ЖАНРЫ

Госць прыходзіць на золкім світанні

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Яны не паспелі праседзець так і хвіліны, калі за спіною Антося з'явіўся хударлявы сівы чалавек у форме палкоўніка.

— Прабачце, дарагі пане Доўгі, — узвёўся гаспадар, паважна беручы з рук палкоўніка доўгі жоўты канверт, — я не больш як на пяць хвілін.

Яны ўдвух адышлі ў нішу. Аксамітны кот сеў і адчыніў канверт. Да Антося даляталі ўрыўкі размовы. Гаварыў гаспадар, а палкоўнік стаяў перад ім навыцяжку.

— Ён што, здурэў, гэтая старая пясочніца… Дзікая ідэя.

— Але прабачце…

— Я, любы мой, не жадаю гэтага… І досыць.

— Але гэта не ў маіх сілах. Вы можаце пагаварыць толькі асабіста з фюрэрам.

— А што, любенькі мой. І зраблю. Пана Гімлера мучаюць газы (палкоўнік толькі зажмурыўся ад жаху), але гэта яшчэ не прычына, каб ён сарваў мне мой план. Ён забывае, што не аднаму яму дадзена права ўваходу без даклада.

— Так і адказаць?

— Так і адкажыце.

— Дазвольце ісці.

— Можаце… I, дарэчы, любы мой, ніколі не душыцеся гэтай брыдкасцю. У вашага шэфа дрэнныя, мужыцкія густы, але ён можа сабе гэта дазволіць. А вам трэба рабіць далей кар'еру. Я асабіста рэкамендую вам "Свежае сена": прыстойны, сапраўды мужскі пах. Гэта, ведаеце, неяк узвышае чалавека ў вачах начальства. Начальства кажа сабе: "Вось прыстойны чалавек, ад яго прыемна пахне, у роце яго ўсе зубы здаровыя — значыцца, і страўнік працуе добра, а людзі, у якіх добра працуе страўнік, не выпешчваюць у душы падступных і здрадніцкіх намераў…" Ну добра, любы, можаце ісці.

І зноў падсеў да Доўгага.

— Гады бягуць, пан Доўгі. Калісьці і я бравіраваў тым, што сядзеў у кабаках і піў дрэнны шварцбір. Але час бяжыць, і сталасць хоча яснасці і прыгажосці. Я не кажу пра майго старога добрага Шыкльгрубера — ён заўсёды быў трохі істэрычнай ад артыстызму натурай, але хто мог бы думаць, што хрыпатая туша Герынг (я яму заўсёды раю змяніць прозвішча) знойдзе ў сваёй душы іскру Божую і будзе калекцыяніраваць карціны і купіць нават тры вашых пейзажы. І нават стары тхор Генрых не толькі кіруе сакрэтнай службай… Яму не пасуе роля мецэната. У яго бегаюць вочы і няма падбародка.

— У чым справа? — насмеліўся спытаць Доўгі.

Аксамітны кот пачамкаў губамі.

— Мы павінны быць вельмі ўдзячнымі вам, пан Доўгі. Мне асабіста вы вярнулі веру ў ваш народ. Вушы яго не закрыты для Дабра, калі найлепшы яго мастак такі добранамерны. Ведаеце, бандыцкі элемент пачынае набіраць сілу… Нават у самым горадзе. Напрыклад, — вам я магу сказаць гэта, — тыдні паўтара таму мы перахапілі на Слабадзе аднаго з іх. Імя — Васіль Лабацэвіч. Мы ведалі, што ён пойдзе па нейкай справе ў горад, ведалі ад чалавека, з якім яны пераходзілі лінію фронту… Бандамі кіруюць адтуль. Гэты Лабацэвіч, на жаль, таксама мастак — вы, напэўна, яго ведалі. Добра, што хоць той, з кім ён ішоў, быў наш.

— Я ведаў яго, — годна сказаў Антось, — гэта быў надзвычай таленавіты чалавек.

— І такі малады. Шкада. Ён кінуў гранату "Ф-1", яна адна пры ім і была. Узялі яго параненага і сплываючага крывёй. Памёр у шпіталі, і не ад ран, а ад кровахаркання. Скрыў ад начальства, што ў яго сухоты… У многіх славян незразумелыя душы. За што яму было паміраць? За камісараў?

Спрачацца з ім было марнай справай, і таму Антось сказаў толькі:

— А можа, проста за радзіму.

— Магчыма, — згадзіўся гаспадар, — але ж вы таксама любіце сваю радзіму. А самі зрабілі зусім не так, як той. Вышэйшай дабрачыннасцю народа і асобы заўсёды было: падкарацца. Так у вас, так і ў нас. Усё гэта дастаткова брыдка, але ў нас лепей. У нас асоба мае перад сабою большы абшар. — Антось ад раптоўнай здагадкі абліўся халодным ліпкім потам. Ягоны госць таксама казаў нешта пра прыход да яго Васіля Лабацэвіча. Няўжо?!

Як з туману даплылі да яго словы аксамітнага ката:

— Вы вярнулі мне веру… вы добра зрабілі, што перадалі ўладам гэтага чалавека, які з'явіўся да вас. Заўзяты нягоднік. Сам ён беларус з Латгаліі, нават чыста размаўляць па-беларуску не можа, жыў да саракавога года пад эгідай Ульманіса, а такая, бачыце, цаца, крычыць пра Беларусь, пра крумкачоў, якія катуюць яе. Галоўны крумкач горада і вобласці, відаць, я. А які я крумкач? Я хутчэй на маржа падобны.

Памаўчаў і прыбавіў:

— I, галоўнае, у Бога верыць. Шчыры каталік. Я раней думаў, што яны, акрамя Бога, нічога не заўважаюць. А цяпер бачу, што іхні езуітызм штука вельмі шырокая. І камуністы сярод іх ёсць і нашы.

— Вашы хлопцы малайцы, — сказаў раптам Антось, — узялі яго спрытна.

Думкі яго мітусіліся. Гучна стукала ў скроні кроў, і ён сказаў гэта толькі, каб сказаць нешта, каб была адтэрміноўка, каб сабрацца з думкамі.

Аксамітны кот усміхнуўся сваім думкам.

— Дарэчы, яны на вас трохі злуюцца: вы сапсавалі ім астатак ночы. Скажу вам па сакрэту: у вашага суседа ёсць тры цудоўныя дачкі, і яны м-м… з некаторай прыхільнасцю прымаюць залёты чароўных маладых шалапутаў. Гэтыя вісусы якраз чакалі з машынаю, пакуль птушкі вылетуць з гняздзечка. Тут вы і сапсавалі ім усю музыку.

У Антося пабеглі па спіне мурашкі, сцюдзёны холад папоўз аднекуль з грудзей у ніз жывата і застаўся там, пакутлівы і страшны.

— Што зрабілі з гэтым чалавекам? — здранцвелымі вуснамі спытаў ён.

— Павесілі, — спакойна сказаў гаспадар і прыбавіў: — На жаль, ён маўчаў, як рыба. Вам трэба было згадзіцца пайсці з ім, каб пасля ўсіх вымесці пад мятлу. Але я вас не вінавачу. Калі сумленнаму і гарачаму чалавеку прапаноўваць такое — ён дае волю першаму імпульсу.

І раптам пажвавеў, захапіўшыся нейкай ідэяй.

— А мы зробім вось што. Мой Гельмут вялікі аматар кіно. Сам робіць здымкі. Я яшчэ папікнуў яго, што ён здымае найбольш узрушваючыя сцэны гэтага допыту. Цяпер бачу, што дарэмна. Пройдзем да яго, гэта тут, поруч.

І ласкавым старэчым рухам узяў Доўгага пад руку.

Пакуль афіцэр з асабістай аховы рыхтаваў усе прылады, пакуль расцягвалі на сцяне палатно, Доўгі сядзеў з закрытымі вачыма і, толькі калі засакатаў апарат і да экрана пацягнуўся дымны конус святла, адкрыў іх. Ён глядзеў на экран з прагнасцю, ён хацеў упэўніцца ў тым, што ўсё гэта страшны сон, што яго правацыравалі.

І ён зноў пабачыў твар свайго старога знаёмага і заўважыў, што ён зусім не непрыемны. Звычайны пухлы вясковы твар. Такіх многа на поўначы Беларусі. Магчыма, новае ўражанне з'явілася ў яго сэрцы таму, што твар начнога госця быў асветлены нейкай дзіўнай унутранай годнасцю. А пяшчотны голас шаптаў над вухам Антося:

— Вось яго прывялі… На пытанні аб прозвішчы адказаў. Абазваў нас гогам і магогам і яшчэ казалупамі… А вось яшчэ…

Кадры былі цьмяныя, невыразныя. Антось бачыў, як бязгучна рухаліся вусны чалавека і тых, што яго дапытвалі. Усміхаюцца, ашчэрваюцца… Якога д'ябла ён здаўся яму несімпатычным? Хіба мала ёсць людзей, у якіх морда авечая, а душа чалавечая?.. Зноў бязгучна размаўляюць, зноў бязгучна крычаць… Гэта страшна, як у недарэчным сне. Матухна, ратуй мяне, няўжо я зрабіў непапраўнае!!!

— Хлопцы пагарачыліся. Але што рабіць? Такая агідная фанабэрыстая пагарда. Сказалі яму, як ён трапіў да нас, — толькі плюнуў. І з гэтага моманту зусім перастаў адказваць.

А перад Антосем плылі і плылі кадры, адзін агідней за другі. На працягу дваццаці хвілін на яго вачах з соннага цельпукаватага чалавека зрабілі тое, чаму не было назвы на чалавечай мове. Сціснуўшы зубы, каб не залаяць, Антось учапіўся рукамі ў крэсла. Божа мой, што з ім рабілі, што з ім толькі рабілі! І гэта была праўда, ён зараз ведаў гэта. І хваля агіды да сябе, такое агіды, што страшней за смерць, заліла ўсю істоту Доўгага.

Поделиться с друзьями: