Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Лена была ў старым паліто, залішне лёгкім для такога надвор’я, галава абкручана клятчастай, як плед, хусткай, цёплай, але старамоднай — такія хусткі хіба яшчэ да рэвалюцыі насілі. Праўда, цяпер, у акупацыю, ніякае адзенне не здзіўляла, бо выцягнулі ўсё старое з куфраў — старыя футры, сурдуты, сарафаны, світкі, андаракі, насілі іх, гандлявалі імі, выменьвалі на прадукты. Але Лену хустка гэтая вельмі старыла, бабуляй рабіла. Вольга ажно разгубілася, калі нарэшце пазнала яе, адзначыла: схуднела вельмі Лена, твар выцягнуўся, пажаўцеў, нос падаўжэў, а пад некалі прыгожымі блакітнымі вачамі — сінякі, як пасля цяжкай хваробы. З-за гонару Вольга не павіталася, чакала — няхай яна, Лена, першая павітаецца.

Лена не сказала «дзень добры», але ўсміхнулася пасінелымі вуснамі па-сяброўску, прымірэнча і, перасмыкнуўшыся, паскардзілася:

— Х-холадна.

Гэтага было даволі, Вользе стала шкада сяброўку, хоць сям’ю іх асудзіла: «Дурні яны, гэтыя Бароўскія. Як дзеці. Усе ж дома — і стары, і маці, і браты. I нічога не ўмеюць зрабіць, каб не галадаць… Пры Саветах — Лена і бацька стаханаўцамі былі…»

— Драніка хочаш? — нечакана для сябе спытала Вольга.

— Хачу, — проста адказала Лена.

Адкусвала яна маленькімі кавалачкамі, грэючы цёплым дранікам рукі і смакуючы яго, як самы дарагі ласунак. Вочы яе, патухлыя, застылыя, бясколерныя, адразу ажылі, ветліва ўсміхнуліся — і ў іх заззяў ранейшы блакіт. Вольга таксама адтавала, радасна зрабілася ад таго, што школьная сяброўка пасля даўняй сваркі прыйшла першая і так хораша ўсміхаецца.

— Даць яшчэ дранік?

— Калі не шкадуеш.

— Табе — не шкадую.

— Не баішся, што сама застанешся без бульбы?

— Не баюся.

— Запаслівая ты.

— Ды ўжо ж, варон не лавіла, — яўны дакор ім, Бароўскім.

Але ці то Лена не сцяміла, ці вырашыла не звяртаць на такія дакоры ўвагі, ці, можа, голад навёў на думкі, што жыць трэба інакш. Ва ўсякім разе, Вользе ўсё больш і больш падабалася, што Лена такая лагодная, пакорлівая, без гонару свайго камсамольскага, які яна мела і ў школе, і калі рабіла ў друкарні, і асабліва на пачатау вайны.

— Дадому не збіраешся? — спытала Лена, даеўшы другую пару дранікаў паспешліва ўжо, не так, як першую.

Вольга здагадалася, што Лена мае сказаць нешта такое, пра што тут, на рынку, гаварыць не адважваецца.

— А праўда, які гандаль у такую халадзіну! — і, здзівіўшы суседак, паставіла загорнутую ў коўдру каструлю з дранікамі ў лазовы кош, ускінула кош на плячо, Лене сунула цыратавую кайстру з самагонкай і буракамі.

Друцька, якому не ўдалося больш ні ў кога пажывіцца, вярнуўся да Вольгі, убачыў, што яна адыходзіць, расчаравана разявіў рот і нейкі час ішоў следам.

Можа, таму, што ўбачылі за сабой паліцая, хоць і на значнай адлегласці, ці таму, што гразь за дзень адтала і трэба было ісці адна за адной, след у след, наступаючы на адны і тыя ж цагліны і кладкі, каб не трапіць у лужы, яны доўга ішлі моўчкі. Калі выйшлі на сваю, больш сухую, пясчаную вуліцу, пайшлі побач, азірнуліся: паліцай адстаў, заставалася ў яго яшчэ трохі сумлення, каб не ісці па другую шклянку самагонкі ў дом.

Вольга спытала:

— Што ты робіш, Лена?

— Працую.

— Дзе?

— У друкарні.

— У нямецкай? — вельмі здзівілася Вольга.

— Трэба ж неяк жыць.

— Во гэта праўда! — Вольга бадай што крыкнула ад радасці. — Трэба неяк жыць! А ты мяне ўпікала.

Лена змаўчала наконт таго, завошта яна ўпікала сяброўку і завошта магла б і цяпер асудзіць. Лена нечакана папрасіла:

— Слухай, забяры аднаго чалавека з лагера ў Драздах.

— Як жа я забяру яго?

— Як мужа. Ці мала жанчын забралі мужоў…

Вольга ведала: некаторыя мінчанкі і жанчыны з навакольных вёсак узялі хто свайго мужа, калі яму пашчасціла апынуцца тут, блізка ад дому, а хто і чужога. Вольга таксама хадзіла ў Дразды, у Сляпянку, ездзіла ў Барысаў, шукала свайго Адася. За добры выкуп немцы аддаюць палонных чырвонаармейцаў, камісараў не адцаюць.

— У мяне ёсць муж. Што скажуць суседзі?

— Ты толькі выкупі яго ды вывезі з лагера, а там ужо не твой клопат.

— Ага, каб варта падстрэліла. Было ж ужо, кажуць, такое, што пачалі страляць у баб. Пакладзеш галаву немаведама за каго.

Лена спынілася, прымусіўшы і Вольгу спыніцца; начапіўшы кайстру на руку, схапіла Вольгу за штрыфлі паліто, вочы яе гарэлі, шчокі хваравіта запунсавеліся.

— Волька, гэта вельмі патрэбны чалавек.

— Каму патрэбны? Табе? То і забірай яго.

— Народу… народу патрэбны, — дзіўна, як бы захлынаючыся, прашаптала Лена.

— О, любая мая! — лёгка засмяялася Вольга. — Што мне думаць пра народ! Народ пра мяне не думае… Ты пра мяне думаеш?..

Лена рыўком прыцягнула яе да сябе і горача зашаптала ў твар:

— Волька! Няможна так… нельга… не думаць пра народ. Калі-небудзь у нас запытаюць. Дзеці нашы запытаюць… што мы зрабілі, каб вызваліцца ад навалы гэтай… Ты хочаш, каб твая Света вырасла ў рабстве? Ды ці вырасце ўвогуле! Ты яшчэ не ўведала, што такое фашызм!

— Калі я буду жывая, то вырасце і дачка мая. А калі мяне павесяць, як тых, у скверы, то пра дзіця маё ніхто не падумае. Ніхто!

— Я цябе не ўцягваю ў партызаны. Я цябе прашу выратаваць чалавека…

— На храна мне твой чалавек!

— Эх, Волька, Волька, — лёгенька адпіхнуўшы Вольгу, з вялікім смуткам і расчараваннем сказала Лена, павярнулася і адбегла з сярэдзіны вуліцы пад плот, быццам спалохалася ці шукала схованку ад чужых вачэй.

«Ну, і пайшла ты…» — у той першы міг хацела крыкнуць Вольга і дадаць базарнае слова. Але Лена адыходзіла павольна, маленькая, ссутуленая, як бабуля, у старамоднай хустцы, і Вользе раптам зрабілася шкада яе. I сябе. А яшчэ сяброўства з Ленай пашкадавала, бо зразумела, што калі крыкне так, то разыдуцца яны назаўсёды, на ўсё жыццё ворагамі стануць. А ворагаў хапае. Але не толькі гэта спыніла. Было многа іншага. Узнялася цэлая завіруха пачуццяў, самых супярэчлівых. Цэлы дзень пасля, парадкуючы ў доме, яна старалася навесці парадак у галаве сваёй, у сэрцы. Праўда, хіба прышэльцы ў зялёных і чорных мундзірах, з чужой мовай — сябры яе? Навошта ж яшчэ і сваім рабіцца ворагамі? Хапае гэтай брыдоты — паліцаі, што звяры. Не да паліцаяў жа ёй, Вользе, гарнуцца, хоць і вымушана часам частаваць іх. А да каго, да каго ёй гарнуцца? Да такіх, як Лена? Але ж вельмі падобна на тое, што гэтая зацятая камсамолка звязана з дыверсантамі, з партызанамі, якія дзейнічаюць тут, у горадзе, пра якіх шэпчуцца людзі, а немцы вывешваюць загады, пагражаюць усім, хто бандытаў падтрымае, смерцю і павесілі ўжо колькі чалавек у скверы ля Дома Чырвонай Арміі, вінаватых ці невінаватых — невядома, можа, проста каб пастрашыць. Не, з Ленай ёй не па дарозе. Але разам з тым людзі такія, як уся сям’я Бароўскіх, што жывуць у холадзе і голадзе, не схіляюць галавы перад немцамі, не гнуць спіны, упершыню неяк зусім інакш, не па-абывацельску — каб перамыць ім костачкі з суседкамі на рынку — зацікавілі Вольгу, больш таго, яна адчула да іх павагу, ад якой самой зрабілася страшна. Калі пра іх так думаць, то і палюбіць іх можна, захапіцца імі і пайсці за імі, на смерць пайсці. Лепш было пасварыцца з Ленай, няхай бы трохі пашкраблі кошкі на душы, але потым жыла б яна спакойна, не ведаючы ніякіх Бароўскіх, і нічога не баялася б. Урэшце, і пры немцах жыць можна, калі не быць дурнем, гандлёвай справе нават большы прастор, чым пры Саветах. Можна сваю крамку мець, пра што, між іншым, яна марыла, дзеля чаго збірала маркі; не трэба будзе тады калаціцца на рынку ад холаду і страху, сядзі сабе ў цеплыні, адважвай ці адмярай тавар, на які атрымаеш дазвол, і да цябе з павагай будуць: «Пані Ляновічыха…»

Не, у тую ноч не павага да такіх, як Лена, не захапленне імі вызначала яе рашэнне. Іншае. Вольга думала пра тое, што ўсё часцей і часцей да яе заглядаюць паліцаі і, падвыпіўшы, ліпнуць са сваімі брыдкімі пяшчотамі. Ад паліцаяў яна пакуль што адбівалася: каму мусіла дарыць пацалунак як надзею на большае, абы ў той час адчапіўся, а каму аплявуху і кухталя — не лезь па чужое. Ды вось разам з паліцаямі пачалі заходзіць немцы і таксама пазіраюць, як каты на сала. А гэтыя гады не будуць цырымоніцца, згвалцяць на вачах у дзіцяці, у старой Марылі, у душу наплююць, зняславяць на ўвесь горад. Гэтага яна баялася, як смерці. Дык чаму ж ёй не ўзяць у дом мужчыну? Узялі ж некаторыя бабы, у якіх мужы, як і ў яе, на вайне. Пры мужчыну, ды яшчэ калі ён называецца мужам, не адважацца нахабнічаць. Адась? Што ж, калі ён вернецца (Божа мой, калі гэта можа здарыцца!), яна пакаецца… Хоць, магчыма, і каяцца не трэба будзе. Няма сумнення, што Лена мае заданне выратаваць не абы-каго, а напэўна, камандзіра ці камісара, камуніста, відаць, немаладога чалавека ўжо. Такі, нават жывучы ў адным доме, не стане пасягаць на яе жаночы гонар. А калі ўжо здарыцца грэх — сама яна не выстаіць, то няхай гэта будзе з адным, са сваім чалавекам, па-добраму, па згодзе.

Поделиться с друзьями: