Гронкі гневу
Шрифт:
— Цяпер няхай падсохне, а я пакуль што латку выражу. — Том падраўняў краі і скасіў кант сіняй латкі. Эл зноў расцягнуў камеру, і Том асцярожна паставіў латку. — Вось так. Цяпер пакладзі яе на падножку, а я прыпляскаю. — Ён нямоцна ўдарыў некалькі разоў малатком, потым расправіў камеру і ўважліва агледзеў краі латкі. — Ну вось! Па-мойму, вытрымае. Надзявай на вобад, мы яе напампуем. Твой даляр, ма, здаецца, уцалее.
Эл сказаў:
— Вось каб была ў нас запаска! Трэба мець запасную камеру, Том, і каб яна была ўжо на вобадзе і надзьмутая. Тады ніякі пракол і ноччу не страшны.
— Калі ў нас будзе столькі грошай, што хопіць на запасны скат, мы купім на іх кавы і мяса, — сказаў Том.
Рэдкія ў гэты ранні час машыны шпарка праносіліся па шашы, сонца ярчэла і пачынала мацней прыграваць. З паўднёвага захаду лёгкімі, як дыханне, павевамі дзьмуў пяшчотны ветрык, і горы абапал шырокай даліны ледзь праступалі праз перламутравы туман.
Том пампаваў камеру, калі на другім баку дарогі раптам спынілася легкавая машына, што ішла з поўначы. З яе вылез чалавек у светла-шэрым касцюме і пайшоў цераз шашу да грузавіка. Капелюша на ім не было. Загарэлы твар яго расплыўся ў белазубай усмешцы. На безыменным пальцы левай рукі блішчаў масіўны залаты пярсцёнак. На тонкім ланцужку, прычэпленым да камізэлькі, матляўся маленькі залаты шарык у выглядзе футбольнага мяча.
— Добрай раніцы, — ветліва павітаўся чалавек.
Том адарваў вочы ад ручной помпы, падняў галаву.
— Добрай раніцы, — адказаў ён.
Чалавек правёў пальцамі па падстрыжаных «пад вожык» крыху ўжо пасівелых валасах.
— Вы, можа, работу шукаеце?
— Канешне, шукаем, містэр. Пад усе масніцы зазіраем.
— Персікі збіраць умееце?
— Ніколі яшчэ не збіралі, — адказаў бацька.
— Мы ўсё ўмеем, — паспешліва прагаварыў Том. — Усё, што толькі ёсць, умеем збіраць.
Чалавек пакратаў пальцам залаты мячык на ланцужку.
— Дык вось, міль за сорак адсюль на поўнач колькі хочаце работы.
— Мы б з ахвотай папрацавалі, — сказаў Том. — Растлумачце, як туды дабрацца, і мы наўскач панясёмся.
— Кіруйце да Пікслі — гэта трыццаць пяць ці трыццаць шэсць міль адсюль, там павернеце на ўсход. Праедзеце міль шэсць і спытаеце ферму Гупера. Працы там хоць адбаўляй.
— Так і зробім.
— Можа, вы ведаеце, дзе яшчэ ёсць людзі, што шукаюць працу?
— Канешне, ведаем, — адказаў Том. — У лагеры каля Ўідпэтча такіх шмат знойдзецца.
— Пад'еду туды. Набраць многа можам. Дык не забудзьцеся — ад Пікслі на ўсход і так трымаць да самай фермы Гупера.
— Так і зробім, — паўтарыў Том. — Вялікі вам дзякуй, містэр. Нам праца да зарэзу патрэбна.
— Добра. Едзьце і не марудзьце. — Чалавек перайшоў дарогу, сеў у сваю машыну і пакіраваў на поўдзень. Том налёг на ручку помпы.
— Па дваццаць разоў будзем, — сказаў ён. — Раз, два, тры, чатыры… — Пасля дваццаці за помпу ўзяўся Эл, за ім бацька, потым дзядзька Джон. Пакрышка разадзьмулася, стала пухлай і гладкай. Кожны браўся за помпу па тры разы. — Цяпер давайце апусцім, глянем.
Эл аслабіў дамкрат, пярэдняя вось апусцілася.
— Добра надзьмулі, — сказаў ён. — Можа, нават і залішне.
Яны пакідалі інструмент у кабіну.
— Ну, усе па месцах, паехалі, — крыкнуў Том. — Нарэшце работа ў нас будзе.
Маці зноў села пасярэдзіне. За руль цяпер узяўся Эл.
— Лягчэй, Эл. Не перагрэй матора.
Яны ехалі ўсцяж залітых ранішнім сонцам палёў. Туман падняўся ўжо над вяршынямі ўзгоркаў, і яны віднеліся цяпер выразна — бурыя, з цёмна-ліловымі складкамі. Дзікія галубы ўзляталі з агароджаў пры набліжэнні грузавіка. Эл мімаволі павялічыў скорасць.
— Не гані, — перасцярог яго Том. — Будзеш націскаць на газ, латка не вытрымае. Нам абы даехаць. Магчыма, ужо сёння пойдзем працаваць.
Маці ўсхвалявана загаварыла:
— Калі вы ўсе чацвёра сёння ўладкуецеся, магчыма, крама адразу дасць мне ў доўг. Перш-наперш вазьму кавы, бо вы ўжо згаладаліся па ёй, тады мукі, соды і мяса. Без костак браць не буду. Гэта як-небудзь потым. Можа, у суботу. І мыла. Мыла абавязкова. Не ведаю яшчэ, дзе паселімся. — Яна гаварыла, не сціхаючы. — І малака. Абавязкова вазьму малака Разашарне, ёй яно вельмі неабходна. Медыцынская сястра ў лагеры казала.
Перад машынай па нагрэтым сонцам бетоне шашы паўзла змяя. Эл крута павярнуў, пераехаў яе і зноў вярнуўся на сваю паласу.
— Земляная, — сказаў Том. — Дарэмна ты яе раздушыў.
— Цярпець іх не магу, — сказаў Эл. — Усялякіх. Ад аднаго іх выгляду мяне нудзіць.
Да поўдня рух на шашы зрабіўся больш інтэнсіўны — бліскучыя лімузіны коміваяжораў з маркамі кампаній на дзверцах; чырвона-белыя бензавозы з бразгатлівымі ланцугамі, якія цягнуліся ззаду: вялізныя, з квадратнымі дзверцамі, фургоны аптовых бакалейшчыкаў, што развозілі тавар. Мясцовасць абапал дарогі здзіўляла сваім багаццем. Фруктовыя сады ў густой лістоце, вінаграднікі, у міжраддзі якіх доўгія атожылкі лоз густым зялёным дываном усцілалі зямлю. Градкі з дынямі, збожжавыя палі. Сярод зелені бялелі дамкі, аплеценыя ружамі. І залатое, цёплае сонца над усім гэтым.
Маці, Том і Эл, седзячы ў кабіне, не памяталі сябе ад шчасця.
— Даўно ўжо я так не радавалася, — сказала маці. — Калі збяром многа персікаў, мы, можа, і дом сабе займеем, ну хоць ноймем месяцы на два. Без дома нам ніяк нельга.
Эл сказаў:
— Я буду грошы адкладваць. Збяру трохі, перабяруся ў горад і ўладкуюся ў якім-небудзь гаражы. Буду жыць на кватэры, есці ў рэстаранах. У кіно кожны вечар хадзіць. Білеты недарагія. На каўбойскія фільмы. — Рукі яго мацней абхапілі абаранак руля.
Вада ў радыятары забурліла, з яго з шыпеннем пачала вырывацца пара.
— Ты заліў радыятар вадой? — запытаўся Том.
— Заліў. Вецер у спіну, таму і кіпіць.
— Цудоўны сёння дзянёк, — сказаў Том. — У Макалестары, бывала, працуеш, а ў думках толькі адно: як я зажыву там, на волі. Ад жыцця ўсё вазьму, хай хоць зямля гарыць пад нагамі, ні перад чым не спынюся. Як даўно, здаецца, гэта было! Быццам шмат гадоў з тае пары мінула. Там адзін наглядчык усё прыдзіраўся. У мяне рукі на яго свярбелі. Таму я, пэўна, такую злосць вялікую на гэтых фараонаў маю. Усе яны быццам на адзін твар. А ў таго морда была чырвоная. Парсюк парсюком. У яго, казалі, брат жыве недзе тут, на Захадзе. Каго выпусцяць з падпіскай, ён накіроўвае яго да брата, і яны там занішто на яго працуюць. А заўпарціцца хто, яго хоп! — і назад у турму за парушэнне падпіскі. Так расказвалі.
— А ты не думай пра гэта, — мякка сказала маці. — Вось накупляю я ўсякай яды — мукі, топленага сала…
— Само думаецца. Адганяеш такія думкі, а яны ўсё роўна лезуць у галаву. Там быў адзін прыдурак. Я вам пра яго яшчэ не расказваў. Крыху хуліганісты такі. Але бяскрыўдны. Усё задумляў уцёкі. Яму мянушку далі — Хуліган, — Том ціха засмяяўся.
— Выкінь з галавы, — зноў папрасіла маці.
— Давай далей, — сказаў Эл. — Раскажы пра яго.
— А тут нічога такога няма, мама, — сказаў Том. — Ён увесь час рыхтаваўся да ўцёкаў. Бывала, план складзе, а маўчаць пра яго не можа, і неўзабаве ўсім ужо ўсё вядома, нават начальніку турмы. Толькі ён пачне ажыццяўляць свой план, а яго за ручкі і назад у камеру. І вось неяк раз ён намаляваў на паперы месца, дзе пералезці збіраўся. Вядома ж, паказаў нам усім, а мы — маўчок. Пасля прагулкі ён не вярнуўся, а мы маўчым. Аказваецца, ён дастаў недзе вяроўку і пералез цераз сцяну. А ўнізе шэсць ахоўнікаў — стаяць з вялізным мехам напагатове. Хуліган спакойненька сабе спускаецца і трапляе проста ў раскрыты мех. Завязалі яго з галавой і так, у мяху, прывалаклі ў камеру. Усе ледзь з рогату не памерлі. А ён пасля гэтага захандрыў. Плача ўсё і плача, зусім духам упаў і страшэнна затужыў. Вялікая яго крыўда ўзяла. Неўзабаве шпількай успароў сабе вены і крывёю сцёк. Не перанёс крыўды. А сам нікому зла не зрабіў. Якіх толькі вар'ятаў там не стрэнеш.