Хатынская аповесць
Шрифт:
— Татка, там месца, — кажа хлапчук у празрыстым плашчыку i кранаецца працягненай яму насустрач рукі.
Зноў зашумеў, закрычаў аўтобус, але нядаўняя раптоўная цішыня таксама засталася — як дно. Галасы, вясёлы крык занадта ўжо таропкія.
— Гайшун! Сюды, братка!
— Да нас, Флёра. Сюды давай!
Чалавек з застыглай усмешкай сляпога некага чакае. Металічная палка суха, пустацела дзынкнула: сляпы зачапіў стойку.
На прыступку аўтобуса паставіў напакаваны мех узмакрэлы мужчына ў пакамечаным суконным гарнітуры:
— Гэта куды аўтобус?
— У Хатынь.
— Куды?
— У Хатынь.
— А! — няўпэўнена прамовіў гаспадар сіняга гарнітура, забіраючы свой мех.
У дзвярах узнікла жанчына ў квяцістай летняй сукенцы — з сумкай i «балонняй» на загарэлай руцэ.
Паднялася на прыступку: смуглявы твар усміхаецца побач з коратка пастрыжанай, зусім белай галавой сляпога.
— Глаша, да нас!
— Сюды сядай, у трэці ўзвод!
— Надакучылі вы ёй у лесе! Праўда, Глаша?
— У нас тут плацкартный месцы…
Жанчына, кінуўшы ціхае «добры дзень», кранулася локця сляпога, i ён пайшоў па аўтобусе. I адразу стала прыкметнай узаемная ix нетаропкасць, напружаная плаўнасць, якая бывае, калі нясуць разам поўнае вядро.
— Сюды, татка, тут месца, — паклікаў хлапчук, які ўжо ўладкаваўся спіной да кабіны, па-дзіцячы паклаўшы рукі на сядзенне абапал сябе.
Маладжавы i шумны пасажыр прыўзняўся з месца i ашчаперыў сляпога за плечы.
— Флёра, з маёй пасядзі. А я — з Глашай.
— Косця, — дакорліва сказала жонка шумнага пасажыра, уся занадта беленькая, зычліва ўсміхнуўшыся сляпому, — не замінай чалавеку прайсці. Які ж ты!..
Чалавек у цёмных акулярах звыкла нёс руку перад сабой, а з ёю здароўкаліся, кранаючыся худых пальцаў, якія чуйна ўздрыгвалі.
— Жывём, Флёра?
— Гэта хто? Ты — Стома?
— Пазнаў? Я, братка, я гэта.
— А гэта чыя галава?
— Рыжага. Помніш такога? Падай голас, Рыжы.
— Пакажыся, — рука сляпога вярнулася назад, — пакажыся. I сапраўды — Рыжы!
— Здароў, Гайшун, — пасажыр прыўзняўся, з няёмкасцю, як дзіцячую, паціснуў руку сляпога.
Жанчына, пакуль ідзе ўся гэтая працэдура, стаіць за мужавай спіной: яна таксама ўсміхаецца, але ні на кога не глядзіць, у той час як чорныя акуляры сляпога ўважліва ўглядаюцца на кожны голас.
Руку сляпога перахапіў таўсматы пасажыр. Раменьчык ад фотаапарата палавініць ягонае мяккае плячо, i ўвесь ён нейкі выпнуты, кругленькі ў сваім новым сінім гарнітуры.
— Не пазнаеш Сталетава?
— I ты тут? — здзівіўся сляпы.
— А дзе ж мне быць? — Сталетаў пакрыўдзіўся.
Але жанчына павяла ўжо Гайшуна далей. Ен зачапіў калена грузнага i нават тут, на сядзенні, высокага чалавека, які, як пераростак за школьнай партай, сядзіць крывавата, бокам, загароджваючы праход.
— Дзень добры, — ціха i вельмі cпaкойна сказаў грузны пасажыр.
I паўтарыў:
— Дзень добры, Флёра.
Ад ягонага голасу на нейкае імгненне зноў адкрылася — як блізкае дно — цішыня.
Жанчына, перасмыкнуўшы тварам, схапіла Гайшуна за плечы i хуценька правяла наперад. Пасадзіла i сама села тварам да кабіны i спіной да ўсіх.
Хлапчук паклікаў:
— Тут лепей, татка.
— Вось i сядзі! — абарвала яго маці.
Ля кабіны — тварам да ўсіх — зручней сядзець было б i грузнаму пасажыру. Але ён таксама не сеў там.
…Касач! Гэта яго голас. Упэўнена-ціхі: чалавек ведае, прывык, што яго пастараюцца пачуць. Гэты голас хіба забудзеш?..
А як перамянілася Глашына рука: нібы з-пад машыны мяне выхапіла!
Які ён цяпер — Касач? Ва ўсякім выпадку не сляпы, як яе муж.
Матор i вядро, што дзынкае пад сядзеннем, глушаць аўтобусную гаману. Толькі самыя высокія i вясёлыя галасы далятаюць, выпадкова сутыкаючыся i пераплятаючыся. «Летась… ды ўжо i ўнукі ёсць… Бомба разарвецца, воблака ўзаўецца… ну, Косця, які не ты? Дай людзям пагаварыць… Я кажу, што касачоўцы ўсюды… Не, я яму скажу, нашаму летапісцу, гэтаму… Гэй, Сталетаў!.. А мая дачка экзамен здае ў інстытут замежных…»
Нерэальныя, да немагчымасці блізкія галасы з далёкага-далёкага мінулага затапляюць аўтобус: сённяшнія, выпадковыя словы плаваюць на паверхні, як смецце, а знаёмыя галасы, як бы незалежна ад слоў, уліваюдца ў мяне, саланаватыя, пякучыя…
Чалавек дваццаць нашых партызанаў. Некаторых я ўжо чуў, разбіраю: Касача, Косцю-начштаба, Стому, Рыжага, Сталетава…
Косця, наш начштаба, — у сё гэтакі ж хлапчукоўскі голас — уразаецца адразу ва усе размовы; рагоча, выкрыквае прозвішчы, клічкі, знарок бяссэнсавыя словы («Дзеда не забылі?.. Сталетаў, здымі нас — для гісторыі. У цябе гэта здорава выходзіць… Дзед, ты ў каго такі капялюш сцёг?.. Мэнш!.. Не перашкаджай, жонка!..»),
Так, ён такі, наш Косця-начштаба, з ім i ў чыстым полі будзе цесна: кожнага зачэпіць, абніме i тут жа абсмяе. Не надта самавіты для сваей пасады. Дваццаць два ці дваццаць тры яму… Было. Але яго любяць (любілі): справу сваю разумеў, ваяваць умеў. Не горш за Касача.
Касач тут, побач. За спіной у мяне. «Дзень добры?» — паздароўкаўся спачатку i з Глашай, але нешта прачытаў на Глашыным твары i тут жа аддзяліў: «Дзень добры, Флёра!» Вунь якою зрабілася Глашына рука! Спалоханая i цвёрдая. Глаша сядзіць побач са мной, прамая, напружаная, — я i не бачу, а ведаю.
Такі ж аграмадны, моцны? Голас, прынамсі, той жа. Мне заўсёды хацелася зразумець: прыкмячае ён сам ці не прыкмячае гэтую сваю пастаянную іронію, часамі, здавалася, недарэчную?
— Я яму ў вочы сказаць магу! — голас аднекуль ззаду. — Мы яго, прымачка, з-за печы выцягнулі, у партызаны сілай прывалаклі, а цяпер…
Пра каго гэта там? I чый голас? Нервовы, усхваляваны. Хлопцы падзаводзяць, бач, чалавека — гэта ў нас заўсёды ўмелі.
— Сакратарка не пусціць.
— А ты — па тэлефоне яму. Верна, Зуёнак? Ці тэлеграмай.
Ну, вядома, гэта ён, Зуёнак! Галоўны хавальнік пapтызанскай геральдыкі, Зуёнак заўсёды помніў, i вельмі дакладна, хто ў якім годзе i нават у якім месяцы прыйшоў у партызаны. I хто якой павагі заслугоўвае. Усю сям'ю Зуёнка немцы выбілі яшчэ ў сорак першым, калі ён пайшоў у лес. Менавіта з дапамогай ягоных доўгіх i настойлівых пісем пастаўлены многія нашы помнікі. I гэты, які мы едзем адкрываць. Я ўпершыню еду: калі мог, вочы былі, сустрэчы такія не праводзіліся. А Зуёнку нават перапала за спробы сабраць нас: «Якія такія сустрэчы? Каму гэта трэба?»