Госць прыходзіць на золкім світанні
Шрифт:
Ніжэй інфармацыі было змешчана "Інтэрв'ю", з якога вынікала, што Антось лічыць лепшымі мастакамі на свеце Гойю і сябе, што ён захапляецца цірольскімі пейзажамі фюрэра і хоча праз газету выказаць яму сваё захапленне, што беларусаў ён лічыць германскай расай, якая калісьці абславянілася, што яму падабаецца тып нямецкай жанчыны і ён зусім не лічыць яе нагу занадта вялікай, што ён жанаты (Уладзя! Дзеці! Што вы будзеце думаць пра мяне, што з вамі будзе?), што ён выявіў жаданне ісці на фронт, але яму адмовілі: мастакі патрэбныя дзяржаве не менш, чым салдаты.
Ён не памятаў, колькі ён сядзеў над пакамечанымі газетамі. Зноў стук у дзверы. Зноў сусед.
— Пане Антось, хутчэй да нас. Пра вас будзе казаць радыё.
Антось пайшоў. Ён вырашыў піць прыніжэнне да дна. Сям'я служачага не ведала, куды яго пасадзіць. Прысунулі да прыёмніка фатэль, паклалі ў вазачку цягучага янтарнага варэння, сунулі ў руку шклянку з чаем. І ўсё заглядалі ў рот.
Антось трымаў шклянку ў паветры, не адчуваючы, што пальцам горача.
— Увага, увага, — гулліва сказаў прыемны мужчынскі голас, — ідучы насустрач пажаданням слухачоў, наш карэспандэнт наведаў сёння майстэрню пана Доўгага. Але перш чым даць месца ля мікрафона нашаму вялікаму мастаку і, як выявілася, герою і патрыёту — мы павінны расказаць вам пра падзеі той ночы…
— Вас запісалі, дарагі пане Доўгі? — з захапленнем спытала малодшая дачка.
Нас сустракае яшчэ даволі малады і вельмі сімпатычны гаспадар майстэрні. У яго хударлявы твар, шырокія чорныя бровы і прыгожы разрэз вачэй.
— Пане Доўгі, якія думкі былі ў вас у тую хвіліну, калі вы выконвалі ваш подзвіг?
— Гм, — адкашляўся голас, — уласна кажучы, ніякіх. Але я цвёрда ведаў, хто мой вораг. Я адмовіўся ехаць у эвакуацыю, маё месца было тут. Я нічога не сказаў жонцы. Я ведаў, што яна добры чалавек, але ў нас нельга было спадзявацца нават на ўласных дзяцей.
Доўгі выпусціў шклянку на падлогу. Ён сядзеў аглушаны. А фальшыўка ішла далей, і нехта казаў за яго брыдоту і подласць. І нельга было крычаць, што гэта хлусня. І з кожным словам Доўгі ставаў усё больш самотны на свеце.
— Я хацеў сам знішчыць гэтага чалавека, але падумаў, што згіне з ім разам і яго таямніца. Ён быў мой вораг, вораг маёй бацькаўшчыны, маёй ідэі, за якую я хацеў бы загінуць, вораг правадыра, на якога я малюся… Не хваліце мяне, я толькі выконваў абавязак.
Доўгі анямеў. Яго забівалі гэтай няспешнай, чыннай размовай, такой спакойнай, хоць вялася яна пра жыццё чалавечае, якое згасла два дні таму.
— Пане Доўгі, можа, вы падзеліцеся з намі вашымі планамі? Што вы зараз пішаце?
— Планаў у мяне шмат, — забубнеў як у бочку Антосеў двайнік, — мне як мастаку трэба адлюстроўваць новае жыццё, што прыйшло на маю зямлю. Хацелася б напісаць у маёй новай майстэрні каля Берліна, якую дае мне бацькоўскі клопат, партрэт самага вялікага чалавека нашых дзён. Але я не збіраюся кідаць сваёй зямлі. Ачуняўшы ад хваробы, я збіраюся жыць тут, разам з маім народам.
— Дзякуй вам, пан Доўгі, — заспяваў голас. — Да пабачэння.
— Да пабачэння.
Белы, як хустка, Антось рушыў да дзвярэй. Яго паспрабавалі спыніць, але ён глянуў на сямейку каламутнымі ад ярасці вачыма:
— Ну! Эх вы, скатафагі.
Як яму прыйшла на думку гэта брыдкая грэчаская лаянка, ён і сам не ведаў.
…Кроў тукала ў скроні. Думкі мяшаліся.
"Што рабіць? Што рабіць? Хто паверыць, хто яго прыме зараз? Хто не плюне ў яго бок? Ён, як Каін, на гэтай зямлі абылганы, брудны, біты каменнямі. Што будзе, калі даведаюцца? Аднялі яго імя, сумленне, гонар мастака. Усё аднялі. Хлусня, хлусня ў свеце. Уладзя, дзеці!
І што рабіць? Што рабіць? Трэба ратаваць сябе, імя сваё, павагу будучых людзей да яго карцін. Але як? Як?"
І раптам злосць, злосць на аксамітнага ката, на бессаромных манюкоў з радыё, на шакалаў з прэсы, на ўсіх, хто ім паверыць, апанавала Антося. Нельга было проста давацца ў рукі хлусні: за стагоддзі яна занадта прызвычаілася да лёгкіх перамог. І разам са злосцю з'явілася безнадзейнасць, бо ён ведаў, што яму давядзецца быць аднаму, зусім аднаму. Хутчэй за ўсё перамогі не будзе. Хутчэй за ўсё ніхто не даведаецца, і толькі ва ўласным сумленні можна быць апраўданым.
VI
Наступнага вечара, хутка пасля каменданцкай гадзіны, Антось рушыў з дому, каб больш не вяртацца туды. Усё зробленае за гэтыя месяцы яму ўдалося прыстроіць у былой прыбіральшчыцы мастацкай школы. Перад гэтым яго не прынялі ў чатырох месцах, зачыніўшы пад носам дзверы. Яго не хацелі бачыць. Пра яго не хацелі чуць. Паверыла толькі гэтая маленькая, змучаная жыццём жанчына. Толькі і спытала:
— Куды ж вы зараз падзенецеся, таварыш Доўгі?
— Не ведаю, — сказаў Антось, — я не думаў пра гэта.
— Пойдзеце на вёску?
Антось цяжка варухнуў сківіцамі:
— Я застануся тут. Тут усе ведаюць маю ганьбу… Усе будуць ведаць і апраўданні.
…Ён сядзеў у руіне насупраць афіцэрскага казіно і бачыў чырвоны ліхтар глыбока ў пад'ездзе. Часам пад'язджала машына з сінімі фарамі, часам няшчыльная штора, хістаючыся, кідала ў ноч пакаёвае жоўтае святло. Рука Антося раз-пораз намацвала ў цемры, поруч з сабою, нейкую круглую рэч.
Страшэнна захацедася спаць; дрыжыкі беглі па скуры. Але спаць было нельга. Прайшоў афіцэр. У яго кабур з пісталетам. Дрэнная, ненадзейная рэч пісталет. Б'е на кароткую адлегласць, і трэба добра страляць, каб трапіць… І другі з пісталетам… І трэці.
"Здабыча" з'явілася зусім нечакана. Наўскос перасек вуліцу ладны, як цацка, зграбны афіцэрык у бліскучым плашчы. За ім, на адлегласці некалькі крокаў, дыбаў салдат з аўтаматам. Збочылі ў завулак.
Антось нячутна, як кот, перабег да пралому і накруціў на руку вусце меха, у якім ляжаў, завязаны зверху, цяжкі круглы камень.
Дзейнічаў, як яму здавалася, разважліва і халодна. Прапусціў паўз сябе, пабачыў патыліцу пад пілоткай і з сілай жмякнуў па гэтым, круглым, сваім самаробскім кісцянём. Салдат бязгучна ўпаў тварам на брук. У той самы момант Антось моцным рыўком садраў з яго аўтамат.
Пабачыў твар афіцэра, які, павараціўшыся, непаразумела глядзеў на тое, што адбывалася. Кінуўся на яго. Схапіў за правы бок, мацаў рукамі, шукаючы пісталета. Пісталета не было.
Наступны момант ледзь не каштаваў яму жыцця. Не паспеў ён прыпомніць, што немцы носяць кабур на левым баку, часам проста пад падхвінай, як афіцэр ачуняў і схапіў яго за глотку доўгімі халоднымі пальцамі левай рукі. Правай адарваў руку Антося ад сваіх рэбраў і ўдарыў яго ў пераноссе.