Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Калядная рапсодыя

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:
Ды сядзіць зайка Да пад ліпкаю, Вочкі трэ, Да прыйшоў к яму Падмаршалачак, Зайка б'е. "А за што ж мяне, Падмаршалачак, Да ты б'еш? Да ці ж я твае Вараны коні Напужаў? Да ці ж я тваю Красну дзевіцу Адбіваў? І… ды напужалі Вараны коні Вераб'і, І… ды адбівалі Красну дзевіцу Малайцы".

"Божа, куды мне ўцячы ад усяго гэтага?"

…Таму праз некалькі там месяцаў ён і сядзеў ля ног іншай.

— Кіньце, — пасля доўгага маўчання сказаў ён. — Яшчэ некалькі месяцаў назад і я думаў, што свет абурыўся. Даходзіў да такога вар'яцтва, да такога свінства, да такой нізасці, што, каб вярнуць былое, згадзіўся б, каб увесь свет ляснуў, а засталіся толькі яна і я. І вось — нічога. Нічога. Можна жыць. Можна і трэба жыць.

— Дзеля чаго трэба?

— Хаця б дзеля таго, што чалавек зрэдку вось так, як зараз, патрабуе другога.

— Калі вы гэта вырашылі?

— Тады, калі сказаў сабе: не, з гэтым глупствам, з гэтай мукай трэба канчаць.

Яна паклала далонь яму на галаву, пагладзіла валасы.

— Ламанула вас, небараку.

І тады ён абняў яе доўгія моцныя ногі і прынік абліччам да яе каленяў.

— Ну што, што?

— Нічога, проста мне ўпершыню за апошнія месяцы амаль зусім добра.

Маўчалі. Цікаў гадзіннік, і яна адчувала, як, амаль у такт яму, няўхільна адмяраючы час, калоціцца ягонае сэрца. Незваротны, хуткаплынны, няўмольны час яе і яго жыцця.

Яна схілілася і прыпала галавою да ягонай галавы:

— Пусціце мяне, калі ласка, мілы вы мой.

— Ды не пушчу, — з уздыхам сказаў ён.

І раптам яна сама адчула, што яе сэрца, спячае, нібы замарожанае, безжыццёвае, пачало калаціцца ў тым жа рытме, што й ягонае.

— Вы што ж, усю ноч так і праседзіце тут?

— Калі спатрэбіцца, то і ўсю ноч.

— Гэтага не трэба, — з цяжкім уздыхам, нібы скідаючы нешта, сказала яна.

І ўстала. Ён, нібы зразумеўшы нешта, бязважна гладзіў яе ногі.

— Устаньце ж, — гудным голасам сказала яна.

У гэтым голасе гучала нешта такое рашучае, што ён падпарадкаваўся. Яна прыцягнула яго да сябе і халодна прыклала вусны да яго лба.

— Ну вось. Нікуды я вас не пушчу. Транспарт ужо не ходзіць. Вось ваша тахта. Кладзіцеся. Я зараз.

…Ён ляжаў і абыякава глядзеў у столь. Караблі, так бы мовіць, былі спаленыя. Чуў нейкія рухі ў кухні. Пасля даляцеў голас:

— Згасіце святло.

Ен працягнуў руку, націснуў выключальнік, і адразу пасвятлела чорнае дагэтуль акно. На яго фоне рухаўся сілуэт.

— Хадзіце сюды, — ціха сказаў ён.

— Я і іду…

Пачуўся электрычны нейлонавы трэск. Пасля нейкі лёгкі прывід слізнуў у цемры і крануўся яго.

Ляжала, уся сціснуўшыся, са зведзенымі плячамі, нібы кожны момант чакала ўдару аднекуль з цемры: жывое ўвасабленне краху і адчаю. І ён, прынікшы да яе, пачаў укрываць мяккімі бязважкімі пацалункамі яе плечы. Нібы суцяшаў. Ды так яно і было.

Ляжала з моцна заплюшчанымі вачамі, не адказвала ні на яго пяшчоту, ні на ласкавыя рухі ягоных рук, і вусны былі сціснутымі так горка і так неймаверна моцна, нібы яе катавалі.

— Бедная мая, што з табою ўчынілі … бедная мая… харошая мая… Ну, прачніся, адтань, не трэба… вось бачыш… Усё яшчэ можа быць добра.

Паступова, вельмі паступова яна адтавала; правяла рукою па яго валасах, уздыхнула, абняла яго, пачала прыціскаць мацней і мацней:

— Пашкадуйце мяне, слаўны мой, пашкадуйце мяне… Мне кепска, цяжка, вельмі нядобра… Халодна… Мне цяпер няма куды… няма… няма.

У яго і сапраўды было толькі шкадаванне, шчымлівае, нязноснае, страшнае шкадаванне, у чымсьці падобнае на любоў. Але яна, не ведаючы гэтага, не жадаючы ведаць, цалавала яму рукі:

— Мне страшна… Мне ўсе гэтыя дні было страшна, што я не вытрымаю.

І раптам заплакала. Спачатку з такім нясцерпным адчаем, што мужчына спалохаўся. Потым ўсё больш ціха і жаласна, як пакрыўджанае дзіця. Ён гладзіў яе па валасах, і яна ўжо толькі ўсхліпвала. І раптам, прыхліпваючы, сказала яму:

Дзякуй табе. О, дзякуй табе! Я сёння не магла б адна. Ноч, песні. А тут халодны пакой, і думы, і нясцерпная абраза. І таму ўсё як з гуся вада ў гэтую ноч і ва ўсе ночы. Я не была з ім, але ён мне, але я яго…

— Кінь пра яго, — жорстка сказаў мужчына.

— Не буду болей. Не варта. Ты мяне навучыў гэтаму. Дзякуй табе, што ты не пакінуў мяне адну. Нават калі ніколі болей — дзякуй. За тое, што трапіў на шляху — дзякуй, што суцешыў і даў сілы — дзякуй, за тое, што ты ёсць — дзякуй.

— Дзякуй і табе. За ўсё.

Яна заснула, прыпаўшы галавою да яго пляча. Зрэдку сутаргава ўздрыгвала ў сне. А ён ляжаў бяссонна і думаў.

І зразумеў, што гэта ўварвалася ў яго жыццё не проста дарожная прыгода, і шкадаванне, і жаданне цішыні на адзін вечар, жаданне паратунку, да якога ён прыпаў, як атручаны да проціяддзя, а нешта куды большае, цяжкае, няўмольнае, але тое, ад чаго нікуды не пойдзеш, дый не трэба ісці.

…Крык цягніка, што ляціць у ноч.

"Так з ёю ніколі і потым не было таго, салодкага, магутнага, пагрозлівага, як смяротная часіна ў навальніцу… Каханая болей за ўсіх, а болей няма і не будзе… Ніколі не было таго, што прынеслі тады яму каляды… Але затое з ёю было іншае… Але затое тут была бязмежная адданасць, цеплыня, пяшчота і давер да яго.

І вяртання ўжо не магло быць. Якімі пасля гэтага сабачымі вачыма ён паглядзіць у гэтыя адданыя вочы, якія жывуць толькі дзеля яго, яшчэ раз жорстка, да смяротнай абразы, а можа, і да смерці падмануць яе, добрую, мілую, якая спачатку проста хацела адпомсціць, а пасля зразумела, што з гэтага атрымалася нешта зусім не тое, і прыпала да яго, як да апошняга мура, і даверылася яму".

"Усё скончана".

А можа, паспрабаваць яшчэ раз. Прыйсці, уладна ўзяць за руку, вярнуць тое, чаго не было, няма і не будзе.

Вось ён ідзе па начной вуліцы. І каляднікі падыходзяць пад яе хату, і звініць песняй пад самае зорнае неба стракатая юрма.

Ходзіць-паходзіць месяц па небе, Кліча-пакліча зоры з сабою. Ускінутыя да зор абліччы, урачыстыя вочы. Ой вы, зоранькі, сястрычкі мае, Да хадзем жа мы пана шукаці, Краснага пана, пана Астапа.
Поделиться с друзьями: