Хатынская аповесць
Шрифт:
— Да ночы паўзці будзем з такой яздой. Я на сваім хозузводаўскім хутчэй паспяваў.
— О, Дзед наш да самалётаў прывык!
Заехаць заадно i ў Хатынь — хоць гэта зусім не па дарозе ў нашы партызанскія мясціны — таксама iнiцыятыва Зуёнка. Для мяне гэта асабліва важна — наведаць Хатынь. Хаця што я там убачу? Убачу не тое, што там цяпер, а што было. Што яно такое, нашы Хатыні, я ведаю. Гэта я ведаю…
A хозузводаўскі Дзед усё непакоіцца, ці паспеем у два канцы, ці не спознімся. Колькі яму? Дзедам i тады ён нам здаваўся. Гаворыць — нібы гарачую бульбачку есць: сіпіць, дзьмухае, крэкча за кожным словам. I няўпэўненае смяхоццейка трапятлівага селяніна. Неяк жа здолеў, сабраў Зуёнак усіх нас, i гарадскіх i з раёна, у гэты аўтобус.
— Нічога, — абзываецца нехта (здаецца, Рыжы), — i болей нас там чакалі.
У Рыжага нават іронія прабілася ў голасе. Пасляваенная, мабыць. Раней усе з яго жартавалі, а ён толькі пасопваў аблупленым носам ды абяцаў: «Вось як дам левай!»
— A які хоць помнік? Га, Зуёнак? — пытаюць з задняга сядзення.
— Курган, школьнікі насыпалі.
— A які б ты хацеў сабе? — крычыць Косця-начштаба.
— Я нешта не падумаў пра гэта, калі хадзілі — памятаеце? — па гарэлым балоце. Як на вяроўцы хадзілі па крузе.
Мільгацяць твары ў маёй памяці, тасуюцца i ні водны не накладваецца на гэты голас з ціхім пакашліваннем.
— Хлопцам усё роўна цяпер. (Дзед.)
— Усё роўна, ды не зусім. (Стома.)
— Над такім, як у мінулым годзе, я не лёг бы.
— Зуёнак, улічы пажаданні. (Косця-начштаба.)
— Не, a помніце Чортава Калена, як хадзілі па крузе, па балоце? Расказваеш — не вераць людзі.
Хто гэта гарэлае балота, Чортава Калена, уснамінае? Голас з такім знаёмым, ласкава-хітрым пакашліваннем. Вядзмедзь, ён? Ну, вядома ж! Які ён цяпер, без кулямётных стужак цераз грудзі i на паясніцы? Вельмі нязручна насіць так патроны i непрактычна: іржавеюць, а у час бою выцягвай па аднаму, запіхвай у «магазын», у патроннік. Ужо для той, для першай сусветнай, прыдумана была зручная абойма: паставіў у паз, націснуў вялікім пальцам — i адразу пяць патронаў у вінтоўцы. Але Вядзмедзь пакорліва цягаў сваю кіношную ўкрасу, а сам шчупленькі, сутулы, у акулярах. Не каля дзяўчат, вядома, яго думкі круціліся, як у зухаватых i прыбраных у зброю i рамяні разведчыкаў, i ад'ютантаў, а каб пакармілі. Цётка адразу бачыла: чалавек ваюе! А можа, i тады кіно сядзела ў падупалых грудзях Вядзмедзя?
Неяк пайшлі мы ў кінатэатр, пачаўся фільм, i раптам смяшок у зале: «Леў… Вядзмедзь…» Глаша ціхенька ўсклікнула: «Ой, Флёра, наш Вядзмедзь Лёва дырэктар гэтай карціны!»
У кіно я звычайна з Сярожам хаджу: мы заходзім у памяшканне перад самым пачаткам сеанса, каб не мучылася публіка недаўменнем, навошта сляпому кіно.
Спачатку Сярожа пошапкам тлумачыць, што там на экране, пакуль я не ўцямлю, куды аўтары гнуць, а потым ужо я памагаю Сярожу, слухаючы фільм, як радыё. Каторыя фільмы нібы для мяне i зроблены — усё растлумачана, услых, гучна.
Але калі раптам замірае зала перад анямелым экранам, i толькі дыханне соцень людзей, як перад ускрыкам у сне, вось тады ўключаецца, загараецца мой экран. Пад раптоўныя крыкі, стрэлы з іхняга экрана я бачу сваё. Toe, чаго ніхто не бачыць.
— А вы, дзядзя, таксама партызан? — прыстае Сярожа да Сталетава, які перайшоў да кабіны i цяпер, я чую, сядзіць насупраць мяне.
— Тут усе партызаны, хлопчык, — пытанне Сталетаву не спадабалася. — А ты — піянер?
— Вядома, — Сярожа таксама абурыўся.
— Не выпацкай дзядзьку сваімі чаравікамі,— папярэджвае Сярожу Глаша. З таго імгнення, калі яна ўбачыла ў аўтобусе Касача, усё ў ёй — я па голасе адчуваю — нібы здранцвела.
— Вы таксама касачовец? — дапытваецца Сярожа. Ен калі ўжо возьмецца за сваё!..
— Э, не-е! — узрадаваўся пытанню Сталетаў.— Я з атрада імя Сталіна.
Сталетаў цяпер сядзіць тварам да Касача, яны бачаць адзін аднаго. Ці Сталетаў, як звычайна, убок i ўверх глядзіць? Вочы ў яго касаватыя.
— I бацька твой ніякі не касачовец, a імя Сталіна.
Гэта адно i тое ж: па паперах мы — атрад імя Сталіна, a ў вёсках, мусіць, i цяпер помняць касачоўцаў.
Даволі экзатычны экземпляр гэты Сталетаў, нават сярод такіх розных, як партызаны, людзей.
Спачатку, калі прывялі ў наш Замошанскі лагер злоўленага інструктара анямечаных школ, які на веласіпедзе раз'язджаў па раёне з лекцыямі пра «Гітлера-вызваліцеля», — гэта быў азызлы, бледны чалавек з вачамі, вытарачанымі, як нам тады здалося, ад страху (зламаны веласіпед на сабе прывалок). Але не расстралялі, пакінулі ў атрадзе (даказаў, што перадаў дэсантнікам пішучую машынку, нешта канцылярскае), i тады мы зразумелі, што вочы ў яго такія заўсёды. Ад прыроды i ў згодзе, як выявілася, з натурай сталетаўскай.
На змену сполаху хлынула ў Сталетава, а з яго — на нас, радасць, ды такая, што хлопцы не ведалі, куды дзявацца. Падыдзе нячутна, зачарованай хадой, стане перад Рыжым, Зуёнкам ці Вядзмедзем i глядзіць улюбёна скасавураным вокам у неба. Нібы галовы іхнія — недзе там, у вяршалінах лесу. Жывымі на неба ўзносіць!
— Ты чаго? — здзівіцца партызан з непрывычкі.
— Я?.. Нічога я… Можа, абед вам таксама прынесці. Я іду на кухню.
— А што, a прынясі! Прынясі, братка.
Вярнуліся аднойчы з нейкай аперацыі, а Сталетава не відно, няма ні ў нашай зямлянцы, ні поблізу. У лагеры ён, але нас быццам ужо не заўважае. Выявілася, Сталетаў ужо штабная адзінка. Пісар, а дакладней — летапісец. Пераканаў нейкага прыезджага з брыгады, што вунь як неабходна пісаць гісторыю нашых атрадаў. Фронт ужо не так далека, іншыя брыгады спахопяцца, a ў нас — калі ласка, усё гатова.
Дзіўныя вочы ў гэтага чалавека. Быццам мерку здымаюць: прыпнуць цябе да нечага нябачнага, пацягнуць крыху ўгору, як кравец выцягвае каўнер, «спінку», a ў вачах ягоных прысуд, нават крыўда: э, не, не дацягваеш! Да гісторыі, ці што? Яшчэ раз пацягне цябе ўгору чорнымі пякучымі (іншы раз здаецца звар'яцелымі) вачамі, a i ў ix усмешка. То-онкая-тонкая! Нас, маўляў, не падманеш… I ўжо канчаткова ўзнясе позірк да неба, пакінуўшы цябе, нібы перад ліфтам, які мільгануўся толькі што.
Што там выйшла з «летапісу Толькі з касачоўскага штаба ён раптоўна вулецеў, гэтак жа імкліва, як i трапіў туды! У Касача такія справы без затрымкі афармляліся: не памог Сталетаву i апякун брыгадны. Дайшло да Касача (у вёсках паскардзіліся), што «нейкі ваш касы» дзядзьку пабіў, баб палохаў вінтоўкай, некага да сцяны прымерваў.
— Мы тут ваюем, — апраўдваўся Сталетаў,— а нейкі там сядзіць, барадой прыкрыўся, i — калі ласка, вызваляй яго. Я б не ўсіх назад пускаў. У наша жыццё.
— Ваюем? — перапытаў Касач. — Вось i паваюй. A гісторыю пасля напішаш. Першым разам — на губу яго!
«Гісторыю» Сталетаў напісаў, ды толькі зусім не тую…
Злучыліся з арміяй: адных — на фронт, другіх — гаспадарку ўзнімаць, i раптам затрымка з тымі, каго працаваць у раёне пакінулі. Сталетаўская папка ўсплыла, a ў ёй, выявілася, такое было напісана (асабліва пра Касача, ды i пра другіх таксама), што калі хлопцаў выклікалі, ім не зачытвалі ўголас, a толькі пальцам па радках вадзілі. Не рашаліся сваім голасам зачытваць фразы, нібыта чутыя Сталетавым у атрадзе. Што ён там чуў, а што прыплёў — цяжка сказаць. Партызаны сапраўды разважалі, i часам горача i шчыра, пра тое, пра што пасля пяцьдзесят трэцяга загаварылі i сталі пісаць. Магчыма, i ў штабе нешта такое чуў. Ды ён, здаецца, перамыш'ячыў: адна смяротная доза мыш'яку — смяротная, а ад дзесяці можаш i не памерці: адразу пачынае ванітаваць, ачышчаецца страўнік. Не вяртаць жа палавіну атрада з фронту! Да кагосьці не дурнога трапіла справа: Сталетаву самому давялося апраўдвацца. Доўга пра нашага «летапісца» не чуваць было нічога, але раптам голас аб сабе падаў. Неўзабаве i на сустрэчах пачаў паяўляцца Сталетаў. Я не быў на тых першых сустрэчах, але чуў, што Сталетаў вынырнуў, што зноў захапленне i радасць i ўлюбёнасць у гарачлівых вачах, узнятых да неба вачах «летапісца». Спачатку, думаю, без цырымоніі нагадвалі яму пра «гісторыю брыгады», але падобна на тое, што з часам пачалі да яго прывыкаць. Адыходлівыя нашы гарачуны.