Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Год беларуса: Вершы. Вершав. апавяданні. Публіцыстыка

Сівы-Сівіцкі Уладзіслаў Пятровіч

Шрифт:

СОНЕЙКА ПРЫГРЭЛА…

Сонейка прыгрэла, Растапіўся снег; Поле зачарнела, Ручаёк пабег. Жучкі загудзелі, Распусціўся сад, Пташачкі запелі На вясёлы лад. Красачкі стракаты Усюды зацвілі, 3 песняю араты Узяўся да зямлі. Арэ, барануе Родны свой загон I трудоў не чуе, I ні поту ён. Сыпнула травіца, Зелен кожны кут. Урадзіць зямліца — Вернецца за труд. Як бы з-пад няволі Выйшла ўсё з зімы. Калі ж лепшай долі Даждзёмся і мы?!

3 КУТКА ПРАЎДЫ

На свеце многа наракання Ды многа слёз і многа бед, Але, як кажа нам пазнанне, Вядзецца гэта з даўніх лет. На маладых старыя ўссеўшы, Ды вельмі брыдка ганяць іх; Але, так з боку паглядзеўшы, Няма за што хваліць саміх. Не адзін бацька наракае, Што п’яніца яго сынок,— Але няхай прыпамінае, Як сам у водцы мокне, мок. Другая маці зноў бядуе, Кляне і плача на свой лёс: Яе дачушка не шануе I часта хвігі суне ў нос. Сягоння гэта ёй не ліха, Увагі к старасці няма! А тое, бедная, забыла, Што так рабіла і сама… I часта голавы марочым, Хоць тут адказ, здаецца, прост, Што праўды толькі мы не хочам Казаць ніколі на свой хвост.

МОДА

Гаварыць тыкеля шкода, Што у нас цяпер за мода. А няхай яе мядзведзь! — Прост няхораша глядзець. Бо із гэнае прычыны Пані, панны і мужчыны, Шапянуўшы так, але Хоць стаўляй у канапле! Бо вось гляньце ж самі, людзі Голы лыткі, голы грудзі Выстаўляюць кожан раз, Як бы рэчы, напаказ. Капялюшыкі таковы, Што, сказаўшы без адмовы, Выгляд будзе іх такі, Як да ночы ёсць гаршкі. Безрукавыя іх блюзкі Ды спаднічкі вельмі вузкі I кароткі, далібог, Што разняць не можна ног. Чаравічкі клінам трошкі I як рэзгіны панчошкі, Праз каторы, так сказаць, Цыбы [6] голыя відаць. А абцасы, Бог мой мілы! — Усё роўна як бы шылы, Не адважышся на скок: Так і звернуцца набок. I нарэшце — каб іх пранцы! — Толькі глянуць на іх танцы, Дык не толькі бярэ смех, А ўзірацца будзе грэх! I мужчыны тож таковы: Голяць вусы і галовы, Дык паны і панічы Іздалёк, як таўкачы. Погаласкі ж ёсць таковы, Што і бабы ўжо галовы Будуць скора ўсе галіць. Што ж, і гэта можа быць!..

6

Цыбы (дыял.) — доўгія худыя ногі.

ВЫГАВАРЫЛАСЯ

Неяк бачыць мне папала Гэтку небыліцу, Як кабета прадавала На таргу курыцу. Грэбень красны, сама чорна, Але крылы рабы. Непачэсна, непазорна — От, вядома, ў бабы! Дык праз гэтую прычыну, Прызнацца вашэцям, Ту мізэрную пташыну Мала хто прымеціў. Толькі нейкая купчыха Туды прыдыбала Ды, ці чуеш, як на ліха Таргавацца стала. Кажа: «Што за небыліца, Хіба варта цуда? Твая гэтая курыца Дык жа вельмі худа!» Баба тут не утрывала: «То не дзіў, што ссохла. Каб ты столькі пахварала, То, напэўна б, здохла!»

СПРЫТНЫ АДКАЗ

У дзень на вуліцы стаялі Сяляне гурбою, Смяяліся, жартавалі Усе паміж сабою. I як здаўна ў нас бывае Пры гэтакай справе — Адзін лоўка нешта збае, А другі падправе… Дый было іх там нямала, Як стада авечак. Аж праходзіць тут памалу Нейкі чалавечак. Дзень быў летні, не гультайскі, Дык шоў мо да працы, А ўвесь гэты тлум лайдацкі Пачаў прыставаці, Лезуць міма яго волі, Быццам мухі ў вочы. «Чаму, — кажуць, — брэшуць болей Сабакі уночы?» А той мовіць гэткім знакам: «Хіба вось як будзе, Што удзень брахаць сабакам Памагаюць людзі!»

ПРАМЧАУСЯ МАЙ…

Прамчаўся май і веснавая Пара мінулася у нас, Ужо і лета наступае — Гарачы наступае час. Вясна, вясна — дзянькі любыя — Так дарагі, так мілы час, Чаму, як леты маладыя, Так скора пакідаеш нас?! Ты прыбірала ў зелень мая Зямлю, дзярэўцы і кусты, Хоць прыйдзе некалі другая, Але не будзеш гэта ты! Нам жаль тваіх дзянькоў пагодных, Ціхіх і цёплых вечароў, Так сэрцу дарагіх і родных, I гэты час, як сон, прайшоў… Гэтак і моладасць нясецца — Жыцця людскога гэты свет — I толькі памяць астаецца Гэтых вясёлых, бурных лет!..

ЗАЦІШНЫ КУТОК

Край не вельмі далёкі, знаная прырода, Дзе мне жыць давялося так, мусіць, з паўгода. Там няма гор вялікіх, ні балот трасучых, Але крыху затое ёсць пяскоў сыпучых. Есць і лесу мясцамі, як сказаць, патросе, Відаць на вузкіх ніўках дробнае калоссе Як жоўтага ячменю, так шэрага жыта. ёсць дарога гладкая з камення, убіта, Высаджана прысадамі, цягнецца, як струнка, I тут жа недалёка ідзе ўдаль чыгунка, Стройная і гібкая, урэчы [7] дзяўчына, Гдзе на дзень па два разы прыходзіць машына, Цягне многа вагонаў, аж пыхціць ад пары, Вязе хлеб ды аружжа і усе тавары. За чыгункай удалі лес сінее трошкі I, як вокам абнімеш, густа стрымяць вёскі. Два ставы немалыя, сенажаць і рэчка, Поле, двор і магілкі і зараз мястэчка. Там дамкі невялікі, крытыя дахоўкай, Рынак доўгі, шырокі з драўлянай паркоўкай [8] , Хоць не ўвесь ён з брукам чыста утрыманы. I там жа зараз збоку касцёл мураваны, Гдзе я кожнай нядзелькі, спазнаўшы дарогу, Хадзіў разам з другімі памаліцца Богу. А убаку паводдаль, напроці касцёла, Як і ў кожным мястэчку, жыдоўская школа. I, ўрэшце, як на дзіва, ззаду за царквою Будынак, куды ходзіць сам кароль пехатою.

7

Урэчы (дыял.) — нібы, як быццам.

8

Паркоўка (дыял.) — плот, паркан.

У ДАЖДЖЛІВЫ ЧАС

Доўга у хаце нашыя брацці Рукі злажыўшы сядзелі, Бо, як на згубу, дождж ліў як з лубу, Ліў праз чатыры нядзелі. Цяпер жа многа выслаўляць Бога За яго ласку патрэба, Як за пагоду, так за уроду [9] , Што яе выслаў нам з неба. Ужо пан Макары у календары Жарку пагоду нам піша, Сонейка грэе, і ветрык вее, Спелую ніўку калыша. Жнейкі рупліва рэжуць на ніве, Уюць перавяслы не слабкі, Вяжуць снапамі, кладуць радамі, А после ставяць у бабкі. А на балоце ў гразі і поце Нашы мужчыны працуюць: Травіцу косяць, сушаць, выносяць, Свежае сена гатуюць. Цяпер у хатцы можа астацца Сівавалосы дзядуля, Унукаў кучка, котка і сучка Або старая бабуля. У дождж і слоту, буру, грымоту Мы са слязамі ўздыхалі. Прайшла трывога, як з ласкі Бога Добрай пагоды прыждалі. Як на пачатку, так на астатку Дай, Божа, зжаці, звязаці Хлеб гэты новы, свежы, здаровы, У добрым здароўі спажыці.

9

Урода (дыял.) — тут у значэнні «ўраджай».

ПАЖАР

Шырока крылы распусціла Ужо ночка цёмна над зямлёй. Усё заціхла, супачыла, Настала цішыня, спакой. На ветках птушкі ўжо паснулі, Пад кустам зайчык задрамаў, 3-за хмары зорачкі бліснулі, Пугач у лесе загукаў. У лузе ціха, і на рэчцы Ні хвалі — чоўна не відно. Вада ледзь-ледзь узварухнецца, I рыба плюсне аж на дно. 3 прыродай разам люд рабочы Пайшоў спачыць — і стар і мал. Прыклеіў скора сон ім вочы, I ўсе паснулі напавал. У поўнач пеўні заспявалі, Завыў сабака ў ночнай цьме. I глуш ізноў. А там ў аддалі Мільгнулі ціха цені дзве. . . . Што гэта?!. У хаце ля дарогі Бліснула полымя, йдзе дым… Прачнуўся нехта, дзякуй Богу, Зачаў крычаць: «Пажар! Гарым!» I ў гэту цішыню начную, Як панаваў нявінны сон, Усе пачулі весць благую, Калі на збор ударыў звон. I зараз людзі наляцелі, Хоць хто гдзе быў на старане, Маўляў, мурашкі закіпелі, Як муравейнік хто пырне. Падняўся гоман, крык вялікі, Агонь пякельна бушаваў, Ішоў адгэтуль рогат дзікі I з дымам іскры вецер гнаў. Адзін скацінку выганяе, Другі адзежыну імчыць, А маці дзетак сабірае, Бо хатка іх ужо гарыць. Гарэлі гумны, хлевы, хаты, Увесь дабытак гінуў так, Што той, хто клаўся спаць багаты, Сягоння стаў зусім жабрак… I ўчора гдзе былі будынкі, Тырчаць там печы, каміны, I асталіся на ўспамінкі Капцы гарэлікаў адны. А людзі горка, горка плачуць, I скаргі йдуць з усіх старон, I па-над вёскай нудна крачуць Стады збудзіўшыхся варон…

ПРА ПАНОЎ

…Апавядаў ён не раз дзіва Часам смешна, часам шчасліва, Шмат чаго помніў, многа знаў I вельмі не любіў паноў. Бывала, так стары гавора: Дзеткі, яшчэ, мусіць, не скора Надойдзе гэтакі вось час, Што блісне сонейка для нас. Бо хоць яно й цяпер яснее I у пагоду ёмка грэе Ды ярка свеціць вось ізноў, Але тыкеля… для паноў! А мужык бедны у цямноце, Карэлы, ў мазалях і ў поце, Пакоран, баязліў і ціх, Гаруе век свой на другіх. Ніхто б таму і не дзівіўся, Каб жа хоць труд яго цаніўся I уважаўся хоць крыху, Не было б, можа, і граху. Але не мае шмат павагі Наш брат ад шэрае сярмягі. Крыўдзяць і кпяць з яго усе, А ён усё гэта знясе. На мужыка прыскеліць вока I пазірае ізвысока Духоўнік, пан, чыноўнік, жыд, Хоць з яго працы будзе сыт. Наслухацца можна і скора, Што яно пра цябе гавора — Пані або панок другі, Не варт мужыцкае нагі. Не раз яно цябе намуча, I за гарэлую анучу Цябе не лічыць яшчэ ён,— А ты цярпі, будзеш спасён! Няхай жа нашаму мужчыне Быць трапіцца ў паноў ў гасціне, Ну, дык магу смела сказаць, Што будзе после праклінаць. Бо там смяюцца з нашай мовы Пустыя гэтыя галовы. Выкпяць яны цябе капой, Бо ў іх парадак ідзе свой. Нярэдка там вось пачуць можна Такое званне: «Bydlo dwonozne», «Labity cham» i «Ciesny lob», Ці то зноў: «Chlopka» або «Chlop». I знойдуць на цябе прычыну: To за адзежку, то за міну, Не гэтак стаў, то не там сеў, То зашмат піў, замнога еў. I як бы там ты ні стараўся Ды драбней маку рассыпаўся Ці быў, нібы трава, ціхі — Не ўгодзіш пэўне ні крыхі. I ў кожнай справе, ў кожным дзеле, Ці то ў хароме, ці ў касцеле, Гдзе толькі можа шляхціц, там Утыкае спрытна слова «хам». А не адна краля такая, Што пад цыцкой кудзелю мае, Намазаўшы парадна твар, У рэчы дарагі тавар, I зубы чужыя у роце, Дзмецца, як жаба на балоце, Або як вош так акурат,— Аббрэша з галавы да пят…

ВОСЕНЬ

Вось после бурнай жніўнай пары Верасень хмурны, як дзед стары, 3 торбаю поўнай да нас ідзець. Малыя пеўні ўжо сталі пець. Замільгацелі, як не былі, I адляцелі ў вырай буслы. Гусі ў грамадах цягнуць з двароў Шнурам і ў стадах да выганоў. А як кастрычнік спадзе на нос, Бывае зранку ужо мароз. Зямліца-маці, будзь ёй хвала, Сваё багацце ёй аддала. Ужо гола поле, зняты пасеў, Не звоніць болей вясёлы спеў. Пташкі замоўклі, і гай заглох, Лісце пажоўкла па дзераўцох. Як бы спадманкам лета ўцякло. Неба туманам завалакло, Як цераз сіта, сыпле рунец — Вясна забыта, лету канец. Дзянькі пагодны прайшлі усе, Вецер халодны лісце нясе, Трусіць, зрывае, гоніць удаль Ды завывае — наводзіць жаль. Перазвінелі косы, сярпы, А загудзелі ў гумнах цапы, Падаюць слаўна, аж звініць ток. Зробяць нам спраўна новы хлябок!
Поделиться с друзьями: