Гандлярка і паэт
Шрифт:
Немцы падняліся, адзін нешта спытаў у яе па-нямецку. Яна залыпала вачамі, заківала галавой. Немцы засмяяліся і, абмінуўшы яе, пайшлі ў кватэру, з якой яна толью выйшла. Нават не паглядзелі, што ў яе ў клунку, напэўна, падумалі, што яна тутэйшая жыхарка і высяляецца, а гэта ім і трэба — ачысціць дом ад жыхароў. Як бы там ні было, але ад сустрэчы такой, ад беспакаранасці Вольга вельмі асмялела і пасля два дні шнырыла па дамах з сапраўды-такі марадзёрскай нахабнасцю. Цягнула ўсё, што трапляла пад руку. Вісеў загад здаць прыёмнікі, а яна ажно з Рэвалюцьійнай вуліцы, бадай праз увесь горад, прынесла загорнуты ў прасціну прыёмнік. З такімі ж, як сама, рызыкантамі аблазіла разбамблёныя дамы. У адным двары бомба перакінула машыну, у кабіне застаўся забіты шафёр. Яны і машыну гэтую «давялі да ладу», бо знайшлі ў кузаве савецкія грошы і паштовыя маркі. Ад цела ўжо нядобра патыхала, у такую спёку нядоўга, але Вольга ўгледзела на ім новенькую кабуру і тайком ад сваіх хаўруснікаў — «чысцільшчыкаў», так адзін з іх называў сам сябе, — адрэзала кабуру і схавала ў клунак — загарнула ў пак сукна. Разумела, што калі немцы агледзяць яе набытак, а ўжо здаралася, што аглядалі, і знойдуць пісталет — мала ёй не будзе. Але ўтрымацца ад спакусы не магла. Магчыма, не столькі пісталет яе вабіў, колькі жоўценькая кабура, дачка гарбара ведала цану добрай скуры. А можа, жыло ў ёй нешта школьнае, хлапечае — чаму не ўзяць такую цацку? Ніводзін камароўскі хлопец не прайшоў бы міма, а ў яе заўсёды была хлапецкая зухаватасць. Ці падсвядома нараджалася нешта больш сур’ёзнае: а раптам у той невядомасці, што чакае наперадзе, спатрэбіцца і пісталет?
Спыніла яна свае вылазкі пасля таго, як у руінах вялікага дома на Камсамольскай немцы абстралялі іх з аўтамата. Без усялякага папярэджання. Хаўрусніца, немаладая ўжо жанчына са Старажоўкі, ускрыкнула і ткнулася галавой у друз. Вольга скацілася па ўсходцах лесвіцы, як нежывая, пабіла галаву, паабдзірала калені. На жываце. як параненая кошка, выпаўзла з таго злашчаснага дома.
Вось яны якія, немцы! Могуць не звярнуць увагі, калі ты цягнеш на плячах прыёмнік, і могуць пачаць страляць проста так, дзеля забаўкі, ці што. Дарэчы, у той дзень было ўжо адно папярэджанне: на яе вачах на Нямізе застрэлілі старога яўрэя; ён, адзеты ў зашмальцаваную сукню, ішоў з новым скураным чамаданам, які вельмі ж не пасаваў да яго выгляду, да яго беднасці. Двое гітлераўцаў у чорнай форме падышлі да яўрэя, адзін узяў яго за бараду, нічога не кажучы, дастаў пісталет і выстраліў старому ў… шыю, у кадык. Вольга ўбачыла, як пырснула кроў, і ледзь не самлела. Безумоўна, пасля таго здарэння трэба было да д’ябла кінуць усе анучкі, бо ў той дзень яны сапраўды падбіралі адны анучкі — нічога добрага ўжо не засталося, і бегчы дадому, да Светкі, і жыць. як Лена Бароўская, як іншыя суседзі: нікуды не выходзіць, чакаць… Але па-абывацельску разважыла: дык то ж яўрэй, немцы не любяць яўрэяў, а яна ж беларуска і нічога шкоднага не робіць — быццам ведала, што той стары зрабіў нешта шкоднае.
II
— Дранікі! Дранікі! Гарачыя дранікі, — крычала Вольга, пляскаючы ў далоні і прытанцоўваючы ад холаду. Але ў той дзень і на такі ласунак, як гарачыя дранікі, не надта кідаліся, не так, як раней, калі на рынках пачалі гандляваць харчам, які можна тут жа з’есці. Голад — найлепшы эканаміст — падказаў тым, у каго было што прадаць, як гэта зрабіць найвыгадней. Да вайны вараным ды смажаным не гандлявалі, не было патрэбы. Хто б гэта пачаў есці на рынку? Хіба п’янюга які. Праўда, Вользе расказвала маці, што пры нэпе тут, на рынку, стаялі жароўні, на іх смажыліся кілбасы, гатавалася верашчака, пякліся бліны… Але тады было прадуктаў, а таму нэпманы і вынаходзілі, як прывабіць пакупніка. Цяпер жа, у акупацыі, такі гандаль ад галадухі. Вольга адна з першых здагадалася, што патрэбна людзям, якія блукалі па рынку і нават на качан капусты глядзелі галоднымі вачамі. Каб нехта ўпікнуў яе, што яна абірае галодных, то яна плюнула б такому ў вочы. Не, яна памагае людзям, робіць дабро, няхай скажуць дзякуй, што ёй удалося і бульбы накапаць, і мукі запасці, і алею. Урэшце, прадаць усё гэта можна, не выходзячы з дома, цяпер любыя прадукты з рукамі адарвуць, дзякуй скажуць. А яна пячэ гэтыя дранікі, сама ж дровы купляе тут, на рынку. і пасля стаіць на холадзе, дубянее. Пра тое, што без гандлю яна ўжо не можа жыць, што гэта зрабілася для яе патрэбай, сутнасцю існавання, — пра гэта яна не думала. Натура прымітыўных людзей, нават зладзеяў і катаў, такая, што любым сваім учынкам яны шукаюць высакароднае апраўданне: адны тлумачаць іх нейкімі вялікімі ідэямі, другія — жаданнем жыць, не памерці з голаду, карміць дзяцей і г. д.
Што не кідаліся на дранікі, не расхоплівалі іх, Вольгу не вельмі непакоіла: не прападзе яе тавар, прадасць — голад, як кажуць, не цётка.
На рынку ў той дзень было пуставата. Моцна захаладала. Рана захаладала — сярэдзіна кастрычніка ўсяго, у мінулыя гады ў такі час ззяла золатам бабіна лета. А тут, як на гора тое, ужо добра марозіла. Але пазаўчора, учора яшчэ грэла скупое асенняе сонца, а ў той дзень па небе ляцелі цяжкія цёмныя снежныя хмары, разы два сыпаліся снежныя крупы, потым хмары парвала, шугануў вецер, ён узнімаў на рынку пясок, засыпаў вочы. Было няўтульна, сумна і трывожна. Рынак апусцеў, пэўна, і па іншай прычыне: учора была аблава, некаторых падазроных пахапалі паліцыя і СД. Аблава Вользе не спадабалася. Калі яны часта пачнуць учыняць такі разгон, то які дурань будзе хадзіць на рынак і што тады застанецца ад свабоднага гандлю, які новая ўлада дакляравала? За сябе яна не баялася — мела знаёмых і ў паліцыі, і нават сярод немцаў; лёгка завесці знаёмства, калі маеш чым пачаставаць, самі ліпнуць, як мухі на мёд.
Падышоў высокі мужчына з акуратна падстрыжанымі вусікамі, апрануты трохі дзіўна — у старым пакамечаным капелюшы і ў новым кажушку, чырвоным, вышытым жоўтымі ніткамі. Выгляд яго Вольгу не здзівіў: цяпер шмат хто так апранаецца — палавіна ўбору гарадскога, палавіна сялянскага. Але на кажушок яна пазайздросціла, падумала, што вышыўка на ім жаночая — навошта мужчыну такія галуны, ёй бы яны больш падышлі.
— Па чым дранікі, прыгажуня?
— Тры маркі за пару.
— Ого, кусаюцца ж яны ў цябе.
— Бо іх кусаць можна, таму і яны кусаюцца.
— А ты вясёлая.
— А чаго мне бедаваць?
— Праўда, навошта нам бедаваць, калі можна гандляваць.
Ён амаль што праспяваў гэтыя словы, і такі яго тон пакрыўдзіў Вольгу.
Але яна навучылася маўчаць. А то яшчэ наскочыш на якога-небудзь агента гестапа. Выказала крыўду нязлосна:
— Стань на маё месца, пакалей тут… А бульбу — ідзі купі яе, прывязі ў горад…
Мужчына засмяяўся:
— Вазьмі мяне ў прымакі. Буду забеспячэнцам.
— Многа вас набіваецца ў прымакі. У мяне муж ёсць.
— Не шанцуе, — цмокнуў ён.
— Дык даць дранікі?
— Не зарабіў я на іх.
— Прадай дублёнку.
— А сам у чым пайду? Зіма наступае.
— Я табе шынель дам. Кілё сала. Літр самагонкі. I накармлю да пуза.
Ён весела свіснуў — з іроніяй:
— Добрая ж цана.
— Хіба мала даю?
— Ды не, шчодра. Але шынель мне пакуль што не трэба, — ён спахмурнеў і развітаўся: — Будзь здарова, гандлярка.
Слова гэтае — гандлярка — Вольга не любіла. Сам гандаль не ганьба, праца не горшая за іншую, так лічыла маці яе, так і яна лічыла, а слова зневажала, пры бальшавіках яно было што лаянка.
Падышоў знаёмы паліцэйскі — Хведар Друцька.
«З’явіўся нахлебнічак, без вас нідзе не абыдзецца», — падумала Вольга, але без злосці, бо Друцьку гэтага прызнавала за чалавека — не нахабнік, не хапуга, ласкавы, добры, а галоўнае — малады і прыгожы. Вольга не любіла старых. Але і Друцькава ласкавасць яе насцярожвала.
— Не змерзла?
— Не-эк.
— Кроў у цябе кіпіць. А я скалеў, пальцы не магу разагнуць. Адкуль ён, такі холад? Рана ж яшчэ.
Вольга стоена ўздыхнула, бо ведала, чаго чакае паліцай, калі прызнаецца, што змёрз. Нахілілася пад прылавак, не выцягваючы з каша, накрытага хусцінай, пляшку, наліла з яе ў салдацкую конаўку, працягнула Друцьку. Той азірнуўся, як бы нават і сарамліва, але гандляркі-суседкі адвярнуліся: яны, маўляў, не бачаць, у каго частуецца пан паліцэйскі. А пан вельмі ж спрытна, проста з размаху, выплюхнуў паўконаўкі смярдзючай гары ў зяпу. I застыў, як бы прыслухоўваючыся да сігналу далёкай трывогі, потым весела крактануў:
— Во калі, падла, дайшла да жылачак. Агонь! Полымя!
Вольга перад гэтым падумала: «Жлукці, каб табе вантробы папаліла», — але ад пахвалы засмяялася, урэшце, скупой яна ніколі не была, пачаставаць чалавека ёй заўсёды было прыемна.
Разгарнула старую коўдру, дастала з каструлі відэльцам два дранікі і зноў падумала: «На, тарбахват, закусі».
Паліцай абодва дранікі запіхнуў у рот, пракаўтнуў, амаль не жуючы. Пахваліў:
— Смачнае ў цябе ўсё, Вольга. Добрая ты гаспадыня. Бяры мяне ў прымы.
Вольга весела крыкнула суседцы:
— Чулі, цётка Стэфа? Яшчэ адзін прымак. Во шанцуе бабе! — I да паліцая: — Тут перад табой, пабачыў бы, які пан напрошваўся ў прымакі. Ого! Мужчына — во! А які кажушок на ім!
Друцька спахмурнеў:
— З паноў не бяры. Каторага з нас, мужыкоў, выбірай.
— Пра што гэта вы плешчаце? У яе муж ёсць, — абараніла Вольгу суседка.
— Дзе ён, яе муж? — самагонка ўдарыла ў галаву, і Друцька, адразу пачырванелы, лісліва ўсміхнуўся; хацелася яшчэ выпіць, і ён крыху патаптаўся перад Вольгай, але вымагаць не стаў, пайшоў шукаць іншых, хто плаціў даніну гэткай жа вадкай натурай.
— Во панадзіліся! — сказала Стэфа. калі паліцай адышоў.
Праз нейкі час яны гуртом, чацвёра старых гандярак, абмяркоўвалі памеры хабару, які належыць даваць паліцаям і нямецкаму патрулю — каму колькі, каб была адна норма, адна тактыка.
У размове Вольга не ўгледзела, як перад яе месцам за прылаўкам з’явілася Лена Бароўская, ці проста не адразу пазнала сяброўку, калі тая падыходзіла, не звярнула ўвагі. З таго часу, як пасварыліся ў пачатку вайны, яны не размаўлялі і бачылі адна адну хіба здалёк.