Хатынская аповесць
Шрифт:
— Мамка плача.
— Яна заўсёды… Як i бацька на фінскую ішоў… Вы не помніце, малыя былі.
Блізняты нашы прыгажунямі не лічыліся, нават мама казала з добрай усмешкай (калі абедзве разам — цяжка не ўсміхнуцца):
— Божа, растуць векавухі, мала адной, дык на табе дзве!
Я любіў ix пляскатыя, губастыя тварыкі, хоць часта i сварыўся на ix, калі яны стараліся прыстаць да нашай мужчынскай кампаніі. Але ў сваім двары мы былі сябрамі. Каго хочаш кране гэта: здвоеная пакорлівая ўсмешка на добрых тварыках, здвоеная павага да старэйшага брата!
I вось цяпер, калі мама заплакала i так паглядзела на ix, на сцены, я адчуў сябе вінаватым. Упершыню падумалася ўсур'ёз, чым усё можа скончыцца. Цяпер i не партызанскай сям'і ацалець, выжыць — трэба вялікае шчасце, удача. А на партызанскія немцы палююць круглы год.
— Дай прышыю табе бацькаў каўнер. Залезь на гарышча, прынясі,— сказала мама, вярнуўшыся ад печы да нас, адразу прыціхлых: — Усё роўна чорт нейкі знойдзе ды забярэ ці спаляць.
Я кінуўся ў сенцы, ускараскаўся па лесвіцы. У рыззі ля коміна раскатаў рукаво ад старой ватоўкі — яно моцна пахла тытунём. У рукаве — наша адзіная сямейная каштоўнасць: каракулевы каўнер, загорнуты (ад молі) у тытунёвае лісце.
Мама прышывае той каўнер да майго рудога школьнага палітончыка, а мы сядзім каля яе, збліжаныя цішынёй, чаканнем. Маме стала холадна, я пабег i прынёс ёй з шафы старую цёплую хустку. Калі хустка ў яе на плячах, постаць маці не выдае такой вострай i ўся яна робіцца дабрэйшай — задуманай i журботнай. Вось такая — пад хусткай, у халаднаватым паўзмроку — яна расказвала нам пра гарадское жыццё, пра сваю маладосць, пра бацьку. (Я — «гарадскі», a сястрычкі нарадзіліся ў вёсцы. Бацька сам напрасіўся працаваць у МТС, дырэктарам быў да самай фінскай вайны. А потым здарылася нешта незразумелае, раптоўнае, немагчымае: бацька ў палоне! Былі два пісьмы аднекуль з поўначы — перад самай ужо вайной.)
Маміна хустка ды каракулевы каўнер, куплены сабе бацькам на паліто, — усё, што засталося ад нашага «дырэктарскага» жыцця.
Гарадскія рэчы мы пачалі прадаваць яшчэ да вайны.
Скончыла мама работу, агледзела мае паліто з шыкоўным каўняром i нават усміхнулася:
— Якраз табе прыдалося.
Мы, узрадаваныя мамінай усмешкай, кінуліся прымерваць паліто: блізняты трымалі яго, нібы сурдут пану, а я на ix пакрыкваў. Каракуль прапах тытунём, нібы яго ўжо насілі. Мусіць, i маме так падалося:
— Бацькавым тытунём будзеш пахнуць.
Я знарок весела i гучна пацягнуў носам, панюхаў, спалохаўся, што яна зноў заплача.
Першыя дні i тыдні ў партызанскім лагеры былі для мяне суцэльным святам пазнавання. Дысцыпліна ў атрадзе была амаль армейская — гэтым касачоўцы ганарыліся перад суседзямі.
Але ўсё роўна гэта былі партызаны — усё ў ix з выдумкай, з вясёлай лаянкай, з патэфонам, пры якім адна на ўсе настроі пласцінка: «Брось сердиться, Маша». Гэтая «Маша» па-рознаму гучала, калі ўсё добра было i калі забітых прывозілі i партызаны хадзілі па лагеры прымоўклыя, змрочныя.
Вельмі падабалася нам паглядзець на сябе збоку: касачоўцы! Аднойчы злоўлены паліцай пачаў расказваць, як ён хаваўся ў склепе i адтуль чуў нашу атаку: што крычалі, якія словы. Спецыяльна хадзілі паслухаць паліцая, а ён, зразумеўшы, што пацэліў у наша слабое месца, ужо як мог выдумляў вунь якую мудрагелістую лаянку ў свой адрас.
Ваяваць весела — гэта лічылася абавязковым. Толькi новенькія пра бой расказвалі сур'ёзна, падрабязна, бывалыя ж касачоўцы — як пра дасціпныя, смешныя прыгоды. Іншы прымчыць: ледзь шапку ўратаваў, вочы — з яблык кожнае, а, бач, прыдумляе, шукае ў здарэнні смешнае, нібы з немцамі ў нейкую злую, але вясёлую гульню гуляў. Не атрымалася, даў здачы немец — таксама смешна!
I толькі калі забітых прывязуць — лепш не падыходзь, калі цябе ў тым баі па нейкай прычыне не было. Гыркнуць, як на чужака. A ўвечары ціха спяваюць песні ці задумліва слухаюць, як даваенны барытон пераконвае Машу, што «жизнь прекрасна наша в солнечные дни».
Касача ў атрадзе паважалі i, бадай, пабойваліся. Але i пабойваліся таксама па-партызанску: маўляў, так i трэба з намі, не хадзі, такі-сякі, дзе не трэба, напрасткі, умей выкруціцца нават з-пад Касача, калі ты касачовец!
I ўсё-такі нечага ў ім не разумелі — гэта бачыў нават я. Так, жарсткаваты, можа, залішне, але затое i смелы, i затое касачовец ведае, што яго параненага не кінуць, як здараецца часам у іншых, a ўжо з засады сарвацца, пабегчы без каманды — такога ў нас не бывае. Храбры не пабяжыць таму, што ён храбры, а баязлівец — бо ён баязлівец i ведае, што лёс ягоны вырашаць будзе Касач.
Але гэтая яго незразумелая, іранічная да ўсяго — i дрэннага i добрага — усмешка! Яна ўсіх i ўсё па-крыўднаму раўняла: здаецца, Касач бачыць, помніць цябе толькі ў той момант, калі ты ў яго перад вачамі. I кожны раз як бы ўпершыню заўважае.
Зрэшты, іншых гэта, магчыма, мала бянтэжыла. Але ж я быў закаханы!
Вось я стаю на пасту каля штабной зямлянкі: лагер паволі засынае, рассядланыя коні пад стрэшкай гучна хрумстаюць канюшынай. Нехта ідзе да штаба, шастаючы падмерзлым сухім лісцем. У халодным змроку пазнаю мажную, у кароткім кажусе i вушанцы постаць Касача. Як належыць, аклікаю: «Хто ідзе?» — грозна, радуючыся, што ён чуе мяне, мой партызанскі вокліч, але i саромеючыся трохі. Бо я пазнаў яго, i ён ведае, што я пазнаў яго — нібыта гульню прапаноўваю.
— Пароль! — патрабую, ужо цішэй.
А ён ідзе на мяне з цемені, моўчкі, не суцішаючы хады. Я клацаю затворам, але тут жа кажу:
— Гэта вы, таварыш камандзір?
Як яшчэ не закрычаў: «А, пазнаў, ага!»
Касач рашуча падышоў, пагардліва, як палку, адвёў убок маю вінтоўку.
— Чаму не страляў?
Гульня дык гульня — ён вось якую мне прапаноўвае!
— Я ж адразу пазнаў вас.
— Калі не спыніўся, не назваў пароля — бі!
— Я ж…
— Не мае значэння, — Касач блізка i ўважліва зазірнуў у мой разгублены i пакрыўджаны твар, усміхнуўся: — Двое сутак гаўптвахты.
Мабыць, каб зразумеў, што вайна — гульня сур'ёзная, злая.
Але i тут касачоўцы рабілі, давалі папраўку на характар свайго камандзіра. Удзень на гаўптвахце сапраўды моташна, няўтульна: нары з альховых жэрдак прыбіраюць, стой ці сядзі на кукішках у прамерзлай зямлянцы, дыхай у каўнёр, прапахлы бацькоўскім тытунём… Але затое ноччу! Ноччу ў цябе ўсе прывілеі, падкрэслены клопат каравульнага ўзвода.
Цікава, расказалі Касачу хаця б пасля вайны, як кармілі гаўптвахту ca штабнога катла?