Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
Шрифт:
– Га-ай! – крычыць нехта, нібы спявае, і яго падтрымлівае хор.
І вось ён, невядомы сабе, але больш блізкі, чым ён сам, ляціць на кані насустрач кліну. А за ім са згэлкам, лямантам, рыканнем ляціць конная лава.
Чырвоны туман у вачах. Галава працуе ясна і разлічана. Удар знізу, злева, справа. Зваліць канём таго... Стралу ў бабку беламу каню – хай падае. Гаспадар не ўстане.
Удзерліся ў строй. Сэрца захлынаецца ад халоднай ярасці. Сячы. Нават прыемна, калі кроў свішча са шматлікіх ран на целе: робіцца прыемна і прахалодна, як у дождж. Гэтаму, і таму, і яшчэ вунь таму. Але чаму ў варожых вачах пад забралам – жах?
– П'aна! П'aна! – лямантуе клін.
Яны варочаюць коней. Яны ўцякаюць.
– Алесь, хлопчык! Ну што? Што?
– Мроя, – кажа нехта. – Ява.
Невядомая жанчына, якую ён ніколі не бачыў, але якую кахае, белая, з залацістымі валасамі, кажа:
– Пакуль яны ходзяць па гэтай зямлі – я сплю з адным каханым. У той дзень, калі разаб’еш ты – з табою. У той дзень, калі яны – з крыгай лёду.
І ўначы над шчапянымі стрэхамі вісіць ірваная камета. На хвіліну ён успамінае сябе, а потым наплывае змрок, млоснасць і адчай... Бацька, маці, Віктар, Стафан, людзі “Ку-гі”. “Які подлы свет! Я не хачу рабіць на яго. Я не хачу нават жыць для яго. Не хачу. Не хачу”.
– Алесь! Алесь! Хлопчык!
Ён ляжаў, нічога не разумеючы, акрамя жывых сноў. Не ў змозе паварушыць рукою ці нагою, не ў змозе не аддавацца гэтым снам, дзе, як жывыя, хадзілі крыжакі і вялізныя мядзведзі з кордамі-зубамі, дзе людзі жылі ў сырых васьмігранных пакоях з вялікімі равучымі камінамі і ржавымі пожагамі, дзе на частаколах, як на лазні ў кагосьці, каго ён непрыемна сасніў, стырчалі конскія чарапы, – ён ляжаў і сніў і хацеў толькі аднаго: заснуць так, каб не бачыць гэтых акон і заслоны і старэчага аблічча, што схілялася часам над ім. Праз два месяцы ў гэтым сне павінна было здарыцца нешта нясцерпна цяжкае. Алесь хацеў заснуць да таго часу так, каб ужо ніколі не ведаць, не даведацца, што гэта будзе.
У дзікай зале, дзе на сценах бязгучна шалахцелі крылы і рукі ўздымаліся ў жэстах бласлаўлення і пагрозы, сядзела за вялізным дубовым сталом групка людзей. У галаве стала сядзеў, паклаўшы перад сабою шастапёр, стары Вежа. Насупраць драмаў сівы Вінцук Рамінскі, старэйшы брат таго Рамінскага, што пры Напалеоне кіраваў народнай вартай.
Ля яго змрочна маўчалі стогадовыя Стах Барысевіч-Кальчуга і Лук’ян Сіпайла. Пахмура піпчыў люльку Янка Камар, брат павятовага маршалка ў тым самым дванаццатым годзе і сябра Вежы па славутаму “сядзенню ў камяніцы над порахам”, адзін з тых нямногіх, што асталіся. Далей крэсліў нешта на паперы, трос белай галавою прадзед маладога Яноўскага з-пад Радугі, які, на пасяджэнні ў Раўбічах, хацеў памерці, баронячы скрыжаванне шляхоў на Гуту, Чарнігаў і Рэчыцу. Думаў, ашчаперыўшы галаву пальцамі, стары Вітахмовіч, самы стары з усіх прысутных, стодваццацігадовы чалавек тысяча семсот трыццаць дзевятага года нараджэння.
І, урэшце, між ім і Вежам сядзеў самы малады член зборні, супраць усіх правіл і па намаганню Вежы ўзяты ў гэта кола сакратаром і архівістам Юллян Раткевіч. Вежа патрабаваў і дабіўся свайго. Патрэбен быў малодшы, бо ў большасці не хапала ўжо фізічных сіл, а Раткевіч быў бадай што адзін з найлепшых знаўцаў традыцый.
Ішло пасяджэнне падспуднай рады старэйшых, славутай “сівой рады” Прыдняпроўя. Тых, што хавалі патрэбныя веды, таямніцы, зберагалі ў памяці звычаі і сачылі за генеалогіяй мясцовых людзей. Вежа здаўна быў галавою “сівой рады”, хоць і строіў з яе кепікі.
– Шчаўкунчыкі замшэлыя... Своеасаблівы “гоцкі альманах” [50] Дэбрэ з Дзебраў. Рыцары маннай кашы і таркаванай морквы.
Гэта былі яшчэ самыя мяккія з ягоных эпітэтаў. Але сёння Вежа, страшэнна схуднелы, глядзеў на “рыцараў маннай кашы” з трывогай.
Маўчанне рабілася цяжкім.
– Мроя [51] , – глуха сказаў Янка Камар.
Маўчанне.
– Ява, – сказаў сівы аж да прозелені стары Вітахмовіч. – Памяць продкаў. Ён памрэ.
50
Дыпламатычны штогоднік (пачатак выдання – 1763г.), які сачыў за генеалагіяй вышэйшай еўрапейскай арыстакратыі. Акрамя друкавання звестак аб ёй займаўся генеалагічнымі даследаваннямі, пошукамі і геральдыкай, раней разбойніцкае ўрочышча.
Дзебры – мяшчанскі раён пад Магілёвам, раней разбойніцкае ўрочышча.
Дэбрэ – кніга англійскага пэрства.
51
Ява, або мроя, апісана ў “Здароўя шляху верным” (1715). Але няпрўда тое, што выпадкі яе былі толькі на Прыдняпроўі. Як каўтун разы два быў зафіксаваны ў Ламбардыі, так выпадкі хваробы, падобнай на яву, апісаны, кажуць, у Тыбеце.
Жоўчнае аблічча Юлляна Раткевіча было непарушнае.
– Бадай, сапраўды, усё, – сказаў Раткевіч Юллян. – Ён не хоча жыць... Колькі часу яе ў нас не было?
Вінцук Рамінскі думаў:
– Нешта не памятаю. Ці не ў польскі раздзел, пане Вітахмовіч?
– Тады, – сказаў той. – Я чаму памятаю, мне тады было трыццаць чатыры, і я збіраўся другі раз ажаніцца. Розных нявест прапанавалі. Адна была сястра пана Юрася Жукоўскага. Пан Юрась захварэў у семдзесят трэцім. Пры Кацярыне. Пачаў сніць нанава жыццё. Але не кавалкамі з розных часоў, а нібы... адной... плынню. Сніў, як рабілі запасы ў пушчы, як білі аленяў і зуброў, як салілі. Як потым ішла раць на Крутыя горы біць татар. Дасніў да сярэдзіны бою – і памёр... Нічога нельга было зрабіць...
Падумаў.
– Яшчэ раней, гады за чатыры- пяць, захварэлі Аляхновіч-Спіса і Янук Корста, стрыечны брат прапрадзеда гэтага шчанюка Юлляна.
Вітахмовіч помніў спрэчку аб тым, ці прымаць Раткевіча, але начыста забыў, – а можа, зрабіў выгляд? – што “гэты шчанюк” сяздіць зараз між іх.
Юллян усміхнуўся сам сабе.
– Спіса памёр, – сказаў Вітахмовіч. – А Корста выжыў. Хоць, па прозвішчу мяркуючы, памерці б Корсце... [52] Але тут ужо як хто, так што ты, Данііл, не думай занадта.
52
Корста – труна з суцэльнай калоды.
Забубнеў:
– Хвароба... хвароба... хвароба... Такая ўжо хвароба.
Нешта не чуў я, каб гэтай хваробай нехта, акрамя нас, хварэў.
Лук’ян Сіпайла сказаў:
– Рада, памятаеце, меркавала, што і ў Акіма, вашага бацькі, былі зачаткі.
– Рада адмовілася ад гэтай думкі, – сказаў Барысевіч-Кальчуга.
Вежа сплёў пальцы.
– Чорт, – сказаў ён. – Уражлівасць дурная. Ідыёцкая дурная ўражлівасць. І такія страшныя для маладога падзеі.
– Сілы саслабелі, – сказаў Камар. – Абыякавасць.
– Несвядома спрабуе адысці ад нясцерпнага свету, – сказаў Раткевіч Юллян.
– Што ж рабіць? – спытаў дзед. – Я ведаю: калісьці пры першых адзнаках у манастыр ішлі. Спакой. Праца. Але тады манастыр быў крэпасцю... Манахі межы баранілі, подступы да гарадоў. А цяпер?.. Загорскі ды ў манастыр! Да божых пацукоў!.. Што ж рабіць, сівая рада?
– Царкву кінь, – сказаў Юллян. – Хіба яна справілася хоць з адной справаю, што ёй даручылі: з дабром, любоўю, мараллю?..
– Ды, можа, абыдзецца, – сказаў Вінцук Рамінскі.
– Не, – сказаў Сіпайла. – Стома – смерць. Ідзі вышэй сіл сваіх, і станеш жыць доўга. Трэба, каб ён ніколі больш не стамляўся. Супакоіць яго трэба... Спакой.
Усе маўчалі. Потым Вежа нясмела сказаў:
– То што? Неба?
– Відаць, – сказаў Барысевіч-Кальчуга. – Больш нічога не зробіш.
– Дзе? – спытаў Сіпайла.
Вежа кашлянуў:
– Храм сонца!
Юллян падумаў.
– Бадай, праўда. Самае высокае, самае блізкае да неба месца. Даўжэй за ўсё наваколле бачыць сонца. Музыка, трубы гэтыя, не пашкодзяць?