жыццё так і хадзіў — часам з квасам, a часам з вадою». Першы кампанент фразеалагізма (часам) — нарматыўнае міжстылёвае слова ў сучасных літаратурных бел., укр. і польск. м.
Часанне языка. Уласна бел. Пустаслоўе, балбатня. Лазовіку карцела папікнуць: ну-ну, ты па часанню языка не ўступіш любой кабеце, — але стрымаўся (В. Блакіт. Шануй імя сваё).
Утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма часаць язык, першае значэнне якога — ‘гаварыць упустую, пустасловіць’.
Чорна ў роце ў каго. Гл. <аж> y роце чорна ў каго.
Чорная кошка (прабегла) перабегла паміж кім. Агульны для ўсходнесл. (руск. черная кошка пробежала, укр. чорна кішка пробігла) ібалг. (минала е черна котка) м, Хто-н. пасварыўся з кім-н. Некалькі дзён таму назад паміж Шэметам і Марозам зноў перабегла чорная кошка (М. Лобан. Гарадок Устронь).
Выток фразеалагізма — даўняе павер’е: чалавека чакае непрыемнасць, калі яму перабяжыць дарогу чорная кошка.
Чорны воран. Запазыч. з руск. м. Аўтамашына для перавозкі арыштаваных. Аўтух спярша думаў, што трапіў у страхавіты «чорны воран», пра якога начуўся ў турме і нават раней — на вёсцы (В. Быкаў. Жоўты пясочак).
Слова воран y вуснай народнай творчасці і ў мастацкіх тэкстах досыць часта ўжываецца са сталым эпітэтам чорны: «Чорны воран, белы лебедзь — хто адолее з дваіх?» (С. Гаўрусёў); «Не для чорных воранаў песня салаўя!» (Л. Геніюш). Звычайна словазлучэнне чорны воран выклікае негатыўныя экспрэсіўна-ацэначныя асацыяцыі, дадатковае адценне прадвесніка бяды, няшчасця. Відаць, гэта і стала асновай для фразеалагізацыі словазлучэння.