Калядная рапсодыя
Шрифт:
"Смачная рэч уюны. Адтаяць, нацерці соллю, каб не слізгалі ў руках, калі патрашыш. Дый якое там патрашэнне…"
І тут Ласевіч нечакана сутыкнуўся з Петрам Любоўчыцам, у хаце якога прыбіралі каравай. Стаяў здаравенны, чырвоны ад марозу і ад таго, што, відаць, хільнуў чарчыну, усміхаўся.
Пайшлі ў сталоўку непадалёк, хаця Міколу й не хацелася. Ён увогуле амаль нічога не еў увесь апошні месяц; не хацелася жыць. Але пацягнуў Петра, гарлаючы аб тым, што ў яго такі лешч, якога Ласевічу ніколі ў жыцці не даводзілася бачыць, а ў сталоўцы ёсць піва.
Лешч, сапраўды, быў такі, якога не бывае. Сантыметраў на сорак. Яны абдзіралі з яго скуру, і агалялася карычнева-чырвоная плоць, якая аж сачылася, аж спадала кроплямі тлушчу. Два заўсёднікі за суседнім сталом пазіралі на іхнюю оргію з зайздрасцю. Петра і ім адхапіў па кавалку. Ён быў добры чалавек, Петра. А Мікола засумняваўся толькі, ці павезлі б яны, едучы да Петры, скрынку піва.
Яны гаварылі аб сім-тым, папіваючы гаркаватае смачнае піва. Тытунёвы дым сцяліўся пад столлю (курыць у сталоўцы было катэгарычна забаронена), і толькі пад канец Петра спытаў:
— Ну, і калі да нас?
— Мабыць, ніколі.
— ?!
— Лепей ты да мяне прыязджай. А я матку ў горад днямі забіраю.
— А хата?
— Хату хай Наваграі сабе бяруць. Ім, мабыць, скора дзяльба спатрэбіцца.
— Дык ты што? Праз Аленку? Што гэта ў вас там?.. А, не мая справа! Але ж і ты свінтухайла! Столькі не пісаць! Звёў дзяўчыну і…
— Пісаў я гэтыя лісты!
— Не брашы, — ён відавочна не верыў. — Ясна — не.
Міколу раптам стала горка. І гэты не верыць.
— Няўжо ты думаеш, што праз уласную ляноту я захацеў бы страціць яе? Калі так, то глупства ты думаеш. Яна мне была…
Голас быў такі шорхлы і адчайдушны адначасова, што ў Петры раптам аж вусны задрыжалі. Паверыў.
— Дзе ж яны дзеліся? Дзе, да трох д'яблаў?
— Хацеў бы я й сам гэта ведаць.
— Дзядзька Астапа Васілеўчыка дырэктарам пошты ў Лоўні працуе, — уголас разважаў Петра. — Ды не, гэты на злачынства не пайшоў бы.
— На службовае злачынства, — з крывой усмешкай сказаў Ласевіч.
Рукі ягоныя дрыжалі.
Петра думаў. Потым раптам зрабіў здаровы лык піва, нібы ў яго ў глотцы перасохла.
— Ведаю. Ідыёт. Ёлуп. Здаецца, разумею, чаму так. Паштальён тады захварэў, і дзядзька Астапаў…Пошту цэлы месяц Іван Ступа насіў.
Мікола ўнутрана сціснуўся. Яму стала горача.
"Сябар Астапаў. Шырокая, вясёлая і бессаромная морда. Вечныя паскудствы. На вачах у іншых такія мілыя, з такой ладнай прыдумкай, што ўсе яму даравалі. За вочы, калі нават падазраваць не ўсе будуць, такія, за якія б'юць морду. Напрыклад, у спёку кінуць суседу некалькі пачак дражджэй у прыбіральню, каб разлілося на ўвесь двор… Ясна, зрабіў сябру паслугу. Хутчэй за ўсё, без ягонага ведама. Астап харошы, сумленны хлопец. Божа, хутчэй трэба ратаваць становішча. Растлумачыць. Сказаць".
— Петра, ты сёння ж назад? З машынай? Бяры мяне з сабой, — заспяшаўся Ласевіч.
Петра глядзеў на яго са спачуваннем і скрухай, як на цяжкахворага.
— Узяць та я цябе вазьму, — з уздыхам сказаў ён. — Але як ты з гэтай прычыны хочаш ехаць, то лепей не трэба, Міколка. Не вернеш нічога. Толькі душу наддзярэш.
— Што?
— Выйшла яна замуж тыдзень таму. Не піша, не вяртаецца, то са злосці хоць за Астапа, сказала, пайду.
Сцены сталоўкі закруціліся перад Міколавымі вачамі. Каб не ўпасці, ён учапіўся за сталешніцу. Апошнім пробліскам прытомнасці ўбачыў белыя з перапуду Петравы вочы, а потым цяжка ўпаў галавою на стол.
Павольна вярталася прытомнасць. Яго тармасіла за плячо буфетчыца:
— Надрызгаюцца тут, пасля на падлогу бляваць пачынаюць.
— Не на стойку ж яму бляваць, — груба сказаў Петра. — І ўвогуле, ведаеш што. Валі ты адсюль. Ты што, бутэлькі гарэлкі ад фунта ліха адрозніць не можаш. Гора ў чалавека.
Буфетчыца глянула на Міколаў твар і спалохалася:
— А бра-атачка. Дык што ж гэта з табою? Ды не бядуй, не бядуй ты так, даражэнькі.
…Пасля ён крыху прыйшоў да прытомнасці ўжо на вуліцы. Цьмяна памятаў, як праводзіў Петру і як
той сказаў:
— Ну, я цяпер Ступе! З морды квашаніну зраблю, падле. Дый тым мала не будзе.
— Не трэба.
На горад спускаўся прыцемак. Ласевіч ішоў, а сэрца нібы стаяла ў яго глотцы.
Ён спыніўся ля касцёла францысканаў. Змрочныя гмахі ўзносіліся ў нізкае неба. Брудна-шэрыя муры былі нібы пасыпаныя цукарнай пудрай, а вакол стаялі заснежаныя дрэвы. Невядома нашто ён зайшоў на цвінтар і сеў у нішу мура.
Калі нехта адчыняў дзверы, адкрывалася ўнутранасць касцёла, раскалена-чырвоная, як вусце печкі, і з гэтага агню даляталі трубныя гукі: мякка рыкаў арган.
І раптам чалавек заплакаў. Без слёз, адной глоткай, што аж разрывалася, калоцячыся ўсім целам, як усе людзі, якія не ўмеюць плакаць.
У нумары ён паставіў на стол бутэльку гарэлкі і стаў жлукціць поўнымі шклянкамі, як на апошнюю літасць, спадзеючыся на тое, што памрэ.
Доўжыць гэта, нясцерпнае, не было ні сілы, ні жадання. Ён ляжаў, а ў вушах ягоных гучала, і гучала, і гучала, зноў, і зноў, і зноў, як сапсутая пласцінка:
Купіла я сукню Белага шоўку, Ды ж тую не знасіла. Толькі я ў ёй красавалася, Як я ў ёй вянчалася. Гарэлі свечы Дый яснюсенька, Борздзенька пажахалі, А мне, дзевіцы, Маладзюсенькай, Ды ўжо свет Завязалі.Ён не памёр. На жаль. Спачатку хацеў быў напісаць ёй, але раздумаў. Нашто разбіваць ім шчасце. Дый морду біць нікому не хацелася. Позна было нешта рабіць. Астап, ясна ж, нічога не ведаў. Не пайшоў бы на такое. Усё ж былы друг.
Пару месяцаў ён кожную хвіліну хацеў, каб на яго наляцела машына, упала з даху брыла лёду, абы толькі не тое, што адбывалася з ім. Потым стаў пакрысе адыходзіць, цяжка, павольна, пасля занатурыўся: ну, і чорт з імі!
…Цягнік, ірвучыся праз ноч і лясы, працягла заспяваў, загаласіў, скардзячыся на нешта. І чамусьці гэта нагадала Ласевічу гукі тых даўжэзных труб на калядах. Пэўна, яны гучалі і на вяселлі.
…Хата аж гарыць святлом, сталы, знесеныя адусюль, аж ломяцца: студзіна, вялізныя пякучыя кавалкі свежыны, зялёныя бутэлькі, горы смажанай рыбы.
Яна сядзіць у вышыванай сарочцы. Вянок з кветак і васковых "божых слёзак" аблямоўвае яе залатыя валасы. А пад ім аблічча, крыху сумнае, але ўсё ж здаволенае сваёй пачэснаю роллю на гэтым свяце жыцця. Сінявокае, з празрыстым румянцам, з вішнёвымі вуснамі, што ўсміхаюцца сумнавата і адначасова расчулена.
— Горка!
Той схіляецца да яе, здаровы, чубаты, вясёлы, гаспадар. Вочы смяюцца. І вусны Аленчыны раскрываюцца насустрач ягоным прагным вуснам, як кветка. А вакол гудзе і гудзе: