Героі Элады
Шрифт:
Да гэтага часу на выспе Крыт паказваюць рэшткі гэтага цудоўнага збудавання.
Доўга жыў Дэдал у цара Мінаса палонным на чужой выспе пасярод мора. Часта сядзеў ён на марскім беразе, пазіраў у бок роднага краю, успамінаў свой прыгожы горад і сумаваў. Мінула ўжо шмат гадоў, і, пэўна, ужо ніхто не памятаў, у чым яго абвінавачвалі. Але Дэдал ведаў, што Мінас ніколі не адпусціць яго і ні адзін карабель, які адплывае ад Крыта, не асмеліцца ўзяць яго з сабою, баючыся пагоні. І ўсё-такі Дэдал ўвесь час думаў аб тым, каб вярнуцца дадому.
Аднойчы, седзячы каля мора, ён зірнуў на шырокае неба і падумаў: «Няма мне дарогі па моры, але ж неба адкрыта для мяне. Хто можа перашкодзіць мне на паветраным шляху? Птушка рассякае крыламі паветра і ляціць куды хоча. Хіба чалавек горшы за птушку?»
І яму захацелася зрабіць сабе крылы, каб вызваліцца з палону. Ён пачаў збіраць пёры вялікіх птушак, адмыслова звязваў іх ільнянымі моцнымі ніткамі і змацоўваў воскам. Неўзабаве ён зрабіў чатыры крылы - два сабе і два для свайго сына Ікара, які жыў з ім на Крыце. Крылы перавязваліся крыж-накрыж і прымацоўваліся да грудзей і рук.
І вось надышоў дзень, калі Дэдал парашыў выпрабаваць свае крылы. Надзеў іх і, плаўна ўзмахваючы рукамі, узняўся над зямлёй. Крылы трымалі яго ў паветры, і ён мог ляцець у той бок, куды хацеў.
Спусціўшыся ўніз, ён надзеў крылы сыну і пачаў вучыць яго лятаць.
– Спакойна і роўна махай рукамі, не апускайся задужа нізка да хваляў, каб не намачыць крылы, і не ўзнімайся высока, каб промні сонца не апяклі цябе. Ляці за мною следам, - так гаварыў ён Ікару.
І вось на досвітку яны паляцелі з выспы Крыт.
Толькі рыбакі ў моры ды пастухі на лузе бачылі, як яны адляталі, але і тыя падумалі, што гэта крылатыя багі пралятаюць над зямлёй. І вось ужо далёка ззаду засталася скалістая выспа, і шырока раскінулася пад імі мора.
Дзень разгараўся, сонца ўзнялося высока, і промні яго прыпякалі ўсё мацней.
Дэдал ляцеў асцярожна, трымаўся бліжэй да паверхні мора, з бояззю азіраўся на сына.
А Ікару па душы быў вольны палёт. Усё хутчэй рассякаў ён крыламі паветра, і яму захацелася ўзняцца высока-высока, вышэй за ластавак, вышэй за самога жаваранка, які спявае, пазіраючы проста ў твар сонцу. І ў тую хвіліну, калі бацька не глядзеў на яго, Ікар узняўся высока ўгору, да самага сонца.
Пад гарачымі промнямі растапіўся воск, які змацоўваў крылы, пер'е распалася і разляцелася навокал. Дарэмна ўзмахваў Ікар рукамі - ужо нічога больш не трымала яго ў вышыні. Ён імкліва падаў, упаў і знік у глыбіні мора.
Азірнуўся Дэдал - і не ўбачыў у сіняве неба свайго сына. Ён глянуў на мора - толькі белае пер'е плыло на хвалях.
У роспачы апусціўся Дэдал на першую, што трапілася яму, выспу, паламаў свае крылы і пракляў сваё майстэрства, якое згубіла яго сына.
Але людзі запомнілі гаты першы палёт, і з таго часу ў іх сэрцах жыла мара аб пакарэнні паветра, аб прасторных нябесных дарогах.
Тэзей
Афінскі цар Эгей не меў дзяцей. Два разы быў ён жанаты, але жонкі не нарадзілі яму ні сына, ні дачкі. І таму ён вельмі бедаваў. Ён хацеў ведаць, няўжо яму суджана застацца бяздзетным, і спытаў пра гэта ў аракула-прадказальніка. Аракул адказаў так загадкава, што Эгей не мог зразумець яго.
У гэты час у Аргалідзе, у горадзе Тразенах, жыў стары мудры Пітфей. Эгей выправіўся да яго ў Тразены - папрасіць яго разгадаць адказ аракула. Пітфей растлумачыў прадказанне: у Эгея будзе сын, якому суджана стаць вялікім героем.
Эгей узрадаваўся і, каб хутчэй збылося прадказанне, ажаніўся трэці раз - з дачкой Пітфея - і пачаў чакаць абяцанага сына.
Але тут з Афін прыйшла вестка, што ворагі, скарыстаўшы адсутнасць цара, намагаюцца захапіць уладу ў горадзе. Эгей вымушаны быў вярнуцца ў Афіны. Але Пітфей не адпусціў сваю дачку з мужам: старому цару хацелася, каб герой, якога пасылае лёс, нарадзіўся ў Тразенах і сваім нараджэннем праславіў горад.
Перш чым пакінуць Тразены, Эгей закапаў у царскім садзе пад вялікім каменем свой меч і сандалі і сказаў жонцы:
– Калі мой сын стане такі вялікі і дужы, што зможа зрушыць гэты камень і дастане мой меч і сандалі, няхай ён прыйдзе да мяне ў Афіны: па гэтым мячы і сандалях я пазнаю яго.
Эгей вярнуўся ў Афіны, а ў яго жонкі неўзабаве нарадзіўся хлопчык - яго назвалі Тэзеем. Тэзей рос у палацы Пітфея, і стары цар вучыў яго ўсяму, што павінен ведаць і ўмець чалавек, якога чакаюць у жыцці вандраванні, бітвы і подзвігі воіна.
Калі Тэзею споўнілася шаснаццаць гадоў, маці павяла яго ў сад, паказала яму камень і сказала:
– Вось тут, пад гэтым каменем, ляжыць падарунак, які пакінуў табе твой бацька. Адсунь камень і дастань тое, што пад ім закапана.
Юнак дужымі рукамі моцна абхапіў камень, адсунуў яго ўбок і знайшоў у зямлі меч і сандалі. Тады маці сказала яму, хто яго бацька, падперазала сына бацькавым мячом, надзела яму на ногі бацькавы сандалі і сказала, што па гэтым мячы і сандалях бацька пазнае яго.
Тэзей захацеў хутчэй убачыць свайго бацьку, і ў той жа дзень развітаўся з маці і дзедам і падаўся ў Афіны. Маці ўгаворвала яго сесці на карабель і дабрацца да Афін марскім шляхам - гэта было больш надзейна, чым ісці праз лясы і цераз горы, дзе вяліся драпежныя звяры і ліхія разбойнікі падпільноўвалі падарожнікаў.
Але Тэзей прагнуў подзвігаў і славы і пайшоў простаю дарогаю.
Смела мінуў ён межы дзедавых земляў і ўвайшоў у чужыя горы. Прайшоў трохі і сустрэў кульгавага велікана, які чыкільгаў па дарозе, абапіраючыся на тоўстую жалезную булаву, якая са звонам стукалася аб прыдарожныя камяні.
Убачыўшы Тэзея, велікан закрычаў сярдзіта:
– Гэй, падарожнік, вяртайся назад!
Тэзей здзівіўся і спытаў, чаму ён павінен вяртацца, калі яму трэба ісці ўперад.
Велікан узняў над галавою сваю булаву і зароў:
– Вяртайся туды, адкуль прыйшоў, і скажы ўсім, што я, Перыфет, нікому не дазваляю тут хадзіць! Клянуся гэтай булавою, якую выкаваў мне мой заступнік - бог Гефест, - ты не ступіш ні кроку далей.
Ён гаварыў гэта і размахваў сваёю жалезнай булавою так, што вецер свістаў вакол і камяні разляталіся на ўсе бакі.
Замест таго каб павярнуцца і ўцякаць, Тэзей кінуўся насустрач велікану і сутыкнуўся з ім так хутка, што Перыфет не паспеў стукнуць юнака, а Тэзей ужо абхапіў яго рукамі за пояс і моцна сціснуў. Ад нечаканасці Перыфет выпусціў з рук сваю булаву і нагнуўся, каб падняць яе. Тэзей тут жа збіў кульгавага з ног і ўсадзіў яму ў грудзі бацькаў меч. Потым ён сцягнуў цела велікана з дарогі, падняў яго булаву і пайшоў далей, радуючыся сваёй першай перамозе.