Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гронкі гневу

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

— Нешта нічога не разбяру. Падманліва. Гэта проста ад нерваў, — супакойваў людзей Кейсі. — У нас ва ўсіх нервы напружаныя. Не, нічога такога не чую. А ты, Том?

— А я чую, — адказаў Том. — Ага, чую… Па-мойму, нас акружаюць. Давайце лепш пойдзем адсюль.

Маршчыністы стары шапнуў:

— Пад мост… вунь туды. Шкада толькі палатку пакідаць.

— Пайшлі, — сказаў Кейсі.

Яны ціха пасунуліся па беразе рачулкі да моста. Перад імі паўстаў чорны пралёт — як пячора. Кейсі прыгнуўся і пайшоў пад арку, Том — следам. Ногі іх бязгучна ступілі ў ваду. Яны прайшлі футаў трыццаць, дыханне іх ціхім рэхам аддавалася пад скляпеннем. Яны выйшлі на другі бок і выпрасталіся.

Раптам крык:

— Вунь яны! — Два пучкі святла ад электрычных ліхтароў упалі на іх, уткнуліся ім у твары, асляпілі іх. — Стой, ні з месца! — Галасы ішлі з цемры. — Гэта ён! Лабасты вырадак. Ён самы.

Кейсі, як сляпы, глядзеў на святло. Ён цяжка дыхаў.

— Паслухайце, — сказаў ён. — Вы не ведаеце, што творыце. Вы дзяцей хочаце замарыць голадам.

— Маўчаць, чырвоная сволач!

На святло выйшаў грузны, прысадзісты чалавек. У руцэ ён трымаў новенькае белае дзяржальна ад кіркі.

Кейсі паўтарыў:

— Вы не ведаеце, што творыце.

Чалавек замахнуўся дзяржальнам. Кейсі нырнуў уніз. Цяжкая палка з глухім трэскам ударыла яго па скроні. Кейсі адваліўся ўбок, у цемру.

— Госпадзі, Джордж! Ты, няйначай, забіў яго!

— Пасвяці, — сказаў Джордж. — Таму як і трэба, сволачы. — Пучок святла ўпаў уніз, пашнарыў па зямлі і асвятліў размажджэраную галаву прапаведніка.

Том паглядзеў на Кейсі. Вузкі пучок святла выхапіў з цемры масіўныя ногі Джорджа і новую белую ручку ад кіркі. Том скокнуў моўчкі. Ён выхапіў палку ў Джорджа з рук. Першы ўдар — ён зразумеў адразу — не трапіў у цэль, прыйшоўся па плячы, але другі раз цяжкая палка з усяе сілы апусцілася на галаву, і, калі чалавек паваліўся, на яе абрынуліся яшчэ тры ўдары. Пучкі святла загойсалі з боку ў бок. Пачуліся крыкі, тупат ног, трэск кустоўя. Том стаяў над распластаным на зямлі целам. І раптам — слізгатлівы ўдар па галаве. Тома нібы працяло токам. Ён пабег уздоўж ручая, нізка прыгнуўшыся. Ззаду заплёхалі па вадзе ногі. Том крута збочыў і, прадзіраючыся між кустоў, забраўся ў самы гушчар яданоснага сумаху. Там, прыпаўшы да зямлі, замёр. Крокі набліжаліся, святло электрычных ліхтароў прасвечвала ручай да самага дна. Том паўзком падняўся па адхоне і апынуўся ў фруктовым садзе. Крыкі даносіліся і сюды. Яго шукалі ўнізе, каля ручая. Том нізка прыгнуўся і пабег напрасткі па садовых градах, і камякі зямлі расціскаліся пад яго нагамі, ляцелі ў бакі. Наперадзе ён разгледзеў кустоўе, якое акаймоўвала арашальную канаву. Ён пралез праз жываплот, прадраўся праз вінаграднік і кусты ажыны. Там, хрыпла дыхаючы, лёг на зямлю. Твар і нос у яго анямелі. Нос быў разбіты, па падбародку тонкім струменьчыкам сцякала кроў. Ён ляжаў ніцма, пакуль не праяснілася ў галаве. І тады паволі папоўз да краю канавы. Абмыў твар халоднай вадой, адарваў шматок ад падола сваёй сіняй кашулі і прыклаў да параненай шчакі і да носа. Востры боль апёк яго твар.

Навальнічная хмара адплыла ўжо на край небасхілу — чорная пляма на зорным небе. Зноў запанавала начная цішыня.

Том ступіў у ваду і адразу страціў апору пад нагамі. Разы два ўзмахнуўшы рукамі, ён пераплыў канаву і з цяжкасцю вылез на другі бераг. Мокрая адзежа прыліпла да цела. Ён з плёскатам зрабіў некалькі крокаў, у чаравіках хлюпала вада. Том сеў, зняў чаравікі, выліў з іх ваду. Потым выціснуў ваду ўнізе з калашын, зняў пінжак і выкруціў яго.

Наперадзе, каля шашы, па зямлі скакалі агні электрычных ліхтарыкаў — яго шукалі ў прыдарожных канавах. Асцярожна ступаючы, Том пайшоў па скошаным лузе. У чаравіках ужо не хлюпала. Ён наўздагад пакіраваў на другі край пакошы і нарэшце выбраўся на грунтавую дарогу. Крадучыся, ён падышоў да прамавугольніка лагера.

Вартавы, пачуўшы шоргат, крыкнуў:

— Хто ідзе?

Том упаў на жывот і замёр, промень святла слізгануў над ім. Том бясшумна падпоўз да свайго доміка. Рыпнулі завесы дзвярэй. Пачуўся голас маці — спакойны, цвёрды, не заспаны:

— Хто тут?

— Я, Том.

— Ты б ужо спаць клаўся. Эла яшчэ няма.

— Пэўна, дзеўку знайшоў.

— Ідзі кладзіся, — ціха сказала маці. — Вунь там, каля акна.

Том знайшоў свой матрац і раздзеўся дагала. Ён ляжаў пад коўдрай і калаціўся ўсім целам. Анямеласць у разбітым твары праходзіла, і боль цяпер разліваўся па ўсёй галаве.

Толькі праз гадзіну вярнуўся Эл. Ён асцярожна падышоў да Тома і наступіў на яго мокрую адзежу.

— Тсс… — прашаптаў Том.

Эл шэптам запытаўся:

— Не спіш? Дзе ты так прамок?

— Тсс… Раніцай скажу.

Бацька перавярнуўся на спіну, гучна запыхкаў і захроп.

— Які ты халодны, — сказаў Эл.

— Тсс… Спі. — Маленькае акенца шэрым квадратам выступала з цемры.

Тома сон не браў. Нервы на твары ажылі і занылі, балела скула, разбіты нос распух, у ім затахкаў такі моцны боль, ад якога, здавалася, усё цела скаланаецца і падскоквае. Том глядзеў на маленькі квадрат акна, бачыў, як паволі праслізгваюць і знікаюць за аконнай рамай зоркі. Час ад часу да яго слыху даносіліся крокі вартавых.

Нарэшце недзе далёка заспявалі пеўні, акно крыху пасвятлела. Том дакрануўся кончыкамі пальцаў да апухлага твару, і Эл, патрывожаны гэтым рухам, застагнаў і замармытаў у сне.

І вось стала віднець. У прыціснутых адзін да аднаго доміках абудзілася жыццё — пачуўся трэск сушняку, бразганне патэльняў. Маці раптам прыўзнялася і села на матрацы, і ў пашарэлым змроку пакоя Том разгледзеў яе твар, ацёклы ад сну. Яна скіравала позірк на акно і доўга глядзела. Потым адкінула коўдру і знайшла рукой сукенку. Седзячы, яна накінула яе на галаву, падняла рукі, і сукенка ўпала да пояса. Маці паднялася, апусціла сукенку да шчыкалатак і, асцярожна ступаючы босымі нагамі, падышла да акна. Так, гледзячы, як паступова святлее за акном, яна спрытнымі пальцамі распляла валасы, разраўняла пасмы і зноў запляла іх. Склаўшы рукі на грудзях, яна яшчэ крыху пастаяла нерухома. Святло з акна падала на яе твар. Яна павярнулася, бязгучна прайшла між матрацаў і ўзяла ліхтар. Скрыгатнуўшы, падняўся шчыток, і яна паднесла запалку да кнота.

Бацька павярнуўся на бок і, жмурачыся, глянуў на маці.

— Ты яшчэ што-небудзь атрымаў, та? — запыталася яна.

— Квіток на шэсцьдзесят цэнтаў.

— Тады падымайся, схадзі купі мукі і топленага сала. Не марудзь.

Бацька пазяхнуў.

— Крама, можа, яшчэ не адчынена.

— Дык няхай адчыняць. Трэба вас снеданнем накарміць. Ужо хутка на працу ісці.

Бацька нацягнуў камбінезон, надзеў парыжэлы пінжак і, пазяхаючы і пацягваючыся, ляніва выйшаў з доміка.

Малыя дзеці прачнуліся і, як мышаняты, вызіралі з-пад коўдры. Ад шэрага перадсвітальнага святла ў пакоі крыху парадзеў змрок. Маці паглядзела на матрацы. Дзядзька Джон ужо прачнуўся, а Эл яшчэ моцна спаў. Яе позірк спыніўся на Томе. З хвіліну яна прыглядалася да яго, потым паспешліва падышла. Твар у Тома быў апухлы, сіні, на губах і на падбародку чарнела запечаная кроў. Рваная рана на шчацэ туга сцягнулася па краях.

— Том, — прашаптала маці, — што з табой такое?

— Тсс… — сказаў Том. — Гавары цішэй. Я ўвязаўся ў бойку.

— Том!

— Так атрымалася, ма.

Яна апусцілася каля яго на калені.

— Ты трапіў у бяду?

Том доўга не адказваў ёй.

— Ага, — нарэшце вымавіў ён, — у бяду. На працу сёння мне нельга ісці. Трэба хавацца.

Дзеці падпаўзлі да іх на карачках, з прагнай цікаўнасцю пазіраючы на Тома.

— Што з ім, ма?

— Ціха! — загадала маці. — Ідзіце памыйцеся.

— У нас мыла няма.

— Ну проста вадой.

— А што з Томам?

— Зараз жа замаўчыце. І нікому ні слова.

Дзеці задам адпаўзлі да процілеглай сцяны і там прыселі на кукішках, упэўненыя, што на іх ніхто больш увагі не зверне.

Маці запыталася ў Тома:

— Што-небудзь сур'ёзнае?

— Нос разбіты.

— Я пра іншае пытаюся.

— Ага, вельмі.

Эл расплюшчыў вочы і глянуў на Тома.

— Госпадзі! Дзе гэта цябе так?

— А што такое? — пачуўся голас дзядзькі Джона.

Прытупаў бацька з крамы.

— Было адчынена. — Ён паклаў на падлогу каля печкі маленькі мяшэчак мукі і пакецік з топленым салам. — Што здарылася? — запытаўся ён у Тома.

Том прыўзняўся на локці і амаль адразу лёг.

— Эх і аслабеў я. Зараз раскажу. Так, каб усім адразу. А дзеці?

Маці глянула на малых, якія прыціснуліся да сцяны.

— Ідзіце хоць твары памыйце, — сказала яна ім.

— Не, — сказаў Том. — Няхай паслухаюць. Няхай таксама ведаюць. А то прагаварыцца могуць.

Поделиться с друзьями: