Хатынская аповесць
Шрифт:
Ды што казаць, я вось i Сярожу не ўсё стаў бы расказваць (нават калі вырасце, студэнтам стане), хаця, здаецца, хаваць, саромецца няма чаго. На сваіх студэнтах я i пераканаўся, што ёсць рэчы, якія немагчыма перадаць другім — хто не паспытаў сам чаго-небудзь падобнага.
Даведаліся мае трэцякурснікі ад некага пра выпадак ці чыталі недзе, калі камандзір у час блакады — сярод нямецкіх засад, — каб не вынішчылі атрад, быццам бы гатоў быў ахвяраваць дзіцем, якое ўсё крычала на руках у маці. Пераказалі мне — з абурэннем! Але i запытальна: як я тут выкручуся з маёй «універсальнай навукай псіхалогіяй»? Паводле ix пераканання, пасля такога выпадку атрад абавязкова распаўся б: людзі, скампраметаваўшы, страціўшы самую мэту барацьбы, узненавідзелі б адзін аднаго i саміх сябе, уласнае жыццё, купленае такой цаной. Абураючыся разам з імі самой магчымасцю падобнага выпадку, я ўсё-такі не згадзіўся, што скончылася б менавіта так. Напомніў пра «абарончы» механізм псіхікі, без якога вайна наогул немагчымая, невыносная была б для чалавека…
Я не бачыў твараў маіх студэнтаў, але ўпершыню адчуў — у інтанацыях адных, у маўчанні другіх — не проста нязгоду, але варожасць. Быццам ім сама слепата мая, мае чорныя акуляры непрыемныя, агідныя. Не, яны не згаджаліся ні на якую «абарончую рэакцыю» ставячы сябе на месца таго атрада!
I дзякаваць богу! Хоць занадта многае ў жыцці паўтараецца, але праўда ўсё ж ix, хто не жадае ў такое верыць. Гэта праўда вясны, якая не хоча знаць, што паўторыцца i восень, i зіма. Гэта праўда юнацтва, якое не верыць, што ў іншых пачыналася вось гэтак жа. I блаславёнай хай будзе рака, што пачынаецца чыстай i светлай крынічкай: нават калі б крынічка ведала, што нізоўі ракі забруджаны, гэта не спыніла б яе. Рэчку можна ачысціць. Але гэта не мела б ніякага сэнсу, каб не бруіла чысціню пачатковая крынічка, падземная вада…
Вось як… А мае першае партызанскае каханне — зусім не Глаша. I Глашу я пакахаў як бы водгукам ад яго, ад Касача. Так, Касач! Хлапчукоўскае, смешнае, але з якімі парываннямі, фантазіямі, крыўдамі i paдасцямі — інакш як i назавеш гэта, калі не каханнем!
Яшчэ да таго, як прыйшоў у атрад, наслухаўся: «Касачоўцы, ого, не кожнага возьмуць да сябе!», «Узброеныя, як дэсантнікі!», «У Касача — адны кадравікі, ваяваць умеюць!», «Касачоўцы бой вядуць», «Kacaчоўцы, касачоўцы».
Хацелася стаць не проста партызанам (ix нямала праходзіла праз нашу вёску), але абавязкова — касачоўцам.
Зброю, без якой да ix не прасіся, я здабыў. А спосаб падказаў мне «Хведзька — вераб'іная смерць» — рабы, як вераб'інае яйка, сын калгаснага бухгалтара. Яму было ўсяго толькі пятнаццаць — на два гады маладзей за мяне, — i каб пазбавіць мяне гэтай маёй перавагі, Хведзька ўвесь час толькі i вышукваў, чым бы пахваліцца.
Гэтым разам ён дастаў з дупла дзве гранаты-«лімонкі» i паказаў мне — я стаяў пад дрэвам:
— Што, чуў, кум, сонца? Бачыў, кум, гром?
Мяне гэта так уразіла, што ён не вытрываў i наважыў мяне даканаць. Павёў да балота, з-пад яловага пня-вываратня дастаў загорнутае ў кавалак брызенту тое, пра што я даўно марыў: іржавую, з падгнілым прыкладам, але самую сапраўднўю вінтоўку! Цяпер i дурню было зразумела, што мая перавага над ім у два гады — непаразуменне i нахабства.
— Будзе i табе, — сказаў Хведзька, палагаднеўшы, — у ix такога дабра многа.
Я не зразумеў.
— У нябожчыкаў,— раетлумачыў Хведзька. — А што?
Я міжволі паглядзеў на свае пальцы, якія неяк адразу зрабіліся ліпкія. Вось чаму дрэва на вінтоўцы чорнае, нібы абгарэлае!
Назаўтра мы выправіліся на могілкі, што ў сасонніку на пясчаных грудах. Тут закопвалі ў 41-м. Дзе забіты, там i пахаваны — кожны ў сваім акопчыку. (Баі ў нас на Палессі грымелі доўга: ужо Смаленск немцы ўзялі, а тут, у лясах, на балотах, ix стрымлівалі бронецягнікі i конніца вусатага Акі Гарадавікова — як у грамадзянскую.)
Жоўтыя пясчаныя грудкі акопчыкаў-магіл аселі, ix зацягнула верасам, як маскіровачнай сеткай. Хведзька сеў пад куст, закурыў, я стаяў перад ім з рыдлёўкамі, гатовы папрасіць: «Лепш не трэба!»
— Ну? — спытаў ён хмура.
Я не зразумеў.
— Наняў ты мяне? Арбайтэн!
Я, мусіць, пачырванеў.
— Дай! — ён вырваў з маіх рук рыдлёўку. — У нябожчыка зубы не баляць!
Жоўты вільготны жвір, яркі, як свежая кроў, паступова вырастае каля нас, а мы ўсё апускаемся ў зямлю. Я раптам выскачыў наверх; падалося, што зямля пачала асядаць, папаўзла пад босымі пятамі.
— Па вадзіцу пабег? — пагардліва крычыць Хведзька.
— Цесна… дваім, — тлумачыў, каўтаючы ліпкую сліну.
Нешта чорнае выкінуў Хведзька на жоўты жвір, — як гарэлая папера.
— Нямецкі… гузікі нямецкія… Няма тут ні халеры!
— Чаму? — прымушаю сябе цікавіцца, хоць мне аднаго цяпер хочацца: пайсці адсюль, уцячы. Такое адчуванне, быццам страціў нешта назаўсёды.
Як гаспадыня бульбу ў карыце, Хведзька сячэ рыдлёўкай у яме, прыслухоўваючыся, ці не стукне аб жалеза рыдлёўка.
— Я ж кажу! У іхніх не бывае — праверана. Сваіх яны закопвалі без зброі.
Драўляны нейкі гук громам аддаецца ў маёй галаве. Хведзька зірнуў на мой твар:
— Памочнічкі! Ану засыпай. Наняў?
Адышоў убок i лёг да сонца, а я пачаў сыпаць падсохлы жвір у яму.
Толькі ў трэцяй яме рыдлёўка — не яго, мая — дзынкнула. I тут я забыўся пра ўсё.
Вінтоўка ляжыць на свежым пяску, а мы стаім над ёй. Метал ад іржы жоўты, як вясновы кураслеп, а дрэва да вугальнай чарнаты набрыняла пахам i сырасцю смерці.
— Чуеш, кум, сонца?! — крычу я.
З гэтай вінтоўкай я i папрасіўся да касачоўцаў. (Брызентавы рэмень давялося перамяніць.)
Пачаў не з мамы, ведаючы, як ёй цяжка такое вырашаць, a пачаў з таго, што двойчы хадзіў (i Хведзька з намі) тэлеграфныя слупы спілоўваць. Знаёмым хлопцам-касачоўцам за тое, што бралi нас з сабой, заплацілі патронамі: i яны былі ў Хведзькі назапашаны. Але Хведзьку зноў мучыла зайздрасць:
— Добра табе, у цябе бацькі няма.
Але ў мяне была мама. Сабраўся з духам, паклікаў на дапамогу ўсю сваю закаранелую зухаватасць двоечніка i паведаміў маме, што сын яе — партызан.
Сястрычкі мае, сямігадовыя блізняты, разглядалі — нечаканага, бы я з неба саскочыў, — брата-партызана з захапленнем i спагадлівым чаканнем: зараз ён будзе плакаць. Мама наша на папругу i нават на кій — скорая. Потым сама плача, але спачатку парумзаеш ты.
Цяпер заплакала яна. Ціха, бездапаможна, зірнуўшы чамусьці на пляскатыя, як сподачкі, тварыкі блізнят, абвёўшы позіркам сцены, куткі хаты: нібы зараз жа трэба ўсё кідаць, уцякаць.
Пайшла на кухню, не сказаўшы ні слова. Нешта корпалася там ля печы i плакала, а мы напаўшэпт гаварылі.
— А табе каня дадуць?
— Сам разжывуся. У касачоўцаў самі ўсё здабываюць.
— А нас пакатаеш? Агарод наш засееш. А то мамцы цяжка будзе.
— Прыеду i зраблю. Цяпер вы — партызанская сям'я.