Госць прыходзіць на золкім світанні
Шрифт:
I ён умудрыўся працаваць. Дом, у якім ён жыў, быў амаль знішчаны блізкім выбухам вялікай бомбы. 3 яго кватэры застаўся адзін маленькі пакоік, у якім ён уласнаручна заклаў цаглінамі палову акна і паставіў буржуйку з жалезнай бочкі.
На той самай пляцоўцы засталіся яшчэ два пакоі, у якіх пасяліўся нейкі служачы ўправы з жонкаю і тры іхнія дачкі. Усё астатняе было нежылым, і ўсходы вялі проста ў хмарнае асенняе неба.
Ён працаваў. На шчасце, прылады часткова аберагліся. Трымаючы пэндзаль у калючых пальцах, хутаючы шыю ў стары шарф (па сценах у вялікі дождж сцякала вада), ён спяшаўся ўвасобіць усё, што бачыў на вуліцах.
Дзіўна, але манера ягоная зноў змянілася. Магчыма, прычынаю таму быў паспех, магчыма, проста нельга было адлюстраваць гэты зусім новы, страшны горад, — тым, мяккім, поўным святла, чым было яго мастацтва раней. "Сфумата" — дымка — вельмі пасуе партрэту Джыяконды, але для перадачы пажару горада не да месца, як выпіўка з гамерычным рогатам каля ложка паміраючага. Новыя яго работы былі больш фантастычнымі, — строгі густ сказаў бы: "больш вычварнымі", — у іх з'явілася смелая і арыгінальная сімволіка.
Вось на фоне дымна-чырвонага асенняга неба вымалёўваецца ўламак дома, таго, што відзён з акна. Ён вельмі падобны на выветраны слуп горнай пароды, але, напэўна, толькі яго вока заўважыла, што з аднаго боку ён нагадвае жанчыну-плакальшчыцу на каленях. Галава схілена, рукі (іх аддзяляе глыбокая расколіна) ляглі на твар, цень ляжыць у выбоіне, быццам косы рассыпаліся на плечы.
Называецца "Плач".
Вось сабака, пужліва азіраючыся, п'е ваду з уламка водаправоднай трубы; другі — капае сабе лапамі сховішча.
Называецца "Новае жыццё".
А вось зусім фантастычна: абгарэлы крыж вялізнага дрэва ва ўнутраным двары разбуранага дома. Ад дома засталіся амаль па кругу ўламкі, падобныя на выкрышаныя зубы, — яны значна ніжэй дрэва.
Называецца "Модлы руін".
Невядома, чым ён жыў усе гэтыя месяцы. Спачатку былі рэчы і іх мяняла для яго самотная бабуля, што жыла на ўскраіне. Харчы дзялілі папалам. Пасля рэчаў не было, а ён усё ж жыў, нават навучыўся добра разбірацца ў каменных джунглях горада.
II
Хутка з ім здарылася непрыемнасць: усіх асоб вольнай прафесіі, якія выпадкова засталіся ў горадзе, паспрабавалі "мабілізаваць". Ва ўправе Доўгаму толькі тым і ўдалося адкараскацца, што ён паказаў свае рукі, дрыжачыя ад прафесіянальнай сутаргі, з чырвонымі распухлымі суглобамі.
— Бачыце? Сутаргі і раматус… Пакой зусім сыры…
— Дадзім новы, сухі. Для такога мастака нічога не пашкадуем. Можам і ў Германію накіраваць жыць. Там спакойна. Вілу дамо.
— Не дапаможа. Я кончаны як мастак… Інвалід. I памерці хачу на радзіме.
Яны ў той час яшчэ трохі ліберальнічалі з мясцовым насельніцтвам, і некаторыя тэарэтыкі нават казалі, што для беларусаў, вядома, пасля руплівага, дбайнага і дакладнага вывучэння справы, магчыма, варта было б зрабіць выключэнне, адрозніць іх ад усіх іншых славян, зрабіць, так бы мовіць, "славянскімі арыйцамі". (Як быццам тыя згадзіліся б быць "арыйцамі" за кошт сваіх братоў.)
Таму Антося не ўзялі, толькі старшыня ўправы паглядзеў на яго вільготнымі мігдалевіднымі вачыма і сказаў з дакорам і невыразнай пагрозай:
— Мы не прымушаем вас, але думаем… вы яшчэ пашкадуеце. Глядзіце…
Хутка "славянскія арыйцы" пакінулі глядзець сваімі блакітнымі вачыма ў вочы жонак і пачалі непрыемна часта глядзець гэтымі вачыма на прыцэлы трафейных аўтаматаў. Пачалі лётаць у паветры колы цягнікоў. Уражаныя такой няўдзячнасцю, акупанты пачалі ва ўдвая большай колькасці паліць вёскі, а "арыйцы", якіх ледзь не ашчаслівілі такім прызнаннем іхніх заслуг, — здымаць з веялак колы, а з танкаў, пакінутых за непатрэбнасцю, гарматы, ставіць гарматы на вышэйпамянёныя колы і гахаць з гэтых гармат па сваіх дабрадзеях.
Так яно ўсё колам і пайшло.
Пра мастакоў у гэтых непрыемных абставінах, вядома, забылі. Таму Антось спакойна дажыў да дажджлівых і чорных лістападаўскіх начэй другой ваеннай восені.
Ён быў нават шчаслівы тым незразумелым шчасцем галоднага і халоднага мастака, які робіць патрэбную справу і больш чым калі-небудзь адчувае сябе змагаром за душу людскую, каб не адсутнасць сувязі з партызанамі і не тое, што некалькі раз ён заўважаў: за ім пільна сочаць. Відаць, падазронымі здаваліся яго бясконцыя блуканні па горадзе і тое, што ён адмовіўся тады выехаць у Германію.
А Антось зрабіўся такі нахабны, што прабіраўся нават у самы страшны раён горада: гета. Тое, што ён пабачыў там, толькі замацавала яго ўстойлівую і пагрозліва-спакойную нянавісць. Ён дапускаў, што ў начальніка другога ўчастка аховы парадку ў гета і ва ўсіх ахоўнікаў могуць быць асабістыя прычыны на нелюбоў да яўрэяў, але асабістыя прычыны зусім не падстава для знішчэння многіх тысяч людзей.
Больш за ўсё абражала яго не жорсткасць гэтага, а нейкая асаблівая, разлічаная подласць, на якую часам бывае здатны чалавек. Грошы на пабудову гета і на ўтрыманне юдэнрата былі ўзятыя з саміх яўрэяў у колькасці трыццаці тысяч чырвонцаў. За гэта ім дазволілі насіць на рукаве жоўты круг з зоркаю — "могн довід".
I асабліва брыдкім было тое, што нават камісарскі старшыня юдэнрата быў з яўрэяў і размаўляў цалкам спакойна з людзьмі, якія насілі сталёвыя каскі з мёртвай галавою і бляху ў выглядзе паўмесяца на шыі.
Часам Антосю хацелася закрычаць:
— Ды што ж вы, сволачы, глядзіце. Біце яго. Калі ў авечкі вырастаюць ваўчыныя зубы — яна горш за ваўка.
Яго здзіўляла абыякавая пакорлівасць гэтых людзей. Але дапамагчы ім ён не мог. Ён мог толькі рызыкаваць. I таму ў страшныя дні, калі пасля начных "акцый" у гета разгарнулася чатырохдзённая бойня, — адзіным сведкам яе быў Доўгі. Ён сядзеў на гары дома над плошчаю, на якой рабілася агіднасць, і калеючымі пальцамі рабіў замалёўкі ў блакноце. Ён ведаў, што калі-небудзь гэтыя штрыхі будуць лямантаваць аб злачынстве галосней за стрэлы.
Пасля ён доўга плакаў, плакаў не над знішчанымі, а над уніжэннем чалавечым, над тым, што чалавека можна давесці да такога асвінення.
I гэтымі ўнутранымі слязьмі плакала яго душа і праз тры дні пасля бойні, калі здарыўся пералом у яго жыцці.
III
Была ноч, тая асаблівая, бязлітасная ноч, якая бывае толькі позняй восенню ў знішчаным і цёмным горадзе. Набліжаўся золкі і пахмурны світанак, і, як заўсёды, ад гэтага было асабліва цёмна. Антось толькі што скончыў чарговую работу і з жахам думаў пра тое, што давядзецца класціся ў халодны, як магіла, ложак і саграваць яго ўласнай цеплынёю, калі ў дзверы нехта пастукаў, пастукаў даволі гучна. Гэта было само па сабе непрыемна: сябры ў той час не стукалі, а скрабліся. Адначасова недзе за кутом заспяваў, забурчэў матор машыны.