Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Калядны харал

Дыкенс Чарлз

Шрифт:

Потым зноў былі танцы, а потым гульня ў фанты, і яшчэ танцы, і пірог, і глінтвейн, па вялікім кавалку халоднай смажаніны і па вялікім кавалку варанага мяса, а потым калядныя піражкі і шмат піва. Але самае цікавае адбылося пасля смажаніны і варанага мяса, калі скрыпач (вось жа штукар, каб яго сабака! Ён з тых людзей, што робяць сваю справу нават лепей, чым мы можам пра гэта расказаць!) урэзаў “Сэра Роджэра Каверлі” [6] і стары Фезівіг захацеў патанчыць з місіс Фезівіг. Безумоўна, у першай пары! Ну і працы ім было, скажу я вам! Бо яны вялі дваццаць тры ці нават дваццаць чатыры пары танцораў, ды такіх, што крый Божа: калі ўжо затанчылі, дык адбарабаняць так, што мала не падасца.

6

“Сэр Роджэр Каверлі” — ангельскі і шатландскі народны танец.

Але калі б іх было ў два, а хай бы і ў чатыры разы больш, стары Фезівіг усё адно не даў бы маху, ды і місіс Фезівіг не зломак. Яна ўвогуле была выключнай для яго парай ва ўсіх сэнсах слова, і калі гэта не самая высокая пахвала, скажыце мне, якая вышэйшая, і я тут жа ўнясу праўку ў тэкст. Лыткі Фезівіга проста-такі выпраменьвалі ззянне. Увесь танец яны зырчэлі, як два месяцы. Вы ніколі не змаглі б прадказаць, у якім месцы яны апынуцца ў наступны момант. І калі стары Фезівіг і яго жонка прайшліся па ўсіх фігурах танцу — наперад і назад, узяўшыся за рукі, паклоны і рэверансы, потым пакруціліся, прайшлі пад аркай рук і вярнуліся ўрэшце на сваё месца, — Фезівіг выкінуў такога спрытнага антраша, што ўсім падалося, нібыта ён падміргнуў нагамі. Але праз імгненне ён ужо непахісна стаяў на зямлі.

Калі прабіла адзінаццаць, дамашні баль скончыўся. Містэр і місіс Фезівіг занялі свае месцы па баках ад дзвярэй і на развітанне паціснулі руку кожнаму госцю ці госці, зычачы ім вясёлых Калядаў. А калі ўсе разышліся, гаспадары гэтак жа развіталіся з падмайстрамі. Радасныя галасы расталі дзесьці ўдалечыні, і хлопцы скіраваліся да сваіх ложкаў, што месціліся ў краме пад прылаўкам.

Цягам усяго балю Скрудж паводзіўся як вар’ят. Усім сэрцам і ўсёй душой ён весяліўся там, на балі, разам з юнаком, якім ён калісьці быў. Ён усё прыгадваў, з усім згаджаўся, усім захапляўся і адчуваў незвычайнае хваляванне. І толькі цяпер, калі шчаслівыя твары ранейшага Эбенэйзера і яго сябра Дзіка зніклі, ён успомніў пра Духа і злавіў на сабе яго пільны позірк, заўважыўшы, што святло на галаве здані разгарэлася нашмат ярчэй.

— Як мала трэба, каб гэтыя дурні адчулі ўдзячнасць, — сказаў Дух.

— Мала… — паўтарыў за ім Скрудж.

Дух прапанаваў яму прыслухацца да размовы двух падмайстраў, якія разліваліся ў пахвалах старому Фезівігу, і калі Скрудж так і зрабіў, сказаў:

— Ну што? Хіба не так? Ён патраціў усяго некалькі фунтаў гэтых вашых чалавечых грошай — не больш за тры-чатыры. Няўжо ён варты такіх пахвалаў?

— Усё не зусім так, — адказаў абураны заўвагай Скрудж, не заўважаючы, што яго вуснамі гаворыць ранейшы юнак Эбенэйзер, а не ён сам, — не зусім так, Дух. У яго сілах было зрабіць нас шчаслівымі ці няшчаснымі, а нашую працу — лёгкай ці невыноснай, асалодай ці катаргай. Хай ён рабіў гэта з дапамогай словаў ці позіркаў, чагосьці дробнага і незаўважнага, што немагчыма ні палічыць, ні змерыць, — што з таго? Падоранае ім шчасце каштуе не менш, чым купленае за вялікія грошы.

Тут ён адчуў на сабе позірк Духа і спыніўся.

— Што здарылася? — спытаў Дух.

— Нічога асаблівага, — адказаў Скрудж.

— І ўсё ж?.. — настойваў прывід.

— Ды ну, — адмахнуўся Скрудж. — Нічога такога. Проста я хацеў бы цяпер сказаць свайму клерку слоўца-другое… Вось і ўсё.

Тут юнак, якім ён калісьці быў, пагасіў лямпу, і Скрудж разам з Духам апынуліся на вольным паветры.

— Мой час мінае, — заўважыў Дух. — Хутчэй!

Апошняе слова не было адрасаванае ні Скруджу, ні яшчэ камусьці, каго ён мог раптам убачыць, і тым не менш вынік не прымусіў доўга чакаць. Скрудж зноў пабачыў сябе. Цяпер ён быў яшчэ старэйшы — у самым росквіце гадоў. Рысы яго твару пакуль не зрабіліся суворымі і жорсткімі, але клопаты і сквапнасць ужо наклалі адбітак на аблічча маладога чалавека. Штосьці прагнае, неўтаймоўнае і хцівае блішчэла ў яго вачах і выдавала жарсць, якая ўкаранілася ў душы, каб потым вырасці ў дрэва і ахінуць яе ценем.

Ён быў не адзін — побач сядзела прыўкрасная дзяўчына ў жалобным убранні. Слёзы на яе вачах іскрыліся ў святле, што струменіў Дух Мінулых Калядаў.

— Цяпер гэта няважна, — мякка казала дзяўчына, — табе — зусім не важна. Іншае боства заняло маё месца, і калі ў будучыні яно зможа суцешыць і падтрымаць цябе так, як хацела зрабіць гэта я, мне няма чаго маркоціцца.

— Якое боства заняло тваё месца? — здзівіўся малады Скрудж.

— Грошы.

— Вось яна, справядлівасць свету! — усклікнуў ён. — Свет нічога не асуджае так сувора, як нястачу, і нічога не кляне так апантана, як імкненне да багацця!

— Ты занадта баішся свету, — пяшчотна адказала яна. — Усе твае ранейшыя мары паглынула адна — мара як найлепей пазбегнуць яго крывадушных асуджэнняў. Ці не бачыла я, як самыя высакародныя твае памкненні гінулі адно за адным, пакуль цябе не апанавала ўсёабдымная жарсць — прага нажывы!

— Ну і што? — запярэчыў ён. — Ну і што, калі цяпер я стаў нашмат мудрэйшым? Мае пачуцці да цябе не змяніліся,

Яна пахітала галавой:

— Нашыя заручыны — справа даўняя. Заручыліся мы, калі абодва былі бедныя і радаваліся жыццю, хаця і спадзяваліся, што з часам цярплівай працай палепшым сваё незайздроснае становішча. Але ты змяніўся. Цяпер ты зусім іншы.

— Тады я быў хлопчыкам! — нецярпліва сказаў ён.

— Ты сам ведаеш, што цяпер ты не той чалавек, якім быў, — працягнула яна. — А я ўсё тая ж. Калі мы былі як адно цэлае, заручыны абяцалі нам шчасце, цяпер жа, калі мы — два розныя чалавекі, яны нясуць нам толькі пакуты. Не буду казаць, колькі і з якой горыччу думала я пра гэта. Я дастаткова ўсё ўзважыла і вырашыла вярнуць табе тваё слова.

— Хіба я калісьці прасіў пра гэта?

— На словах — не. Ніколі.

— А як тады прасіў?

— Усёй сваёй новай сутнасцю, усёй змененай душой, іншым ладам жыцця і новай надзеяй — новай вялікай мэтай твайго існавання. Усім тым, што зрабіла маё каханне нязначным і не патрэбным табе. Прызнайся: калі б гэтага кахання не было паміж намі раней, — сказала дзяўчына, лагодна, але адначасова цвёрда гледзячы на яго, — ці шукаў бы ты цяпер мае прыхільнасці, ці спрабаваў бы мяне заваяваць? Не!

Здавалася, што ён, як бы ні хацеў, не змог бы адпрэчыць справядлівасці яе словаў, але, пераадолеўшы сябе, сказаў:

— Гэта ты думаеш, што не.

— Калі б я магла думаць іначай! — адгукнулася яна. — Бачыць Бог, як я гэтага хачу! Калі ўжо я зразумела гэтую горкую праўду, значыць, яна суворая і няўмольная. Бо хіба можна паверыць, што, здабыўшы свабоду — учора, сёння ці заўтра, — ты ажэнішся з беспасажніцай?! Ты, які нават у хвіліны душэўнай блізкасці вымярае ўсё грашыма! Хіба я не ведаю напэўна, што, нават здрадзіўшы на хвіліну сваёй асноўнай жарсці і ажаніўшыся з такой дзяўчынай, ты хутка пачнеш шкадаваць і раскайвацца?! Таму я вяртаю табе тваё слова. Вяртаю добраахвотна — у імя любові да таго, кім ты калісьці быў.

Ён хацеў штосьці сказаць, але, адвярнуўшыся ад яго, яна прамовіла:

— Магчыма, табе будзе балюча — памяць пра мінулае амаль дае мне на гэта надзею. Але вельмі, вельмі хутка боль міне, і ты ахвотна пазбавішся ад успамінаў пра нашае каханне, як ад надакучлівага сну, пасля якога ты своечасова прачнуўся. Зычу табе шчасця ў абраным табой жыцці!

І яна пакінула яго, і яны разышліся назаўсёды.

— Дух! — сказаў Скрудж. — Нічога мне больш не паказвай! Адвядзі мяне дадому! Няўжо табе падабаецца так мяне катаваць?

Поделиться с друзьями: