Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
Шрифт:
– А што яны пашкодзяць, – сказаў Вежа. – На ўсходзе сонца радасны спеў, на захадзе – сумны. Урэшце, як Камар скажа.
Усе глядзелі на змрочнага Янку Камара, галоўнага чалавека ў той справе, што яны збіраліся рабіць.
– Узгорак стромы, – сказаў Камар. – Макуша – голая . Неба будзе колькі хочаш. Мала чалавек яго бачыць, як, не раўнуючы, свіння, а тут за лічаныя дні – на ўсё жыццё. Хай будзе так. Толькі ў парк не пускайце нікога, нават самых блізкіх. Яму цяпер нельга бачыць людзей.
Ён ляжаў перад імі голы і не саромеўся гэтага. Яму было ўсё адно. Толькі крыху непрыемна, што ўсе вокны адчынены, заслоны зняты і свежы ветрык вее на голае цела. Халаднавата было, і гэта перашкаджала прачнуцца ад сну, у якім былі дзед, Міхаліна і іншыя, зноў пачаць жыць, бачыць пажары, патокі крыві ў вежных рыштоках, чуць гукі сечы, стогны сталі і выгукі.
Толькі што яго з гадзіну парылі ў самай гарачай пары, хасталі венікамі і аблівалі мятнай вадою. Потым
Яшчэ з гадзіну мылі ў прахалодным басейне. Ён страшэнна замёрз. І вось цяпер, не адчуваючы нічога, акрамя холаду, ён ляжаў на мяккай посцілцы.
Янка Камар сядзеў ля яго і дзіўна, нейкімі дробнымі рухамі трох пальцаў гладзіў ягоную галаву. Ад гэтых дотыкаў хіліла ў дзівосную свежую дрымоту, злёгку паколвала ў каранях валасоў.
Славуты майстра Камар распачынаў сваю справу. Рэдкую, невытлумачальную справу. Тую, якой не ведаў ніхто ў загорскім наваколлі. Толькі ён ды два ягоныя вучні. Вучні і слугі стаялі побач, а Камар гладзіў і гладзіў галаву, глядзеў у Алесевы вочы. І ад гэтага рабілася трохі лягчэй.
І ўрэшце Камар загаварыў. Нават не загаварыў, а нібы заспяваў журліва-тонкім рэчытатывам.
– Глядзі, глядзі на свет. Глядзі, любы хлопча, на свет. Глядзі. Глядзі. Неба над табою. Шмат. Шмат неба. Сіняга-сіняга неба. Аблокі плывуць, як караблі. Нясуць, нясуць душу над зямлёю. Нясуць. Зямля ўнізе вялікая. Зямля ўнізе цёплая. Зямля ўнізе добрая. І неба над зямлёй вялікае. І неба над зямлёй цёплае. І неба над зямлёй добрае. І аблокі між небам і зямлёй. Ты – у аблоках, аблокі – у табе. Сіняе-сіняе неба, белыя-белыя аблокі, чыстая-чыстая зямля. Нельга не быць шчаслівым. Нельга. Нельга. Паглядзі, пераканайся, што ты шчаслівы.
Алесь нібы праз песню адчуваў дотыкі ўпэўненых моцных і клапатліва-асцярожных рук да свайго цела. Двое слуг займаліся нагамі. Два вучні – грудной клеткай, рукамі і плячыма. Яны перабіралі кожны мускул цела.
– Ты здаровы. Ты свабодны. Вецер абвейвае ўсё цела. Неба глядзіць у вокны. Неба. Неба.
Голас спяваў так з гадзіну. Упэўненыя рукі за гэты час перабралі не толькі кожны мускул, а, здавалася,
кожную сувязку, кожны сасуд і нерв, кожную жылку. І разам з гэтымі рухамі наліваліся аднекуль у цела дзіўнае заспакаенне, раўнавага і мірная сіла.
Яго зноў аблілі вадою. І зноў рукі. І зноў рэчытатыў Камара і вочы, якія бачаць цябе да дна.
Заспявалі над ім галасы. Ён не разумеў слоў, але мелодыя, простая, прывабная і чаруючая, з перападамі ад высокіх гукаў да нізкіх, нібы ўладна адрывала яго ад звыклага і звычайнага, ад свету, дзе ўладарыла салдатня, дзе чужыя людзі, так не падобныя да людзей, рабілі з людзьмі, што хацелі, дзе на гасцінцах гучаў крык “ку-га”, дзе чужынцы духу шматавалі ўсё маладое, здаровае, чыстае.
– Ляжы. Ляжы. Ляжы нагі пад нагім небам. Халодна – укрыйся. Горача – расхініся. Не ўставай. Не ўставай. Над табою неба, неба, неба. Ачысціся. Засяродзься на простым... простым... простым. Яны не падмануць... не падмануць... не падмануць.
Ён страціў на хвіліну прытомнасць, а калі ачуняў ад ачышчальнага сну – адчуў, што яго нясуць, відаць, на насілках і над галавою, бо ён не бачыў тых, што неслі. Ён проста нібы плыў між небам і зямлёй, твар і твар з сонцам і небам. І недзе за ім срэбна і звонка, нібы з жарала крыніцы, нібы з жураўлінага горла, спявала труба.
Ён ляжаў.
Мяккая посцілка была пад ім. Халодная прасціна ляжала ў нагах. Ложа стаяла пасярэдзіне альтанкі. Людзі прынеслі яго сюды і пакінулі аднаго, нагога, сам-насам з небам.Вакол былі ружова-аранжавыя калоны, узнесеныя ў неба. Ён нічога не бачыў, акрамя іх і неба.
Так ён і ляжаў.
Ён толькі піў ваду і часам браў лёд і прыкладаў да галавы і вадзіў ім па грудзях і руках.
Ва ўсім гэтым, што вакол, была вялікая чысціня і адлучанасць. І ён нібы плыў на сваім ложы насустрач аблокам. Між небам і зямлёй, як на паветраным караблі.
Сядала макавая кветка сонца. Халаднела. Срэбныя трубы пачыналі звінець. Ціха-ціха, нібы ў іх лілася крыштальная і звонкая вада. І сумна-сумна, нібы сама зямля развітвалася з сонцам.
Ён амаль не ўставаў. Толькі ў гарачыню абліваўся вадой. Ніхто не прыходізў да яго. Людзей не было. Ён не ўспамінаў і не думаў.
Уначы, прыемна халаднеючы пад прасціной, ён чуў праз дрымаоту крыкі соў. Глядзеў у неба, бачыў, як каціліся з яго зоры.
Прыходзіў дзень. Трубы пачыналі награвацца і звінець радасна. І яму, які саграваўся разам з імі, пачало прааз некалькі дзён здавацца, што гэта ў ім самім звініць цеплыня і вецер, і тое, што вярталася аднекуль, поўнячы свежае цела.
І зноў крычалі совы. І зноў радасна ляцеў сіні зімародак да далёкай ракі. Купаўся ў сонцы. І ўсё гэта было не даўжэй за хвіліну: чаргаванне начных жахаў і цёплага дня, зор і блакітнага неба. Усяго, з чым ён быў сам-насам.
А калі ён уставаў – бачыў злева Дняпро і парк, у якім як не было будынкаў, а справа – дзікі парк і яр, дзе тады Гелена... Не, ён не думаў пра яе і наогул пра людзей. Людзей не было зусім. Былі там проста вытокі Жараліцы, выйсце вод, выйсце крыніц.
Так ішлі дні. Уначы падалі зоркі. Дзве з іх яны калісьці назвалі сваімі імёнамі. Якія? Ці не ўсё адно?
Не трэба было думаць пра гэта, калі кожны дзень ён уздымаўся пад лятучыя аблокі, прасякнутыя блакітам і гарачым святлом.
Так мінула два тыдні. Ява адступала. Яна з’яўлялася ўсё радзей. Таму што былі неба, аблокі і сонца. І яшчэ вецер і, адзін раз, уначы, навальніца з маланкамі. Свет расколваўся навокал, і Алесь ляжаў нібы ў шатры са сляпучых бліскавіц, схаладнелы ад незразумелага захаплення.
Потым пачало часам прыходзіць узбуджэнне. І яшчэ, нібы праявы, думкі аб жыцці. Спачатку яны былі непрыемныя, а потым сталі нават саграваць. Бо вакол былі зоры і аблокі.
І, галоўнае, неба.
Ён ужо еў. Ён ляжаў і думаў пра ўсё на свеце.
Прыйшла раптам у адзін з дзён пяшчотная туга па кімсьці. І з вострым пранікненнем у праўду ён зразумеў, што няма шчасця ў тым, калі толькі цябе кахаюць.
Кахаць – вось што было шчасце.
І гэта не толькі з жанчынамі. Гэта і ў любові да людзей. Шчасце было – аддаваць. Усё аддаваць жанчыне-сонцу і ўсім незлічоным чалавечым сусветам, якія жылі і рухаліся вакол.