Гандлярка і паэт
Шрифт:
Унучкі Хрысціна не дачакалася. Па вясне, калі пачаліся работы на гародзе, выйшла капаць пад грады — цяжарнай Вользе нельга было — ды так і асела ў разору. Суседка праз плот убачыла ненатуральнасць яе паставы, узняла трывогу. Выбегла з хаты Вольга — а маці ўжо мёртвая. «Лёгкая смерць, — казалі суседкі і сяброўкі, выціраючы скупыя слёзы. — Дзе ўсё жыццё прарабіла, там і памерла — на зямеяьцы нашай камароўскай».
У ліпені Вольга нарадзіла дзяўчынку і назвала яе Святланай, яшчэ да нараджэння назвала, модным тады было гэтае імя. Пасля з’яўлення дзіцяці зрабілася Вольга яшчэ больш падобная на маці сваёй апантанасцю ў працы, энергіяй ва ўсім, настырнасцю, якая часта межавала з нахабнасцю, асабліва там, дзе трэба было адстаяць сваё. О, за сваё, за адно каліва цыбулі яна магла горла перагрызці! Аўсюку, партрэт якога вісеў у трамвайным парку на Дошцы стаханаўцаў, часта было няёмка за жонку, ён спрабаваў ушчуваць яе: «Воля, нядобра гэта. Цяпер людзі гэтым не жывуць, не той час. Са мной вунь Зенчык, сакратар наш партыйны, гаварыў, каб я ў партыю рыхтаваўся…»
Але і ў гэтым — у адносінах да мужа — яна зрабілася падобная да маці. Там, на працы, у трамвайным парку, ён, можа, нават абавязаны працаваць па-стаханаўску, уступаць у прафсаюз, у партыю — куды хоча, каб не адставаў ад людзей. а тут, дома, — паўнаўладная гаспадыня яна, і рабіць будзе — што ёй падабаецца. што яна лічыць неабходным для дабрабыту сям’і, для дачкі сваёй і дзяцей, якія народзяцца, таму лепш няхай ён не замінае ёй, калі хоча, каб у хаце быў лад. Так і сказала мужу, праўда, не так груба, як казала некалі бацьку маці, больш далікатна, ласкава. але з цвёрдасцю не меншай. А ў Адама такой цвёрдасці не ставала. П’яны, ён мог даць жонцы кухталя, тыцнуць у твар кулаком і паставіць пад вокам «ліхтар», але потым, цвярозы, прасіў прабачэння, часта на каленях, дарэчы, гэта яна, Вольга, прымусіла яго яшчэ пры жыцці маці ўпасці на калені і паклясціся, што пальцам яе ніколі не кране. Клятву сваю ён хутка парушыў, але ведаў ужо, як замаліць свой грэх, як улагодзіць жонку — стаць на калені і зноў клясціся. Вользе такі «шпіктакль» падабаўся.
Месяца за паўтара да пачатку вайны Адама ўзялі на ваенныя зборы, і Вольга засталася адна з малой, не вельмі бядуючы: на гародзе ўжо ўсё пасеяна, пасаджана, ёй заставалася толькі вынасіць на рынак радыску, салату і цыбулю. Праца не цяжкая, і час цёплы — дзесяцімесячную Святланку можна было браць з сабою; так часта і прывозіла ў адной калясцы малую і радыску і пераконвалася, што дзіця нядрэнна памагае ў гандлі: інтэлігенты не праходзяць міма, каб не зацікавіцца добранькай ружовашчокай дзяўчынкай і не менш прывабнай маці, і абавязкова тады купляюць і не таргуюцца, плацяць, колькі скажаш, ды яшчэ іншы раз і рэшту не хочуць браць. Вольга ніколі не ашуквала пакупнікоў, такі быў запавет маці, але калі хто сам, загледзеўшыся на яе вочы, рабіўся шчодры — ад капеек яго не адмаўлялася, лічыла, што інтэлігенты грошы зарабляюць лёгка: іншы, акрамя пяра, цяжэйшага нічога ў рукі не бярэ ці языком перад студэнтамі паменціць — і яму сотні адвальваюць, а яна ўсю вясну лапату ды матыку з рук не выпускала, з дзіцем вымушана на рынак хадзіць, то за такую працу не грэх і лішнюю капейку ўзяць. Увогуле, самыя прыемныя для яе пакупнікі былі інтэлігентныя мужчыны, кожны з іх распальваў яе цікаўнасць: што гэта за чалавек? дзе ён робіць? З імі яна была вясёлая, тактоўная. А вось жанчын, убраных па-інтэлігенцку, не любіла, лічыла ўсіх такімі ж бабамі, як яна сама, і злавалася на іх ашчаднасць і скупасць — іншая за капейку паўгадзіны будзе таргавацца, адказвала ім груба, усім на «ты», а часам не саромелася іншую паслаць так, што суседкі па прылаўку хапаліся за жываты: «Во Ляновічыха сячэ! Уся ж у матку!»
Вайна Вольгу не вельмі спалохала, нават пра мужа і брата яна падумала не адразу. Перш-наперш прыгадала матчыны расказы, што ў вайну вельмі даражэюць прадукты. Прыкідвала, якую цану назначыць, каб не прагадаць, калі праз тыдзень, у наступную нядзелю, вынесе першыя, з цяпліцы, гурочкі, упэўнена была, што яе гуркі сапраўды-такі будуць першымі на Камароўцы, бо толькі ля Чэрвеньскага рынку жыве дзед, які мае такую ж цяпліцу, нябожчыца маці канкурыравала з тым дзедам, але і вучылася ў яго.
Праўда, на другі дзень вайны, калі суседкі праводзілі ў ваенкамат мужоў і сыноў, Вольга зусім шчыра пагаласіла разам з імі: Адась яе і брат Павел, лейтэнант, у арміі і, можа, ужо на фронце.
Моцна спалохалася, калі Мінск пачалі бамбіць, — за дачку спалохалася: куды хавацца з ёй? Але, паназіраўшы, дзе падаюць бомбы — бамбяць чыгунку ў першую чаргу, штаб акругі, цэнтр горада, дзе вышэйшыя ўстановы, — разважыла, што і бомбы не такія ўжо страшныя: у двары меўся добры цэментаваны склеп, дзе на зіму хавалі бульбу, бочкі з квашанымі гуркамі, капустай — для сябе і на продаж, у склепе можна прасядзець бамбёжку, не будзе ж вайна цягнуцца паўгода, калі захаладае.
А праз дзень-два яна траха не лезла сама пад бомбы з-за сквапнасці сваёй. Пачалося з таго, што хлапчукі крыкнулі на ўсю вуліцу:
— На Камароўцы лаўкі грабяць! — і пабеглі туды, на рынак, за імі сыпанулі дарослыя.
Безумоўна, пасля такога паведамлення Вольга не магла ўседзець дома. Занесла малую да суседкі, кульгавай цёткі Марылі, і кінулася туды ж, на рыначную плошчу, якую абкружылі розныя крамкі, ларкі, латкі — «торговые точки», як іх называлі. Але да таго, як яна прыбегла, усё ўжо разрабавалі, давяршаўся разгром крамы жалезных тавараў. Чырванатвары, з брыдкім аблупленым носам мужчына, з якім Вольга не была знаёмая, але неаднойчы бачыла на рынку п’янага, выцягнуў цэлую гару чыгункоў, каструляў, штук дзесяць сякер, пілы, клямкі, лапаты, завесы — і вартаваў гэтае дабро, некага чакаючы, хто, пэўна, памог бы занесці. У самой краме можна было падабраць хіба якую драбязу, недабітыя лямпы ды талеркі. Угневаная на сябе, што спазнілася, прамаргала больш каштоўны здабытак, і на ўсіх, хто цягнуў адгэтуль — зладзюганы, грабіцелі! — Вольга кінулася да мужчыны, які вывалак паўкрамы. Урэшце, у гэтым яна знаходзіла і пэўнае маральнае апраўданне сабе, бо выхаваная была так, што ніколі чужога не брала: маўляў, не сама крала дзяржаўную маёмасць, а забрала ў рабаўніка.
— Ану, морда, падзяліся з людзьмі, — сказала яна мужчыну і тут жа пачала адкладваць убок сваю частку.
— Пайшла ты!.. Не чапай!
Але яна паслала яго яшчэ далей.
— Ты са мной, морда, не заядайся. Ты мяне ведаеш. У мяне тут уся міліцыя — свая, а цябе бачыла, як міліцыя пад ручкі вадзіла…
— Скончылася твая міліцыя. Пяткі падмазала. Даганяй пад Масквой.
Ашаламіла гэта Вольгу і спалохала больш, чым бомбы. На нейкі момант яна сумелася і на рэчы забылася, гатовая ўжо адступіцца. Але тут жа падумала: раз сапраўды і міліцыі ўжо няма, улады, то ў дурнях яна застанецца, калі ў той час, як другія нажываюцца, яна з-за нейкай сваёй сумленнасці будзе варон лавіць. Са школьнай парты ёй паўтаралі, што ўсё дабро — народнае. А калі народнае, разважала яна, то, значыцца, і яе. Хіба яна не народ? Хіба мала папрацавалі на дзяржаву бацька яе, муж, браты, ды і сама яна не паняй па Мінску хадзіла! Не аддаваць жа вось такому гультаю і п’янюгу, як гэты чырванаморды. Алкаш той, мабыць, такі добра ведаў маладую Ляновічыху, бо хоць і мацюкаўся страшэнна і пагражаў перабіць ёй ногі, але мусіў уступіць пэўную частку свайго набытку, урэшце дзесяць лапат ці тузін чыгункоў і сапраўды да д’ябла яму.
Вольга занесла гэты жалезны скарб дадому і тут жа, папрасіўшы суседку пагуляць з дзіцем яшчэ, кінулася ў раздабыткі. Трэба лавіць момант! Яна і так, здаецца, шмат ужо што ўпусціла, хаваючыся ад бомбаў у склепе.
Выскачыла на Савецкую вуліцу, бо толькі там, на цэнтральнай магістралі, можна даведацца, што адбываецца ў горадзе. У цэнтры і каля вакзала шугалі пажары ад ранішняй бамбёжкі. Міліцыі сапраўды не відаць. Прайшла вайсковая часць, полк нейкі, салдаты стомленыя, запыленыя, некаторыя з акрываўленымі павязкамі на галовах, на руках. Няўжо пакідаюць горад? Чуткі аб наступленні немцаў хадзілі самыя неверагодныя і супярэчлівыя: адны гаварылі, што немцы ўжо пад Мінскам, другія — што абышлі Мінск, занялі Барысаў, а Вользіна школьная сяброўка, работніца друкарні імя Сталіна Лена Бароўская, горача даказвала, што ўсе плёткі аб разгроме Чырвонай Арміі пад Гродна і Баранавічамі распускаюць фашысцкія шпіёны. Але што нашы адступаюць, то гэта, бадай, з перадач радыё можна зразумець: ні разу не перадалі, што нашы наступаюць, — усё вядуць упорныя баі. Бою за Мінск не чуваць, адны бамбёжкі бязлітасныя, ды мінулай ноччу стралялі з пісталетаў і вінтовак недзе на Балотнай станцыі.
Чырвонаармейцаў Вольга пашкадавала. I жанчын, што цягнуліся з дзецьмі, з клункамі, такіх, як яе пакупніцы, якіх не любіла, таксама пашкадавала. А калі міма прамчаліся тры легкавыя машыны, то да тых, што сядзелі ў машынах, яна адчула злосць.
— Драпаюць начальнічкі, — зларадна сказаў нейкі мужчына, што стаяў побач з Вольгай у пад’ездзе шасціпавярховага Дома Камуны, і падкрэслена здзекліва праспяваў: «Чужой земли мы не хотим ни пяди, но и своей вершка не отдадим…»
Вольга засмяялася на яго словы і па-хлапецку, чаго не рабіла са школьных гадоў, па-разбойніцку, свіснула ўслед легкавушкам. Але калі гэты лысаваты, хоць і не стары яшчэ, тып, акуратаа паголены, паадэкалонены, у чыстай, вышытай васількамі кашулі, адчуўшы, пэўна, у ёй аднадумца, паспрабаваў даверліва загаварыць, Вольга адказала яму так, што ў таго паблеклыя вочы на лоб палезлі.
Яна глядзела на бежанцаў, некаторыя — па выгляду іх відаць было — здалёк ішлі, і злосць яе на тых, што ўцякаюць на машынах, мацнела. Дзіўная і страшная злосць. Разам з ёй, злосцю гэтай, расло шалёнае жаданне, якога ніколі не было, абуджалася нейкая дзікая сіла — ламаць, крышыць, разбіваць, паліць усё, што называлася народнай уласнасцю. Праўда, сіле гэтай Вольга не дала вырвацца, скіравала яе на іншае, на сваё, больш выгаднае — на перакананне, што раз тыя, якія мелі ўладу, уцякаюць, а яна нікуды ўцякаць не збіраецца, бо няма ёй куды ўцякаць, то гаспадыня тут яна і ўсё дабро належыць цяпер ёй і такім, як яна. Упэўненая, што не адна яна такая разумная, іншыя таксама не дурні, кінулася шукаць, дзе чым можна пажывіцца. I хутка знайшла. На вуліцы Куйбышава рабавалі гастраном, праўда, нясмела яшчэ: вырвалі краты і выставілі акно з двара; маладыя мужчыны, сярод якіх яна пазнала аднаго свайго, камароўскага, падавалі адзін аднаму скрынкі з гарэлкай і віном. Жанчын, відаць, жыхарак дома, не падпускалі, тыя кралі па пляшцы з вынесеных скрынак. Вольгу таксама не пусцілі залезці ў магазін праз гэтае акно. Замахнуўся адзін п’яны дурань на яе. Тады яна схапіла ржавы кавалак водаправоднай трубы, што валяўся ў двары, выбегла на вуліцу і пляснула па вітрыне. Дзынкнула, пасыпалася тоўстае шкло. Абразаючы ногі, яна ўскочыла ў магазін, іншыя жанчыны не адразу адважыліся палезці следам за ёй. Нават рабаўнікі, што гаспадарылі ўжо ўсярэдзіне, разгубіліся ад такой смеласці бабы, хоць і глынулі з пляшак. Ажно пакуль камароўскі не крыкнуў ім:
— Гэта ж Ляновічыха!
Імя гэтае як бы ўсё ім растлумачыла, і яе не толькі тут жа прынялі ў шайку, але, бадай, ужо лічылі завадатаркай; каб іх арыштавала ў той час міліцыя, то, безумоўна, усе тыя смельчакі паказалі б на яе: гэта яна першая! Вольга адчувала гэта, разумела і ні ў якой шайцы-лейцы быць не жадала і ненавідзела п’яныя морды, пагарджала імі, бо лічыла іх бандзюгамі, якім абы гарэлкі нажлукціцца. А сябе апраўдвала тым, што бярэ сваё, народнае, і не дзеля п’янства бярэ, не дзеля забавы — карміць дзіця, карміцца самой, бо хто цяпер пра яе паклапоціцца, калі муж ваюе, брат ваюе. Аднак камерцыйны вопыт падказваў, што ў будучым, бадай, самым каштоўным прадуктам стане гэтая агідная гара, якую многія жанчыны пракліналі. Таму, як і мужчыны, яна перш за ўсё схапіла скрынку гарэлкі, ускінула на плячо. А ў магазін праз выбітую вітрыну ўжо лезлі жанчыны, дзеці, і Вольга зразумела, што, пакуль яна занясе дадому гарэлку і вернецца назад, у гастраноме нічога не застанецца. А тут жа такое багацце! Што ж узяць яшчэ? Паспрабавала на другое плячо ўзваліць скрынку рыбных кансерваў, ды адчула, што дзве скрынкі не данясе. Трапіў на вочы няпоўны мяшок макаронаў — зручней несці. Не, мала. За пазуху, у кішэні можна накласці цукерак, шакаладак. Напхала цукерак усюды, адкуль яны не маглі высыпацца, нават у рукавы. Сем патоў выліла, пакуль данесла ўсё дадому па чэрвеньскай спякоце. I адразу ж кінулася назад.