Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Калядная рапсодыя

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І вось ён і яна кідаюць у мяшок каляднікам сала. Яе рукі, такія белыя, так плаўна і мякка загнутыя на локціках, з ямачкамі ля гэтых локцікаў, кладуць у мех каўбасу.

Ён скрыгнуў зубамі ад пакутлівай рэўнасці.

Не, сысці, узяць за руку, павесці за агністай чырвонай зоркай пад урачыстыя гукі доўгіх труб.

…Але ж, магчыма, нічога гэтага няма, няма.

Ёсць! Ёсць! Яны топчуць снег, і яе рука ў ягонай руцэ, моцная, цёплая, рука каханай болей за ўсіх, а болей няма і не будзе. І весела, радасна скачуць вакол воўк, мядзведзь і каза.

…А Марына ляжыць на тахце, утаропіўшыся ў цемру пустымі вачамі, з якіх знік назаўсёды ён, з якіх знікла назаўсёды ўсё.

Цягнік запавольваў хаду. Радзей і радзей стукалі колы. Праплыў адзін агеньчык… другі.

Мікола схапіў чамадан і кінуўся ў тамбур.

Паўстанак. Будыначак, што дзівам збярогся ў вайну. Слабае святло з акон. Таўшчэзныя таполі ў кветніку.

"Як я мог без гэтага?"

Пазелянелы звон. За будынкам, пад скупым ліхтаром, сялянскія сані. Рыпіць пад нагамі ў людзей снег! І яна! Яна!

Брэнкнуў звон. Цягнік паволі рушыў у ноч.

Кінуць чамадан, каб усё, каб так ці інакш скочыць…

"Так… так… так…", — адбівалі колы.

Ён прымерыўся.

"Не так… не так… не так…", — змяніў рытм цягнік.

Праплыло дзесяць агнёў… два… адзін… Потым цемра. І толькі дужа-дужа слабыя агні хутароў рэдка-рэдка міргаюць у снягах.

…Ён стаяў у тамбуры, прыціснуўшы лоб да ледзянога шкла, і даўкі яблык паступова таяў, таяў, таяў.

"Я ўсё ж страшэнна шкадую, вельмі кахаю яе".

Ён курыў, а ў вушах чамусьці стаялі радкі з нейкага польскага верша. Чые, ён забыў:

Отвужце, отвужце окна в гломб кшычонцэго огроду, Топельцем в песнь поплынэн, кіпелён похлоненты Лець, укоханы доме, зэрвій сен з земі окрентем! О, жоно! О, пшыяцеле! Доправды: нема повроту.

Цягнік набіраў хаду, вырываючыся ў палі, у якіх рэдка-рэдка трапляліся агні і па якіх слаба гуляла дуйка. Пасля зноў пагружаўся ў лес, у нетры, і тады квадраты акон імкліва вырывалі з цемры заснежаныя яліны, каб разбудзіць іх на хвіліну, а пасля зноў пакінуць зімовым снам.

Чалавек стаяў, курыў і глядзеў у начныя снягі.

Поделиться с друзьями: