ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

У цёмнай зале нечакана звонка, перарывіста ад крыўды і абурэння, выбухнуў дзіцячы голас:

— Як жа табе не сорамна?! Дрэнны ты! Злы чалавек!

Акцёры страпянуліся.

І тут… Яна забылася і глянула на яго. Князь з прыкрасці крэкнуў, вырашыў адзначыць гэты недахоп.

— Яна паглядзела на мяне, — шэптам сказаў Алесь. — Паглядзе-ела.

Крык Алеся, здавалася, прымусіў яе граць яшчэ лепей. У рысах аблічча быў смяротны боль. А голас зрываўся, нясцерпна сціскала сэрца.

О рабства страшнае! О лёс мой люты! Гарчэй за смерць кайданныя пакуты! Згасай, згасай у клетцы залатой Нікому непатрэбнай сіратой. Кайданы рабства на руках, як змеi, А за мурамi цёплы ветрык вее. А за мурамі свет! Сады! Палі!

Голас яе ўпаў, і тут стары князь адчуў, як затрэслася ад рыданняў цельца побач з ім.

— Хлопчык мой!.. Гэта ж выдумка! Хочаш яна прыйдзе і суцешыць цябе?

— Не! Не! — і невядома было, ці ён не хоча, каб яго суцяшалі, ці проста не верыць, што гэта выдумка.

Высакародны Людамір, даведаўшыся аб пакутах каханай, з'явіўся ў горад, пакінуўшы флот, каб вызваліць яе або падзяліць яе лёс. Абаіх разрывалі страсці: любоў да радзімы і каханне.

Закаханыя стаялі на кастрах з бярвенняў, якія вось-вось павінны былі запалаць.

О любы мой, прыйшла гадзіна скону!

Зыркія языкі полымя ахапілі яе. А над полымем ззялі яе вочы.

…Дзед сам занёс яго ў пакой побач са сваім, сам, разам з Глебавічнай, распрануў яго.

Алесь ляжаў, бяссонна гледзячы на агеньчык начніка. Спаць ён не мог. Што ж рабіць потым?.. Як жыць без гэтага? Ён скончыць памагаць дзеду і стане непатрэбны яму. І тады зноў… бачыць яго раз на год, як бацькі.

Праз якую гадзіну ён пачуў у калідоры голас дзеда, які канчаў настаўляць кухара:

— Вэндзіць фазана будзеш як заўсёды, на драўляным пілавінні з цукрам. І каб тушкі не дакраналіся адна да адной! А індыка, перш чым рэзаць, напаі п'яным — за паўгадзіны ўлі ў рот лыжку гарэлкі: мяса будзе смачнейшае…

Дзверы ў спальню адчыніліся. Дзед зайшоў і сеў каля ложка.

— Не спіш? — спытаў ён.

— Не-а.

— Усё мучышся?

Дзед маўчаў, і цень ад яго галавы схіляўся ўсё ніжэй.

— Хочаш астацца са мной?..

— А бацькі?

— Ну, прыязджаць, калі захочаш…

— Хачу.

— Ну вось. А я стаў лянівы на дабро… Усё думаеш: можа, другім разам. А гэтага нельга!.. За гадзіну я абдумаў. На ўсіх актораў запавет, што яны будуць вольныя пасля маёй смерці. А ёй — вось ён, — і дзед паказаў жаўтаваты аркуш паперы. — Заўтра яна можа ісці, куды хоча.

— І яна можа?..

— Тут сказана: хоча — няхай iдзе. Хоча — няхай астаецца ў маiм тэатры, грае ўжо як вольная.

Алесь прыўстаў і схапіў дзедавы рукі.

— А цяпер ідзі, занясі сам…

…Ён ляцеў начным калідорам — аж рэха лунала. Кінуўся ў дзверы і пабег пераходам над аркай. Загрукаталі вінтавыя сходы на антрэсолі.

…Ён нечакана ціха пастукаў у дзверы…

Дзверы адчыніліся, і ён убачыў жаночую постаць у доўгім начным халаце, валасы, сабраныя стужкай, і вочы.

У гэтых вачах і цяпер жыў сум, але яны трошкі пацяплелі.

— Заходзьце, — сказала яна.

…Просценькі туалетны столік, дзве свечкі на ім. Разгорнутая кніга на крэсле.

— Сядайце.

Усё было звычайнае. І ўсё ж за гэтым пакоем ён бачыў вязніцу і полымя вогнішча.

Пачырванеўшы, працягнуў ёй скрутак паперы.

— Што гэта?

— Прачытайце. I не бойцеся турмы. Я вас абараню.

Яна з усмешкай паглядзела на яго, такога наіўнага ў сваёй веры. Што мог зрабіць ён?

Пасля разгарнула скрутак i з той самай памяркоўнай усмешкай пачала чытаць.

Усмешка знiкла.

Страшна бледная, яна глядзела на яго.

— Стары пан піша, што ён вызваляе мяне па вашаму жаданню.

— Калi ён пiша так — значыць, ён добры да мяне.

І тут ён убачыў яе вочы. Што гэта было, ён не ведаў, але гэта былі зусім другія вочы, не тыя, што вось толькі, не тыя, што на сцэне.

Маўчанне панавала ў пакоі. А за паўкруглым акном ляжала глыбокая ноч.

— Дзякую вам, — сказала яна. — Я гэтага ніколі не забуду. Ніколі не забуду.

Гэта было непатрэбна. І ён, адчуваючы, што слёзы вось-вось зноў пырснуць з вачэй ад захаплення і шкадобы, павярнуўся і кінуўся з пакоя.

XVII

Раніцай сонца прабівалася праз плюшч на вялізную верхнюю тэрасу, што з фасаднага боку. У вальерах сварыліся і шалёна крычалі папугаі.

Дзед сядзеў у крэсле. Перад ім дымела філіжанка шакаладу і стаяла бутэлька белага віна. Убаку сядзела за каклюшкамі Глебавічна.

А перад Алесем акрамя шакаладу ляжалі лісты жоўтай слановай паперы, стаяла ў чарніліцы кітайская туш. Дзед у гэтых адносінах быў вялікі сноб, — пісаць, дык пісаць так, каб была асалода: ільсняным чорным па гладкім жаўтаватым, тады пішацца нешта талковае. "Сучасныя пісакі таму і пішуць абы-як, без стылю, што перад імі каравая папера і чорт ведае якія пер'і: скрабуць ды рыпяць".

А пер'і былі адмысловыя: гусіныя, тонка завостраныя, мяккія, заўсёды з левага крыла, каб зручна ляжалі ў руцэ.

Дзед прыгубляў віно і пачынаў, быццам бавіўся новай гульнёй, але так, што гэтага нельга было заўважыць:

— Разважаннi аб злачынстве i пакараннi…

Пяро ў Алеся пачынала бегаць.

— Не спяшайся, — казаў дзед. — Выслухвай і запісвай самае галоўнае… Дык вось, мы спыніліся на неадпаведнасцях паміж людскімі законамі і натуральным законам прыроды…

Дзед думаў хвіліну.

— Чалавек следуе законам натуры толькі ў горшым. Ён карае смерцю нават за тое, за што натура даруе ў літасці і жорсткасці сваёй… А між тым, безумоўна, падлягае смерці толькі адно злачынства — здзек з чалавечай душы, катаванне чалавечага цела… Сюды трэба аднесці гвалт над жанчынай…

— Бацюхна, — з дакорам казала Глебавічна. — Яму рана.

— Маўчы… Заўтра я, магчыма, памру, так і не дачакаўшыся, калі яму будзе "час". Хай слухае. Ён не зразумее гэтага брудна…

— Табе лепей ведаць, — прымірылася яна.

Поделиться с друзьями: