Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Калядны харал

Дыкенс Чарлз

Шрифт:

Скрудж з’еў панылы абед у заўсёднай панылай карчме, прачытаў усе газеты і, прабавіўшы вечар над бухгалтарскай кнігай, рушыў дадому спаць. Ён жыў у кватэры, што калісьці належала яго памерламу кампаньёну. Гэта былі змрочныя пакоі на ніжнім паверсе дома ў глыбіні двара, дома, які, здавалася, стаяў не на сваім месцы. Можна было падумаць, што калі ён быў маленькім дамком, то забег сюды, гуляючы ў хованкі, а пасля так і не знайшоў дарогі назад. Цяпер гэта быў стары і цьмяны дом, і ніхто ў ім не жыў, апроч Скруджа: астатнія пакоі здаваліся пад канторы. Двор быў такі цёмны, што нават Скрудж, які вывучыў яго як свае пяць пальцаў, прабіраўся да кватэры навобмацак. Ля ўваходу навіс такі туман, кусаўся такі мароз, што здавалася, нібыта сам дух непагоды сядзеў на парозе, апанаваны скрушнымі развагамі.

Цяпер мы мусім з усёй дакладнасцю сказаць, што дзвярны малаток, які вісеў ля ўваходу, быў цалкам звычайны, калі не зважаць на яго вялізны памер. Таксама не выклікае сумневу, што Скрудж бачыў гэты малаток кожнага ранку і кожнага вечару з таго часу як пераехаў сюды; апроч гэтага варта зазначыць, што Скрудж не мог пахваліцца тым, што часцей за ўсё называюць фантазіяй, — нават менш, чым любы іншы лонданец, улучаючы (а гэта вельмі смелае дапушчэнне!) гарадскіх чыноўнікаў, олдэрмэнаў [3] і слуг. Нельга забываць яшчэ і тое, што, згадаўшы ўдзень памерлага сем гадоў таму кампаньёна, Скрудж больш ні разу пра Марлі не ўспомніў. А таму хай мне цяпер хто-небудзь патлумачыць (калі, безумоўна, зможа), чаму Скрудж, уставіўшы ключ у замочную шчыліну, нечакана ўбачыў перад сабой не дзвярны малаток, які, варта заўважыць, нават не варухнуўся, а твар Марлі.

3

Олдэрмэн — чалец муніцыпальнай рады ў Вялікабрытаніі.

Так, менавіта твар Марлі. Яго не хавала глухая цемра, якая ахутала ўсё навокал, наадварот — ён нібы свяціўся злавесным святлом, зусім як падгнілы амар у цёмным склепе. Ён не быў ні раззлаваным, ні жорсткім, а проста пазіраў на Скруджа так, як пазіраў Марлі пры жыцці, пасунуўшы прывідныя акуляры на прывідны лоб. Валасы дзіўна шавяліліся, быццам ад гарачага подыху печкі, а шырока адкрытыя вочы былі нерухомыя. Усё гэта разам са змярцвела-бляклым колерам твару абуджала жах, але жах не перад самім тварам, а перад чымсьці, што было вышэйшае за яго і яму не падпарадкоўвалася.

Скрудж уважліва ўгледзеўся ў гэтае дзіва, і твар Марлі раптам зноў ператварыўся ў малаток.

Я зманю, калі скажу, што Скруджа гэта не ўразіла і кроў не застыла ў яго жылах, як бывала з ім толькі ў дзяцінстве. Аднак ён зноў намацаў ключ, рашуча павярнуў яго, увайшоў у пакой і запаліў свечку.

Ён, безумоўна, імгненне вагаўся, перш чым зачыніць дзверы, і, безумоўна, асцярожна азірнуўся, быццам баючыся ўбачыць тоненькую касічку Марлі, што вытыркнулася з-за дзвярэй. Аднак на дзвярах не было нічога, апроч шрубаў і гаек, на якіх трымаўся малаток, а таму, прабурчаўшы “цьху ты!”, Скрудж з ляскатам зачыніў дзверы.

Ляскат прайшоўся па ўсім доме, як грукат грому. Кожны паверх вышэй і кожная бочка ўнізе, у вінным склепе, адгукнуліся, здавалася, уласным рэхам. Аднак Скрудж быў не з тых, каго можа напалохаць рэха. Ён замкнуў дзверы і няспешна пакрочыў да лесвіцы, сочачы, каб свечка не згасла.

Вы можаце колькі заўгодна разважаць пра нашыя старыя добрыя лесвіцы, па якіх зусім не складана праехаць на шасцерыку коней (тым самым шасцерыку, на якім нескладана праехаць і праз дзірку ў новым кепскім законе). Аднак што яны ў параўнанні з лесвіцай Скруджа, па якой магло прайсці цэлае пахавальнае шэсце, нават калі б камусьці прыйшло да галавы паставіць катафалк упоперак, аглоблямі да сцяны і дзверцамі да балюстрады, — яшчэ і месца б засталося! Ну і шырокія былі гэтыя прыступкі! Магчыма, менавіта таму Скруджу раптам падалося, што перад ім у цемры па лесвіцы падымаюцца пахавальныя драбы. Нават паўтузіна вулічных газавых лямпаў не змаглі б цалкам асвятліць такую лесвіцу, а таму можаце сабе ўявіць, як мала дапамагала Скруджу яго свечка.

Аднак Скрудж пляваць на ўсё гэта хацеў, а таму спакойна рушыў уверх. Цемра нічога яму не каштавала, і таму ён любіў яе. Тым не менш Скрудж не замкнуў цяжкіх дзвярэй свайго жытла, пакуль не прайшоўся па пакоях і не ўпэўніўся, што ўсё ў парадку. Твар Марлі так убіўся яму ў памяць, што ён не мог гэтага не зрабіць.

Спальня, гасцёўня, камора. Усё як мае быць. Нікога пад сталом, нікога пад канапай, сціплы агеньчык у каміне, на стале — міска і лыжка, на ачагу — рондлік з вадкай аўсянкай (надзейны сродак ад прастуды). Нікога пад ложкам, нікога ў шафе, у халаце, які падазрона вісеў насупраць, — таксама нікога. У каморы ўсё як заўсёды. Старыя камінныя краткі, зношаныя чаравікі, два кошыкі для рыбы, трохногі ўмывальны столік і качарга.

Цалкам супакоены, Скрудж зачыніў дзверы і павярнуў ключ у замку — і не адзін раз, між іншага, а два, што здаралася з ім вельмі рэдка. Адмежаваўшыся такім чынам ад рознага кшталту нечаканасцяў, ён зняў шыйную хустку, надзеў халат, дамашнія пантофлі, начны каўпак і сеў ля каміна, каб узяцца за аўсянку.

Полымя ў каміне было зусім маленькае, асабліва для такой ночы. Скруджу давялося пасунуцца бліжэй і ледзь не навіснуць над агеньчыкам, каб адчуць хоць якое цяпло ад мізэрнае прыгаршчы вугалю. Камін быў вельмі стары, калісьці ён належаў нейкаму гандляру-галандцу і быў выкладзены дзівоснымі галандскімі кафлямі, упрыгожанымі сцэнамі са Святога Пісьма. Тут былі Каіны і Авелі, дочкі фараонавы і царыцы Саўскія, анёлы-пасланцы, што на аблоках, падобных да пуховых пярынаў, сыходзілі на зямлю, Аўраамы, Бальтазары і апосталы, якія плылі ў мора на судзінках для соўсу, — сотні фігурак, якія маглі заняць думкі Скруджа, аднак тут зноў твар Марлі, памерлага сем гадоў таму, ажыў перад яго вачыма, як колісь посах прарока [4] , і праглынуў усё вакол. Калі б гэтыя роўныя кафліны былі пустымі і маглі перанесці на сваю паверхню бязладныя ўрыўкі Скруджавых думак, на кожнай з іх з’явілася б адна і тая ж выява — галава Марлі.

4

“Як колісь посах прарока…” — адсылка да біблейскай гісторыі пра прарока Аарона: “На другі дзень увайшоў Майсей у скінію сходу, і вось, посах Ааронаў, ад дома Лявіінага, зацвіў, пусціў парасткі, даў цвет і ўрадзіў міндаліны” (Лікі 17:8).

— Шахрайства! — раззлаваўся Скрудж і пачаў хадзіць па пакоі. Некалькі разоў змерыўшы яго крокамі, ён зноў сеў і адкінуўся на спінку крэсла. Тут позірк яго спыніўся на даўно непатрэбным званочку, які невядома для чаго звязваў гэты пакой з памяшканнем на апошнім паверсе дома. З якім бязмежным здзіўленнем, якім невытлумачальным і неспасцігальным жахам Скрудж заўважыў раптам, што званочак пачаў раскачвацца. Спачатку ён раскачваўся амаль незаўважна, так, што нічога не было чуваць, аднак хутка загучаў вельмі моцна, а за ім — і іншыя званочкі ў доме.

Звон цягнуўся, мабыць, не больш за хвіліну, аднак Скруджу падалося, што прайшла цэлая гадзіна. Раптам усе званочкі ўраз замоўклі, і пачулася нейкае бразгатанне — быццам глыбока ўнізе, у вінным склепе, нехта цягнуў па бочках цяжкі ланцуг. Скруджу адразу ж успомнілася ўсё, што ён чуў пра прывідаў: з’явіўшыся ў доме, яны абавязкова валакуць за сабой кайданы.

Дзверы склепа шумна расчыніліся, і знізу пачуўся страшэнны грукат, які паступова набліжаўся, нібыта хтосьці падымаўся па лесвіцы і цяпер спыніўся проста перад Скруджавым ганкам.

— Усё адно шахрайства! — прабурчаў уладальнік кватэры. — Не веру я ва ўсялякае блазноцце!

Аднак колер яго твару істотна змяніўся, калі гэтае блазноцце спакойна прайшло праз глуха зачыненыя дзверы і спынілася перад Скруджам. У гэты момант амаль памерлы агеньчык у каміне рэзка ўспыхнуў, нібы ўсклікнуўшы: “Так, я яго ведаю — гэта прывід Марлі!” — пасля чаго зноў змізарнеў.

Так, гэта быў Марлі. Яго твар не пераблытаеш ні з чым. Яго касічка, яго звыклая камізэлька, панталоны, што шчыльна абцягвалі ногі, і боты, на якіх тапырыліся кутасікі, — і касічка таксама тапырылася, як і крыссё сурдута, як і валасы на галаве. Талію Марлі абхопліваў ланцуг, які цягнуўся за ім, як хвост. Ланцуг гэты (Скрудж вельмі ўважліва разгледзеў яго) быў сабраны з выкаваных са сталі скарбонак, ключоў, замкоў, гросбухаў, дакументаў і важкіх кашалькоў. Цела Марлі было празрыстым, і Скрудж, разглядаючы яго спераду, мог бачыць нават два гузікі ззаду яго камізэлькі.

Скрудж часта чуў, што ў Марлі няма сэрца, аднак упэўніцца ў гэтым змог толькі цяпер.

Не, ён і цяпер не быў у гэтым упэўнены, хаця і аглядаў прывід з галавы да ног, каб паверыць, што гэта не сон, адчуваючы на сабе вусцішны позірк ледзяных вачэй памерлага. Скрудж разгледзеў нават кожную нітачку шаліка, які ахутваў галаву і шыю Марлі, заўважыўшы мімаходзь, што такога шаліка той ніколі раней не насіў, — і аднак не хацеў верыць сваім вачам.

— І што далей? — як заўсёды з’едліва і холадна спытаў Скрудж. — Што вам ад мяне трэба?

Поделиться с друзьями: