ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Цэнтр цяжару. Паўкалька з франц. м (centre de gravit'e). Самае асноўнае, галоўнае, сутнасць чаго-н. Ва ўсякім выпадку ясна адно: прэзідэнт пераарыентоўвае на хаду свой курс, цэнтр цяжару ў амерыканскай блізкаўсходняй палітыцы перамяшчаецца (А. Вярцінскі. Нью-Йоркская сірэна).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў сваім прамым значэнні ўжываецца ў маўленні фізікаў і інжынераў-будаўнікоў.

Цягаць з агню каштаны для каго. Калька з франц. м. (tirer les marrons du feu). Выконваць з рызыкай для сябе цяжкую працу на карысць кагосьці. Яны спадзяюцца, што мужык для іх пачне цягаць з агню каштаны (А. Куляшоў. Хамуціус).

Крылаты выраз з байкі вядомага франц. паэта XVII ст. Лафантэна «Малпа і кот», y якой расказваецца, як хітрая малпа Бертран, убачыўшы смачныя печаныя каштаны, прымусіла прастадушнага ката Ратона даставаць іх з агню для яе.

Цягнуць ваду на сваё кола. Уласна бел. Рабіць усё на сваю карысць, служыць выключна асабістым інтарэсам, не клапоцячыся аб іншых. Яму, Валеру, увесь час здавалася, што не мізэр, як лічыў Пятро, a шмат людзей імкнецца прыстасавацца ў жыцці як найлепeй і цягнуць ваду адно на сваё кола (У. Рубанаў Каштаны).

Паходзіць з прыказкі Усякі чорт на сваё кола ваду цягне ці Кожны млын на сваё кола ваду цягне. «У беларусаў,—піша І.І.Насовіч, — ёсць павер’е, што ўсякі млын і нават кожнае млынавое кола мае свайго асобнага апекуна-чорта».

Цягнуць валынку. Запазыч. зруск. м. Займацца чым-н. нудным, аднастайным ці занадта марудзіць з ажыццяўленнем якой-н. справы. — Я пастараюся паклікаць яшчэ аднаго ці двух сведак. Паклікаць? — A навошта яны? Я ведаю, што ўсё роўна зробіце так, як вам захочацца. A мне няма часу з вамі валынку цягнуць (А. Цяжкі. Інцыдэнт).

Склаўся, відаць, пад уплывам сэнсава тоеснага фразеалагізма цягнуць каніцель (гл.), назоўнікавы кампанент якога заменены словам валынка. Гэта замена можа быць абумоўлена тым, што валынка як духавы музычны інструмент, зроблены з трубак, устаўленых у скураны мяшок, іграе нудныя, цягучыя, аднастайныя мелодыі.

Цягнуць (выцягнуць) гізунты з каго. Уласна бел. Мучыць, знясільваць цяжкай працай ці празмернымі патрабаваннямі. Ого, занадта добра ты пра гэтага шыбеніка думаеш! Не адстане ён, гізунты выцягне. I з цябе, і з мяне. Пабачыш вось (Б. Сачанка. Забытыя селішчы).

Узнік шляхам аб’яднання двух сэнсава блізкіх фразеалагізмаў y адзін: цягнуць жылы з каго (гл.) + даставаць гізунты з каго. Кантамінаваны выраз захаваў значэнне фразеалагізма цягнуць жылы з каго. Слова гізунты з’яўляецца запазычаннем з мовы ідыш (яўрэйскай мовы, y аснове якой ляжаць нямецкія дыялекты); гізунты — ‘здароўе’; параўн. y ням. м.: gesund— ‘здаровы’.

Цягнуць (выцягнуць) жылы з каго. Агульны для ўсходнесл. м. Мучыць, знясільваць цяжкай працай ці празмернымі патрабаваннямі. Раскажы маім хлопцам, як я тут гаравала. Як гэтыя вылюдкі цягнулі з мяне жылы. Сэрца маё чуе, што ты вернешся (І.Мележ. Мінскі напрамак).

У аснове фразеалагізма, хутчэй за ўсё, нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.

Цягнуць каніцель. Запазыч. з руск. м. Займацца чым-н. нудным, аднастайным ці занадта марудзіць з ажыццяўленнем якой-н. справы. Кастусь Аляшкевіч гаварыў неахвотна, на пытанні адказваў скупа. — Ударыў прызнаюся. Толькі не цягніце каніцель, судзіце хутпчэй, — паўтараў ён упарта (А. Капусцін. Дзённік суддзі Верасаўца).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага свабоднага словазлучэння, якое абазначае марудную, нудную работу — выраб, выцягванне тоненькай металічнай, звычайна залатой або сярэбранай ніці (каніцелі) для вышывання.

Цягнуць ката за хвост. Агульны для бел. і руск. м. Ужыв. са значэннямі: 1) нудна і аднастайна гаварыць, марудзіць з адказам, 2) занадта доўга рабіць што-н. Кажыце хутчэй. Што вы цягнеце ката за хвост (І.Гурскі. Патрыёты). 3 памольным зборам справа ясная. Не прыйдзеш, не скажаш: — Таварышы калгаснічкі, таварышы аднаасобнічкі, ды мяліце ж вы свой хлябец скарэй, чаго цягнуць ката за хвост? (М. Лобан. Гарадок Устронь).

У абодвух выпадках сэнс сказаў ніколькі не змяніўся б, калі б y іх было прапушчана спалучэнне ката за хвост. Справа ў тым, што дзеяслоў цягнуць мнагазначны: ён мае больш як дваццаць значэнняў, y тым ліку ‘марудзіць’ і ‘нацягваючы, прыбліжаць штосьці да сябе’. Пры ўзнікненні фразеалагізма цягнуць ката за хвост адбылася адначасовая каламбурная рэалізацыя двух гэтых значэнняў, накладанне на значэнне ‘марудзіць’ другога значэння з далейшым далучэннем камічнага дадатку. Узнікшы як чыясьці цікавая моўная знаходка, выраз стаў узнаўляльным агульнавядомым зваротам. Такі мастацкі прыём сутыкнення двух значэнняў y адным слове можна назіраць у шмат якіх беларускіх народных параўнаннях; напрыклад, y выразе прыстаць, як смала да падэшвы першае слова выступае з двума значэннямі адначасова: ‘прыліпнуць’ і ‘неадчэпна прывязацца да кагосьці’.

Цягнуць лямку. Паўкалька з руск. м. (тянуть лямку). Займацца нялёгкай, аднастайнай справай. Пяць год я цягнуў лямку студэнта, жывучы на не надта высокім акладзе старшага лабаранта ў навукова-даследчым інстытуце (У. Дамашэвіч. Хараство душы).

Выраз прыйшоў з мовы бурлакоў, якія і ў прамым сэнсе цягнулі лямку — шырокі скураны рэмень, надзеты цераз плячо. Бурлакі запрагаліся ў свае лямкі з пастронкамі, прымацаванымі да доўгай тоўстай вяроўкі, і, напружваючыся, цягнулі супраць цячэння баржу ці іншае судна. Цяжкая бурлацкая доля адбілася ў прыказцы Цягні лямку, пакуль не выкапаюць ямку.

Цягнуць рызіну. Агульны для ўсходнесл. м. Mae значэнні ‘марудзіць з адказам’ і ‘марудна рабіць што-н., марна траціць час’. — Тут нам падказваюць… Толькі прабачце, калі ласка… — Ды ладнаНе цягні рызіну… Па якой справе? (І.Аношкін. Плямачка). — Каб вы далі ватоўку: — На. На і ватоўку, — рашуча шкуматнуў яе з плеч Брытвін. — Толькі не цягні рызіну (В. Быкаў. Круглянскі мост).

Утварыўся шляхам «разгортвання слова ў фразеалагізм» (В. М. Макіенка): узнік на аснове слова цягнуць y выніку накладання на прамое значэнне ‘падаўжаць выцягваннем’ яшчэ аднаго значэння гэтага полісемічнага дзеяслова — ‘марудзіць, марудна рабіць’ і каламбурнага дапаўнення яго дадаткам рызіну.

Цягнуць ярмо (ярэмца) <каго, якое>. Агульны для бел. і ўкр. (тягнути ярмо) м. Доўгі час займацца нялёгкай і аднастайнай справай. Ён [Купала] не хацеў цягнуць ярмо бацькі і ў 1903 годзе пайшоў «у людзі» шукаць службы (В. В. Барысенка, B.У.Івашын. Беларуская літаратура). У гаспадара было пяць дачок і тры сыны, яны і цягнулі ярэмца хлебаробаў (М. Машара. «Крэсы» змагаюцца).

Поделиться с друзьями: