Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Год беларуса: Вершы. Вершав. апавяданні. Публіцыстыка

Сівы-Сівіцкі Уладзіслаў Пятровіч

Шрифт:

9 красавіка 1909 года ў рубрыцы «Паштовая скрынка» рэдакцыя газеты, звяртаючыся да валожынскага карэспандэнта, пісала: «М. Валожын Віленскай губерні Ашмянскага павета. Старому Уласу. „Цяперака многа пішуць і гавораць, што мужыкі не ўмеюць дабівацца сваіх правоў; можа, гэта і праўда, але як прыйдзецца іх дабівацца, дык ніхто не парадзіць нашаму брату, і часта ён ходзіць так, як сляпы каля плоту, і то там, гдзе, здаецца, павінен быў бы ён знайсці добрую параду і апеку…“ — Мы даведаемся аб гэтай справе акуратне і вас заведамім, што рабіць!» А ўжо праз тыдзень «Наша ніва» змясціла допіс валожынскага аўтара, падпісаны: Стары Улас. У нататцы апісвалася мястэчка Валожын, нацыянальны і рэлігійны склад яго жыхароў («дзве часці яўрэяў, а трэцяя часць хрысціянаў, больш праваслаўных»), яго тагачасны «культурны патэнцыял» («ёсць воласць, аптэка, дзве манаполькі; ёсць 4 вучылішчы, у тым валасное рамеснае, гдзе вучаць плесці кошыкі»). 3 таго часу на працягу пяці гадоў у «Нашай ніве» рэгулярна з’яўляліся допісы Старога Уласа. Пра што ён пісаў? Пра надвор’е і ўраджаі, пажары і самагубствы, пашырэнне п’янства і абыякавыя адносіны да продкаў, іх магіл, факты зладзейства і спадману, рыначныя цэны, розныя бытавыя здарэнні… 3 гэтых допісаў праглядвае спагада Старога Уласа да чужога гора, чужой бяды, яго паважлівае стаўленне да прадстаўнікоў іншых народаў (пра пагарэльца яўрэя I. Шварца: «Шкада, бо гэта добры чалавек, і прытым небагаты»), да бедных і цёмных сялян («Бедныя, цёмныя людзі! Калі ж і да іх загляне сонца ў ваконца?»). Ужо самі загалоўкі асобных допісаў — па-народнаму дасціпныя, дакладныя, афарыстычныя — многае гавораць і пра літаратурныя здольнасці валожынскага карэспандэнта, і пра самую сутнасць яго нататак: «Думаем — за морам, а смерць — за плячыма», «Служы пану верна, а ён нос адверне», «Праспаў бядак ногі», «Бядуй не бядуй, а за працу бярыся», «Канец света, бо не ўскрэсла прасвета», «Кепскае тое ігрышча, дзе кулак свішча», «Вінаватых шмат, а ў атвеце Ігнат», «У нас калі хочаш каго знайсці, то мусіш у карчму пайсці», «П’юць, п’юць і душу прадаюць»…

Мужычая беднасць, п’янства, бойкі, калецтвы… I ўсё гэта, на думку дапісчыка, — ад беззямелля. «У нашай воласці вялікая зямельная цесната, — пісаў Стары Улас у „Нашай ніве“ 7 мая 1909 года. — У нас мужыцкі надзел быў ад 8 да 12 дзесяцін, а цяпер многа людзей падзялілася на 6, 8, 10 і 16 часцей, не гаворачы аб трацінках і чацвярцінках. У Валожынскай воласці жыве 13 тысяч душ, хат усяго 2062; з іх 673 хаты маюць менш адной дзесяціны, 833 хаты маюць па дзве дзесяціны, 377 хат ад двух да трох дзесяцін, і толькі 178 хат маюць больш трох дзесяцін. На душу наогул выходзіць трохі больш як палавіна дзесяціны — з усіх валасцей павета Валожынская найбяднейшая». I тут жа дадаваў: «У нашым двары (відаць, меўся на ўвазе двор графа Тышкевіча. — В. Р.) прадаецца зямля па 100 рублёў дзесяціна, а банк дасць 40–50 рублёў, дык багаты купляе зямлю, бо можа далажыць, а бедны не мае сілы купіць. Так і гінем ад малазямелля; хто можа, пераязджае ў Амерыку, Пецярбург і другія месцы».

Стары Улас прапаноўваў і свае рэцэпты ад хранічнай хваробы малазямелля: арганізацыя сялянскіх хаўрусаў, пераход на хутары («Браты беларусы! Кідайма старыя парадкі, а пераходзьма жывей на хутары. Будзе менш няшчасцяў, а карысці многа»). Як на сённяшняе наша разуменне, такія «лекі» наўрад ці маглі б вылечыць такую хваробу. Аднак пісьменніку нельга адмовіць у шчырым жаданні дапамагчы братам-мужыкам, паказаць некаторыя пуцявіны да больш культурнага і заможнага жыцця.

Шчырасць і праўдзівасць ўсяго, што было напісана Старым Уласам, напісана вершам і прозаю, яшчэ задоўга да рэвалюцыі прыцягнула да пісьменніка чытацкую ўвагу. Яго вершы і вершаваныя апавяданні сістэматычна перадрукоўваліся ў штогадовых «Беларускіх календарах», дзе змяшчаліся побач з творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна і іншых выдатнейшых беларускіх паэтаў. Пяць яго вершаваных апавяданняў («Год беларуса», «Тры зладзеі», «Кумавы Магілы», «Не спанатрыў», «Цікавы») у пераважнай ступені абумовілі характар і вартасць тагачаснай мікраанталогіі беларускай паэзіі — зборніка «Апавяданні і легенды вершам розных аўтараў» (Вільня, 1914). Асобныя творы Старога Уласа ўключаліся ў розныя чытанкі, дэкламаваліся на літаратурных вечарах, нават за межамі Беларусі. На жаль, пазней імя паэта-самавука стала прызабывацца. Толькі пара яго вершаў трапіла на старонкі першага тома «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961) і зборніка «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1967). Як слушна заўважыў Г. Каханоўскі, «ніхто ні разу не паспрабаваў сабраць яго творы хоць бы ў невялікі зборнічак, а гэта была б наша ўдзячнасць і павага да чалавека-самавука, які ў меру сваіх здольнасцяў спрыяў развіццю роднай літаратуры».

**Quilt|2015**

I вось нарэшце, у 125-ю гадавіну з дня нараджэння Старога Уласа, яго першая кніга з’яўляецца ў свет, выходзіць у людзі. Будзем верыць, што яе спаткае шчаслівы чытацкі лёс, працяглае жыццё. Яе з’яўленню спрыялі краязнаўцы Генадзь Каханоўскі і Генадзь Равінскі, бібліёграф Ніна Ляшковіч, якія дапамаглі адшукаць некаторыя творы Старога Уласа, удакладніць асобныя моманты яго біяграфіі. Ім — мая шчырая ўдзячнасць. Нізкі паклон і двум аматарам роднага пісьменства, беларускім патрыётам у Літве Алесю Курчэйку і Вінцэнту Янушэвічу, якія даглядаюць сціплую магілу пісьменніка.

Вячаслаў Рагойша

ВЕРШЫ

* * *

Слоўца адно, а часам другое, Сказана мудра, у пору, Душу адсвежыць, мысль заспакоіць Як бы адверне з плеч гору.

ЗІМОЮ

I страху мала, Дзіва няма, Што ўжо настала У нас зіма. Снегу ў калена I белы шлях. Там дзядзька сена Вязе ў санях. А другі — дровы Прэ на убой. Гоняць каровы На вадапой. Ніхто зімою Не зол нічуць. Дзеці капою Са школкі йдуць. Гоман і смешкі У іх гарой, То зноў у снежкі Б’юцца парой. То лепяць дзеда, Хоць ў рукі — зноб [1] . А у суседа Малоцяць боб.

1

Зноб (рус. озноб) — дрыжыкі, холад.

СВАТАЎСТВО

Раз зімоваю парою, Мусі, ў мясаедзе, Сабраліся між сабою Нашыя суседзі. А ці ўлетку, ці зімою Так па людзях ходзіць, Што старыя між сабою Сватаўство заводзяць. Дык як выпілі даволі Крэпкай саматужкі, Янка наш хваліць паволі Стаў свае дачушкі. «Старша, — кажа ён, — гадамі Мая Кацярына. Каб вы, братцы, зналі самі — Анёл, не дзяўчына! I паслушна, і набожна, Ціхая, як рыба, Дык хто возьме, сказаць можна, Скарб дастане хіба! А малодшая Мар’яна Да ўсякай работы, Як да шыцця, так да ткання, Мае шмат ахвоты. Мо на горб яе другія Звернуць з вас увагу, Але я ёй дам за тое Сто рублёў пасагу». Учуўшы гэта, ад парога Юрка Мікалаеў Падыходзіць да старога Ды скора пытае: «Ведаеце што, татуля, Можа, ў вас часамі Ёсць Тацяна ці Настуля Ды з двума гарбамі?!»

НА ВЯСЕЛЛЕ СВАЯКУ

Маючы часу крыху нядзеляй, Дык пішу строчку адну, другу. I выбачайце, што на вяселле Да вас прыехаць я не магу. Хоць мне бяседы вашай, прызнацца, Як на сягоння дык будзе жаль, Але не можна памеркавацца, Калі нас дзеліць спорая даль. Каб я меў крылы лёгкае пташкі, Дык як, здаецца, у гэты час Шпарка ляцеў бы, хоць стар і цяжкі, У сваю старонку, туды да вас! Дык пасылаю да вас па слове 3 шчырага сэрца, хоць і за свет. Прыміце, сынку, у роднай мове Шчыра жаданне, шчыры прывет. Дай табе, Божа, шчасця і долі, Каб быць багатым, не гараваць, Шчасця, здароўя, бяды ніколі, Бацьку і матку каб шанаваць. Не знаць ніколі калатні, сваркі, Век весяліцца, не гараваць. I пільнавацца каб гаспадаркі Ды пры тым Бога не забываць. I на астатку пры добрай волі 3 душы і з сэрца гэтак для вас Хлеба і солі, грошай даволі Вам пажадае Стары Улас.

ЦЯРПЛІВЫ НЯБОЖЧЫК

Чуў я нядаўна, мае вы кветкі, Сапраўды дзіўны выпадак гэткі. Аб ім шырока усе казалі, Можа, і праўда, калі не салгалі. Быць мела гэта, скажам вашэці, Ды у Вілейскім недзе павеце. Неяк зімою, мусіць, пад поўня, Адзін там дзядзька памёр раптоўна. У гэткіх справах трэ асцярожна: Такіх вось трупаў хаваць не можна, Бо суддзя, доктар, як бы на кепства, Мусяць уперад правесці следства. Дык хоць прыбралі па смерці гарне, А палажылі толькі ў трупярні. Гэтак ці чулі без амбарасу [2] , Як быць павінна, толькі да часу. Пакуль да следства, то ж няма жарту, Дык у дадатку стаўлялі варту, Але, сказаўшы так, без галасу [3] , Суддзя прыехаць не меў ўсё часу. Усё збіраўся туды прыехаць. А наш нябожчык высах, бы вехаць, Толькі смярдзеці пачаў ён вельмі, Покуль духоўнік прагнаў з трупэрні. Зноў тарапаты [4] , ды варта смехаў, Як той нябожчык дамоў прыехаў. Клопат вялікі: дзе ж яго дзеці? Ну дык унеслі зараз да клеці I там да часу супачывае Ды таго следства цярпліў чакае. Яму такая, знаць, выйшла карта, Што днём і ноччу пільнуе варта. Хоць смурод душыць, сказаўшы ўперад, А можа, прыйдзе на следства чэрад? Пэўна ж, урэшце, як мне здаецца, Можа, няшчасны калі дажджэцца? Гэтак сказаўшы проста, без звадкі: У нашым краі дрэнь, брат, парадкі. Каб прыглядзецца толькі патросе, Пэўна, і болей чаго б знайшлося.

2

Амбарас (польск.) — клопат.

3

Галас (польск.) — шум, гоман.

4

Тарапаты (польск.) — турботы.

АБЯЦАДЛА

Абяцадла — рэч не цяжка: Бусел — гэта будзе пташка, Цар — ў пачоце быў калісьці, Дуб — зімою ёсць без лісця, Этна — то бугор агністы, Фельчар — то не арганісты, Грошык — дробная манета, Гусь — дамова пташка гэта, Іскра — жарка і пякуча, Ель — шуміць, калі растуча, Конь — баіцца шмат астрогі, Ліс — ёсць звер чацвераногі, Лось — вялікі ёсць, і годзе, Мак — красуе ў агародзе, Наста — дзеўка працавіта, Окунь — рыба смакавіта, Перац — горак будзе хіба, Рак — гавораць, то не рыба, Сучка — брэша, ёй уцеха, Торба — меншая ад меха, Улей — пчолам ёсць храміна, Воўк — то дзікая скаціна, X — закінем у загладу, У — чытаюць, але ззаду, Заяц — то лясная кошка, Жоўты — певень і какошка, Змей — сярдзіты вельмі, падла, I ўсё будзе абяцадла.

ВЯСНА

Ужо прайшла зіма цяжкая, Мароз, мяцеліца ліхая, Паплыў з вадою крыгай лёд, I снег ад сонца тае ў лёт. Ужо вады паўны разоркі, I зачарнеліся узгоркі, Як бы сухія лішайкі, Ды зашумелі ручайкі. А знізу лёгкі ветрык вее, Ды сонейка так цёпла грэе, Бор неяк весела шуміць, У лузё травіца зеляніць. I ўсё ўжо будзіцца ад сна, Бо набліжаецца вясна! Аджылі дробныя мурашкі, Чарвякі, матылькі, а пташкі Шчабечуць, звоняць і пяюць, Людзям ахвоты паддаюць. Жавараначка ў прасторы Шчабеча, як у сінім моры, Плыве і бусел, і жураў, I дрозд запеў і засвістаў. А як тыкеля [5] ён засвішча, Ляціць глушэц на такавішча. Гудзіць лятучы тоўсты жук, Балбоча ёмка цецярук, Пішчаць дзесь чайкі на балоце, Пліска хвастом трасе на плоце, Гурчыць працяжна жабін хор, I дзеці пруцца з хат на двор. Прайшла зіма, як не бывала, Усім лягчэй на сэрцы стала. Настаў любы і мілы час, Бо ўжо вясна прыйшла да нас!

5

Тыкеля (дыял.) — толькі.

Поделиться с друзьями: