Гандлярка і паэт
Шрифт:
Друцька ступіў ім насустрач. Але другі злосна крыкнуў:
— Каня спыні, разява!
Вольга не спалохалася, нават не падумала нічога такога, пра што думала перад кантрольным пастом у Мінску. Ніякай трывогі не ўявіла. Паслухмяна кінулася, каб дагнаць каня.
Конь прайшоў ад чыгункі крокаў сто. Яна баялася тпрукаць, каб конь не пабег, такое з коньмі часта здараецца. Але гэты вучоны: пачуў, што за ім бягуць, і спыніўся сам.
Вольга стаяла ля саней і глядзела, як яны падыходзяць — ахоўнікі і яе спадарожнік.
Друцька знізу ўгору заглядваў у твар пад акуляры доўгаму і нешта горача даводзіў. Дастаў з-за пазухі свае паперы, працягнуў немцу, але той перадаў іх тлумачу. Чуваць было, як доўгі сваім танклявым, як бы дзявочым голасам хораша лапоча па-нямецку — перакладае.
Яны наблізіліся. У тлумача не толькі голас, але і твар быў дзявочы ці дзіцячы, сапраўды, нягледзячы на такі ненатуральны рост, гэта быў яшчэ хлапчук, гадоў хіба семнаццаць. Але ў яго нядобра, вельмі злосна крывіліся вусны і пальцы сціскаліся ў кулакі, быццам ён з натугай стрымліваў сябе, каб не тыцкнуць кулаком у Друцькаў твар.
Друцька абураўся:
— Сваім не верыце? Такім дакументам! Ты паглядзі, кім падпісана маё пасведчанне!
— Калі ты паліцэйскі, то ведаеш, што дакументы ў бандытаў заўсёды ў парадку, — ужо больш лагодна сказаў юнак і паслужліва пераклаў немцу свае словы.
Той ухваліў:
— О,яволь.
Вольга падумала: «Дзе гэта ён, паганец, так па-нямецку навучыўся? Выцягнуўся, што чорт за вушы цягнуў. Каланча! Можа, памагчы Хведару?»
Не, не хацелася чамусьці ёй ні прасіць, ні даказваць нешта, ні тым больш усміхацца ці жартаваць — пускаць у дзеянне свае чары. Яна не то не адчувала яшчэ пагрозы, не то верыла, што яе можна адхіліць.
Немец, прайшоўшы каля каня, чамусьці пільна агледзеў хамут, памацаў лямец. Перакладчык падняў мяшок з сенам, на якім яны сядзелі, і неяк грэбліва, зняважліва выкінуў яго з саней, ад чаго Друцька ажно пабялеў. Але Вольгу гэта мала кранула.
Немец абышоў вакол каня і ішоў да яе. Яна адступіла крокі на тры з дарогі ў снег, падумаўшы: ці не хоча ён абшукваць яе? Не, немец паказаў пальцамі на мяшкі і швейную машыну.
— Што ў мяшку? — спытаў акулярык.
— Я ж табе сказаў, што ў мяшках. Барахло. Едзем да сваіх, каб пажаніцца, — Друцька паспрабаваў усміхнуцца. — Трэба ж падарункі.
— Развяжы.
— Так табе хочацца патрэсці мае мяшкі? Эх, ты! Анцілігентны хлопец! Свайму не верыш.
Перакладчык пачырванеў, і вусны яго скрывіліся ўжо не злосна, а неяк пакрыўджана.
— Ён табе нажом зараз папора іх. Не ламайся.
Немец здзівіўся, што апошніх слоў тлумач не перадаў, і цярпліва чакаў, і той пачаў нешта гаварыць, хоць Вольга зразумела: не тое, што сказаў, перакладае.
Друцька рашуча ўскочыў на сані, быццам намерваўся гаварыць прамову.
— Які развязваць?
— Любы.
«Калі ён пачне развязваць мой мяшок, я кіну гранату», — падумала Вольга, без страху, са спакоем, які здзівіў самую яе, толькі адно трошкі занепакоіла: куды ж лепш кінуць? Вырашыла — у сані, пад ногі Друцьку. Для размаху яшчэ адступіла крокі на тры. Пра тое, куды схаваецца сама, не падумала.
Друцька схапіў свой паўмяшок, зубамі развязаў вузел на аборцы, бо пальцы не гнуліся — ад холаду ці хвалявання. Перавярнуў мяшок і злосна вытрас усё, што было ў ім, на сані.
На міг Вольга нават забылася на гранату, ашаломленая: з мяшка высыгталіся дзіцячыя штонікі, сарочкі, кофтачкі, панчошкі і чаравічкі, многа чаравікаў, пар, можа, дваццаць, самых розных, белых, чырвоных, чорных, са стаптанымі абцасікамі, аблузанымі насочкамі…
— Ну, во бачыш, што тут. Жыдоўскія лахманы. Эршысен юдэ. Пух-пух. — тлумачыў сам немцу. — Юдзянятам на тым свеце яны не патрэбны.
Вольгу як апаліла страшным агнём. «Ах ты, гад! Што ж ты рабіў, сабака! Якая табе кара трэба за гэта?»
Хлопец пераклаў Друцькавы словы — і немец засмяяўся. Ён, з кім яна толькі што сядзела побач у санях, таксама выскаліў зубы. I гліст гэты, кобра двухвокая, сапляк, таксама захіхікаў лісліва, агідненька.
«З чаго яны смяюцца? Са смерці дзяцей? Яны смяюцца са смерці дзяцей?»
I перад яе вачамі стала Светка, забітая гэтымі… Маленькія валёначкі, у якіх адвезла яе да брата… Там, на санях, у кучы абутку такія ж валёначкі. Адна пара…
Дзіцячы плач, енк зазвінеў у вушах. Але ў гэтым страшным хоры яна чула выразна Светчын голас. Стала страшна, што яна не ажыццявіць свой план. Колькі яшчэ трэба чакаць?.. Хіба можа яна ехаць з гэтым лютым ворагам далей, сядзець у адных санях?!
А гэтыя?.. Застануцца тут, каб смяяцца са смерці дзяцей? Не! Караць іх трэба адразу! Усіх!
Не было ўжо сілы, якая б спыніла яе. Не было часу на развагу: што будзе з ёй? Куды схаваць галаву, як вучыў Захар Пятровіч? Яна асцярожна дастала гранату з-за пазухі, узняла над галавой. Хрыпла крыкнула:
— Ану, гады!
Тады яны звярнулі на яе ўвагу.
Немец адразу ўпаў на сані. Збялелы акулярык закрыў твар далонямі, быццам галоўны яго клопат — прыкрыць свае хворыя вочы. А Друцька застыў на санях з разяўленым ротам, з растапыранымі рукамі, глядзеў на яе, тужыўся ўсміхнуцца, можа, не адразу сцяміў, што над ім павісла смерць, можа, хацеў пераканацца, што жанчына жартуе.
Вольга не шыбанула гранату яму пад ногі. Сарваўшы кальцо, яна нахілілася і як бы закаціла гранату пад сані.
Выбуху яна не пачула і агню не ўгледзела. Але ўбачыла, як падкінула ў паветры сані і як яшчэ вышэй, што цыркач на сетцы, падскочыў Друцька. А конь ірвануў з месца. Вольга нават паспела падумаць: добра, што каня не зачапіла, на кані яна хутчэй уцячэ адгэтуль.
У твар ёй шуганула не гарачым, а халодным — ледзянымі пырскамі. Потым нешта моцна ўдарыла ў грудзі. Ад удару яна ўпала ў снег і, напэўна, на кароткі час страціла прытомнасць. Прыйшла да памяці — пачула шум. быццам гудзеў у навальніцу бор ці ішоў цягнік, і як бы далёкае ржанне. Узняла галаву і ўбачыла, што зусім блізка ад яе галава да галавы нерухома ляжаць Друцька і доўгі тлумач. I Вольга амаль заспакоена падумала, што ўсё добра — яна сама выканала прысуд, яна пакарала іх… Не трэба будзе прасіць Сіўца. Цяпер ні Камандзір, ні Захар Пятровіч не ўпікнуць яе… Усё добра… Толькі трэба дагнаць каня… Дзе ён там іржэ? Насілу павярнула галаву. Конь без саней. але з аглоблямі, ахутаны вогненна-чырвонай парай, сутаргава біўся ў снезе збоку ад дарогі. Снег вакол яго дыміўся. Ці то чырвоны туман у яе вачах? Ці не кроў залівае вочы? Яна правяла далоняй па твары. Крыві не было. Гэта вельмі парадавала: твар ёй не пасекла. I яна ўсё бачыць — слупы, ельнік уздоўж чыгункі… Чаму ж такі туман над канём? Каня стала вельмі шкада. Як жаласліва ён іржэ…
— Я памагу табе, конік. Я памагу…
Яна сабрала апошнія сілы і паспрабавала ўстаць. Але тады не толькі пара над канём — шэрае хмарнае неба зрабілася чырвоным і раптам абвалілася — усё агромністае неба — на яе адну…
1975